ЖУКО́ЎСКІ (Станіслаў Юльянавіч) (13.5.1875, в. Ендрыхаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — жн. 1944),
жывапісец. Акад. жывапісу (з 1907). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), дзе вучыўся ў І.Левітана, В.Сярова. Быў чл.Т-ва перасоўных выставак (з 1903), Саюза рус. мастакоў (з 1907). З 1917 у Польшчы, у 1920 адкрыў прыватную школу жывапісу ў Варшаве. Пісаў пейзажы, інтэр’еры, нацюрморты. Сярод твораў: «Нёман» (1895), «Веснавая вада» (1898), «Месячная ноч» (1899), «Першыя прадвеснікі вясны. Пралескі» і «Стары маёнтак» (абодва 1910), «Радасны май» (1912), «Зімовая ноч» (1919), «Рака на Палессі» (1928), «Інтэр’ер. Пакой мастака на вуліцы Кошыкавай у Варшаве» (1930), «Крыгаход на Нёмане» (1931), «Рака Вілейка» (1932). У Нац.маст. музеі Беларусі каля 40 карцін Ж., у т. л. «Возера Сенеж» (1902), «Старая сядзіба» (1910), «Інтэр’ер» (1916) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́ШАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Rzeszowskie),
на ПдУПольшчы. Пл. 3397 км², нас. 740 тыс.чал., гарадскога каля 42% (1993). Адм. ц. — г.Жэшаў. Найб. гарады: Мелец, Ланцут, Лежайск. Размешчана ў міжрэччы Віслы і Сана на Кальбушоўскім пласкагор’і і перадгор’ях Карпат. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 19 °C, ападкаў 700 мм за год. Гал. рэкі — Віслока (прыток Віслы) і Віслак (прыток Сана). Глебы на Пн малаўрадлівыя, падзолістыя, у цэнтр.ч. ўрадлівыя, утвораныя на лёсах, на Пд — горныя. Пад лесам 24% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: трансп. сродкаў (авіяц., аўтамаб.), машынабудаванне (авіяц. рухавікі, станкі), металаапрацоўка (прадметы хатняй гаспадаркі, вырабы з серабра), харчасмакавая (кансервавая, піваварная, тытунёвая, цукр.), мэблевая, хім., буд. матэрыялаў. Здабыча прыроднага газу. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, кармавыя культуры, авёс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (малочнага кірунку), коней, птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 17 км ад горада і чыг. ст. Глыбокае, 217 км ад Віцебска. 254 ж., 111 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 14 ст. (не пазней 1387) у грамаце кн.Андрэя Альгердавіча Полацкага. Адносілася да Полацкай зямлі, потым да Полацкага ваяв. У розны час належала Корсакам, Глябовічам, Вепрахоўскім, Цеханавецкім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1863 цэнтр воласці ў Дзісенскім пав. Пры валасным праўленні працавала сельская школа. У 1897 у З. 176 ж. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета. 311 ж., 114 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.). Каля вёскі — курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДЗЬ,
вёска ў Петкавіцкім с/с Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 40 км ад Баранавіч, 241 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Хвоева. 364 ж., 159 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1-й пал. 15 ст., належала Неміровічам, Іллінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. У 1472 пабудаваны Троіцкі касцёл. У 1579 мястэчка, 82 сядзібы, 2 корчмы. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка і сяло Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1897 сяло, 628 ж., 120 двароў, царква, крама, карчма. 31921 у складзе Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 цэнтр сельсавета, з 1940 у Гарадзішчанскім, з 1963 у Баранавіцкім р-нах.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ішкалдскі Троіцкі касцёл (1472).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІІ́ЎШЧЫНА,
сялянска-казацкае паўстанне на Правабярэжнай Украіне ў 1768 супраць сац. і нац. прыгнёту з боку Рэчы Паспалітай; найб. ўздым руху гайдамакаў. Пачалося ў маі на поўдні Кіеўскага ваяв., дзе пад кіраўніцтвам М.Залізняка сабраліся незадаволеныя сяляне, узброеныя каламі (адсюль назва) і халоднай зброяй. Яны занялі Смелу, Чаркасы, Канеў, Корсунь, Лысянку. 20—21 чэрв. атрады Залізняка і казакі на чале з Х.Гонтай авалодалі Уманню. Паўстанне ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь. Дзейнічалі атрады гайдамакаў пад кіраўніцтвам С.Нежывога, А.Журбы, І.Бандарэнкі і інш. Пад уплывам К. пачаліся сял. хваляванні ў Галіцыі і этнічнай Польшчы. Баючыся пашырэння паўстання на сваю тэр., урад Расіі дапамог уладам Рэчы Паспалітай задушыць яго (7 ліп.рас. войскі захапілі Залізняка, Гонту і інш. кіраўнікоў, раззброілі іх атрады). К. прысвечана паэма Т.Р.Шаўчэнкі «Гайдамакі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РНІЦКАЯ КУЛЬТУ́РА, нарвенскі цыкл,
археалагічная культура перыяду ранняга мезаліту на тэр.Польшчы і Зах. Беларусі (9—7-е тыс. да н.э.). Назва ад в. Каморніца (Польшча).
Для К.к. характэрны крамянёвыя прылады працы з пласцінкападобных адшчэпаў, пры апрацоўцы якіх выкарыстоўвалася мікралітычная тэхналогія (восі прылад звычайна не супадаюць з восямі загатовак). На помніках К.к. найчасцей знаходзяць вастрыі, апрацаваныя сустрэчнай рэтушшу, і паўвастрыі з дугападобным краем (тыпу Каморніца), «тупаспіннікі» (мікраграветы) з прамым краем (тыпу Ставінога або Кудлаеўка), выгнутыя ланцэтападобныя вастрыі, сегменты і падобныя да іх прылады разнастайнай шырыні з тупым вуглом у аснове, трохвугольнікі, кароткія і акруглыя скрабкі, вуглавыя і папярочныя разцы і інш.
Асобныя вырабы і комплексы рэчаў, якія нагадваюць каморніцкія, сустракаюцца ў Панямонні, на ПдУ Беларусі (Беласарока), у складзе рудавостраўскай культуры Паўн. Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (13.11.1818, Масква — 1.8.1887),
рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838), слухаў курс філасофіі у Берлінскім ун-це (1840—41). З 1845 ад’юнкт-праф. Маскоўскага ун-та, супрацоўнік час. «Московский наблюдатель» і «Отечественные записки», рэдактар-выдавец час. «Русский вестник» (1856—87). У сваіх артыкулах выступаў за адмену прыгоннага права, увядзенне ін-та міравых суддзяў, абмяркоўваў «закрытыя» раней пытанні знешняй палітыкі, свабоды слова, цэнзуры, мясц. самакіравання і інш. У час і пасля паўстання 1863—64 патрабаваў прыняцця да Польшчы жорсткіх мер, адмаўляў неабходнасць правядзення ліберальна-дэмакр. рэформ у Расіі.
Тв.:
1863 г.: Собр. статей по польскому вопросу. Вып. 1—2. М., 1887;
О самодержавии и конституции М., 1905;
О церкви. М., 1905.
Літ.:
Твардовская В.А. Идеология пореформенного самодержавия: (М.Н.Катков и его издания). М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕ́ВІЧ ((Kieniewicz) Стафан) (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),
польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.
Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАСТО́ЦКІ МАНАСТЫ́Р НАРАДЖЭ́ННЯ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
праваслаўны жаночы манастыр ва ўрочышчы Красны Сток (Ружаны Сток) Сакольскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер у Польшчы). Утвораны ў 1901 паводле ўказа Сінода па просьбе гродзенскага епіскапа Іаакіма з мэтай правасл. місіянерства сярод каталіцкага насельніцтва. Сюды, у будынкі скасаванага ў 1875 дамініканскага кляштара, быў пераведзены з Гродна жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы. На яго рамонт і добраўпарадкаванне Сінод выдзеліў 25 тыс.руб. У манастыры было 50 манашак, працавалі амбулаторыя і аптэка, царкоўнапрыходская жан. школа. Найб. шанаванымі лічыліся 3 абразы Маці Божай: Краснастоцкай (вядомы з сярэдзіны 17 ст., застаўся ад дамініканцаў), копія з яго і Уладзімірскай (прывезены з Гродна). У Драгічыне-Надбужскім дзейнічала абшчына манастыра з 5 цэрквамі, прытулкам і бальніцай. Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРА́КІН (Барыс Іванавіч) (30.7.1676, Масква — 28.10.1727),
расійскі ваен. дзеяч, дыпламат, гісторык, адзін з паплечнікаў цара Пятра I. Ген.-маёр (1712). З роду кн. Куракіных, нашчадкаў Гедзіміна. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96 і Палтаўскай бітвы 1709, потым на дыпламат. службе. Садзейнічаў дыпламат. забеспячэнню пазіцый Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. па даручэнні Пятра I заключыў у 1710 дагавор «аб узаемнай дружбе і саюзе» з курфюрстам Гановера Георгам. З 1711 пасол у Нідэрландах, у 1724—27 — у Францыі. Пакінуў багатую рукапісную спадчыну (надрук. ў «Архіве князя Ф.А.Куракіна», т. 1—10, 1890—1902) — дыпламат. матэрыялы, аўтабіяграфію «Жыццё князя Барыса Карыбута-Куракіна з роду, які паходзіць з Польшчы і Літвы», «Гісторыю пра цара Пятра Аляксеевіча» і інш.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990.