ГАРТА́НЬ,

пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.

Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл. Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯКАНЦЭНТРА́ТАР (ад гелія... + канцэнтратар),

прыстасаванне для канцэнтрацыі сонечных прамянёў на невял. участку паверхні. Павышае шчыльнасць сонечнай радыяцыі ў 10​2—10​4 разоў, у месцы факусіроўкі дазваляе дасягнуць т-ры 3000 °C і болей, што дае магчымасць ажыццяўляць высокатэмпературныя тэхнал. працэсы. Выкарыстоўваецца ў геліяўстаноўках.

Складаецца з люстэркаў, увагнутых лінзаў і нясучых канструкцый. Распрацаваны тэхналогіі стварэння паўцвёрдых і надзіманых геліяканцэнтратараў з палімерных празрыстых і металізаваных плёнак. Канфігурацыі факусіруючых сістэм: парабалічныя (у т. л. з другасным адбівальнікам) і парабалацыліндрычныя канцэнтратары, лінзы Фрэнеля. Паверхні люстэркаў геліяканцэнтратара — звычайна фацэтныя перарывістыя і гладкія. Распрацоўка і стварэнне геліяканкэнтратара вядуцца ў Францыі (у 1968 уведзена сонечная печ з геліяканцэнтратарам парабалоіднага тыпу дыяметрам 54 м), Японіі, ЗША, Аўстраліі і інш. Пабудаваны шэраг сонечных энергетычных установак. У 1988 у Крыме пабудавана паратурбінная сонечная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт. На Беларусі работы па распрацоўцы сістэм пераўтварэння канцэнтраванай сонечнай энергіі з выкарыстаннем цеплавых труб вядуцца ў акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава». Гл. таксама Геліятэхніка.

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с англ. М., 1981. У.​Л.​Драгун, С.​У.​Конеў.

Геліяканцэнтратар: 1 — парабалічны; 2 — лінза Фрэнеля; 3 — парабалацыліндрычны; 4 — парабалічны з другасным адбівальнікам.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ТАР у радыётэхніцы,

прылада для атрымання (генерацыі) эл.-магн. ваганняў вызначанага віду (пэўных частаты, амплітуды, фазы, формы імпульсаў і інш.). Адрозніваюць генератар з самаўзбуджэннем (аўтагенератары; гл. ў арт. Аўтаваганні), у якіх характарыстыкі ваганняў вызначаюцца ўласцівасцямі самога генератара, і з незалежным узбуджэннем (узмацняльнікі магутнасці эл.-магн. ваганняў ад асобнага аўтагенератара). Генерацыя ажыццяўляецца пераважна за кошт энергіі крыніц пастаяннага току з дапамогай актыўных элементаў (электронных прылад) або шляхам пераўтварэння першасных эл. ваганняў у ваганні зададзенай частаты і формы (квантавы генератар, параметрычны генератар).

Паводле тыпу актыўнага элемента адрозніваюць лямпавыя генератары (напр., на генератарных лямпах), цвердацельныя (на вырашальных узмацняльніках, Гана дыёдах, транзістарах, тунэльных дыёдах), генератар з газаразраднымі прыладамі (на тыратронах), форме ваганняў, частаце, магутнасці і прызначэнні — генератар гарманічных ваганняў (гл. Гарманічныя ваганні), генератар ваганняў спец. формы, нізка-, высока- і звышвысокачастотныя, імпульсныя генератары і інш. У генератары інфранізкіх частот і ў генератары ваганняў спец. формы ўмовы генерацыі забяспечваюцца адваротнай сувяззю; генератары нізкіх і радыёчастот маюць вагальныя контуры, фільтры і інш. ланцугі з засяроджанымі элементамі, генератар звышвысокіх частот — ланцугі з размеркаванымі параметрамі (аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары, радыёхваляводы, палоскавыя і кааксіяльныя лініі і інш., звычайна спалучаныя з актыўнымі элементамі ў адно цэлае). Гл. таксама Генератар вымяральны, Блокінг-генератар, Мультывібратар, Свіп-генератар, Фантастрон.

П.​С.​Габец.

т. 5, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАПЕРАХО́Д,

кантакт паміж двума рознымі паводле хім. саставу ці (і) фазавага стану паўправаднікамі (ПП). Па тыпе праводнасці спалучаных ПП адрозніваюць гетэрапераходы анізатыпныя — кантактуюць ПП з электроннай (n) і дзірачнай (p) эл.-праводнасцямі (p-n-гетэрапераход; гл. Электронна-дзірачны пераход), і ізатыпныя — кантактуюць ПП з адным тыпам праводнасці (n-n-гетэрапераход ці p-p-гетэрапераход). Камбінацыі некалькіх гетэрапераходаў утвараюць гетэраструктуры.

Для атрымання гетэрапераходу выкарыстоўваюцца кантакты паміж германіем Ge, крэмніем Si, ПП злучэннямі тыпу A​IIIB​V, дзе A​III — элемент III групы перыяд. сістэмы элементаў (алюміній Al, галій Ga, індый In), B​V — элемент V групы (фосфар P, мыш’як As, сурма Sb), і іх цвёрдымі растворамі: Ge—Si, Ga Al As — Ga As, Ga Al—Ge, In Ga As — In P. Гетэрапераход атрымліваюць эпітаксіяй. Галоўная асаблівасць гетэрапераходу — скачкападобнае змяненне ўласцівасцей на мяжы падзелу ПП (шырыні забароненай зоны, энергіі роднасці да электрона, рухомасці носьбітаў зараду, іх эфектыўнай масы і інш.). Кіраванне імі шляхам падбору спалучаных ПП матэрыялаў дае магчымасць ствараць арыгінальныя ПП прылады. Гетэрапераходы выкарыстоўваюцца ў пераключальніках хуткадзейных лагічных схем для ЭВМ, ПП лазерах, святлодыёдах і інш.

Літ.:

Милис А., Фойхт Д. Гетеропереходы и переходы металл — полупроводник: Пер. с англ. М., 1975;

Шарма Б.Л., Пурохит Р.К. Полупроводниковые гетеропереходы: Пер. с англ. М., 1979.

Л.​М.​Шахлевіч.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т МІКРАБІЯЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1975 у Мінску на базе Аддзела мікрабіялогіі АН Беларусі (з 1966). Лабараторыі (1998): ферментаў, біяхіміі мікраарганізмаў, глебавай мікрабіялогіі, экалогіі мікраарганізмаў, ліпідаў мікраарганізмаў, кампанентаў нуклеінавых кіслот, мікалогіі; групы біяметаду аховы раслін, калекцыі мікраарганізмаў, інфармацыі, лабараторны ферментацыйны стэнд. Аспірантура з 1966.

Асн. кірункі даследаванняў: фізіялогія і біяхімія мікраарганізмаў; навук. асновы накіраванага сінтэзу біялагічна актыўных рэчываў і выкарыстанне мікраарганізмаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы, медыцыне і ахове навакольнага асяроддзя. Вынікі даследаванняў: вывучаны механізмы рэгуляцыі ўтварэння мікробных дэпалімераз як элементаў складанай сістэмы адаптацыі, высокай канкурэнтаздольнасці і экалагічнай пластычнасці мікраарганізмаў, выяўлена роля злучэнняў ліпіднай прыроды ў адаптацыі мікраарганізмаў да стрэсавых уздзеянняў і распрацаваны прынцыпы атрымання ліпафільных біяантыаксідантаў новага пакалення, біялагічна актыўных злучэнняў тыпу прастагландзінаў. Распрацаваны навук. асновы біятэхналогіі атрымання злучэнняў з супрацьвіруснай і супрацьпухліннай актыўнасцямі, канцэпцыя рэгулявання дзейнасці мікрафлоры, якая забяспечвае інтэнсіфікацыю працэсаў разбурэння таксічных рэчываў, якія забруджваюць глебу. Упершыню прапанаваны шляхі біял. рэкультывацыі тэрыторый, якія выведзены з с.-г. карыстання, і новыя падыходы да біярэмедыяцыі глеб шляхам ужывання інтрадуцэнтаў шырокага спектра дзеяння. Створаны шэраг біяпрэпаратаў і тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, сельскай гаспадарцы і ветэрынарыі. У ін-це працаваў чл.-кар. АН Беларусі С.А.Самцэвіч; працуюць акад. Нац. АН Беларусі А.Г.Лабанок (дырэктар з 1975), чл.-кар. Н.І.Астаповіч, 8 дактароў навук.

Л.І. Сцефановіч.

т. 7, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНШАМО́ЎНЫХ СЛОЎ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або характарызуе словы, запазычаныя з інш. моў. У слоўніку пасля загаловачнага, рэестравага слова падаецца інфармацыя аб паходжанні гэтага слова: указваецца крыніца — мова, з якой яно запазычана, зыходная іншамоўная форма (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам і гістарычным слоўнікам), тлумачацца сучасныя значэнні запазычанага слова, прыводзяцца прыклады яго выкарыстання ў спец. падабраных словазлучэннях ці сказах з пісьмовых крыніц, даюцца аднакарэнныя з рэестравымі словы (гэта робіць яго разнавіднасцю тлумачальнага слоўніка). У І.с.с. пераважаюць запазычаныя тэрміны і інш. спец. назвы іншамоўнага паходжання, што набліжае яго да тэрміналагічнага слоўніка. Бытавыя назвы іншамоўнага паходжання (акрамя экзатызмаў, якія трывала замацаваліся ў мове і не ўспрымаюцца як чужыя) у такі слоўнік не ўключаюць. Азначэнні малавядомых вузкаспец. тэрмінаў даюцца ў выглядзе разгорнутай навук. дэфініцыі ў энцыклапедычным слоўніку.

Вылучаюць І.с.с. агульнага тыпу, які сумяшчае асобныя рысы пералічаных слоўнікаў (напр., «Слоўнік іншамоўных слоў» А.​М.​Булыкі, 1993), і аспектнага: гістарычны (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» Булыкі, 1972), адваротны І.с.с., слоўнік «памылковых сяброў перакладчыка», школьны, калек, міжнар. тэрмінаэлементаў і інш.

Літ.:

Караулов Ю.Н. Обратный словарь заимствований как способ изучения лингвоэкологии // Изв. АН СССР. Сер. лит. и языка. 1979. Т. 38, № 6;

Булыка А.М. З моў блізкіх і далёкіх. Мн., 1986.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ПУЦЬ,

рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал. снеж., крыгалом у канцы сак.пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.

Рака Іпуць каля Добруша.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁНАК (Уладзімір Васілевіч) (н. 3.3.1942, в. Белае Крупскага р-на Мінскай вобл.),

савецкі касманаўт. Ген.-палк. авіяцыі (1993). Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981), Герой ГДР (1978), Герой МНР (1981). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд. ваен. н. (1985), праф. (1991). Скончыў Балашоўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча (1963), Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1976), Ваен. акадэмію Генштаба (1984). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. З 1984 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, з 1986 у ВПС. З 1988 у Ваен. акадэміі Генштаба, з 1991 нач. Цэнтр. НДІ авіяц. і касм. тэхнікі Мін-ва абароны Расіі. З 1992 нач. Ваен.-паветр. інж. акадэміі імя М.​Я.​Жукоўскага. 9—11.10.1977 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-25» (як камандзір); 15.6—2.11.1978 з А.С.Іванчэнкавым — на КК «Саюз-29» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся грузавыя трансп. караблі тыпу «Прагрэс», К.К «Саюз-30», з П.І.Клімуком і М.Гермашэўскім, «Саюз-31» з В.Ф.Быкоўскім і З.Енам; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-31»); 12.3—26.5.1981 з В.П.Савіных — на КК «Саюз Т-4» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся КК «Саюз-39» з У.А.Джанібекавым і Ж.Гурагчам і «Саюз-40» з Л.А.Паповым і Д.Прунарыу). Правёў у космасе 216,38 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага.

У.В.Кавалёнак.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],

драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.

Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц. нар. інструмента шалюмо (тыпу бел. жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.

На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар. інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, Я.​Дзягцярык, Дз.​Камінскі, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Л.​Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз. навуч. установах рознага ўзроўню.

Літ.:

Благодатов Г. Кларнет. М., 1965;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Кларнет.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙДАНАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР Існаваў з пач. 17 да сярэдзіны 20 ст. ў мяст. Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам Перуном на месцы стараж. гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскі замак). Пры буд-ве выкарыстана цэгла на вапнава-пясчанай рошчыне. У 1884 перабудаваны.

Мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з 5-граннай апсідай (абапал мела 2 сакрысціі) і 4-яруснай вежай-званіцай (2 васьмерыкі на 2 чацверыках). Асн. аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя аконныя праёмы і круглыя байніцы. Тэрыторыя, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной і 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі (мелі па 6 байніц). Праз роў быў перакінуты драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэр. збору знаходзіліся мураваны будынак плябаніі, драўляныя будынкі 2-класнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны 19 ст.), шпіталя, жылыя і гасп. пабудовы. У К.к.з. захоўвалася Брэсцкая біблія 1563. Комплекс моцна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, пазней разабраны.

Літ.:

Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)