ВЕРТУНЫ́

(Gyrinidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 1600 відаў, пашыраных пераважна ў тропіках. Жывуць у прэсных вадаёмах, круцяцца на паверхні вады ў пошуках здабычы (адсюль назва). На Беларусі 7 відаў з 2 родаў. Найб. пашыраны вяртун-паплавок (Gyrinidae natator) і вяртун змрочны (Gyrinidae villosus).

Даўж. да 8 мм. Цела цёмнае, бліскучае. Пярэднія ногі хапальныя, падоўжаныя, сярэднія і заднія плавальныя (плоскія, падобныя да вёслаў). Вочы падзелены на 2 палавіны, адна з якіх здольная бачыць над вадой, другая — пад вадой. Удзень плаваюць часцей чародамі, пры небяспецы ныраюць; у цёмны час лётаюць. Драпежныя: кормяцца дробнымі вадзянымі насякомымі (у т. л. лічынкамі малярыйных камароў) і інш. Лічынкі жывуць у глеі, акукліваюцца на беразе.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)