старажытнагрэчаскі філосаф і ўрач, прадстаўнік скептыцызму. Вылучаў 3 віды філасофіі: дагматычную, акадэмічную і скептычную. Крытыкаваў дагматычную філасофію (логіка, фізіка, этыка), якая, на яго думку, прэтэндуе на валоданне абсалютнай ісцінай; зрабіў выснову пра неабходнасць адмаўлення ад догмаў. Акадэмічную філасофію (Аркесілай, Лакід, Тэлеклет, Карнеад і інш. прадстаўнікі Сярэдняй і Новай акадэміі) асуджаў за абсалютызацыю прынцыпу недаступнасці ісціны. У працах «Супраць вучоных» і «Піронавы асноўныя прынцыпы» на аснове фармальна-лагічнага закону крытыкаваў граматыку, рыторыку, геаметрыю, арыфметыку, астралогію, тэорыю музыкі, лагічнае, фіз. і этычнае вучэнні, рэліг. вераванні. На яго думку, мэтай скептычнай філасофіі з’яўляецца дасягненне спакою і асабістага шчасця шляхам устрымання ад меркаванняў. Лічыў, што скептык нічога не сцвярджае і не адмаўляе, а «шукае» ісціну. У гнасеалогіі прытрымліваўся ідэі ўсеагульнай «цякучасці рэчаў» і адвечнага станаўлення. Адмаўляў мэтазгоднасць актыўнага ўдзелу ў паліт. жыцці грамадства; лічыў, што для дасягнення спакою неабходна падпарадкоўвацца абставінам, законам і звычаям. Сістэматызаваў спадчыну папярэдніх філосафаў-скептыкаў і інш.стараж.-грэч. філосафаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯНО́ВІЧ (Казімір) (каля 1600 — пасля 1651),
інжынер і тэарэтык артылерыі, мысліцель-гуманіст. Паходзіў з роду дробных князёў Семяновічаў, якія ў 14—16 ст. валодалі землямі на Віцебшчыне. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай з Рас. дзяржавай 1632—34. З 1645 у Нідэрландах ваяваў у войску прынца Аранскага, у 1646 адкліканы з Нідэрландаў, прызначаны інжынерам, з 1648 нам. начальніка артылерыі Каралеўства Польскага. У 1650 выдаў у Амстэрдаме на лац. мове трактат «Artis magnae artilleriae pars prima» («Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая»), у якім апісаў канструкцыі і выкарыстанне гармат і ракет, тэхналогію вытв-сці пораху і інш. матэрыялаў для артылерыі, а таксама ўпершыню прапанаваў ідэю шматступеннай ракеты (з адпаведнымі чарцяжамі). Трактат перакладзены на франц., ням., англ., галандскую, дацкую і інш. мовы; паўтара стагоддзя быў адной з найважнейшых у Еўропе навук. прац па артылерыі. С. падрыхтаваў да друку і 2-ю частку сваёй працы, аднак выдаць не паспеў (пазней рукапіс згубіўся). С. прытрымліваўся гуманіст. светапогляду, войны лічыў найвялікшым няшчасцем для чалавецтва.
Літ.:
Ивашкявичюс А. Казимир Семенович и его книга «Великое искусство артиллерии. Часть первая». Вильнюс. 1971;
Бельскі АМ., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-СІР, Гуўён-Сен-Сір (Gouvion-Saint-Cyr) Ларан (17.7.1764, г. Туль, Францыя — 17.3.1830), французскі ваенны і дзярж. дзеяч, маршал Францыі (1812). З 1792 у рэсп. арміі, ген. (1794). Удзельнік войнаў супраць 1-й (1793—97), 2-й (1798—1801) і 3-й (1805) антыфранц. кааліцый, вайны ў Іспаніі (1808—09). У вайну 1812 камандаваў 6-м (баварскім) корпусам. Пасля Віленскай аперацыі 1812 яго корпус разам з 2-м увайшоў у асобную вайск. групу пад камандаваннем Н.Ш.Удзіно. У час Полацкіх бітваў 1812 паранены С.-С. замяніў цяжкапараненага Удзіно, атрымаў перамогу і прымусіў рускіх адступіць. 18—20 кастр. ён зноў паранены, перадаў камандаванне 2-м і 6-м карпусамі ген. К.Ж.Леграну. З-за нязгоды ген. Врэдэ (камандуючы 6-м корпусам) падпарадкавацца Леграну 24 кастр. баварскае войска было разбіта каляв. Бабынічы. С.-С. зноў прыняў камандаванне і злучыўся 30 кастр. з 9-м корпусам маршала К.Віктора ў раёне Чашнікаў, здаў яму камандаванне і пакінуў армію. У перыяд рэстаўрацыі каралеўскай улады на каралеўскай службе, ваенны (1815 і 1817—19) і марскі (1817) міністр. Аўтар успамінаў (т. 1—4, 1831).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБЕ́ЛІУС ((Sibelius) Ян) (Юхан; 8.12.1865, г. Хямеэнліна, Фінляндыя —20.9.1957),
фінскі кампазітар, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы; адзін з буйн. прадстаўнікоў сусв. сімфанізму. Вучань М.Вегеліуса. З 1891 выкладаў у Хельсінкскай кансерваторыі. Для яго творчасці характэрны віртуознае валоданне тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі, сінтэз класічных і рамантычных традыцый, імкненне да праграмнасці. Арганічна перапрацоўваў муз. фальклор, выкарыстоўваючы яго ладава-гарманічныя і гарманічныя асаблівасці. Творы вылучаюцца своеасаблівай строгасцю і адначасова непасрэднасцю выказвання, для іх характэрны патрыят. матывы, заснаваныя на фін.нар. паэзіі, гісторыі, міфалогіі і эпасе. Сярод твораў: сімфонія «Кулерва» для салістаў, хору і арк. (1892), 7 сімфоній для арк. (1899—1924), праграмныя арк. творы, у т. л. сюіта «Лемінкяйнен» (1893—96), 4 легенды (у т. л. «Туанельскі лебедзь» на сюжэт «Калевалы»), сімф. паэмы, у т. л. «Сага» (апошняя рэд. 1901), «Вясновая песня» (1894), «Фінляндыя» (1899), «Дачка Поўначы» (1906), «Начная скачка і ўсход сонца» (1907), «Тапіёла» (1926), канцэрт для скр. з арк. (1903), «Сумны вальс»; інстр. ансамблі і п’есы; кантаты і хары, каля 100 рамансаў і песень, музыка да драм. спектакляў і інш. З 1951 штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Тыдзень Сібеліуса» (Хельсінкі).
Літ.:
Александрова В.Н., Бронфин Е.Ф. Ян Сибелиус. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІКА́ТЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
прыродныя хім. злучэнні, крышт. рашоткі якіх утрымліваюць крэменекіслародныя тэтраэдры SiO4; клас пародаўтваральных мінералаў. Складаюць больш за 75% аб’ёму зямной кары, каля 95% вывергнутых парод. Уключаюць больш за 700 мінералаў (25% усіх мінер. відаў), у т. л. пародаўтваральныя: амфіболы, палявыя шпаты, піраксены, слюды і інш. Паводле тыпаў злучэння SiO4-тэтраэдраў і ўтварэння крышт. структур вылучаюць С.п.: астраўныя, кальцавыя, ланцужковыя, стужачныя, слаістыя і каркасныя. Паводле саставу падзяляюцца на алюма-, бора-, тытана-, цыркона-, ніобасілікаты і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (да 45%), рамбічнай (20%), трыкліннай (9%), тэтраганальнай (7%), трыганальнай і гексаганальнай (10%) і кубічнай (9%) сінганіях. Звычайна белыя, бясколерныя; з прымессю марганцу, жалеза, тытану, медзі, ванадыю і інш. — розных колераў. Бляск шкляны да алмазнага. Шчыльн. 2—6,5 г/см³. Цв. 1—8. Многія С.п. валодаюць кіслотатрываласцю і высокай т-рай плаўлення. Утвараюцца ў магматычных, метамарфічных, метасаматычных пародах, у пегматытах, а таксама пры гідратэрмальных працэсах і выветрыванні. С.п. — руды многіх металаў (нікелю, алюмінію, берылію, літыю, цэрыю, гафнію і інш.), выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (слюды, азбест, сіліманіт, кіяніт, алівін, тальк і інш.), ювелірнай і вырабной справах (аквамарын, ізумруд, гранаты, нефрыт, раданіт і інш.), буд-ве (гліна, пясок, друз, бутавы камень).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́ПСКАЯ БІ́ТВА 1853,
марская бітва паміж рас. і тур. эскадрамі 18 ліст. ў бухце г.Сіноп (на паўн. узбярэжжы Турцыі) у час Крымскай вайны 1853—56; апошняя вял. бітва эпохі паруснага флоту. Тур. эскадра пад камандаваннем Асман-пашы стаяла на рэйдзе і рыхтавалася да высадкі дэсанта ў р-не Сухум-Кале (Сухумі) і Поці (16 караблёў розных класаў, узброеных 510 гарматамі), знаходзілася пад аховай берагавых батарэй. Рас. эскадра пад камандаваннем віцэ-адм. П.С.Нахімава (6 лінейных караблёў, 2 фрэгаты, 720 гармат) заблакіравала тур. эскадру з боку мора, вытрымала абстрэлы тур. берагавой і карабельнай артылерыі, прарвалася на Сінопскі рэйд і адкрыла агонь па тур. караблях і берагавых батарэях. За 4 гадзіны бою знішчана 15 тур. караблёў (адзін уцёк) і большасць берагавых батарэй. Страты тур. боку — больш за 3 тыс.чал. забітымі, каля 200 чал., у т. л. паранены Асман-паша, трапілі ў палон. Рас. эскадра страціла 37 чал. забітымі і 235 параненымі. У сувязі з гэтым паражэннем Турцыі яе саюзнікі — Вялікабрытанія і Францыя ў снеж. 1853 накіравалі свае эскадры ў Чорнае мора.
Да арт.Сінопская бітва 1853. Сінопская бітва 18 лістапада 1853. Мастак А.Багалюбаў. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НЕ,
ільменскія славяне, паўночныя ўсх.-слав. плямёны, якія ў 2-й пал. 1-га тыс.н.э. жылі ў басейне воз. Ільмень, у 10—13 ст. рассяляліся на Іжорскім плато, па р. Малога дасягалі Яраслаўскага Паволжа і Волга-Окскага міжрэчча. Займаліся земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам, будавалі наземныя зрубныя дамы з печамі-каменкамі. Асн. тыпам іх пасяленняў былі селішчы. Першыя гарадзішчы ўзніклі ў 8 ст.Найб.стараж. помнікі С. — пахавальныя сопкі з абрадам трупаспалення. У 9—10 ст. побач з сопкамі пашыраны курганы з трупаспаленнем. З пач. 11 ст. пераважаў пахавальны абрад з трупапалажэннем. Наяўнасць у сопках фінскіх элементаў пахавальнага абраду адлюстроўвае працэс славянізацыі мясц. фіна-угорскіх плямён. Лічаць, што продкі С. рухаліся ў Прыільменне праз землі балтаў, у якіх запазычылі іх звычай рабіць курганныя насыпы над нябожчыкамі. Этнавызначальныя рысы С. — ромба- і авальнашчытковыя скроневыя кольцы 11—14 ст. (на Беларусі падобныя рэчы знойдзены каляРадашковіч і ў Чапліне). У 9 ст. С. і крывічы разам з фінскім племем весь утварылі паліт. саюз. Цэнтр С. — г. Ноўгарад. Землі С. сталі ядром уладанняў Наўгародскай феад. рэспублікі.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНЕ́ЧНІК (Helianthus),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 70 (паводле інш. звестак да 110) відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Паўн. Амерыцы. Культывуюцца С. алейны, або аднагадовы (H. annuus), і тапінамбур. У пач. 16 ст. С. завезены ў Еўропу, дзе яго вырошчвалі як дэкар., а пазней агароднінную (насенне) культуру; у Расіі — з канца 17, як алейная — з сярэдзіны 19 ст. На Беларусі вырошчваюць С. алейны як харч., кармавую, меданосную расліну.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты (выш. ад 20 см да 4—6 м) з простымі ці разгалінаванымі ўверсе сцёбламі.
Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае, апушанае, чаранковае. Суквецці — адзіночныя кошыкі на верхавінках сцябла і яго бакавых галінак, дыяметрам 4—70 см, маюць да J тыс. кветак. Шэрагу відаў С. ўласцівы геліятрапізм (асобны выпадак фотатрапізму). Плод — сямянка. З насення С. алейнага атрымліваюць сланечнікавы алей, макуха і шрот — высокабялковы корм для жывёл, кошыкі суквеццяў перапрацоўваюцца на муку, разам з зялёнай масай ідуць на сілас. Харч., лек., тэхн., дэкар., кармавыя, меданосныя расліны.
А.М.Скуратовіч.
Сланечнік: 1 — агульны выгляд: 2 — спелы кошык; 3 — кошык у разрэзе; 4 — плады сланечніку (а — алейнага; б — прамежкавага; в — грызавога).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГІ,
буйны магнацкі род герба «Ліс» у ВКЛ, прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. Лічыўся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам ВКЛ. Беларусы па паходжанні, напачатку былі праваслаўнымі, у 2-й пал. 16 ст. частка іх далучылася да пратэстанцтва, аднак ужо ў канцы 16 ст. С. прынялі каталіцтва. У 17—18 ст. складаліся радаводы С., дзе сцвярджалася пра іх быццам бы княжацкае паходжанне ад Нарымонта, сына Гедзіміна. У 18—19 ст. некат. даследчыкі выводзілі С. ад трокскага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. А.Банецкі, Ю.Вольф і У.Сямковіч у сваіх даследаваннях даказалі, што С. паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х г. з полацкіх баяр. Першапачаткова вял. маёнткі С. знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакоў. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 С. страцілі Гарадзішча і Апакоў, якія адышлі да Масквы, а ў выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 страцілі і Ельню. У родапачынальніка Сямёна былі 4 сыны, з якіх Багдан і Іван сталі пачынальнікамі 2 гал. ліній роду — чарэйска-ружанскай і коданскай. Багдан (да 1450—пасля 1512) у выніку шлюбу з князёўнай Фядорай Друцкай-Сакалінскай атрымаў Чарэю і інш. маёнткі — ядро ўладанняў С. у Полацкім і Віцебскім ваяв. Іван (каля 1450—1517) атрымаў за службу маёнткі на Браслаўшчыне (Друю, Іказнь, Пагост), Кодань каля Брэста і інш. Старэйшая, чарэйска-ружанская лінія роду займала больш трывалыя пазіцыі ў дзярж. колах, малодшая мела меншае паліт. значэнне. У апошняй чвэрці 17 ст. род яшчэ больш узвысіўся. Кароль Ян III Сабескі, каб супрацьдзейнічаць магутнаму роду Пацаў, даваў вышэйшыя дзярж. пасады С., якія, умацаваўшы сваё становішча, выступілі супраць караля. У гэты час пашырылася незадаволенасць усеўладствам і злоўжываннямі С. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты ВКЛ. На сойме 1696 ёй удалося правесці канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у т. л. ў кантролі над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. І хоць сойм 1697 пацвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж С. і шляхтай працягваўся. У 1700 ён набыў характар грамадзянскай вайны. 18.11.1700 пад Алькенікамі (на Пд ад Вільні, цяпер г. Вільнюс) адбылася рашучая бітва паміж атрадамі С. і шляхты. Войска С. было разбіта, самі яны пазбаўлены пасад, некат. з іх пакінулі краіну. У час Паўночнай вайны 1700—21 С. сталі на бок шведскага караля Карла XII і падтрымлівалі шведскага стаўленіка караля Станіслава Ляшчынскага. Шляхта працягвала ваяваць супраць С. і заключыла з царом Пятром I дагавор аб рас. ваеннай і грашовай дапамозе. Тады С. пайшлі нават на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, якія дзейнічалі супраць шляхты ва ўсх. частцы Беларусі. У 1702 гэтыя атрады былі разбіты. У 1704 рас. армія ачысціла Беларусь ад шведскіх і сапегаўскіх атрадаў. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў С. паменшаў, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі гал. пасады ў цэнтр. і мясц. адміністрацыі ВКЛ. 14.9.1700 германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду С. тытул князёў «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Памылковымі з’яўляюцца звесткі пра наданне Івану Сямёнавічу С. графскага тытула ад германскага імператара Максіміляна II 6.1.1572 і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4.5.1572. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў Метрыку ВКЛ у 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам С. і, такім чынам, сталі дзярж. дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. У 1768 па патрабаванні С. сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх С. князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княжацкі тытул С. быў пацверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822, у Аўстрыі ў 1840, у Расіі ў 1874. С. збіралі б-кі (гл.Сапегаў бібліятэкі), архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некат. прадстаўнікоў роду С. у паўстанні 1830—31 іх маёнткі ў Беларусі былі канфіскаваны царскім урадам. У 1915—18 С. прэтэндавалі на трон ВКЛ, якое меркавалася адрадзіць пасля магчымай перамогі Германіі ў 1-й сусв. вайне; С. мелі кантакты з нац. арг-цыямі на акупіраванай ням. войскамі тэр. Літвы і Беларусі, у т. л. з беларускімі. У 1918—39 у Польшчы С. — землеўладальнікі, дыпламаты, службоўцы. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі.
Найб. вядомыя:
Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасля 1512), старэйшы сын Сямёна, заснавальнік чарэйска-ружанскай галіны роду. У 1471—88 пісар гаспадарскі (велікакняжацкі) Казіміра IV Ягелончыка. У 1494—1500 намеснік і дзяржаўца мцэнскі і любецкі, пасля акольнічы смаленскі, з 1503 намеснік высакадворскі У 1504 і 1507 у складзе пасольстваў у Маскве, дзе ў 1507—08 быў зняволены як заложнік за сям’ю М.Глінскага.
Іван Сямёнавіч (Івашка Сапежыч; каля 1450—1517), 2-і сын Сямёна, пачынальнік коданскай галіны роду С. Пісар гаспадарскі Казіміра IV Ягелончыка з 1488. Пасол у Маскву ў 1497, 1498, 1499, у Рым у 1501, дзе дамогся ад папы зацвярджэння мітрапаліта Іосіфа I Балгарыновіча, там далучыўся да Фларэнційскай царк. уніі. з 1501 канцлер вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1502 пасол да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 — у Маскву, заключыў 6-гадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03. Маршалак гаспадарскі з 1504. Пасля абрання на трон Жыгімонта I Старога (1506) тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. У 1505 зноў пасол у Маскву, аднак прадоўжыць тэрмін перамір’я не ўдалося. Намеснік віцебскі ў 1508—14 (з 1511 ваявода). Пасол у Маскву ў 1508, заключыў мір, якім скончана вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08. У 1512 вёў перагаворы ў Польшчы з кароннаю радаю аб дапамозе ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад кіраўніцтвам гетмана К.Астрожскага. Ваявода падляшскі з 1514. Заклаў асновы латыфундыі коданскай лініі роду. У 1504 заснаваў мяст. Іказнь і Іказненскі замак, збудаваў мяст. Кодань з замкам (на левым беразе Буга каля Брэста).
Іван Багданавіч (каля 1480—1546), сын Багдана Сямёнавіча. Пісар гаспадарскі ў 1507—16, маршалак гаспадарскі ў 1515—41, ваявода віцебскі ў 1520—41 і падляшскі з 1529; староста драгічынскі ў 1529—41 і з 1545. Пасол у Маскву ў 1508, 1531—32, 1536, у Турцыю ў 1534.
Павел Іванавіч (каля 1490—1579), сын Івана Сямёнавіча. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Дзяржаўца браслаўскі ў 1517—47, маршалак гаспадарскі ў 1519—57, ваявода падляшскі ў 1556—58 і навагрудскі з 1558. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37, Лівонскай вайне 1558—83 у 1561. Быў праціўнікам Люблінскай уніі 1569, але акт уніі падпісаў.
Мікалай Паўлавіч (каля 1525—1.11.1599), сын Паўла Іванавіча. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Кёнігсбергскім ун-тах. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, у пераможнай Ульскай бітве 1564. Маршалак гаспадарскі ў 1566—76, ваявода мінскі ў 1578—88, брэсцкі ў 1588 і віцебскі з 1588. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569.
Багдан Паўлавіч (каля 1530—1-я пал. 1593), сын Паўла Іванавіча. Падкаморы бельскі ў 1566—69, староста гомельскі ў 1572—82, кашталян брэсцкі ў 1579—85 і смаленскі ў 1585—88, ваявода мінскі з 1588.
Леў Іванавіч (4.4.1557—7.7.1633), канцлер ВКЛ, гл.Сапега Л.І.
Андрэй Іванавіч (каля 1565—1611), малодшы брат канцлера Л.І.Сапегі. Староста аршанскі з 1588, кашталян віцебскі ў 1600—05, ваявода мсціслаўскі з 1605. У 1596 удзельнічаў у задушэнні паўстання С.Налівайкі, у вайне з Расіяй 1609—18.
Андрэй Паўлавіч (каля 1560 — да 11.10.1621), сын Паўла Іванавіча. У 1590-я г. вучыўся ў Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Падчашы ВКЛ у 1588—92, кашталян мінскі ў 1592—97, ваявода полацкі ў 1597—1613 і смаленскі з 1621.
Павел Стафан (1565—19.7.1635), сын Багдана Паўлавіча. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Выбіраўся паслом на соймы. Канюшы ВКЛ у 1593—1623, падканцлер ВКЛ з 1623.
Ян Пётр (1569—15.10.1611), сын Паўла. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі, у вайне са Швецыяй 1600—29. У жн. 1607 са згоды канцлера Л.А.Сапегі прапанаваў Ілжэдзмітрыю II сваю дапамогу ў авалоданні маскоўскім тронам. У ліп. 1608 з войскам перайшоў маскоўскую мяжу. 25.8.1608 заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак з яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. 2.10.1608 разбіў войска І.Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лют. 1610 заняў Дзмітраў. 1.3.1610 пацярпеў паражэнне ад М.В.Скопіна-Шуйскага, у чэрв. 1610 далучыўся да Лжэдзмітрыя II у Калузе. У ліп. 1610 рушыў на Маскву. 27.7.1610, калі быў скінуты з трона цар Васіль Шуйскі і ўстанавілася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перагаворы пра перадачу ўлады Лжэдзмітрыю II. У ліп. 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаўль-Залескі, 15.8.1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве.
Мікалай (каля 1581—14.3.1644), сын Мікалая Паўлавіча. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Бранева), ун-тах Вены, Трыра, Майнца, Парыжа. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар, харунжы ВКЛ у 1627—38, ваявода мінскі ў 1638 і брэсцкі ў 1638—42, кашталян віленскі з 1642.
Аляксандр Дажбог (Багдан, Тэадат; 1585 — студз. 1635), сын Рыгора. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу. Падкаморы віцебскі з 1606, староста аршанскі з 1610, кашталян віцебскі ў 1613—15, староста прапойскі і чачэрскі з 1622, крычаўскі (да 1631), чашнік ВКЛ у 1631—32. Удзельнічаў у баях за Смаленск у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, у вайне з туркамі ў 1621, са шведамі ў 1627.
Ян Станіслаў (25.10.1589, г. Маладзечна — 10.4.1635), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, Вюрцбургскім, Падуанскім, Балонскім ун-тах. Пасол на соймы. Староста слонімскі з 1605, падстолі ВКЛ у 1611—17, маршалак дворны ў 1617—21, маршалак вялікі з 1621.
Андрэй Станіслаў (1592—25.3.1646), сын Яна Пятра. Староста ўсвяцкі ў 1612—23 і ваўкавыскі з 1645, кашталян трокскі ў 1641—44 і віленскі з 1644. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Удзельнічаў у войнах з туркамі (1621), шведамі (1622—28).
Казімір Леў (15.7.1609, Вільня — 19.1.1656), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Мюнхене, Інгальштацкім, Лёвенскім, Балонскім ун-тах. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар і вял. пісар ВКЛ у 1631—37, маршалак дворны ў 1637—45, падканцлер з 1645. Адміністратар Брэсцкай эканоміі, староста рагачоўскі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Павел Ян (1609—30.12.1665), сын Яна Пятра. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Абозны вялікі ВКЛ у 1638—45, падстолі ВКЛ у 1645—46, ваявода віцебскі ў 1646—56, ваявода віленскі і гетман вялікі з 1656. Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1649. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Казімір Ян Павел (1642—13.3.1720), сын Паўла Яна. Вучыўся ва ун-тах Граца і Лёвена. З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1659—61, падстолі ў 1661—63, падскарбі дворны ў 1663—70, ваявода полацкі у 1670—81, гетман польны ў 1681—83, гетман вялікі ў 1683—1703 і 1705—08, ваявода віленскі ў 1682—1703 і з 1705, староста брэсцкі. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага, стаў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-х г. Пацаў. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў. Устанавіў рэжым улады С. ў ВКЛ. У паўн. вайне 1700—21 стаў на бок шведаў.
Бенядзікт Павел (каля 1643—12.8.1707), сын Паўла Яна. З 1657 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Грацы (Аўстрыя), з 1664 — у Лёвенскім ун-це (Іспанскія Нідэрланды). З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1663—65, стольнік у 1665—70, крайчы ў 1670, падскарбі дворны ў 1670—76, падскарбі вялікі з 1676, староста слонімскі. На элекцыйным сойме 1674 быў маршалкам і садзейнічаў абранню на трон Яна III Сабескага, што спрыяла ўстанаўленню гегемоніі С. у ВКЛ. У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 яго армія разбіта. У сак. 1702 перайшоў на бок шведаў.
Казімір Уладзіслаў (1650—29.4.1703), сын Яна Фрыдэрыка. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах у Львове і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на соймы. Падстолі ВКЛ у 1685—86, стольнік у 1686, падскарбі надворны ў 1686—89, трокскі кашталян у 1689—97 і ваявода з 1697.
Уладзіслаў Юзафат (5.11.1652, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13.3.1733), сын Крыштофа Францішка. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Любліне і Брунсбергу, ун-тах Прагі і Вены. Удзельнічаў у вайне 1673—74 супраць туркаў. Чашнік ВКЛ у 1681—84, крайчы ў 1684—99, ваявода мінскі ў 1699—1709 і брэсцкі з 1709. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.
Ежы Станіслаў (1668—12.10.1732), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў Вільні і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах супраць туркаў. Выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1686, стольнік ВКЛ у 1686—1703 і з 1709, ваявода мсціслаўскі ў 1732.
Міхал Францішак (1670—19.11.1700), сын Казіміра Яна. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве і Брунсбергу. У 1689 паступіў на службу ў аўстрыйскае войска, ўдзельнічаў у войнах супраць туркаў, ген.-маёр (1692). У 1696 вярнуўся ў ВКЛ. Канюшы ВКЛ з 1690, адначасова ген. артылерыі з 1698, староста ашмянскі з 1699. У 1700 атрымаў ад аўстр. імператара чын ген.-фельдмаршала-лейтэнанта і тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Камандаваў сапегаўскімі войскамі ў вайне супраць шляхты — «рэспубліканцаў». У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 капітуляваў і быў засечаны шляхтай.
Міхал Юзаф (1670—6.3.1738), сын Бенядзікта Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Варшаве. Выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1687—92, стражнік у 1692—98, пісар польны ў 1698—1730, ваявода падляшскі з 1728, ген.-маёр войска ВКЛ (1710), ген.-лейт. кавалерыі (1714), ген.-лейт. саксонскага войска (1733).
Аляксандр Павел (8.9.1672—4.1.1734), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, у 1685—89 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—98, маршалак вялікі ў 1698—1703, 1705—08 і з 1713.
Ежы Феліцыян (лют. 1680—3.9.1750), сын Францішка Стафана. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу і за мяжой. Ген.-маёр (1708). Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1717, ваявода мсціслаўскі з 1742.
Ян Фрыдэрык (18.10.1680, в. Дабратычы, Брэсцкі пав. — 6.7.1751), сын Казіміра Уладзіслава. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Брэсце, Любліне і Варшаве. Кашталян мінскі ў 1711—12, трокскі ў 1716—35, канцлер ВКЛ з 1735. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодані (Торунь, 1720), гіст.-генеалагічны нарыс роду С. (Варшава, 1730) і інш. У Кодані сабраў вял. б-ку, у Коданскім касцёле стварыў партрэтную галерэю С.
Ян Казімір (?—22.2.1730), дзярж. і ваенны дзеяч; гл.Сапега Я.К.
Антоні Казімір (1689—16.5.1739), сын Ежы Станіслава. Вучыўся ў Парыжы. Стольнік ВКЛ у 1706—09, кашталян трокскі з 1737. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Аўтар дыярыуша (не надрукаваны).
Ігнацы (?—15.4.1758), сын Уладзіслава Юзафата. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Чашнік ВКЛ у 1740—44, падскарбі надворны ў 1744—50, ваявода мсціслаўскі з 1750.
Кароль Юзаф (?—20.3.1768), сын Уладзіслава Юзафата. Выбіраўся паслом на соймы. Пісар польны ВКЛ у 1730—48, ваявода брэсцкі з 1748.
Пётр Павел (28.1.1701, г. Дрэздэн, Германія — 23.1.1771), сын Яна Казіміра. У 1726 з дапамогай імператрыцы Кацярыны I быў заручаны з дачкой А.Д.Меншыкава Марыяй, стаў царскім камергерам. У 1728 выехаў у Рэч Паспалітую, стольнік ВКЛ у 1732—44, ваявода смаленскі з 1744. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 выехаў у Славакію.
Міхал Антоні [10 або 12.3.1711, г. Кралявец (Калінінград, Расія) — 11.10.1760], сын Аляксандра Паўла. З 1732 выбіраўся паслом на соймы. Лоўчы ВКЛ у 1739—46, ваявода падляшскі ў 1746—52, падканцлер ВКЛ з 1752. Староста мсціслаўскі з 1757.
Аляксандр Міхал (12.9.1730—28.5.1793), сын Казіміра Лявона. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любартаве. З 1746 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Абозны ВКЛ у 1748—50, ген.-маёр (1750), падскарбі дворны ў 1750—54, ваявода полацкі ў 1754—75, гетман польны ВКЛ у 1762—75, канцлер з 1775. У 1792 па прапанове караля далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і быў абраны яе маршалкам у ВКЛ.
Казімір Нестар (14.2.1757, г. Брэст — 25.5.1798), сын Яна. У 1767—72 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве, пазней у ваеннай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, у Страсбургу. З 1772 палкоўнік артылерыі войска ВКЛ, у 1773—93 ген. артылерыі. З 1778 выбіраўся паслом на соймы. З 1778 чл. Пастаяннай Рады. Староста брэсцкі з 1783. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 абраны маршалкам канфедэрацыі ВКЛ, прыхільнік рэформ. Удзельнічаў у паўстанні 1794.
Францішак (28.8.1772, Варшава — 30.5.1829), сын Аляксандра Міхала. Вучыўся ў Віленскай гал. школе (ун-це). Ген. артылерыі ВКЛ у 1793—95, шэф карпусоў артылерыі і інжынераў. Удзельнік паўстання 1794. Атрымаў чын ген.-лейтэнанта, камандаваў дывізіяй. Пасля задушэння паўстання прысягнуў Кацярыне II.
Аляксандр Антоні (3.9.1773, г. Страсбург, Францыя — 8.91812), сын Юзафа. Атрымаў хатнюю адукацыю. Ажыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінералогія» (1800—01), падручніка па неарган. хіміі, нарыса па крышталяграфіі. Вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, баснійцаў, герцагавінцаў. Вынікі даследаванняў апублікаваў у працы «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг.» (1811) у форме лістоў да Ж.Э.Жылібера. У 1807 арганізаваў знаходжанне Напалеона ў Варшаве, стаў афіцэрам яго гвардыі, камергерам. 1.7.1812 увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага.
Яўстафій Каэтан (7.8.1797, Вільня — 16.11.1860), сын Францішка. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, паручнік у штабе галоўнакамандуючага ген. Я.Скшынецкага, адзначаны залатым крыжам «Віртуці Мілітары». Пасля паражэння паўстання ў эміграцыі ў Францыі. Адхіліў прапанову Мікалая I прыняць канфіскаваныя маёнткі ўзамен за вернападданую прысягу, у выніку чаго музейныя зборы, б-кі і архівы С. вывезены ў С.-Пецярбург.
Адам Стафан (14.5.1867, г. Красічын, Польшча — 23.7.1951), сын Адама. Вучыўся ў Вене, Інсбруку. З 1911 біскуп кракаўскі. З 1925 мітрапаліт кракаўскі, з 1926 архібіскуп мітрапаліт. Утварыў арг-цыю католікаў «Акцыя каталіцка» і касцельную дабрачынную арг-цыю «Карытас». У час 2-й сусв. вайны звязаны з падп. рухам. З 1946 кардынал.
Літ.:
Sapiehowie: Materiały historycznogenealogiczne i majątkowe. T. 1—3. Pb., 1890—94;Labarre de Raillicourt D. Histoire des Sapieha, 1440—1970. Paryż, 1970; Polski słownik biograficzny. T. 34—35. Wrocław etc., 1993—94; Dom Sapieżyński. Warszawa, 1995; Dzieje rodu Sapiehów. Warszawa, 1999.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Сапегі. Багдан Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Іван Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Ян Пётр Сапега. Гравюра В.Гондзіуса. 17 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Леў Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Павел Ян Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Ян Фрыдэрык Сапега. Партрэт невядомага мастака. Каля 1720.Да арт.Сапегі. Міхал Антоні Сапега. Партрэт сярэдзіны 18 ст.Да арт.Сапегі. Аляксандр Міхал Сапега. Партрэт 2-й пал. 18 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Нестар Сапега. Партрэт Ю.Пічмана.Да арт.Сапегі. Францішак Сапега. Партрэт 19 ст.Да арт.Сапегі. Яўстафій Каэтан Сапега. Партрэт 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВАЎНЯ́НАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вядучая падгаліна тэкстыльнай прамысловасці, якая вырабляе з бавоўны тканіны, ніткі, корд, нятканыя матэрыялы і інш. Уключае прадзільную, ткацкую, фарбавальна-аддзелачную (на прадпрыемствах закончанага цыкла) і круцільна-нітачную вытворчасці. Прадукцыя ідзе на выраб адзення, абутку, мэблі, тары, тэхн. дэталяў.
Ручны выраб баваўняных нітак і тканін вядомы з глыбокай старажытнасці ў Індыі, Егіпце і Кітаі. Баваўняная прамысловасць у Еўропе ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. і адна з першых перайшла на машынную вытв-сць. У Расіі значныя прадпрыемствы ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. У дарэвалюцыйны час 50% бавоўны-сырцу завозілася з ЗША і Егіпта. У 1920-я г. пачалося буд-ва новых прадпрыемстваў, да 1940 пабудавана 13, у т. л. «Чырвоная Талка» ў Іванаве, першыя чэргі Ташкенцкага і Барнаульскага баваўняных камбінатаў. Баваўняная прамысловасць была створана ў асн. раёнах баваўнаводства (Узбекістан, Таджыкістан, Кыргызстан, Казахстан, Азербайджан). Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены разбураныя прадпрыемствы, у т. л. на Беларусі і Украіне; пабудаваны новыя ў Чымкенце, Чэбаксарах, Бішкеку, Барнауле, Душанбе і інш. Былы СССР займаў 2-е месца ў свеце па выпуску баваўняных тканін.
Першае прадпрыемства на Беларусі працавала з пач. 19 ст. ў мяст. Зялёны Прудок Магілёўскай губ. (выпускала хусткі і папяровую тканіну). У 1900 створана бавоўнапрадзільная ф-ка «Дняпроўская мануфактура» паблізу Дуброўна (Дубровенская тэкстыльная фабрыка). Усяго да 1-й сусв. вайны на прадпрыемствах баваўнянай прамысловасці было 327 ткацкіх станкоў, з іх 198 механічных. Сучасная баваўняная прамысловасць Беларусі фарміравалася з 1960-х г. У 1960—69 створаны Баранавіцкі баваўняны камбінат, у 1963—67 — Гродзенскае вытв. прадзільна-нітачнае аб’яднанне, у Ветцы на базе арцелі «Чырвоны тэкстыльшчык» (засн. ў 1949) — Веткаўская баваўняная ф-ка, у 1976 — Віцебскае тэкстыльнае вытв. аб’яднанне (з 1991 «Віцтэкс»), Баваўняную прадукцыю выпускалі (1992) каля 20 прадпрыемстваў Беларусі, сярод іх, акрамя названых, Дзяржынская, Слуцкая і Талачынская тэкст. ф-кі, Рэчыцкае ткацкае вытв. аб’яднанне, Бабруйскі камбінат нятканых матэрыялаў і інш.Асн. прадукцыя баваўнянай прамысловасці Беларусі: паркаль, бязь, сацін, тканіны на бялізну і плацце, мэблева-дэкар., хустачныя, ручніковыя, махровыя, тэхн., тарныя, паковачныя, з устойлівым аздабленнем, з водаўстойлівым і супраць гніення насычэннем, баваўняныя мяшаныя тканіны, марля, вата, ніткі, нятканыя матэрыялы. У 1993 выраблена 35,2 тыс.т баваўнянай пражы (найб. у 1990—91 — 50,5 тыс.т); 102 млн.м² тканіны (найб. у 1991 — 142 млн.м²).
У свеце выпускаецца каля 46 млрд.м² баваўняных тканін (1985). Прадукцыя баваўнянай прамысловасці ў розных краінах складае 66—95% ад прадукцыі тэкст. прам-сці. Найб. вытворцы бавоўны-сырцу (1994) — Кітай, ЗША, Індыя і Пакістан, баваўняных тканін (у пач. 1990-х г.) — Кітай, краіны СНД (найб. у Расіі), Індыя, ЗША, Японія, Тайвань, Італія, Егіпет і інш.