КАГА́Л (стараж.-яўр. абшчына, сход),

у шырокім сэнсе — яўрэйская абшчына, у больш ужывальным — форма яе самакіравання (праўленне абшчыны) у Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст., у Рас. імперыі ў 1772—1844. Быў пасрэднікам паміж уладамі і яўр. насельніцтвам. Адказваў за збор падаткаў, выконваў адм., гасп., судовыя і інш. функцыі. На чале К. стаялі 3—5 выбарных старшын (рошым) і 3 ганаровыя члены (товім), якія складалі правамоцную калегію К. У буйным горадзе К. падпарадкоўваў сабе дробныя К. суседніх мястэчак — прыкагалкі. Указам рас імператара 1844 К. скасаваны, іх адм. функцыі перададзены паліцэйскім установам, а гасп. і агульнападатковыя — гар. думам і ратушам.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)