горад, сталіца Гватэмалы. 1150,5 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж. (1994). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Ла-Аўрора. Прам-сць: харч., тэкст., гумавая, мэблевая, гарбарна-абутковая, цэм., 5 ун-таў, у т. л. Сан-Карлас (1680). Нац. кансерваторыя. Акадэмія мовы. Акадэмія мед., фіз. і прыродазнаўчых навук. Музеі. Кафедральны сабор (1782—1815); цэрквы Санта-Дамінга і Сан-Францыска. На З рэшткі горада індзейцаў майя. Частыя землетрасенні (найб. разбуральныя ў 1917—18 і 1976).
Горац засн. іспанцамі ў 1524 пад назвай Сант’яга, пазней перайменаваны ў Гватэмалу. З 1776 адм. цэнтр ісп. генерал-капітанства Гватэмала, у 1823—39 сталіца федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1839 сталіца Гватэмалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЕ́НІУМ (Helenium),
род кветкавых раслін сям. Астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, пераважна на захадзе ЗША. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 2 віды: геленіум асенні (H. autumnale) і Хупа (H. hoopsii); маюць садовыя формы і сарты гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюць для пасадак групамі на газонах, бардзюрах, у міксбордэрах і на зразанне.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамымі, уверсе разгалінаванымі сцёбламі выш. да 150 см. Лісце ланцэтнае, супраціўнае, з кропкавымі залозкамі. Кветкі пераважна жоўтыя, чырванаватыя, карычневыя або стракатыя, у кошыках (адзіночных ці сабраных у шчыткападобныя суквецці). Плады — сямянкі з крылаткамі. Зімаўстойлівыя, святлалюбныя дэкар. расліны. Размнажаюць насеннем і дзяленнем кустоў. Некат. віды цвітуць зчэрв. да замаразкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАТАЛО́ГІІ І ПЕРАЛІВА́ННЯ КРЫВІ́ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1932 у Мінску як філіял Цэнтр. ін-та пералівання крыві на базе хірург. аддзялення 1-й клінічнай бальніцы, зліст. 1932 Бел.НДІ пералівання крыві, з 1988 сучасная назва. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка метадаў прафілактыкі і лячэння захворванняў у дзяцей і дарослых з выкарыстаннем медулатрансфузіі (перасадка касцявога мозга), прагназаванне і карэкцыя гематалагічнага стану чалавека ў сувязі з праблемамі ліквідацыі мед. вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; даследаванне рэгулятарных механізмаў кроваўтварэння і імунітэту; стварэнне біятэхнал. схем вытв-сці гібрыдомных монакланальных дыягностыкумаў біяспецыфічных прэпаратаў крыві, кровазаменнікаў і гемасарбентаў, стварэнне аптымальнай структуры службы крыві і гематалагічнай службы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНАНДРАМАРФІ́ЗМ [ад гін... + грэч. anēr
(andros) мужчына + morphē форма, від),
наяўнасць у аднаго арганізма груп клетак, тканак або органаў з наборам храмасом, характэрным для розных палоў; прыватны выпадак мазаіцызму. Прычынамі гінандрамарфізму могуць быць страта адной зпалавых храмасом у асобін гомагаметнага полу на розных стадыях антагенезу, утварэнне ў яйцаклетцы двух жаночых прануклеусаў, апладненне іх рознымі сперміямі і далейшае развіццё аднаго арганізма з двух’ядзернай зіготы. Назіраецца ў некат. ракападобных, насякомых, рыб, земнаводных, птушак. У пазваночных часцей наз. латэральным (аднабаковым) гінандрамарфізмам і праяўляецца толькі будовай палавога апарата, радзей пашыраецца на вонкавыя прыкметы адной палавіны цела. Гінандрамарфізм адрозніваюць ад гермафрадытызму, калі адбываецца сумяшчэнне прыкмет аднаго полу ў адным арганізме, які мае клеткі з аднолькавым наборам храмасом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРКА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
на Пд Азербайджана, у Ленкаранскім р-не. Складаецца з 2 участкаў — асноўнага ў горна-лясным поясе Талыша на хрыбце Улясы (выш. да 1000 м) і раўніннага на Ленкаранскай нізіне. Засн. ў 1936. Агульная пл. Каля 3 тыс.га. Ахоўваецца рэліктавы лес трацічнага перыяду, да 30% відаў раслін у запаведных гаях эндэмікі і рэлікты, генетычна звязаныя з расліннасцю Гімалаяў: жалезнае дрэва, дуб каштаналісты, граб, бук і інш. У фауне каля 50 наземных відаў малюскаў, буйны рэліктавы матыль брамея; шматлікія рэптыліі і амфібіі; з птушак — падвіды, спецыфічныя для Талыша: стракаты дзяцел, сойка, попаўзень, малінаўка і інш., з млекакормячых — каўказская рысь, дзікабраз, дзік, казуля, каменная куніца, буры мядзведзь, вельмі рэдка леапард.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДКО́Ў Яўген Пятровіч (н. 10.10.1941, в. Іванькава Пермскай вобл., Расія),
бел. цымбаліст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас І.Жыновіча), з 1966 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 заг. кафедры, праф.з 1987). Выступае з сольнымі канцэртамі. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай айч. і зарубежнай музыкі (яму належаць многія пералажэнні і выканальніцкія рэдакцыі). Першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў (Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дарохіна, С.Картэса, Э.Тырманд, К.Цесакова і інш.). Манера ігры адметная тэхн. свабодай, тэмпераментам, выяўляе тонкае адчуванне бел.нар. меласу. Аўтар «Школы ігры на цымбалах» (1983), метадычных дапаможнікаў, складальнік і рэдактар зборнікаў цымбальных твораў бел. кампазітараў. Чл. прэзідыума Сусв. асацыяцыі цымбалістаў (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ДАРД (Goddard) Роберт (5.10.1882, г. Вустэр, штат Масачусетс, ЗША — 10.8.1945),
амерыканскі вучоны, адзін з заснавальнікаў ракетнай тэхнікі. Скончыў Вустэрскі політэхн.ін-т (1908). З 1914 ва ун-це Кларка (г. Вустэр; з 1919 праф.). У 1942—45 дырэктар Даследчага авіяц. бюро пры мін-ве ВМФ ЗША. Навук. працы па тэорыі касманаўтыкі, стварэнні і выкарыстанні вадкасных ракет. Аўтар 214 патэнтаў на вынаходствы ў галіне ракетнай тэхнікі. Правёў першы ў свеце запуск ракеты з вадкасным ракетным рухавіком (1926). Імя Годарда прысвоена амер. Цэнтру касм. палётаў НАСА і кратэру на Месяцы. Кангрэс ЗША заснаваў медаль Годарда за дасягненні ў галіне ракетабудавання (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ РУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР, Другі дзяржаўны рускі тэатр БССР. Існаваў у Гомелі з 1939 да чэрв. 1941 і ў 1945—46. Створаны з выпускнікоў студыі курса Л.Леанідава Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва ў Маскве. Маст. кіраўнік Я.Сакалоў. У рэпертуары т-ра «Рэвізор» М.Гогаля, «Васа Жалязнова» М.Горкага, «Чайка» А.Чэхава, «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, п’есы К.Гальдоні, А.Астроўскага, М.Пагодзіна, А.Афінагенава. У 1941 з акцёраў т-ра сфарміравана франтавая брыгада, якая з 1942 існавала як франтавы т-р. У чэрв. 1945 т-р аднавіў работу ў Гомелі, кіраўнік М.Нікіцін. У 1946 пераведзены ў Магілёў (гл.Магілёўскі драматычны тэатр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала звер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп (78 чал.): гарадская (кіраўнік П.Х.Кажура), на льнозаводзе (П.Н.Савінаў), цагельным з-дзе (А.І.Трэмба), у Горацкай МТС (С.І.Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.В.Быкаў), Добрая (Д.Ф.Вайстрова), Палёнка (Ф.М.Дзям’янаў), Тудараўка (Б.А.Шыманоўскі, зсак. 1942 В.В.Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМАДЗЯ́НІН»,
газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.Грыба) у Гродна.