агульная назва 3 родаў кракадзілаў сям.алігатараў. 5 відаў Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Жывуць пераважна ў ціхай вадзе, невял. рэчках і балотах.
Адкладваюць да 10 яец. Ад уласна алігатараў адрозніваюцца наяўнасцю касцявога брушнога панцыра і адсутнасцю касцявой перагародкі ў нюхальнай поласці. Самы вял. К. чорны (Melanosuchus niger), даўж. да 5 м, жыве ў бас.р. Амазонка. Адкладвае да 50 яец. Гладкалобыя К. (Paleosuchus) дробныя, даўж да 1,5 м. Жывуць у вадаёмах з быстрай плынню. 3 віды і ўсе падвіды акулярных К. (Caiman) і К. чорны занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́ВА, шакаладнае дрэва (Theobroma cacao),
кветкавая расліна сям. стэркуліевых. Пашырана ў трапічных лясах Амерыкі. Насенне какавы завезена ў Еўропу ў 1520. Культывуецца ў вільготных тропіках як харч. расліна, ва ўмераным клімаце расце ў аранжарэях.
Вечназялёнае дрэва выш. 5—8 м. Лісце вял., бліскучае. Кветкі дробныя, жоўтыя або чырв. ў пучках. Плод — ягада чырв., жоўтага або аранжавага колеру, мае 25—60 міндалепадобных зярнят. Цвіце і пладаносіць увесь год. У зярнятах ёсць алкалоід тэабрамін (здымае спазмы сасудаў, паніжае крывяны ціск); тлушч (да 50%) ідзе на выраб какавы-алею. З зерня гатуюць шакалад і танізуючы напітак какаву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́САВАЯ ПА́ЛЬМА (Cocos nucifera),
кветкавая расліна сям. пальмаў. Адзіны від роду. Пашырана на акіянічных узбярэжжах трапічных абласцей, дзе шырока культывуецца.
Вечназялёнае дрэва выш. да 30 м, крона з вял. перыстага лісця даўж. 3—6,5 м, шыр. 1—1,5 м. Кветкі аднаполыя, сабраныя ў пазушныя суквецці. Плод (какосавы арэх) — касцянка 1,5—2,5 кг. Драўніну выкарыстоўваюць у буд-ве, валакністую абалонку плода (койр) — на пляценне канатаў, цыновак і інш.; з мякаці пладоў (копры) атрымліваюць какосавы алей, макуху (корм для жывёлы); насенне і яго вадкасць (какосавае малако) ядомыя. З соку суквеццяў робяць цукар, сіроп, віно. Дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМІ́ТАВЫЯ (Calamitales),
парадак выкапнёвых раслін кл. хвашчоў. 2 сям. Вядомыя з ранняга карбону, росквіт у сярэднім карбоне, вымерлі ў пермі ці пач. трыясу. Засялялі нізінныя, часта забалочаныя прасторы.
Расліны ад дробных травяністых да буйных дрэвападобных выш. да 20 м, дыям. сцябла да 1 м, з інтэнсіўным галінаваннем. Сцябло падзялялася вузламі на міжвузеллі. На вузлах парасткаў месціліся кальчакі галін ці лінейнага лісця з адной жылкай. Спараносныя шышкі складаліся з пладушчага і стэрыльнага лісця (спарангіяфораў), якія чаргаваліся. Як і хвашчы, мелі вял. поласць на месцы стрыжня, але адрозніваліся ад іх моцным развіццём другаснай драўніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́Н, камчацкі бабёр,
марская выдра (Enhydra lutris),
млекакормячае сям. куніцавых. Адзін від роду, 2 падвіды. Пашыраны ў паўн.ч. Ціхага ак. (узбярэжжы Паўн. Амерыкі і Азіі). Жыве ў прыбярэжнай зоне, каля скал.
Даўж. да 1,5 м, маса да 40 кг. Футра густое, шаўкавістае, цёмна-бурае ці амаль чорнае. Ногі кароткія, заднія накшталт ластаў. Самка раз у 2 гады нараджае 1—2 дзіцяняці Па сушы перамяшчаецца з цяжкасцю, выдатна плавае і нырае, пад вадой можа быць да 45 мін. Корміцца марскімі вожыкамі, малюскамі, крабамі, рыбай. У Расіі промысел забаронены, ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАСНЯ́К (Leymus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́НДРА (Coriandrum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 2 віды. Пашыраны ў Міжземнамор’і. На Беларусі вырошчваецца К. пасяўная (C. sativum), зрэдку трапляецца як пустазелле.
К. пасяўная — аднагадовая травяністая расліна выш. да 80 см з тонкім верацёнападобным коранем. Сцябло рабрыстае, прамастойнае. Прыкаранёвае лісце трохраздзельнае, сцябловае — перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя ці ружовыя, у складаных парасоніках. Плады — шарападобныя 2-сямянкі з моцным пахам, змяшчаюць 0,7—1,5% эфірнага і 17—24% тлустага алею. Выкарыстоўваецца ў парфумерна-касметычнай прам-сці (эфірны алей), тэхніцы (тлусты алей), хлебна-кандытарскай і лікёра-гарэлачнай вытв-сці (зялёная расліна і плады), медыцыне (плады). Меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ЛІЯ (Camellia),
род кветкавых раслін сям. чайных. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Кітаі, Японіі. Культывуецца ў адкрытым грунце (Крым, Каўказ), аранжарэях, пакоях. Найб. пашырана К. японская (C. japonica), якая мае шмат гібрыдных форм.
Вечназялёныя дрэвы і кусты выш. 8—15 м. Лісце чаргаванае, простае, на кароткіх чаранках. Кветкі адзіночныя, пазушныя, чырвоныя, ружовыя, белыя, стракатыя, простыя ці махрыстыя. Плод — касцянка, каробачка або ягада. З лісця К. сасанква (C. sasanqua) атрымліваюць алей, які выкарыстоўваецца ў зубалячэбнай практыцы, касметыцы, харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАРЭ́ЕЧНІК (Phalaris),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (акрамя Аляскі і Канады). На Беларусі як заносныя, інтрадукаваныя і здзічэлыя трапляюцца К. канарскі (Ph. canariensis) і малы (Ph. minor) каля дарог, жылля і інш.
Адна-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі прамастойнымі ці каленчата-ўзыходнымі сцёбламі (саломінамі) выш. да 120 см. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае з гладкімі ці шурпатымі пазухамі. Кветкі (па 3) у яйцападобных каласках, сабраных у густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавая (канарэечнае семя), харч., тэхн., алейная, лек. і дэкар. расліна; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПЕРСЫ, каперцы,
капорцы (Capparis),
род кветкавых раслін сям. каперсавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных краінах абодвух паўшар’яў. Растуць найчасцей у засушлівых месцах. Найб. вядомыя К.: травяністыя (C. herbacea) і калючыя (C. spinosa).
Дрэвы, кусты, паўкусты і шматгадовыя травы. Лісце простае, чаргаванае з прылісткамі ў выглядае калючак. Кветкі (4—8 см у дыяметры), двухполыя, зігаморфныя, белыя, ружовыя, чырв., жоўтыя і інш. колераў, з вял. колькасцю тычынак. Плод — струкападобная сакавітая ягада. Харч. (кветкавыя бутоны, маладыя плады, верхавінкі парасткаў спажываюць у ежу), кармавыя, лек., фарбавальныя, алейныя і меданосныя расліны.