СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1773—75у Расіі, Пугачова паўстанне,
масавы антыўрадавы рух казакаў, прыгонных сялян, заводскіх рабочых, нярус. народаў (асабліва башкіраў на чале з Салаватам Юлаевым) падкіраўніцтвам Е.І.Пугачова на р. Яік (цяпер Урал), Урале, у Зах. Сібіры, Прыкам’і, Паволжы, Зах. Казахстане і Слабадской Украіне. Выклікана ўзмацненнем прыгонніцтва, уціскам казакаў і нярус. народаў з боку рас.ваен. і цывільнай бюракратыі, прадпрымальнікаў. Пачалася ў вер. 1773 як паўстанне яіцкіх казакаў на чале са збеглым данскім казакам Пугачовым, які абвясціў сябе імператарам Пятром III, быццам бы цудам выратаваным і намерыўся заняць прастол, каб усталяваць «справядлівае» казацкае царства. У вер.-кастр. 1773 Пугачоў захапіў шэраг крэпасцей і ўмацаванняў, дзе знішчаў афіцэраў, забіраў артылерыю, боепрыпасы, і на чале войска (каля 2500 чал., 20 гармат) 16.10.1773 асадзіў г. Арэнбург. Хоць аблога Арэнбурга была беспаспяховай, Пугачоў адбіў некалькі вылазак гарнізона, разбіў карныя атрады ген. В.А.Кара і палк. П.М.Чарнышова. Яго армія, куды прыбывалі сяляне, работнікі уральскіх заводаў (прывозілі з сабой і гарматы), башкірскія і інш. атрады, у снеж. 1773 налічвала 25 тыс.чал. і 86 гармат. З яе складу вылучаліся асобныя атрады, якія пашыралі паўстанне на суседнія тэрыторыі. Кіравала арміяй і была адм.-паліт. цэнтрам паўстання Ваен. калегія. У сваіх маніфестах і ўказах ад імя Пятра III Пугачоў абяцаў казакам, сялянам і прыгнечаным народам волю і зямлю, заклікаў іх разам змагацца супраць улады Кацярыны II і дваран. У крас. 1774 урадавыя войскі разбілі армію Пугачова, які адступіў на Урал і ў Зах. Сібір, дзе зноў авалодаў шэрагам крэпасцей. Пасля новых няўдалых баёў з урадавымі атрадамі ён накіраваўся да Паволжа з мэтай ісці на Маскву. 23.7.1774 яго армія штурмам узяла г. Казань (акрамя крамля), але 23—26 ліп. была разбіта атрадам падпалк. І.І.Міхельсона. Пугачоў перайшоў на правы бераг Волгі, дзе пачалося ўсеагульнае паўстанне сялян супраць памешчыкаў і адміністрацыі. Маніфестамі ад 28 ліп. і 11 жн. 1774 ён («імператар Пётр III») вызваляў сялян ад прыгону і заклікаў знішчаць памешчыкаў. На чале новага войска Пугачоў пайшоў на Пд, узяў Саранск, Пензу, Саратаў і інш. гарады, але 5.9.1774 канчаткова разбіты Міхельсонам на Пд ад г. Царыцын. Неўзабаве яго схапілі і выдалі ўладам яго прыбліжаныя; пасля следства і суда ён з найб. актыўнымі паплечнікамі 21.1.1775 пакараны смерцю ў Маскве. Былі забіты, пакараны смерцю, закатаваны, зазналі цяжкія цялесныя пакаранні, катаргу і ссылку тысячы інш. удзельнікаў сял. вайны, апошнія ачагі якой задушаны да лета 1775. Тэрмін «С.в. 1773—75» побач з тэрмінам «паўстанне Пугачова» замацаваўся ў сав. гістарыяграфіі з 1940—50-х г. У сучаснай рас.гіст. л-ры (з 1990-х г.) найчасцей ужываецца тэрмін «паўстанне Пугачова».
Літ.:
Крестьянская война в России в 1773—1775 гг.: Восстание Пугачева. Т. 1—3. Л., 1961—70;
Овчинников Р.В. Манифесты и указы Е.И.Пугачева: Источниковедч. исслед. М., 1980.
М.Г.Нікіцін.
Да арт.Сялянская вайна 1773—75. М.І.Авілаў. Рабочыя прывозяць Пугачову гарматы. 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭ́ДНЯЯ ЛІТВА́ (Litwa Srodkowa),
Усходняя Літва, польская марыянетачная дзяржава на тэр. Віленшчыны і Гродзеншчыны ў 1920—22. Утворана з мэтай далучэння да Польшчы Віленшчыны, якая паводле ўмоў польска-літоўскага пагаднення, падпісанага 7.10.1920 у г. Сувалкі, вызначалася як тэр. Літвы. Уключала Ашмянскі, Свянцянскі, Трокскі, Віленскі, Браслаўскі і Лідскі пав., захопленыя ў кастр. 1920 войскамі ген. Л.Жалігоўскага па загадзе Ю.Пілсудскага. Тэр. С.Л. складала каля 10 тыс.км² і налічвала 530 тыс.ж., з якіх больш за 40% былі беларусы. Вярх. ўлада ў С.Л. знаходзілася ў руках ген. Жалігоўскага, функцыю ўрада выконвала Часовая кіруючая камісія, гал. задачамі якой было забеспячэнне паліт. і эканам. стабільнасці краю. На тэр. С.Л. была створана самаст. судовая сістэма. С.Л. залежала ад грашовых крэдытаў польскага ўрада, а яе эканоміка — ад стану гаспадаркі Польшчы і польскай маркі. На тэр. С.Л. на працягу 1921 пачалі дзейнічаць 432 прамысл. і каля 1370 дробных прадпрыемстваў. Асн. прадметам экспарту была прамысл. сыравіна (дрэва, лён і інш.). Улады С.Л. распрацавалі праект электрыфікацыі краю. Беспаспяхова скончылася спроба правядзення зямельнай рэформы, якая мела на мэце аслабленне сац. напружання на вёсцы.
На тэр. С.Л. дзейнічалі і бел. арг-цыі, у т. л.Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, група былых слуцкіх паўстанцаў падкіраўніцтвам У.Пракулевіча і П.Жаўрыда, бел. камуністы на чале з К.Цярэшчанкам і Э.Русецкім, паланафільская арг-цыя «Беларуская краёвая сувязь» (кіраўнік П.Аляксюк), якая выказвалася за далучэнне С.Л. да Польшчы. У канцы 1920 заснавана бел.Барунская настаўніцкая семінарыя, працягвала працаваць Віленская беларуская гімназія. У 1921 па ініцыятыве Б.Тарашкевіча створана Таварыства беларускай школы, дзейнічала 186 бел. школ. Каб надаць выгляд законнасці далучаных да Польшчы тэрыторый, 8.1.1922 польскі ўрад арганізаваў выбары ў часовы сейм С.Л. У выбарах прынялі ўдзел 64,4% выбаршчыкаў. Большасць бел. і літ. насельніцтва байкатавала выбары, якія сталі перамогай прыхільнікаў інкарпарацыі. Паводле рашэння часовага сейма ад 20.2.1922 С.Л. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы і была ўключана ў Віленскае ваяводства. Гэта стала адной з падстаў Віленскага канфлікту 1920—39. У час уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у вер. 1939 Віленскае ваяв. было занята Чырв. Арміяй. Згодна з сав.-літ. дагаворам ад 10.10.1939 тэр. яго з Вільняй, Віленска-Трокскі і частка Свянцянскага пав. перададзены Літве (агульная пл. 6909 км² з нас. 490 тыс.чал.). У жн. і ліст. 1940 Літ. ССР перададзена яшчэ больш за 2600 км²тэр.БССР. На астатняй тэр. Віленшчыны ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.
Літ.:
Грыцкевіч А. Беларускалітоўскія дачыненьні 1918—1922 гг. // Спадчына, 1994. № 5;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Зинкявичюс 3. Восточная Литва прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996;
Знешняя палітыка Беларусі. Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Dominiczak H. Granici wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. Warszawa. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦОЎНАЕ ПРАВА
Навук. даследаванні ў галіне прац. права Беларусі ў сав. час развіваліся ў цеснай сувязі з развіццём рас. навукі прац. права. Пашырэнне заканатворчых правоў саюзных рэспублік, аднаўленне і фарміраванне асн.навук. цэнтраў — БДУ, АН Беларусі — дало магчымасць стварыць у 1960-я г. перадумовы для падрыхтоўкі навук. кадраў і даследаванняў у галіне прац. права Беларусі. Фарміраванне бел. школы прац. права звязана з імёнамі Л.Я.Астроўскага і В.І.Семянкова, якія былі пачынальнікамі даследаванняў у галіне прац. часу, аховы працы ў Беларусі. Вывучаліся роля прафсаюзаў у галіне аховы працы, праблемы прац. часу ў прамысловасці, прававыя праблемы аховы працы (Ю.П.Смірноў). У 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар прац. і гаспадарчага права. У 1970—80-я г на кафедрах грамадз. працэсаў і прац. права юрыд. ф-та БДУ праводзіліся навук. і метадычныя даследаванні па пытаннях выкарыстання прац. часу, адпачынку, прац. дысцыпліны, атэстацыі працоўных і служачых (Я.М.Ануфрыеў, В.П.Дуюн, Х.Т.Мялешка), прац. спрэчак (В.Г.Ціхіня, М.Р.Юркевіч), віны ў сав.прац. праве, матэрыяльнай адказнасці работнікаў (А.М.Хвастоў), сумяшчэння прафесій і пасад, рэгулявання працы работнікаў аўтатранспарту, прац. дагавора (В.А.Глозман) і інш. Падрыхтаваны навук. і навукова-метадычныя працы, у т. л. «Практыкум па савецкаму працоўнаму праву» (1984). Падрыхтоўкай праектаў нарматыўных актаў, сістэматызацыяй заканадаўства аб працы і яго тлумачэннем займаўся Б.А.Волкаў, праблемамі прафес. падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў у Рэспубліцы Беларусь — В.М.Арцёмава.
Завяршэнне фарміравання бел. школы прац. права звязана з арганізацыяй і правядзеннем комплексных даследаванняў па праблемах калект. дагавору (Г.І.Лях), прававога рэгулявання размеркавання прац. рэсурсаў (М.А.Гарбаток), прававога стану вытворчай адзінкі і вытворчага аб’яднання ў сістэме прац. адносін (Л.І.Ліпень), прац. дагавору (Дз.А.Калбасін), матэрыяльнай адказнасці работнікаў сістэмы дзярж. гандлю (Р.А.Васілевіч), судовай практыкі і ўдасканалення прац. заканадаўства (В.С.Курылёва) і інш. Вывучаліся таксама пытанні ўжывання норм прац. права аб заахвочваннях і спагнаннях, прававыя праблемы ўзгаднення інтарэсаў уласніка і прац. калектыву ў сферы кіравання працай, прававога становішча жанчын у сувязі з мацярынствам, нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы (А.А.Войцік, Т.М.Петачэнка, М.М.Сатоліна, Н.І.Красоўская). Тэарэтычныя праблемы кадыфікацыі заканадаўства аб працы вывучаў В.І.Крывы, падкіраўніцтвам якога аўтарскія калектывы ў 1993 падрыхтавалі каментарыі да Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь, у 2000 — паартыкульнага каментарыя да Працоўнага кодэкса Беларусі. Вучоныя-юрысты БДУ даследуюць асаблівасці прававога рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў (А.А.Войцік, К.Л.Тамашэўскі), пытанні забеспячэння законнасці і дысцыпліны працы (А.П.Дубавец), прынцыпы і крыніцы прац. права (Х.Т.Мялешка, Т.М.Петачэнка), супярэчнасці ў заканатворчасці і правапрымяненні прац. права (В.С.Курылёва), калект. і параўнаўчага прац. права (В.У.Часаліна). У аддзеле прац. і грамадз. права Ін-та дзяржавы і права Нац.АН Беларусі аналізуюцца асаблівасці прац. статуса наймальніка (Н.М.Чарнаруцкая), прац. адносін асоб, якія працуюць па сумяшчальніцтве (Т.В.Каробкіна), пытанні прававога рэгулявання прац. дагавора (Н.І.Тарасевіч), кампенсацыі маральнай шкоды ў прац. праве (Я.У.Моціна), права на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (В.І.Семянкоў) і інш. Навукова-даследчай і выкладчыцкай дзейнасцю ў сферы прац. права займаюцца супрацоўнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Т.Н.Важанкова, К.І.Кенік, Г.Б.Шышко), Акадэміі МУС (М.А.Гарбаток, А.А.Грачанкоў, Дз.А.Калбасін). Даследаванні ў галіне прававога рэгулявання працы вядуць таксама Т.К.Брытава, К.К.Уржынскі і прадстаўнікі Гродзенскай школы права сац. забеспячэння Л.Я.Абрамчык, С.У.Агіявец, Л.Р.Беразоўская, І.А.Бялова, І.В.Гушчын, В.С.Елісееў, Я.А.Пажога.
Апублікаваны «Каментарый да Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (пад рэдакцыяй Р.А.Васілевіча, 1999, 2-е выд. 2003). Падрыхтаваны і выдадзены першыя падручнікі для студэнтаў: «Працоўнае права» (пад рэдакцыяй В.І.Семянкова; 1997, 2002). У межах дзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнага ажыццяўлення і абароны прац. правоў як гарантый стварэння прававой дзяржавы, удасканалення арганізац.-прававых форм узаемадзеяння прац., грамадзянскага і гасп. права, тэндэнцыі іх развіцця. Працягваюцца даследаванні тэарэт. і практычных праблем рэалізацыі прац. права.
Літ.:
Семенков В.И. Надзор и контроль за охраной труда в СССР. Мн., 1963;
Яго ж. Охрана труда в СССР. Мн., 1976;
Островский Л.Я. Рабочее время по советскому трудовому законодательству. Мн., 1963;
Яго ж. Нормы затрат труда рабочих и служащих. Мн., 1970;
Хвостов А.М. Вина в советском трудовом праве. Мн., 1970;
Дуюн В.П. Рабочее время и время отдыха. Мн., 1985;
Кривой В.И. Вахтовый метод: правовые вопросы. М., 1989;
Яго ж. Кодификация законодательства о труде Беларуси. Мн., 1997;
Курылева О.С. Судебная практика и совершенствование трудового законодательства. Мн., 1989;
Мелешко Х.Т. Правовые проблемы аттестации рабочих и служащих. Мн., 1990;
Кеник К.И. Судебная практика по трудовым делам. Мн., 2000;
Шишко Г.Б. Трудовая дисциплина. Мн., 2000;
Важенкова Т.Н. Трудовое право Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНД (ад ідыш der Bund саюз),
нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт. партыі яўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На I з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш.апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дзярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав. Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.Вайнштэйн, М.Рафес, М.Фрумкіна і інш.
У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыяяўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт.кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр.Зах. Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.
Літ.:
Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;
Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг.Мн., 1973;
Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛСУ́ДСКІ (Piłsudski) Юзаф Клемент (5.12.1867, маёнтак Зулова Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Залавас, Літва — 12.5.1935),
польскі паліт., дзярж. і ваен. дзеяч; лідэр руху за аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў пач. 20 ст. Маршал Польшчы (1920). Скончыў Віленскую гімназію (1885), вучыўся ў Харкаўскім ун-це. Зблізіўся з народнікамі, у 1887 арыштаваны ў Вільні і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1893 вярнуўся ў Вільню і далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сродкамі барацьбы за вызваленне Польшчы лічыў масавы рабочы і нац. рух прыгнечаных народаў Рас. імперыі. Свае погляды прапагандаваў праз газ. «Robotnik» («Рабочы»), якую рэдагаваў да другога арышту (1900). Адзін з заснавальнікаў баявой арг-цыі ППС (1905). Пасля расколу партыі (1906) засяродзіўся на падрыхтоўцы кадраў будучай польск. арміі, наладзіў супрацоўніцтва з аўстр. генштабам (1909). Адыгрываў вядучую ролю ў стварэнні паўваен. польскіх арг-цый у Галіцыі. У пач. 1-й сусв. вайны па яго загадзе польскія стралкі спрабавалі ўзняць антырас. паўстанне ў Каралеўстве Польскім (жн. 1914). Камандаваў 1-й брыгадай легіёнаў польскіх (да ліп. 1916). Стварыў сакрэтную Польскую арганізацыю вайсковую. Уваходзіў у Часовую дзярж. раду ў Варшаве (са студз. 1917), кіраваў яе вайск. камісіяй. Зразумеўшы бесперспектыўнасць арыентацыі на Аўстра-Венгрыю і Германію, летам 1917 заклікаў сваіх прыхільнікаў у «Польскіх узбр. сілах» адмовіцца ад прысягі гэтым дзяржавам, за што 22.7.1917 зняволены ў Магдэбургскай крэпасці. У ліст. 1918 вызвалены і вярнуўся ў Варшаву. 11.11.1918 атрымаў ад рады вайск. ўладу, 14.11.1918 рада перадала яму поўную ўладу і самараспусцілася; П. стаў «начальнікам» (кіраўніком) дзяржавы (зацверджаны Устаноўчым сеймам 20.2.1919). Сваёй гал. мэтай лічыў усталяванне бяспечнага месца Польшчы ў Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Карыстаючыся аслабленнем Расіі, імкнуўся адцясніць яе на У. Дзеля гэтага прапагандаваў ідэю федэратыўнага саюза з Польшчай дзяржаў, што ўтвараліся на тэр. былой Рэчы Паспалітай. 22.4.1919 у Вільні ў звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» заявіў аб супольнай працы з насельніцтвам краю. 18—19.9.1919 быў у Мінску. У 1920 кіраваў польскімі войскамі пры абароне Варшавы (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Знясіленне Польшчы прымусіла П. адмовіцца ад федэратыўных планаў, але дамогся ўключэння ч.тэр. Беларусі і Украіны ў склад Польшчы ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 (гл.Заходняя Беларусь). У кастр. 1920 ініцыіраваў «бунт» Літ.-бел. дывізіі на чале з ген. Л.Жалігоўскім, у выніку якога захоплена Віленшчына. Створаная тут Сярэдняя Літва ў 1922 далучана да Польшчы. Падтрымліваў антысав. выступленне ген. С.Булак-Балаховіча на Палессі (ліст. 1920). П. не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1922 і саступіў пасаду кіраўніка дзяржавы абранаму прэзідэнту Г.Нарутовічу, у 1923 адмовіўся ад інш.дзярж. пасад. 12.5.1926 здзейсніў дзярж. пераварот пад заклікам «санацыі» («аздараўлення») дзяржавы. У выніку ім устаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым» з фіктыўнай уладай прэзідэнта, з абмежаванымі паўнамоцтвамі сейма і фактычна неабмежаванай уладай самога П. Ен займаў пасады ген. інспектара арміі і ваен. міністра, а ў кастр. 1927 — чэрв. 1928 і ў жн.—снеж. 1930 — і кіраўніка ўрада. Жорстка душыў камуніст. рух, бел. і ўкр.нац. рух. Пад яго кіраўніцтвам закладвалася палітыка «раўнавагі» Польшчы паміж двума яе вял. суседзямі: 25.7.1932 заключаны дагавор аб ненападзе з СССР, 26.1.1934 — Дэкларацыя аб непрымяненні сілы з Германіяй (гл.Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). У Польшчы фарміраваўся культ П. як стваральніка і абаронцы польскай дзяржавы. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. у Польшчы адбыўся рэнесанс культу П. У яго гонар названы вуліцы, плошчы, устаноўлены помнікі ў многіх гарадах краіны.
Тв.:
Pisma zbiorowe. T. 1—11. Warszawa, 1989—91;
Myśli, mowy i rozkazy. Warszawa, 1989;
Рус.пер. — Война 1920 г. // Тухачевский М. Поход за Вислу;
Пилсудский Ю. Война 1920 г.М., 1992.
Літ.:
Михутина И.В. Майский переворот 1926 г. в Польше // Сов. славяноведение. 1989. № 6;
Наленч Д., Наленч Т. Юзеф Пилсудский: Легенды и факты: Пер. с пол. М., 1990;
Коўкель І.І. «Беларускае пытанне» ў палітыцы Польшчы (1918—1920) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Астрога В., Скалабан В. Пілсудскі ў Менску: Хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. № 4;
Garlicki A. Józef Piłsudski, 1867—1935. 2 wyd. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАТЫРОХГАДО́ВЫ СОЙМ 1788—92,
доўгатэрміновая дзейнасць заканадаўчага органа Рэчы Паспалітай — Вялікага сойма, які спрабаваў рэфармаваць грамадска-паліт. лад дзяржавы на глебе асветніцкіх ідэй. Рыхтаваўся ва ўмовах сканчэння тэрміну саюзнага дагавора 1764 з Расіяй і з надзеяй прагрэс. колаў на карэнную змену існуючага ладу без рас. апекі. Адкрыўся ў Варшаве 6.10.1788 у прысутнасці каля 150 паслоў (дэпутатаў). Маршалкі — рэферэндар каронны С.Малахоўскі і ген. артылерыі ВКЛ К.Н.Сапега. Каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў, сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй. Адразу зарыентаваўся на дапамогу Прусіі, 29.3.1790 заключыў з ёю абарончы caros, які гарантаваў тэр. цэласнасць і ўзаемадапамогу. Сойм без уліку магчымасцей краіны 20.10.1788 пастанавіў павялічыць войска да 100 тыс.чал. і падпарадкаваў яго навастворанай Камісіі вайсковай абодвух народаў. 19.1.1789 скасаваў Пастаянную раду як сімвал рас. пратэктарату, 23.12.1789 стварыў Стражу Правоў і падпарадкаваў сабе кантроль над знешнімі зносінамі. 7.9.1789 стварыў канстытуцыйную камісію падкіраўніцтвам камянецкага біскупа А.Красінскага. 17.12.1789 камісія прапанавала замяніць кардынальныя правы нормамі аб суверэнітэце і непадзельнасці тэр. дзяржавы, пазбавіць немаёмную шляхту выбарчых правоў, забараніць права ліберум вета, канфедэрацыі, дэпутацкія наказы. 268 прадстаўнікоў ад 141 горада 24.11.1789 унеслі патрабаванне пра ўраўнаванне грамадзянскіх правоў мяшчанства са шляхтай. Да часу прыняцця канстытуцыі сойм усклаў на сябе ўсю паўнату ўлады, для чаго 17.11.1789 стварыў у ваяводствах і паветах камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, а 14.6.1790 пастанавіў прадоўжыць свае сесіі да склікання чарговых соймікаў, хоць апошнія выказаліся за непарушнасць існуючага саслоўнага ладу. Прыхільнікі кардынальных змен вырашылі падрыхтаваць канстытуцыю «тайна, каб увесці яе рэвалюцыйным спосабам», быў створаны Клуб сяброў канстытуцыі. 16.12.1790 сойм прадоўжыў працу ў складзе каля 500 старых і новаабраных паслоў, 24.3.1791 прынята «Устава аб сойміках», дзе акрэслены іх тэрміны, месца і працэдура правядзення. Выбарчыя правы дадзены землеўладальнікам і тым, хто плаціў 100 злотых падатку за карыстанне чужой маёмасцю. ВКЛ падзелена на 34 паветы. 18.4.1791 прыняты законы аб гарадах паддзярж. юрысдыкцыяй, у т. л. Брэст, Вільня, Гродна, Мінск, Навагрудак, Пінск. Гараджанам-хрысціянам прадастаўлены дарадчы голас на сойме, права выбару органаў самакіравання, шляхецкая годнасць на дзярж., ваеннай і царк. службе. У прысутнасці 157 паслоў сойм прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, якой абавязаў прысягнуць вайскоўцаў і ўсіх мясц. ураднікаў, абвясціўшы кожнага непаслушэнца ворагам айчыны і бунтаўшчыком. У чэрв. 1791 сойм пачаў кадыфікацыю цывільнага і крымінальнага права на аснове новай канстытуцыі (т.зв. Кодэкс Панятоўскага). Аднак дэлегацыя ВКЛ 29.6.1791 дамаглася кадыфікацыі права асобна для Кароны Польскай і ВКЛ (для ВКЛ — мадыфікацыі Статута 1588), роўнага прадстаўніцтва абедзвюх частак дзяржавы ў цэнтр. органах улады. Замест прыняцця праекта агульнага вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці сойм 19.12.1791 пастанавіў распрадаць дзярж. староствы па частках або пакінуць іх ранейшым пасэсарам на розныя тэрміны трымання за выкуп з папярэднім акрэсленнем сял. павіннасцей і абавязкаў бакоў. Гэта спарадзіла барацьбу сялян супраць запрыгоньвання, а кароль 2.8.1791 загадаў падаўляць хваляванні ўзбр. сілай. 11.7.1789 сойм спрабаваў злучыць каталіцкую і уніяцкія цэрквы ў адну, канфіскаваў маёмасць Кракаўскага архібіскупства, перавёў каталіцка-уніяцкі епіскапат на дзярж. ўтрыманне, увёў уніяцкага мітрапаліта ў Сенат (25.7.1790). 15.3.1790 абвінаваціў праваслаўных у непатрыятызме, зняволіў пераяслаўскага і барыспальскага епіскапа (са знаходжаннем у Слуцку) В.Садкоўскага і намагаўся стварыць незалежную ад Масквы правасл. іерархію са сваім сінодам, для чаго склікаў Пінскую кангрэгацыю 1791. 3.1.1792 сойм прыняў закон аб зямянскіх судах з выбарам іх членаў, дэпутатаў, камісараў і ўраднікаў на 4 гады мясц. соймікамі. Першыя выбары разам з новай прысягай канстытуцыі адбыліся 24.2.1792. Рэзкасць, палавінчатасць і павярхоўны характар рэформ спарадзілі грамадскі раскол, што выкарысталі апазіцыя і Расія, якія стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю. Прусія адраклася ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. У абставінах знешнепаліт. ізаляцыі і ўмяшання Расіі сойм увёў у краіне ваеннае становішча, стварыў соймавы суд над праціўнікамі канстытуцыйнага ладу, забараніў канфедэрацыі і права магнатаў мець больш за 40 чал. уласнага войска. 29.5.1792 сойм прыпыніў сваю дзейнасць, але з-за паражэння ў вайне больш не сабраўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРАЛОГІЯ
Першыя на Беларусі даследаванні па неўралогіі праведзены М.Б.Кролем, які ў 1923 узначальваў кафедру нервовых хвароб пры мед. факультэце БДУ і створаны ў 1924 Бел.ін-т фізіятэрапіі (цяпер НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі). Вучні Кроля (І.А.Бейлін, Д.А.Маркаў, Г.С.Марголін, І.Л.Саснавік, М.А.Хазанаў) зрабілі значны ўклад у неўралагічную навуку. У 1930-я г. даследаваліся этыялогія і тапічная дыягностыка захворванняў нервовай сістэмы, лакалізацыя функцый у кары галаўнога мозга, нейрасіфіліс, эпідэмічны энцэфаліт. Маркаў прапанаваў праводзіць дыягностыку захворванняў нервовай сістэмы шляхам хронакасіметрыі і ўпершыню ў 1941 апісаў клешчавы энцэфаліт на Беларусі.
У пасляваенны час вывучаліся прычыны ўзнікнення, механізмы развіцця, дыягностыка, лячэнне і прафілактыка рассеянага склерозу і інш. дэміэлінізавальных захворванняў нервовай сістэмы (Х.Л.Бельман, Я.Я.Гардзееў, М.М.Корын, А.Л.Леановіч, Маркаў, Г.К.Недзьведзь, А.М.Філіповіч), нейраінфекцый і поліяміэліту (В.І.Вацякоў, І.І.Протас, Э.У.Фельдман, Хазанаў), клешчавога і герпетычнага энцэфалітаў (Вацякоў, Протас), сасудзістых захворванняў нервовай сістэмы (І.П.Антонаў, С.Дзм.Бяздуцік, Л.С.Гіткіна, В.У.Еўсцігнееў, А.М.Мацеша, У.І.Савіч, А.Я.Сямак, В.Б.Шалькевіч). Упершыню ў СССР былі прапанаваны новыя метады дыягностыкі і хірургічнага лячэння анеўрызм сасудаў галаўнога мозга (Ф.В.Аляшкевіч, Э.І.Злотнік, А.Ф.Смеяновіч). Распрацавана аўтаімунная канцэпцыя астэахандрозу пазваночніка і яго клінічных праяў (Антонаў, Б.У.Дрывоцінаў), прапанаваны новыя спосабы дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі вертэбрагенных і інш. захворванняў перыферычнай нервовай сістэмы (Антонаў, Дрывоцінаў, В.Я.Латышава, Я.А.Луп’ян, Недзьведзь, У.У.Панамароў, М.Ф.Філіповіч), цыстыцэркозу галаўнога мозга (Антонаў), эпілепсіі (Маркаў, Г.Г.Шанько), міястэніі (А.М.Панамарова). Апісана новая форма спадчыннай паталогіі, якая праяўляецца парушэннем росту валасоў і пазногцяў (С.В.Хадасоўская). Вывучаны характар вестыбулярных парушэнняў пры рознай неўралагічнай паталогіі (С.А.Ліхачоў, І.А.Склют), клінічныя праявы нейраартапедычных і нейраэндакрынных расстройстваў (Дрывоцінаў, М.З.Клябанаў, А.У.Руцкі, Шанько), распрацавана кібернетычная сістэма дыягностыкі і прагназіравання найб. пашыраных захворванняў нервовай сістэмы (Дрывоцінаў, М.С.Місюк, Сямак) і інш.Падкіраўніцтвам Я.Ф.Лунца і Э.П.Цітаўца праведзена серыя эксперыментальных даследаванняў па вывучэнні патафізіялагічных і біяхімічных механізмаў гіпаксіі галаўнога мозга і інш. неўралагічных расстройстваў. Самастойнай галіной неўралогіі з’яўляецца дзіцячая неўралогія. Даследаванні па ёй праводзяцца з 1970. У 1980 заснавана кафедра дзіцячай неўралогіі пры Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (заг. Шанько). Станаўленню дзіцячай неўралогіі садзейнічалі М.А.Хазанаў і К.Г.Юрацкая. Даследуюцца асаблівасці клінікі, ранняй дыягностыкі і лячэння ў дзіцячым узросце эпілепсіі, гіперкінезаў, сасудзістых захворванняў мозга, хвароб перыферычнай нервовай сістэмы, паталогіі нервовай сістэмы ў нованароджаных. Праблемы неўралогіі разглядаюцца ў шэрагу манаграфій, навучальных і даведачных дапаможніках, у т. л. першых у СССР 3-томнай «Неўралогіі дзіцячага ўзросту» і «Энцыклапедыі дзіцячага неўролага» (пад рэдакцыяй Шанько). Асноўнымі навукова-практычнымі і навучальнымі ўстановамі па неўралогіі з’яўляюцца НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, кафедры неўралогіі ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Бел., Віцебскім, Гродзенскім мед. ун-тах і Гомельскім мед. ін-це.
Літ.:
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975;
Марков Д.А., Леонович А.Л. Рассеянный склероз. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫВА́, Рэспубліка Тыва, Тува. Размешчана на ПдУсх. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. На Пд і ПдУ мяжуе з Манголіяй. Пл. 170,5 тыс.км². Нас. 311 тыс.чал. (2000), гарадскога 48%. Сярэдняя шчыльнасць 1,8 чал. на 1 км². Жывуць тувінцы (64,3%), рускія (32%), хакасы і інш. Сталіца — г.Кызыл. Гарады: Ак-Давурак, Шаганар, Чадан, Туран.
Прырода. Т. — горная краіна (выш. да 3970 м, масіў Мангун-Тайга). Цэнтр. і зах.ч. займае Тувінская катлавіна, на Пн ад яе хрыбты Зах. Саяна, на З — Алтая, на Пд — Тану-Ала. У межах усх.ч.паўд.-зах. схілы Усх. Саяна, Таджынская катлавіна, нагор’і Усх.-Тувінскае і Сангілен. Карысныя выкапні: руды каляровых і рэдкіх металаў, жал. руда, каменны вугаль, азбест, золата, ртуць. каменная соль, мармур, вапнякі і інш. Каля 50 крыніц мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма марозная, бязветраная, лета ўмерана цёплае ў гарах і гарачае ў катлавінах. Сярэднія т-ры студз. ад -28 да -32 °C, ліп. 15—20 °C. Ападкаў ад 150—300 мм у катлавінах да 1000 мм у гарах. На ПнУ трапляюцца ўчасткі шматгадовай мерзлаты. Амаль усе рэкі належаць да бас. Енісея — Верхні Енісей (Улуг-Хем) з прытокам Хемчык, 2 вытокі Енісея — Вял. Енісей (Бій-Хем) і Малы Енісей (Ка-Хем). На Пдр. Тэс-Хем, упадае ў салёнае воз. Убсу-Нур. Шматлікія азёры ў Таджынскай катлавіне (Наён-Холь, Таджа, Маны-Холь і інш.). Частка Саяна-Шушанскага вадасховішча. Глебы каштанавыя, чарназёмныя, горна-лясныя і горна-таежныя. Каля 1/2 тэр.пад лесам (лістоўніца, сіб. кедр, хвоя, бяроза і інш.), У катлавінах пераважае стэпавая расліннасць, трапляюцца ўчасткі хваёвых лясоў, па далінах буйных рэк лясы з таполі. У складзе жывёльнага свету марал, лось, каланок, гарнастай, расамаха, у стэпах ліс, воўк, шматлікія грызуны (суслікі, хамякі і інш.). Запаведнікі Азас, Убсунурская катлавіна.
Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам у познім палеаліце. У канцы 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. тут жылі гуны, у 2—6 ст. — плямёны сяньбі і жужаняў. Да сярэдзіны 9 ст.тэр. Т. ў складзе Цюркскага і Уйгурскага каганатаў, у 9—12 ст. — у залежнасці ад енісейскіх кыргызаў і кіданяў. У этнагенезе тувінцаў, які цягнуўся шмат стагоддзяў, удзельнічалі стараж. карэнныя плямёны, цюркі тугю, кыргызы, манголы. У 1207 — канцы 17 ст. Т. пад уладай манголаў. З 16—17 ст. пашырыўся ламаізм. З 1696 тэр. Т. ў складзе 3 дзяржаў: Айрацкага ханства, маньчжурскага Кітая і Расіі, якая ў 1728 перадала сваю частку Т. Кітаю. Пасля разгрому маньчжурамі Айрацкага ханства (1757—58) уся тэр. Т. пад уладай Кітая да 1912, калі ў выніку нац.-вызв. руху кіт. панаванне было скінута. Да 20 ст. аснову гаспадаркі Т. складалі качавая жывёлагадоўля і прымітыўнае земляробства. У 1914 па просьбе тувінскіх феадалаў абвешчаны пратэктарат Расіі над Т., якая пачала называцца Уранхайскім краем; засн.г. Белацарск (з 1926 Кызыл). У 1918—21 Т. акупіравана рас. белагвардзейцамі, кіт. і мангольскімі інтэрвентамі. У жн. 1921 у выніку нар. рэвалюцыі Т. абвешчана незалежнай Народнай Рэспублікай Тану-Тува (з 1926 Тувінская Нар. Рэспубліка), дзе кіруючай сілай стала засн. ў 1922 Нар.-рэв. партыя. Гасп. неразвітасць Т. абумовіла яе залежнасць ад СССР, пад уплывам якога кіраўніцтва рэспублікі стала на шлях пабудовы ў Т. сацыялізму, мінаючы капіталізм. Да 1931 ліквідаваны клас феадалаў. У 1930 тувінцы стварылі сваю пісьменнасць. У Вял.Айч. вайну насельніцтва Т. аказвала рознабаковую матэрыяльную дапамогу сав.Чырв. Арміі, добраахвотнікі ўдзельнічалі ў баях супраць гітлераўцаў.
17.8.1944 Малы хурал (парламент) Т. звярнуўся да Вярх. Савета СССР з просьбай аб прыняцці Т. ў склад СССР; 11.10.1944 прынята як аўт. вобласць РСФСР. У 1961 утворана Тувінская АССР. У сав. перыяд створаны розныя галіны прам-сці, сучасны транспарт, механізаваная сельская гаспадарка, павысіўся ўзровень адукацыі і культуры насельніцтва. Негатыўным было ігнараванне кіраўніцтвамтрадыц. качавога ўкладу і нац.-культ. асаблівасцей насельніцтва, што выявілася ў згортванні качавой жывёлагадоўлі, знішчэнні многіх помнікаў рэліг. культуры, палітыцы русіфікацыі тувінцаў. У снеж. 1990 Вярх. Савет Тувінскай АССР прыняў дэкларацыю аб суверэнітэце Т., у кастр. 1991 прынята афіц. назва — Рэспубліка Тыва. З ліст. 1991 Т. — рэспубліка ў складзе Расійскай Федэрацыі. У 1992 уведзена пасада прэзідэнта Т. (з сак. 1992 Ш.Д.Ааржак). У 1993 прынята Канстытуцыя Т.
Гаспадарка. Т. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 18%, сельская гаспадарка — 11%, сфера паслуг — 71%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1999): каляровая металургія (36,4%), электраэнергетыка (23,3%), паліўная (10,8%), харч. (16,2%). Здабыча і перапрацоўка кобальт-нікелевых руд (Хаву-Аксы), ртуці, золата, азбесту (2,6 тыс.т, Ак-Давурак), каменнага вугалю (547 тыс.т, Халбаджынскі, Каа-Хемскі, Чаданскі вугальныя разрэзы). Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз на ЦЭЦ (Кызылская, Ак-Давуракская, Хаву-Аксынская). Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Кызыле (мясакамбінат, малочны і піваварны з-ды), Чадане (масларобны з-д), Шаганары і інш. Лесанарыхтоўчыя, лесапільныя і мэблевыя прадпрыемствы ў Кызыле, Туране, Сарыг-Сепе і інш.Вытв-сць аўтаспецабсталявання (Кызыл), буд. матэрыялаў (цэглы, буд. дэталей, жалезабетонных канструкцый), швейных і гарбарных вырабаў. Развіты каменярэзны маст. промысел. Падс.-г. ўгоддзямі 2,5 млн.га, у т. л.пад пашай 2,3 млн.га, ворнымі землямі 0,1 млн.га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (83% кошту с.-г. прадукцыі); вылучаюцца мяса-малочная жывёлагадоўля і танкарунная авечкагадоўля. Гадуюць таксама коз, свіней, птушак, коней, вярблюдаў, аленяў, якаў. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000): авечак і коз — 613, буйн. раг. жывёлы — 110,2, свіней — 13,1, аленяў — 1,1. На ПнУ развіты пушны промысел. Пасяўныя пл. (тыс.га, 1999) займаюць 60,1, у т. л.пад збожжавымі культурамі (пшаніца, авёс, ячмень, проса) 44,7, кармавымі 11,6, бульбай і агароднінай 3,8. Збор (тыс.т, 1999): збожжа — 12,9, бульбы — 15, агародніны — 4,3. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2472 км. Ёсць 2 выхады да чыгункі: па Усінскім тракце да чыг. ст. Абакан і па аўтадарозе Ак-Давурак — Абаза да чыг. ст. Абаза. Суднаходства па р. Верхні Енісей і ў ніжнім цячэнні рэк Вял. і Малы Енісей. Аэрапорты ў гарадах Кызыл, Ак-Давурак, Шаганар. Т. пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу харч. прадукты, сыравіну, паліва; завозіць харч. прадукты, драўніну і вырабы з яе, маш.-буд. і нафтахім. прадукцыю. Курорты: Уш-Бельдыр і Чэдэр.
Культура. Самыя стараж. помнікі на тэр. Т. — палеалітычныя і неалітычныя стаянкі, кераміка эпохі бронзы, каменныя стэлы (аленевыя камяні), творы ў звярыным стылі мастацтва скіфскай эпохі (1-е тыс. да н.э.), вырабы з металу і драўляныя статуэткі гунскага перыяду (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.). Ад стараж.цюркскага часу (6—8 ст.) захаваліся каменныя фігуры людзей і метал. вырабы, аздобленыя гравіроўкай; пазней гравіроўку спалучалі з інкрустацыяй жалеза золатам, серабром, бронзай. Да уйгурскага часу належаць рэшткі гарадзішчаў-крэпасцей (Пор-Бажын на воз. Тэрэ-Холь). Лямцавыя дываны, драўляныя куфры і ложкі, скураныя пасудзіны і сёдлы, вырабы з металу ўпрыгожваліся нар. арнаментам, для якога характэрны строга сім. кампазіцыя, S-падобныя ўзоры, меандры. Асн. жытлом служыла лямцавая юрта. З канца 18 ст. развіваецца дробная пластыка з дрэва, каменю, металу, у ёй працуюць нар. скульптары Х.Хуна, М.Чэрзі і інш. З 1940-х г. развіваюцца станковы жывапіс і графіка (В.Дзёмін, С.Ланза, Ю.Дзееў, Сарыг-оал Саая, Т.Левяртоўская, І.Салчак, М.Пятроў і інш.). Вядзецца рэканструкцыя і добраўпарадкаванне г. Кызыл, будуюцца новыя пасёлкі. Найб. значныя пабудовы: у Кызыле. — гасцініца «Мангулек», Дом мастака, кінатэатр «Найырал», парк культуры і адпачынку са спарт. комплексам і інш. У Т. 3 ВНУ, краязнаўчы музей, муз.-драм. т-р.(усе ў Кызыле).
Літ.:
История Тувы. Т. 1—2. М., 1964;
Сердобов Н.А. История формирования тувинской нации. Кызыл, 1971;
Новейшие исследования по археологии Тувы и этногенезу тувинцев. Кызыл, 1980;
Очерки социального развития Тувинской АССР Новосибирск, 1983;
Маннай-оол М.Х. Тува в эпоху феодализма. Кызыл, 1986;
Республики России: Этноист. очерки. М., 1999;
Аксенов А.Н. Тувинская народная музыка. М., 1964;
Вайнштейн С.И. Историческая этнография тувинцев. Пробл. кочевого хозяйства. М., 1972;
Яго ж. История народного искусства Тувы. М., 1974;
Сузукей В.Ю. Тувинские традиционные народные инструменты. Кызыл, 1989;
Кыргыс З.К. Проблемы горлового пения. Кызыл, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́ЛА (Angola), Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 1246,7 тыс.км². Нас. 11,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г.Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.
Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб.выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ранайб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.
Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.
Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас.р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач.еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш.Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.
З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны падкіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) падкіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.
У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац.ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.
У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд.дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн.т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн.кВт∙гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс.т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс.км) і аўтамаб. (каля 80 тыс.км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс.т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.
Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г.асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.
Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Літ.:
Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭХАСЛАВА́КІЯ (Československo),
дзяржава ў цэнтр. Еўропе ў 1918—92 на тэр. сучасных Чэхіі і Славакіі. Пл. 128 тыс.км², нас. (1986) 15,5 млн.чал., з якіх чэхаў 64%, славакаў 31%. Узнікла на чэш. і славацкіх землях Аўстра-Венгрыі ў выніку нац.-вызв. барацьбы чэхаў і славакаў, якая ўзмацнілася напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. У 1915 чэш.паліт. дзеячы стварылі за мяжой Чэш.к-т дзеяння. Восенню 1915 заключаны дагавор паміж прадстаўнікамі Славацкай лігі і Чэш.нац. аб’яднання ў ЗША пра будучае аб’яднанне чэхаў і славакаў у федэратыўным саюзе дзяржаў. У маі 1916 падкіраўніцтвам чэха Т.І.Масарыка і славака М.Штэфаніка Чэш.к-т дзеяння пераўтвораны ў Чэхаславацкі нац. савет (ЧНС). Восенню 1916 прадстаўнікі чэш. партый стварылі Чэш. саюз у Вене і Нац.к-т у Празе. Летам 1918 урады краін Антанты прызналі ЧНС у якасці ўрада будучай дзяржавы чэхаў і славакаў. Нац.к-т у Празе 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Ч. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет (у г. Марцін), які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне Славакіі ад Венгрыі. 13.11.1918 зацверджана часовая канстытуцыя Чэхаславацкай Рэспублікі (першы прэзідэнт Масарык, першы прэм’ер-міністр К.Крамарж), межы якой вызначылі Версальскі мірны дагавор 1919, Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 і Трыянонскі мірны дагавор 1920. Акрамя чэш. і славацкіх зямель у яе склад увайшла населеная пераважна ўкраінцамі і венграмі Падкарпацкая Русь, на якую напачатку прэтэндавала і Венгрыя. Канфлікт з Польшчай з-за багатай вугалем Цешынскай Сілезіі вырашыўся ў 1920 падзелам яе паміж дзвюма дзяржавамі. У Ч. ў 1920 пражывала 13,5 млн.чал., у т. л. 7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў, 3 млн. немцаў. У складаных міжнар. умовах Славакіяй у студз. 1919 у Браціславе створана мін-ва па справах Славакіі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. На тэр. Ч. было сканцэнтравана амаль 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі, што спрыяла хуткаму пераадольванню наступстваў вайны. Аднак эканам. развіццё розных частак Ч. было вельмі нераўнамернае. У адрозненне ад прамысл. развітай Чэхіі, Славакія заставалася пераважна с.-г. краінай са слабаразвітай прам-сцю, якая не вытрымлівала канкурэнцыі чэш. прадпрыемстваў і разаралася. Гэтая нераўнамернасць захоўвалася да канца існавання Ч. і, разам з нац.-культ. і нац.-паліт. фактарамі, згубна адбівалася на ўстойлівасці дзяржавы.
У лют. 1920 Часовы нац. сход прыняў канстытуцыю Ч., якая ўзаконіла ўжо сфарміраваную паліт. сістэму парламенцкай рэспублікі. Да сак. 1939 змянілася 20 урадаў, якія з 1922 узначальваліся ў асн. лідэрамі найб. шматлікай і ўплывовай у краіне Агр. партыі. Значным уплывам карысталіся таксама партыі: права-кансерватыўная Нац.-дэмакр., С.-д., Сацыяліст., Чэхаславацкая нар., Камуніст. (КПЧ, засн. ў 1921); у Славакіі найб. значнай была Хрысц.нар. партыя А.Глінкі. Ва ўмовах частай змены ўрадаў рэальная паліт. ўлада ў Ч. канцэнтравалася ў пазапарламенцкіх групоўках «Град», «Пяцёрка», «Васьмёрка», якія складаліся з лідэраў асн.паліт. партый. У 1920—30-я г. назіралася тэндэнцыя да ўзмацнення паўнамоцтваў прэзідэнта і ўрада. Масарыка, які памёр у 1935, змяніў на пасадзе прэзідэнта яго паплечнік па нац.-вызв. барацьбе Э.Бенеш. Прэм’ер-міністрам стаў аграрый М.Годжа. Да канца 1920-х г. у Ч. ў асн. завершана памяркоўная агр. рэформа, якая перадала сялянам за выкуп каля 150 тыс.га зямель буйных землеўладальнікаў (у іх засталося каля 40% зямельных угоддзяў краіны). Прам-сць у 1924—29 паспяхова развівалася, але эканам. крызіс пач. 1930-х г. прывёў да спаду вытв-сці на 40% і масавага беспрацоўя (1 млн.чал. у 1933). У 1937 аб’ём прамысл. вытв-сці толькі наблізіўся да дакрызіснага. У знешняй палітыцы Ч. арыентавалася на ўмацаванне адносін з Францыяй, з якой у 1924 заключыла ваен.-паліт. саюз. У 1920—21 створаны ваен. саюз Ч. з Румыніяй і Югаславіяй — Антанта малая. Лакарнскія дагаворы 1925 ускладнілі знешнепаліт. становішча Ч. У 1934 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР, у 1935 падпісаны дагавор аб узаемадапамозе. У сярэдзіне 1930-х г. ўзмацніўся ўплыў КПЧ і правых партый. Прагерм. Судэта-ням. партыя К.Генлейна патрабавала шырокай аўтаноміі для паўн. і паўн.-зах. раёнаў Ч., заселеных пераважна немцамі, скасавання дагавораў з СССР і Францыяй. Адначасова ўзмацніліся сепаратысцкія настроі ў Славакіі. Каб даць падставу для ўмяшання Германіі, генлейнаўцы ў ноч на 12 вер. 1938 арганізавалі ўзбр. мяцеж, які быў падаўлены. Аднак паводле навязаных Ч. Вялікабрытаніяй і Францыяй умоў Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія 1.10.1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. пагранічныя раёны Ч. з пераважна ням. насельніцтвам. 2.10.1938 Польшча прымусіла Ч. аддаць ёй Цешынскую вобл. Паводле Венскага арбітражу 1938 Венгрыя 2.11.1938 захапіла паўд. раёны Славакіі і ч. Падкарпацкай Русі. У выніку Ч. страціла 1/3ч. сваёй тэр., 40% прам-сці, пагранічныя ўмацаванні і апынулася ў эканам. і паліт. залежнасці ад Германіі. Э.Бенеш пайшоў у адстаўку, прэзідэнтам выбраны Э.Гаха. Ён і ўрад т.зв. другой рэспублікі атрымалі права мяняць канстытуцыю. Па патрабаванні славацкіх і ўкр.паліт. дзеячаў былі створаны аўт. земскія ўрады Славакіі на чале з І.Цісам і Падкарпацкай Русі на чале з А.Бродзіем. У ходзе канфлікту з цэнтр. урадам славацкі сейм па ўказанні Германіі 14.3.1939 абвясціў «Незалежную Славацкую дзяржаву» на чале з прэзідэнтам Цісам. 15.3.1939 Гаха падпісаў у Берліне прапанаваны А.Гітлерам акт аб скасаванні «нежыццяздольнай» Ч. і ням.-фаш. войскі акупіравалі Чэхію і Маравію, дзе 16.3.1939 створаны т.зв. Пратэктарат Багемія і Маравія — нібыта аўт. ўтварэнне на чале з герм. імперскім пратэктарам К. фон Нейратам. Немцы пратэктарата абвяшчаліся герм. грамадзянамі. Падкарпацкую Русь захапіла Венгрыя. Падкіраўніцтвам Бенеша ў 1939 у Парыжы створаны Чэхаславацкі нац.к-т (пазней ён пераехаў у Лондан, летам 1940 пераўтвораны ў Часовы ўрад Ч.). У эміграцыі створаны таксама Дзярж. савет Ч., які выконваў функцыі парламента. Бенеш прызнаны прэзідэнтам Ч. на эміграцыі. Урад СССР 18.7.1941 заключыў з чэхаславацкім эмігранцкім урадам пагадненне аб ваен. супрацоўніцтве і 12.12.1943 дагавор аб дружбе, узаемадапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве, якія прадугледжвалі аднаўленне Ч. ў дамюнхенскіх межах. На тэр.СССР з 1942 фарміраваліся чэхаславацкія вайск. часці, аб’яднаныя ў 1944 у армейскі корпус (камандзір — ген. Л.Свобада), які ўдзельнічаў у вызваленні Ч. У сак. 1945 у Маскве прадстаўнікі Бенеша дамовіліся з кіраўніцтвам КПЧ і дэлегацыяй Славацкага нац. савета пра стварэнне Нац. фронту чэхаў і славакаў (НФ; увайшлі КПЧ, Кампартыя Славакіі, чэхаславацкія Нац.-сацыяліст., С.-д., славацкія Нар. і Дэмакр. партыі) і яго праграму. 4.4.1945 у вызваленым Чырв. Арміяй славацкім г. Кошыцы абвешчана аб стварэнні ўрада НФ і апублікавана праграма пасляваен. ўладкавання дзяржавы. Пасля поўнага вызвалення краіны ад ням. фашыстаў (май 1945) адноўлена Чэхаславацкая Рэспубліка. Паводле пагаднення паміж ёй і СССР ад 29.6.1945 Падкарпацкая Русь далучана да Укр. ССР. На аснове рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945ням. насельніцтва Ч. выселена ў Германію.
У адноўленай дзяржаве ролю парламента напачатку выконваў Часовы нац. сход (200 дэп. ад Чэхіі, 100 — ад Славакіі), кіруючай паліт. сілай быў НФ на чале з лідэрам КПЧ К.Готвальдам. Вял. паўнамоцтвамі карыстаўся прэзідэнт Бенеш (афіцыйна выбраны 19.6.1946). Адносіны цэнтр. і славацкіх дзярж. органаў рэгуляваліся спец. пагадненнямі, якія абмяжоўвалі паўнамоцтвы славацкага кіраўніцтва. На выбарах ва Устаноўчы сход (май 1946) камуністы атрымалі 114 дэпутацкіх месцаў з 300, новы ўрад узначаліў Готвальд. У 1945—47 праведзена агр. рэформа (канфіскаваны і перададзены ў прыватную ўласнасць сялянам землі немцаў, калабарацыяністаў і буйныя маёнткі), нацыяналізаваны горная, металургічная прам-сць, энергетыка, банкі. У лют. 1948 у знак нязгоды з курсам Готвальда на працяг нацыяналізацыі 12 міністраў з 26 падалі ў адстаўку. Аднак КПЧ арганізавала шматтысячныя маніфестацыі ў сваю падтрымку і стварыла рабочую міліцыю, якая паралізавала дзейнасць апазіцыйных партый. Бенеш быў вымушаны пагадзіцца на захаванне ўрада, адстаўку 12 міністраў і замену іх стаўленікамі Готвальда. Улада фактычна перайшла да КПЧ і яе прыхільнікаў у НФ. 9.5.1948 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла Ч. нар.-дэмакр. рэспублікай чэхаў і славакаў. На выбарах у Нац. сход 30.5.1948 НФ атрымаў 93% галасоў. Пасля адстаўкі Бенеша (7.6.1948) прэзідэнтам Ч. выбраны Готвальд (1948—53). У 1948 нацыяналізаваны прамысл. прадпрыемствы, у якіх працавала больш за 50 чал. (на прыватных прадпрыемствах засталося 5% работнікаў), канфіскаваны ўсе зямельныя ўладанні, большыя за 50 га. IX з’езд КПЧ (май 1949) прыняў генеральную лінію на пабудову ў Ч. асноў сацыялізму на сав. ўзор. Ч. ўступіла ў Савет эканамічнай узаемадапамогі (1949), падпісала Варшаўскі дагавор 1955. Працэс сацыяліст. перабудовы эканомікі і грамадства суправаджаўся паліт. рэпрэсіямі, якія працягваліся да сярэдзіны 1950-х г. і ахапілі каля 70 тыс.чал. (27 тыс.чал. загінулі); сярод рэпрэсіраваных старшыня аўтаномнага ўрада Славакіі Г.Гусак і Ген. сакратар ЦК КПЧ Р.Сланскі. Фармальна захоўвалася шматпартыйнасць (у рамках НФ), фактычна ж існавала дыктатура КПЧ. Пасля смерці Готвальда КПЧ у 1953—68 узначальваў яго прыхільнік А.Новатны; прэзідэнтам Ч. ў 1953—57 быў А.Запатоцкі, у 1957—68 — Новатны. У ліп. 1960 прынята новая канстытуцыя Ч., якая замацавала курс КПЧ на «пабудову камунізму», краіна стала наз. Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікай (ЧССР). У канцы 1960-х г. нарасталі крызісныя з’явы ў эканоміцы, абумоўленыя заганамі адміністрацыйна-каманднай сістэмы, абвастрылася нац. пытанне. У студз.-сак. 1968 Новатны адхілены ад пасад 1-га сакратара ЦК КПЧ і прэзідэнта краіны. Новае кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК КПЧ А.Дубчакам (1968—69) і прэзідэнтам ЧССР ген. Л.Свобадай (1968—75) спрабавала рэфармаваць эканоміку і грамадскае жыццё «зверху» ў дэмакр. духу (гл.«Пражская вясна»), аднак гэтаму перашкодзілі ўвод (жн. 1968) у Ч. войск СССР і інш. краін — членаў Варшаўскага дагавора, акрамя Румыніі, і інш. формы націску з боку кіраўніцтва КПСС. Рэфарматарскае кіраўніцтва КПЧ у 1969 адхілена, падкіраўніцтвам Г.Гусака (з 1969 1-ы, з 1971 Ген. сакратар ЦК КПЧ, з 1975 адначасова прэзідэнт ЧССР) пачаўся працэс «нармалізацыі». Паводле канстытуцыйнага закона аб федэрацыі (27.10.1968) Ч. ператворана ў федэрацыю раўнапраўных і суверэнных сацыяліст. рэспублік — Чэшскай і Славацкай. Вышэйшым заканад. органам ЧССР стаў двухпалатны Федэральны сход, які складаўся з Нар. палаты (200 дэп.) і Палаты нацыянальнасцей (па 75 дэп. ад Чэхіі і Славакіі). Федэральны сход выбіраў прэзідэнта краіны. У канцы 1970-х г. на фоне эканам. цяжкасцей узніклі арг-цыі дысідэнтаў «Хартыя—77», «Камітэт абароны незаконна асуджаных» і інш. З пачаткам перабудовы ў СССР аналагічныя працэсы разгарнуліся і ў Ч., хоць кіраўніцтва КПЧ імкнулася замарудзіць іх. У 1987 Гусак заменены на пасадзе ген. сакратара ЦК КПЧ М.Якешам. З жн. 1988 адбываліся амаль няспынныя мітынгі і дэманстрацыі апазіцыі. У ходзе «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 КПЧ страціла манаполію на ўладу, сфарміраваны пераходны ўрад (камуністы, беспартыйныя, сацыялісты, прадстаўнікі нар. партыі) на чале з М.Чалфай. У снеж. 1989 Гусак пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта, новым прэзідэнтам выбраны лідэр Грамадзянскага форуму В.Гавел, старшынёй Федэральнага сходу — А.Дубчак. У чэрв. 1990 адбыліся свабодныя выбары ў парламент, сфарміраваны ўрад з прыхільнікаў радыкальных рыначных рэформ. Восенню 1990 прыняты закон аб рэстытуцыях (вяртанні нацыяналізаванай маёмасці б. уладальнікам). Незадаволенасць славацкіх палітыкаў формай федэрацыі прывяла да яе рэфармавання законам ад 1.12.1990: б.ч. паўнамоцтваў перайшла ад федэральных органаў улады да рэсп., дзяржава пачала наз. Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікай (ЧСФР). Эканам. цяжкасці і беспрацоўе ў пач. 1990-х г. абвастрылі супярэчнасці ў пытанні аб тэмпах і метадах эканам. рэформ паміж урадам Чэхіі і Славакіі. Вясной 1992 на парламенцкіх выбарах у Чэхіі перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя прыхільнікаў радыкальных рэформ і захавання федэрацыі, у Славакіі — леваарыентаваны Рух за дэмакр. Славакію, які выступаў за поўны суверэнітэт Славакіі. Перагаворы паміж кіраўнікамі чэш. (В.Клаўс) і славацкага (У.Мечыяр) урадаў аб умовах захавання федэрацыі былі безвыніковымі. В.Гавел, пасля няўдалай спробы выбрання ў парламенце на новы тэрмін, 20.7.1992 падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта ЧСФР. 25.11.1992 Федэральны сход прыняў закон, у адпаведнасці з якім ЧСФР 31.12.1992 спыніла існаванне, на яе тэр. ўтварыліся 2 незалежныя дзяржавы — Чэхія і Славакія.
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н.В. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европейских наций. М., 1993.