ПРАЦАЁМКАСЦЬ,

паказчык, які характарызуе колькасць рабочага часу, неабходнага для вытв-сці прадукцыі (тавару, вырабу, закончанага комплексу работ, аб’екта буд-ва і да т.п.) або выканання пэўнай тэхнал. аперацыі. З’яўляецца паказчыкам прадукцыйнасці працы і характарызуе эфектыўнасць (прадукцыйнасць) выкарыстання прац. рэсурсаў. Адносіны затрат рабочага часу (у гадзінах, днях і да т.п.), выдаткаваных на выпуск прадукцыі (вырабаў, работ, паслуг), да выкананага аб’ёму або намінальнага значэння асн. параметра, называюць удзельнай П. У залежнасці ад саставу затрат працы рознага персаналу адрозніваюць П.: поўную — уключае затраты працы ўсіх катэгорый прамысл.-вытв. персаналу прадпрыемства (цэха, участка і да т.п.), які ўдзельнічае ў вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі; тэхналагічную — затраты працы асн. рабочых, што ўлічваюцца ў таварнай (валавой) прадукцыі; вытворчую — затраты працы асн. і дапаможных рабочых; вытворча-абслуговую — затраты працы дапаможных рабочых, якія забяспечваюць матэрыяльныя, тэхн. і інш. віды абслугоўвання вытв-сці; кіраўніцкага апарату — затраты працы работнікаў, якія заняты ў сферы кіравання. Састаў затрат працы, што ўключаюцца ў паказчык П., залежыць ад мэты і задач разліку, тыпу прадпрыемства і галіны. На яго велічыню ўплываюць фактары: фонда- і энергаўзброенасць працы, карысныя ўласцівасці прадметаў працы, тэхналогія вытв-сці і складанасць вырабу прадукцыі (работ, паслуг), кваліфікацыя работнікаў, арг-цыя працы і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛАСЫРАРО́БНАЯ І МАЛО́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна мясной і малочнай прамысловасці, якая ўваходзіць у харчовую прамысловасць. Аб’ядноўвае прадпрыемствы па перапрацоўцы малака ў розныя малочныя прадукты (гл. таксама Казеін, Масла сметанковае, Масласыраробная вытворчасць).

На Беларусі здаўна малако перапрацоўвалася на сыр, масла, тварог у хатніх умовах. Сыраробныя і масларобныя прадпрыемствы з’явіліся ў пач. 19 ст. ў маёнтках памешчыкаў, у 2-й пал. 19 ст. ўзніклі спецыялізаваныя прадпрыемствы. У 1892 працавалі сырзаводы: 1 у Віцебскай губ. (400 пудоў сыру за год), 4 у Мінскай губ. (3,3 тыс. пудоў), 2 у Магілёўскай (700 пудоў). У 1912 выраблена 1154 т сыру і 139 т масла. Як індустрыяльная галіна пачала развівацца ў сав. перыяд: да 1927 пабудавана 17, да 1932—85, да 1939—116 масла- і сыраробных з-даў, 8 малочных прадпрыемстваў. у т. л. 2 камбінаты (у Мінску і Віцебску). У 1940 дзейнічала 500 такіх прадпрыемстваў. з іх 37 механізаваных У Вял. Айч. вайну 68% прадпрыемстваў М. і м.п. разбурана.

У 1998 на долю М. і м.п. прыпадала 22,3% усёй валавой прадукцыі харч. прам-сці і 46,7% прадукцыі мяса-малочнай галіны; колькасць занятых у падгаліне людзей адпаведна 19,1% і 48%. Колькасць прадпрыемстваў і вытв-сцей склала 215. Большасць прадпрыемстваў шматпрофільныя. Найб. буйныя прадпрыемствы па выпуску цэльнамалочнай прадукцыі: Мінскі гарадскі малочны завод № 2, Мінскі гармалзавод № 3, Брэсцкі, Гродзенскі, Баранавіцкі, Бабруйскі, Магілёўскі малочныя камбінаты, Гомельскае ААТ «Малочныя прадукты» і інш.; па вырабе сметанковага масла і сыру — масласырзаводы Шчучынскі масласырзавод, Скідзельскі, Кобрынскі, Пастаўскі, Талачынскі, Пружанскі і інш.; па вытв-сці сыру — Бярозаўскі сыраробны камбінат, сырзаводы Бярэзінскі, Высокаўскі, Дзятлаўскі, Драгічынскі, Камянецкі і інш.; сметанковага масла — маслазаводы Капыльскі, Карэліцкі, Дубровенскі, Круглянскі, Хоцімскі і інш.; сухога абястлушчанага малака — Клімавіцкі завод масла і сухога абястлушчанага малака, прадпрыемствы ў Івацэвічах, Слоніме, Добрушы, г.п. Акцябрскі; марожанага — спецыялізаваныя прадпрыемствы ў Брэсце, Магілёве, Гомелі; малочных кансерваў — Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, Лепельскі малочнакансервавы камбінат, Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, сухіх малочных сумесей для дзяцей — Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў.

У 1998 выпушчана 955 тыс. т цэльнамалочнай прадукцыі ў пераліку на малако (54% аб’ёму адпаведнай прадукцыі ў 1990), сметанковага масла — 74,2 тыс. т (47%), тлустых сыроў 43,5 тыс. т (67%), малочных кансерваў — 115 млн. шт. умоўных слоікаў (68%). Значна скарацілася спажыванне малака і малочных прадуктаў (у пераліку на малако): з 425 кг у 1990 да 366 у 1998.

Найбольш развіта ў ЗША, Германіі, Францыі, Расіі, на Украіне, у Бельгіі, Нідэрландах, Польшчы, Бразіліі і інш.; па вытв-сці-сметанковага масла вылучаюцца — ЗША, Германія, Францыя, Расія, Польшча, а па вытв-сці сметанковага масла на душу насельніцтва — Фінляндыя (10 кг), Нідэрланды (8,7 кг), Францыя (7,8 кг), Аўстрыя (7,6 кг), Германія (6 кг).

П.​І.​Рогач.

Да арт. Масласыраробная і малочная прамысловасць. У цэху гарадскога малочнага завода № 2 Мінска.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна харчовай прамысловасці, якая ажыццяўляе забой і комплексную перапрацоўку жывёлы і птушкі. Вырабляе мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, мясныя і мяса-расл. кансервы, жывёльныя тлушчы, сухія жывёльныя кармы, тэхн. і фармацэўтычную сыравіну (рогакапытную, эндакрынную, косці, шкуры і інш.).

У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі невял. паўсаматужныя бойні (у 1913 іх было 50, забіта 51 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 41,7 тыс. свіней) і каўбасныя майстэрні (у Ашмянах, Барысаве, Гомелі, Гродне і інш.), пераважна пры каўбасных крамах. У 1905 самая буйная бойня (8—10 галоў жывёлы за сут) працавала ў Магілёве. З 1920-х г. М.п. развіваецца як індустр. галіна. У 1922 пабудаваны Мінскі мясакамбінат і каўбасны цэх на Магілёўскім мясакамбінаце, у 1930 — Бабруйскі мяса- і Аршанскі мясакансервавы камбінаты, у 1937 — Магілёўскі жэлацінавы завод. У Вял. Айч. вайну амаль усе прадпрыемствы М.п. разбураны. Адноўлены да 1950. Пабудаваны мясакамбінаты ў Брэсце (1944), Лідзе (1945), Барысаве (1967), Бярозе, Слуцку, Гродне, Віцебску, Крычаве, Жлобіне (1971—75), халадзільнікі на Бабруйскім, Кобрынскім, Ашмянскім, Аршанскім птушкакамбінатах (1960—65), мясаперапрацоўчы з-д у Мінску (1972—74, адзіны ў рэспубліцы, вырабляе паўфабрыкаты і каўбасныя вырабы з сыравіны інш. прадпрыемстваў па забоі жывёлы) і інш. Адбываліся канцэнтраванне вытв-сці, далучэнне птушкакамбінатаў да мясакамбінатаў. У 1990 М.п. Беларусі выпускала мяса 6,9%, каўбасных вырабаў 4,1% ад агульнасаюзнага аб’ёму. Для канца 1980—90-х г. характэрна стварэнне невял. прадпрыемстваў і вытв-сцей у малых населеных пунктах, блізкіх да сыравіннай базы. У 1980 М.п. налічвала 229 прадпрыемстваў і вытв-сцей, у 1988—334, у 1993—451, у 1998—695.

У 1990 вытв-сць мяса і субпрадуктаў 1-й катэгорыі склала 889,1 тыс. т, каўбасных вырабаў 216,6 тыс. т, мясных паўфабрыкатаў 109,7 тыс. т, мясных і мяса-расл. кансерваў 97,1 млн. умоўных слоікаў, у 1997 — адпаведна 342; 153,9; 52,5 і 50,3, у 1998—371,7; 162,8; 60,1 і 64, на долю М.п. прыпадала 25,6% агульнай прадукцыі (у дзеючых цэнах) харч. прам-сці і 53,3% — мяса-малочнай галіны. Асн. ч. прадукцыі вырабляюць (1999) 3 мясакансервавыя (Аршанскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат і Баранавіцкі) і 23 мясакамбінаты, з якіх найбуйнейшыя: Слуцкі мясакамбінат, Мінскі, Магілёўскі, Гомельскі, Жлобінскі і Гродзенскі. Прадпрыемствы галіны працуюць пераважна на мясц. сыравіне, асн. яе пастаўшчыкі — калгасы і саўгасы. Ч. прадукцыі экспартуецца.

У 1994 найб. колькасць мяса (млн. т) выпушчана ў Кітаі (41,4), ЗША (32,1), Бразіліі (8,1), Расіі (7,4), Францыі (6,2) і Германіі (5,8), найб. колькасць мяса на душу насельніцтва (кг) — у Даніі (363,2), Аўстраліі (185,7), Нідэрландах (179,8), Бельгіі з Люксембургам (151,4), ЗША (123,1), Аргенціне (109,1), Францыі (106,8) і Канадзе (106,3).

У.​У.​Некрыш.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),

раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш. мед. і біял. дысцыплінамі.

Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.​Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.​І.​Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).

На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек. мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.​А.​Маркаў, Н.​І.​Аляксейчык, П.​В.​Астапеня, В.​М.​Ізуткін, М.​Ф.​Казлоў, Э.​С.​Кашыцкі, Л.​М.​Толстых-Чарнецкая, Ц.​А.​Каган, М.​Г.​Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел. мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,

працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.

Л.​Г.​Емяльянаў.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. anabolē уздым),

асіміляцыя, сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць біял. сінтэз патрэбных для жыцця складаных рэчываў (бялкоў, поліцукрыдаў, тлушчаў, нуклеінавых кіслот і інш.) з больш простых. Накіраваны на ўтварэнне і абнаўленне структурных частак клетак і тканак. Непарыўна звязаны з катабалізмам (процілеглы працэс) і ўтварае з ім хім. аснову прамежкавага абмену рэчываў і абмену энергіі (забяспечвае яе назапашванне) у арганізме. Аўтатрофныя арганізмы (зялёныя расліны і некаторыя грыбы) здольныя ажыццяўляць першасны сінтэз арган. злучэнняў з CO2 з выкарыстаннем вонкавых крыніц энергіі (сонечнага святла, акіслення неарган. рэчываў), гетэратрофныя — толькі за кошт энергіі, якая вызваляецца ў працэсах катабалізму. Колькасць зыходных кампанентаў для біясінтэзу абмежаваная (глюкоза, рыбоза, амінакіслоты, піравінаградная кіслата, гліцэрына, ацэтылкаэнзім анабалізму і інш.). Як правіла, анабалізм забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў і ўключае шэраг аднаўленчых этапаў. У працэсе анабалізму кожная клетка сінтэзуе характэрныя для яе бялкі, вугляводы, тлушчы і інш. злучэнні (напр., мышачныя клеткі сінтэзуюць уласны глікаген і не скарыстоўваюць глікаген печані). У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі анабалізму на ўзроўні клетачнага абмену рэчываў акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біял. актыўныя рэчывы, нерв. сістэма (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя). Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы (анаболікі) здольныя павышаць узровень анабалізму, іх выкарыстоўваюць для штучнага нарошчвання мышачнай масы цела ў спорце (праблема допінг-кантролю), таксама як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),

паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.

Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.​Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату ​1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.

Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б. СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.​Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.

К.​С.​Пракошына.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДВО́РЦЫ,

катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).

На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т,

паступленне хім. элементаў з глебы, вады і атмасферы ў жывыя арганізмы, ператварэнне іх у новыя складаныя злучэнні і вяртанне зноў у глебу, ваду, атмасферу. Штогод частка арган. рэчыва або поўнасцю адмерлыя арганізмы выходзяць з цыкла і акумулююцца ў зямной кары. Біялагічны кругаварот узнік адначасова з паяўленнем жыцця на Зямлі і з’яўляецца бесперапынным цыклічным працэсам размеркавання рэчываў, энергіі і інфармацыі ў межах экалагічных сістэм. Аснова біялагічнага кругавароту — утварэнне ў працэсе фотасінтэзу першаснай прадукцыі (расліннай), ператварэнне яе ў другасную (у прыватнасці, жывёльную) і яе распад. Актыўны рух арган. рэчыва ў экалагічных сістэмах ажыццяўляецца па трафічных ланцугах. Асн. роля ў біялагічным кругавароце належыць першасным прадуцэнтам (зялёныя кветкавыя расліны, мікраскапічныя планктонныя водарасці, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументам (жывёлы) і рэдуцэнтам (сапрафітныя арганізмы, пераважна бактэрыі). Біямаса арганізмаў розных трафічных узроўняў у межах трафічных ланцугоў неаднолькавая; яна вышэй на ўзроўні прадуцэнтаў і змяншаецца на меры прасоўвання да кансументаў вышэйшага парадку. Найб. значэнне мае біялагічны кругаварот так званых біяфільных (неабходных для жыцця) элементаў — азоту, фосфару, серы. Існуюць таксама кругавароты кіслароду, вадароду, вугляроду і інш. хім. элементаў, якія складаюць частку агульнага біялагічнага кругавароту, што цесна ўвязаны з біягеахімічным кругаваротам рэчываў. Інтэнсіўнасць біялагічнага кругавароту вызначае колькасць і разнастайнасць жывых арганізмаў, аб’ём назапашанай арган. прадукцыі, якая можа быць выкарыстана для задавальнення патрэб чалавека.

Прынцыповая схема біялагічнага кругавароту.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ РАЎНІ́НЫ (Great Plains),

перадгорныя плато на У Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Выш. ад 500 м на У да 1700 м на З. Працягласць з ПнЗ на Пд і ПдУ каля 3600 км, шыр. 500—800 км. Сфарміраваны на дакембрыйскім крышт. фундаменце Паўн.-Амерыканскай платформы, перакрытай тоўшчамі вапнякоў і лёсападобных суглінкаў. Уступы падзяляюць Вялікія раўніны на адасобленыя ўчасткі — плато: Эдуардс, плато Льяна-Эстакада, Высокія раўніны, Місуры.

Вялікія раўніны месцамі моцна расчлянёныя сеткай яроў, трапляюцца ўчасткі бедленду, на Пд — карст. Радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага і бурага вугалю, лігнітаў, поліметалаў, калійных солей. Клімат кантынентальны, на Пн умераны, на Пд субтрапічны. Сярэднія т-ры студз. -28 °C на Пн і 12 °C на Пд, ліп. адпаведна 13 °C і 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 500 мм да 250 і з Пн на Пд ад 600 мм да 300 мм. Вял. рэкі: Місуры, Плат, Арканзас, Каларада, Пекас. Глебы пераважна каштанавыя, на Пн ад 51° паўн. ш. чарназёмныя, шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя; на крайнім Пд карычневыя і шэра-карычневыя. Пашырана стэпавая расліннасць, на Пн — лесастэп; на Пд — участкі саваннаў. Пашавая жывёлагадоўля. Земляробства: пасевы бавоўніку, бульбы, цукр. буракоў, кармавых траў.

т. 4, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)