палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел.вызв. руху, у ідэях бел.нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел.нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр.рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.Г.Кнорыным, В.А.Багуцкім, А.М.Асаткіным-Уладзімірскім, А.І.Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэнне бел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.Лёсік). У лют. 1921 ЦВКБССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-тбел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВКСССР і ЦВКБССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’езд КП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБКП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел. народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦККП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВКБССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВКБССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.І.Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г.бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.
Літ.:
Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;
Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛА́ЦТВА,
сялянская буржуазія, якая выкарыстоўвала наёмную працу парабкаў, сельскай беднаты, займалася ліхвярствам, гандлем, адначасова прымала непасрэдны ўдзел у с.-г. і прамысл. вытворчасці. Кулак выступаў і як прадпрымальнік-капіталіст, і як ліхвяр, гандляр. Ён спалучаў таварна-капіталіст. земляробства з аддачай зямлі ў кабальную арэнду, адработкамі, ліхвярствам, скупкай хлеба, лёну, пянькі і інш. Многія кулакі трымалі прамысл.-гандл. прадпрыемствы (млыны, крупадзёркі, алейні, крамы і інш.), дзе таксама шырока выкарыстоўвалі наёмную рабочую сілу. У Рас. імперыі перыяду феадалізму ва ўмовах запрыгоньвання пераважнай часткі сялянства і панавання натуральнай сял. гаспадаркі, нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці таварна-грашовых адносін, К як тып сял. насельніцтва не існавала. Яно пачало складвацца пасля сялянскай рэформы 1861. Да канца 19 ст. на Беларусі налічвалася прыблізна 50 тыс. (каля 8%) кулацкіх гаспадарак. Ва ўмовах капіталіст. развіцця К. паступова сканцэнтроўвала ў сваіх руках усё больш зямлі, рабочай і прадукцыйнай жывёлы, с.-г. машын, палепшаных прылад працы і ў выніку — с.-г. вытворчасці. Яно значна ўмацавалася пасля сталыпінскай аграрнай рэформы. У Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны К. складала каля 11% усіх сял. гаспадарак, валодала амаль 20% сял. надзельнай і больш як 80% купленай зямлі. вял. плошчай арандаваных зямель, 26,7% коней, 36,6% плошчы пасеваў. На яго долю прыпадала 37% сял. вытворчасці збожжа, 38,8% — бульбы. У Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, працэс фарміравання К. ў выніку расслаення сялянства быў далёка не завершаны.
У першыя гады пасля Кастр.рэвалюцыі 1917 шырокія масы былі ўцягнуты ў бескампрамісную барацьбу з К. як «класавым ворагам». Вынікам яе стала аслабленне заможных груп сялянства, яго колькаснае змяншэнне. У 1920 К. складала не больш за 2% аднаасобных гаспадарак Віцебскай і Гомельскай губ. (супраць амаль 10% на Беларусі ў 1917). Кулак як самастойная сіла ці сельскі капіталіст, што жыў за кошт наёмнай працы, па сутнасці перастаў існаваць. Дзейснымі спосабамі барацьбы з ім былі адзяржаўленне сельскай гаспадаркі, раскулачванне, харчразвёрстка, абмежаванні ў правах (забарона арэнды і найму рабочай сілы, паліт. ізаляцыя і інш.). У гады новай эканамічнай палітыкі з правядзеннем курсу на абмежаванне і выцясненне К. рост яго аднавіўся. У 1927 удзельная вага кулацкіх гаспадарак сярод сял. гаспадарак БССР складала 4,1%. У 1928 з пачаткам пераходу да выцяснення К. гал. чынам адм.-паліт. метадамі пачалося яго эканам. аслабленне і адноснае скарачэнне (да 1929 да 2%). Гэтаму садзейнічалі таксама пашырэнне «самараскулачвання», абвастрэнне напружанасці ў вёсцы, акты тэрору. У канцы 1929—30 у сувязі з пераходам да палітыкі ліквідацыі К. як класа на базе суцэльнай калектывізацыіасн. метадам змагання з ім стала экспрапрыяцыя. Барацьба з К., паводле вызначэння некат. даследчыкаў, паставіла вёску на мяжу «сапраўднай (адкрытай) сялянскай вайны», «грамадзянскай вайны» ці «ўсеагульнага сялянскага паўстання».
Да 1933 К. як клас, паводле вызначэння І.В.Сталіна, было разгромлена, але не дабіта. У ходзе барацьбы з рэшткамі К., хутарской сістэмай і іншадумствам адначасова з поўнай ліквідацыяй К. практычна перастала існаваць аднаасобная гаспадарка. Паводле афіц. звестак, да сярэдзіны 1934 у БССР раскулачана 35 тыс. гаспадарак. У перыяд суцэльнай калектывізацыі (1929—32), згодна з ацэнкамі некат даследчыкаў, пад раскулачванне трапіла каля 48—64 тыс. гаспадарак. У Зах. Беларусі ліквідацыя К. пачалася пасля ўз’яднання яе з БССР, завяршылася ў пач. 1950-х г. З канца 1920-х да пач. 1940-х г. і ў пасляваен. гады ў бел. вёсцы пацярпелі як кулацкія каля 8% сял. гаспадарак, а сярод ліквідаваных — пераважная большасць. Барацьба з К. з’явілася эфектыўным спосабам паскарэння калектывізацыі, ліквідацыі традыцыйных форм гаспадарання, падпарадкавання сельскай эканомікі задачам парт.-дзярж. улады.
Літ.:
Ленін У.І. Развіццё капіталізма ў Расіі // Тв.Т. 3. (Полн. собр. соч.Т. 3);
Ковальченко И.Д. Некоторые вопросы генезиса капитализма в крестьянском хозяйстве России // История СССР. 1962. № 2;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг.Мн., 1962;
Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;
Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Сарокін АМ. На крутым павароце рэвалюцыйных і ваенных падзей на Беларусі, 1917—1921 гг. // Человек и экономика. 1997. № 5;
Яго ж. На перавале: (Некаторыя аспекты метадалогіі нэпа і яго супярэчнасцей) // Гуманітарна-экан. весн. 1998. № 2.
В.П.Панюціч (да 1917), А.М.Сарокін (1917—1950-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДРЫ́Д (Madrid),
горад, сталіца Іспаніі. Адм. ц. аўтаномнай вобласці і прав. Мадрыд. Знаходзіцца ў цэнтры Пірэнейскага п-ва, на Новакастыльскім пласкагор’і, на р. Мансанарэс (бас.р. Таха). 4072 тыс.ж., з прыгарадамі ўтварае гар. агламерацыю Вял. Мадрыд з насельніцтвам больш за 5 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Барахас. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. аўтамабіле-, самалёта- і лакаматывабудаванне, вытв-сць электра- і радыёапаратуры, энергасілавога абсталявання, прыладабудаванне, ваеннае), хіміка-фармацэўтычная, вытв-сць пластмас, швейная, тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая, паліграф., фарфора-фаянсавая, парфумерная, цэментная. Саматужныя промыслы (вытв-сць вышывак, карункаў, хустак, габеленаў, веераў, кастаньет, ювелірных вырабаў). Асн.прамысл. прадпрыемствы ў прадмесцях і гарадах-спадарожніках. Метрапалітэн. 6 ун-таў. Буйны цэнтр міжнар. турызму.
Вядомы з 932, склаўся вакол араб. (маўрскай) крэпасці Маджырыт. У 1083 адваяваны ў арабаў каралём Альфонсам VI і далучаны да Кастыліі. У 1118 за актыўны ўдзел у Рэканкісце атрымаў прывілеі горада. У 14—15 ст. рэзідэнцыя кастыльскіх каралёў і месца пасяджэнняў картэсаў (з 1309). У 1520 гараджане ўдзельнічалі ў паўстанні камунерас. З 1561 сталіца Іспаніі. З канца 17 ст. буйны культ. цэнтр, у 1774 засн. Каралеўская акадэмія мастацтваў. У 1808—12 акупіраваны франц. войскамі, тут пачалася нац.-вызв.Ісп. рэвалюцыя 1808—14; адзін з цэнтраў рэвалюцый 1820—23, 1834—43, 1854—56, 1868—74 (гл.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 у М размяшчаўся ўрад рэспубліканцаў, 28.3.1939 заняты франкістамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр выступленняў супраць дыктатуры Ф.Франка. У 1981 кансерватыўныя вайскоўцы намагаліся ажыццявіць у М. дзярж. пераварот.
Цэнтр М. з параднай паркавай магістраллю размешчаны паміж плошчамі Пуэрта дэль Соль, Пласа Маёр і Пласа дэ Эспанья. Значная ч.арх. помнікаў страчана ў час рэканструкцыі горада ў 19—20 ст. Аблічча старога горада з сярэдневяковай нерэгулярнай планіроўкай захавалася толькі на ПдЗ ад пл. Пуэрта дэль Соль, ад якой адыходзяць 10 радыяльных вуліц. Помнікі 14—18 ст.: вежа Торэ дэ Сан-Ніколас (14 ст., стыль мудэхар), біскупская капэла (1520, стыль платэрэска), ансамбль Пласа Маёр (1619, Х. дэ Мора; стыль эрэрэска), касцёлы Сан-Ісідра эль Рэаль (1626—61), Сан-Хінес (1645, у інтэр’еры жывапіс Эль Грэка, А.Кана і інш., барока), Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала (1764—78, Ф.Сабаціні). У стылі класіцызму 18—19 ст. пабудаваны каралеўскі палац (1738—64, італьян.арх. Дж.Б.Сакеці і Сабаціні, арх. В.Радрыгес, паводле праекта Ф.Ювары; у інтэр’еры багаты збор жывапісу, скульптуры, габеленаў, мэблі і інш.), касцёлы Сан-Франсіска эль Грандэ (1776—85), Эрміта дэ Сан-Антоніо дэ ла Фларыда (1792—98, фрэскі Ф.Гоі), будынак музея Прада У М. шмат парадных пабудоў у духу эклектыкі і стылі мадэрн, у т. л. палац ісп. картэсаў (1843—50, арх. Н.Паскуаль). Паводле генплана 1950-х г. (арх. Х.Л.Серт) М. забудоўваўся на Пн, ПдУ, створаны шэраг гарадоў-спадарожнікаў (Эскарыял, Эль-Парда). Новыя раёны рэгулярнай планіроўкі, з вял. паркамі, праспектамі і плошчамі забудоўваюцца добраўпарадкаванымі шматпавярховымі дамамі пераважна з чырв. цэглы. Сярод пабудоў у духу сучаснай архітэктуры: раён Сьюдад Хардзін («горад-сад») з універсітэцкім гарадком (пачаты ў 1931, арх. М.Лопес Атэра, у 1939 зруйнаваны, адноўлены ў 1950-я г., арх. М.Фісак і інш.), іпадром Сарсуэла (1935), вежавыя дамы, т.зв. Белыя вежы (1969, арх. Ф.Х.Саэнс дэ Ойса і інш.), Цэнтр рэстаўрацыйных работ (1960—70-я г., арх. Ф.Ігерас, А.Міра). Паркі: Мадрыдскі (б. Буэн-Рэціра; 1868), Прада, Заходні, Каса дэ Кампа, фантаны 18 ст. Помнікі: М.Сервантэсу (1835, А.Сола, і 1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера), Х.Калумбу (1885, А.Меліда і Х.Суньёль), Д.Веласкесу (1899, А.Марынас), Ф.Гоі (1905), Э.Касталару (1908, абодва арх. М.Бенльюрэ). У М. знаходзяцца Каралеўская ісп. акадэмія (з 1713), 6 ун-таў, у т. л.Мадрыдскі універсітэт, Каталіцкі ун-т (з 1860), каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда, кансерваторыя (з 1830). Т-ры: «Рэаль», «Сарсуэла», «Лара», «Эспаньёль». 32 музеі, у т. л. Прада. Нац.археал., ісп. народа, сучаснага мастацтва і інш.
Літ.:
Чернышев В.П. Город вечерней звезды: (Очерки о Мадриде) М., 1990.
Мадрыд. Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала. 1764—78. Арх. Ф.Сабаціні.Мадрыд. Плошча Кібелы з фантанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКС ((Marx) Карл) (5.5.1818, г. Трыр, Германія — 14.3.1883),
мысліцель, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнік марксізму. Д-р філасофіі (1841). Вучыўся на юрыд. ф-це ун-таў Бона і Берліна (1835—41). Яго філас. погляды фарміраваліся пад уплывам младагегельянцаў. З 1842 супрацоўнік, гал. рэдактар газ. «Rheinische Zeitung» («Рэйнская газета») у Кёльне. У 1843 пераехаў у Парыж (высланы), у 1845 — у Брусель. У 1846 М. і Ф.Энгельс стварылі Брусельскі камуніст. карэспандэнцкі к-т, наладзілі сувязь з Саюзам справядлівых у Лондане, які ў чэрв. 1847 рэарганізавалі ў Саюз камуністаў. Лозунг Саюза справядлівых «Усе людзі браты» замянілі «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У 1848 М. высланы з Бельгіі, пераехаў у Парыж, дзе выбраны старшынёй ЦК Саюза камуністаў, потым — у Кёльн, дзе засн. «Neue Rheinische Zeitung» («Новая Рэйнская газета», чэрв. 1848 — май 1849) і стаў яе гал. рэдактарам. У 1849 М. высланы з Прусіі, паехаў у Парыж, але высланы і адтуль; пасяліўся ў Лондане, дзе і жыў да канца жыцця.
Пераход М. да матэрыялізму і сацыялізму адбыўся ў сярэдзіне 1840-х г. і адлюстраваны ў яго ранніх творах (асабліва «Да крытыкі гегелеўскай філасофіі права. Уводзіны», 1844). У першай сумеснай працы М. і Энгельса «Святая сям’я» (1845) абгрунтаваны погляд на гіст. ролю пралетарыяту ў грамадскім жыцці. распрацаваны асн. палажэнні тэорыі і практыкі рэв. барацьбы. У іх працы «Нямецкая ідэалогія» (1846) распрацавана канцэпцыя матэрыяліст. разумення гісторыі, абгрунтавана ідэя змены грамадска-эканам. фармацый і замены капіталізму сацыяліст. ладам. У працах «Класавая барацьба ў Францыі з 1848 па 1850 г.» (1850) і «Васемнаццатага брумера Луі Банапарта» (1852) М. развіў тэорыю класавай барацьбы, выказаў думку пра неабходнасць саюза з сялянствам пры заваяванні пралетарыятам паліт. улады. М. — заснавальнік Інтэрнацыянала 1-га і кіраўнік яго Ген. савета. Парыжскую камуну 1871 ён разглядаў як першую спробу стварэння дыктатуры пралетарыяту. У працы «Да крытыкі палітычнай эканоміі» (1859) і ў гал. сваёй працы «Капітал» (т. 1, 1867; т. 2 і 3 падрыхтаваў да друку і выдаў Энгельс у 1885 і 1894) М. сфармуляваў асн. палажэнні гіст. матэрыялізму, дыялектыкі ўзаемаадносін базісу і надбудовы ў развіцці грамадства, закон прыбавачнай вартасці і інш. заканамернасці, якія на яго думку, вядуць да змены адной сац.-эканам. фармацыі другой і ў канчатковым выніку — да ўсталявання камуніст. грамадства. У працы «Крытыка Гоцкай праграмы» (1875, апубл. 1891) ён сфармуляваў палажэнне аб пераходным перыядзе і 2 фазах такога грамадства (сацыяліст. і камуністычнай). М. падтрымліваў цесныя сувязі з многімі рус. рэвалюцыянерамі. У яго працах ёсць звесткі пра Беларусь. Творы М. пачалі распаўсюджвацца на Беларусі ў 1870-я г. (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Барысаў і інш.). Першая кніга М. і Энгельса ў перакладзе на бел. мову — «Маніфест Камуністычнай партыі» («Камуністычны маніфест»), выдадзена ў 1924.
Філас. светаўспрыманне М. і яго вучэнне значна паўплывалі на развіццё сац. думкі 19 ст., сталі тэарэт. і арганізац. асновай сацыяліст. рэвалюцый 20 ст. ў розных краінах свету, у т. л.Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ажыццёўленай у Расіі бальшавікамі на чале з У.І.Леніным. Разам з тым М. абсалютызаваў ролю класавай барацьбы, адмаўляў магчымасць прагрэс. эвалюцыі бурж. грамадства, рамантызаваў гіст. ролю пралетарыяту, сцвярджаў неабходнасць ліквідацыі прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці. Шэраг ідэй М. ў дастасаванні да новых гіст. умоў знайшлі адлюстраванне ў стварэнні СССР, а пасля 2-й сусв. вайны — сацыяліст. дзяржаў ва Усх. Еўропе, Азіі і на Кубе. Паміж прыхільнікамі і праціўнікамі М. ўвесь час вядзецца барацьба, асабліва па пытаннях разумення грамадска-паліт. жыцця, ажыццяўлення сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве (гл.Марксізм, Марксізм-ленінізм).
Тв.:
Бел.пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1951—52;
Рус.пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Соч.Т. 1—50. 2 изд. М., 1954—81.
Літ.:
Ленін У.І. Гістарычны лёс вучэння Карла Маркса // Тв. Т. 18. (Полн. собр. соч. Т. 23);
Карл Маркс: Биогр. 3 изд. М., 1989;
Меринг Ф. Карл Маркс: История его жизни: Пер. с нем. 2 изд. М., 1990;
Фридрих Энгельс о Карле Марксе: [Сб.]. М., 1990;
Максимова Л.П., Меднова Е.С. Их стихией была борьба: Очерки о жизни и деятельности К.Маркса и Ф.Энгельса. Мн., 1991;
Лобок АМ. Подсознательный Маркс, или Евангелие, которое не состоялось: Книга-гипотеза. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,
сістэма сялянскага ўладання зямлёй у Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Утварылася ў выніку сялянскай рэформы 1861, дзяржаўных сялян рэформы 1866—67, чыншавай рэформы 1886, рэформ удзельных сялян і інш. З пераходам сялян на выкуп, зацвярджэннем выкупных і люстрацыйных актаў надзельныя (гл.Надзел) і частка арандаваных зямель сталі іх уладаннямі. Уласнікам гэтай зямлі да сталыпінскай аграрнай рэформы была дзяржава. Н.з. захоўвала напаўпрыгонніцкі характар. Продаж і дарэнне надзельнай зямлі былі вельмі абмежаваныя. Сялянам забаранялася закладваць яе нават пасля выкупу. У той жа час сял. надзельныя ўчасткі свабодна адчужаліся для дзярж. і грамадскіх патрэб. Усё гэта стрымлівала развіццё капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Н.з. існавала ў абшчыннай і падворнай формах. Падворная форма яго панавала ў Прыбалтыцы, зах. і цэнтр. паветах Беларусі, на Правабярэжнай Украіне, у Бесарабіі, Каралеўстве Польскім. У астатніх рэгіёнах еўрап. Расіі панавала абшчыннае землеўладанне. Памеры Н.з. ў розных катэгорый сялян былі неаднолькавыя. У 1905 у б.дзярж. сялян надзел на двор у сярэднім дасягаў 12,5 дзес., а ў б. памешчыцкіх сялян — 6,7 дзес. У сярэднім на памешчыцкую латыфундыю ў еўрап. Расіі прыпадала 2,2 тыс.дзес., а на сял. двор — 11,1 дзес. зямлі пры тым, што мінімальныя патрэбы сял. гаспадаркі мог забяспечыць надзел, не меншы як 15 дзес. На пач. 20 ст. з 12,3 млн.сял. двароў 6,2 млн. мелі да 8 дзес. зямлі, а 2,2 млн. — больш за 15 дзес. Паскораны працэс разлажэння сялянства вёў да малазямелля асн. масы сялян, якое ўзмацнялася натуральным ростам сял. насельніцтва, і надзел часта не мог пракарміць сял. сям’ю. Пашыралася арэнда зямлі, найперш памешчыцкай. Не менш за 1/2 усёй зямлі, арандаванай сялянамі еўрап. часткі краіны, было сканцэнтравана ў руках сельскай буржуазіі (кулацтва), якая вяла на ёй капіталіст. гаспадарку. Рыначнай з’явай была купля зямлі сялянамі па-за межамі Н.з. Усяго з 1877 да 1905 сяляне еўрап. Расіі набылі 7,5 млн.дзес. зямлі, з якіх ад 2/3 да 3/4 знаходзілася ў руках кулацтва.
На Беларусі ў канцы 1870-х г. надзельныя землі (5535,7 тыс.дзес.) складалі 1/3 ад агульнай плошчы прыдатнай зямлі, памешчыцкія і казённыя — больш за 75. У 1877 на сял. двор тут прыпадала ў сярэднім 14,6 дзес., у 1905—10,2, на памешчыка і памешчыцкі маёнтак адпаведна 1097 і 813 дзес. Пры гэтым надзел на двор б. казённых сялян у сярэднім быў роўны 17 дзес., а б. памешчыцкіх сялян — 13,8 дзес. У 1877 менш за 15 дзес. (мінімальна неабходны надзел) мелі 61,9% бел. сялянскіх гаспадарак, у 1905—84,5%. Ва ўсх. Беларусі (у Магілёўскай і бел. паветах Віцебскай губ.), дзе захаваліся абшчынныя надзельныя землі, перыядычны іх перадзел у асн. не ажыццяўляўся. У Магілёўскай губ. да 1904 агульныя і прыватныя перадзелы зямельныя не праводзіліся ў 88% сельскіх грамад. У Віцебскай губ. агульныя зямельныя перадзелы таксама адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем. Недахоп надзельнай зямлі абумоўліваў на Беларусі арэнду сялянамі пазанадзельных зямель. На мяжы 19—20 ст. арандаваныя бел. сялянамі пазанадзельныя землі складалі каля 1/3 ад плошчы надзельнай зямлі. Адначасова бедната частку сваіх надзельных угоддзяў здавала ў арэнду заможным аднавяскоўцам. Побач з арэндай сяляне ўзмоцнена куплялі зямлю. На Беларусі плошча купленых імі зямель з 1877 да 1905 павялічылася ў 8,3 раза і дасягнула 21,5% ад надзельных. 82,1% сялянскай асабістай купленай зямлі тут належала заможным кулацкім вярхам вёскі. Землі, набытыя сял. грамадамі і т-вамі, таксама размяркоўваліся «па грошах» і траплялі пераважна ў рукі тых жа заможных гаспадароў. З часу сталыпінскай агр. рэформы сяляне атрымалі права выхаду з пазямельнай абшчыны і замацавання надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць без абмежаванняў. За час гэтай рэформы плошча Н.з. па Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. скарацілася: да 43% абшчынных зямель сталі асабістай уласнасцю сялян. За 1907—14 ў 5 зах. губернях 40 820 сялян прадалі свае атрыманыя ў асабістую ўласнасць надзелы (187,8 тыс.дзес.), якія перайшлі пераважна ў рукі сельскай буржуазіі. Н.з. ліквідавана пасля Кастр.рэвалюцыі 1917 у выніку нацыяналізацыі ўсёй зямлі.
Літ.:
Зайончковский П.А. Проведение в жизнь крестьянской реформы 1861 г.М., 1958;
Ленін У.І. Аграрнае пытанне ў Расіі к канцу XIX в. // Тв. Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНЯ,
форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.
Нар. П. ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў (гл.Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц.рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.Аляб’еў, А.Варламаў, А.Гурылёў, М.Глінка) і зах.-еўрап. (І.Брамс, Ж.Бізэ, Ф.Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст.вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаў масавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.Брасенс, Ш.Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.Акуджава, У.Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г. эстрадная П. (гл. ў арт.Эстрадная музыка).
На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл.Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел.нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел.прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.Любан, Л.Маркевіч, А.Туранкоў, У.Тэраўскі, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, В.Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял.Айч. вайны (М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш.Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.Буднік, Я.Глебаў, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Кузняцоў, І.Лучанок, У.Мулявін, І.Палівода, В.Раінчык, Семяняка, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж.т-рамуз. камедыі, Нац.акад.т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.
Літ.:
Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;
Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
літаратурна-мастацкі і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца са снежня 1922 у Мінску на бел. мове штомесячна. У 1922—24 [да № 3(11)] выданне Бел.каап.-выдавецкага т-ва «Савецкая Беларусь», у 1924 [з № 4(12)] — 31 — Дзярж.выд-ва Беларусі; у 1932—34 (да № 5) орган Арг.к-та Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1934 (з № 6—7) — праўлення Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1945 — Саюза сав. пісьменнікаў Беларусі (з № 2, 1957 — Саюза пісьменнікаў Беларусі), з 1993 (№ 5) заснавальнікамі з’яўляюцца Саюз бел. пісьменнікаў і калектыў рэдакцыі. У 1932—41 (да № 3) выходзіў пад назваю «Полымя рэвалюцыі». У Вял.Айч. вайну не выдаваўся. У першы склад рэдкалегіі ўваходзілі З.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.Кудзелька (М.Чарот), З.Бядуля, У.Ігнатоўскі і В.Нодэль. У 1920 — пач. 1930-х г. у рэдагаванні час. ўдзельнічалі А.Сянкевіч, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Купала і інш. Рэдактары П.Галавач (1932—33), М.Лынькоў (1933—41), П.Броўка (1945-48), М.Танк (1948—67), П.Кавалёў (1967—72), К.Кірэенка (1972—86), С.Законнікаў (з 1986). Друкуе творы бел. пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусв. л-ры і сучасных пісьменнікаў замежных краін, артыкулы па пытаннях бел. л-ры і мастацтва, гісторыі, краязнаўства, эканомікі, культуры, грамадска-паліт. і сац. жыцця Беларусі, рэцэнзіі. Адыгрывае вял. ролю ў развіцці бел. л-ры.
У «П.» ўпершыню апубл. многія творы Я.Купалы, Я.Коласа (у т. л. раздзелы паэмы «На шляхах волі», паэма «Рыбакова хата», аповесці «Дрыгва», «На ростанях»), В.Адамчыка, Л.Арабей, У.Арлова, М.Арочкі, А.Асіпенкі, З.Астапенкі, А.Астрэйкі, М.Аўрамчыка, Р.Баравіковай, Р.Барадуліна, С.Баранавых, А.Бачылы, Д.Бічэль-Загнетавай, Т.Бондар, П.Броўкі. Я.Брыля (у т. л. раман «Птушкі і гнёзды», аповесць «Ніжнія Байдуны»), Г.Бураўкіна, В.Быкава (у т. л. аповесці «Здрада», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Знак бяды», «У тумане», «Аблава», «Сцюжа», «Ваўчыная яма»), З.Бядулі, А.Васілевіч, В.Віткі, А.Вялюгіна, А.Вярцінскага, Галавача, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага (у т. л. раман-хроніка «Віленскія камунары»), С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, М.Гіля, П.Глебкі, Ю.Голуба, С.Грахоўскага, А.Грачанікава, К.Губарэвіча, А.Гурло, Л.Дайнекі, Г.Далідовіча, У.Дамашэвіча, С.Дзяргая, У.Дубоўкі, І.Дуброўскага, А.Дудара, А.Дударава, А.Жука, Я.Журбы, Законнікава, М.Зарэцкага (у т. л. раманы «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо»), А.Звонака, В.Зуёнка, В.Іпатавай, Кавалёва, В.Каваля, В.Казько, Л.Калюгі, В.Карамазава, У.Караткевіча, А.Карпюка, К.Кірэенкі, В.Коўтун, К.Крапівы (у т. л. п’есы «Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці»), А.Кудраўца, А.Кулакоўскага, А.Куляшова (у т. л. паэмы «У зялёнай дуброве», «Прыгоды цымбал», «Новае рэчышча», «Грозная пушча», «Далёка да акіяна». «Хамуціус»), М.Лобана, А.Лойкі, Е.Лось, Лынькова, А.Макаёнка, П.Макаля, М.Матукоўскага, Н.Мацяш, І.Мележа (у т. л. раманы «Мінскі напрамак», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), Б.Мікуліча, П.Місько, А.Мрыя, Р.Мурашкі, М Мятліцкага, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, І.Новікава, У.Някляева, В.Палтаран, А.Пальчэўскага, С.Панізніка, П.Панчанкі. У.Паўлава, Г.Пашкова, П.Пестрака (у т. л. раман «Сустрэнемся на барыкадах»), А.Петрашкевіча, П.Пруднікава, І.Пташнікава, Я.Пушчы, А.Пысіна, А.Русецкага, Р.Сабаленкі, Э.Самуйлёнка, Б.Сачанкі, Ю.Свіркі, Р.Семашкевіча. А.Сербантовіча, Я.Сіпакова, Я.Скрыгана, М.Стральцова, М.Танка, В.Таўлая, П.Труса, Н.Тулупавай, А.Федарэнкі, Ў.Хадыкі, М.Хведаровіча, В.Хомчанкі, А.Чарнышэвіча, М.Чарота, К.Чорнага (у т. л. аповесці «Вясна», «Люба Лук’янская», раманы «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях»), І.Чыгрынава, І.Шамякіна (у т. л. раманы «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль»), С.Шушкевіча, А.Якімовіча, Я.Янішчыц, Ф.Янкоўскага і інш ; літ.-крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы А.Адамовіча, С.Александровіча, С.Андраюка, В.Бечыка, Дз.Бугаёва, Р.Бярозкіна, У.Гніламёдава, І.Замоціна, В.Каваленкі, У.Калесніка, Г.Кісялёва, А.Клышкі, Лойкі, А.Мальдзіса, М.Мушынскага, Ю.Пшыркова, В.Рагойшы, Я.Саламевіча, А.Сямёнавай, М.Тычыны, Р.Шкрабы, У.Юрэвіча і інш.
Літ.:
Лынькоў М. Шляхам жыцця // Полымя. 1972. № 11;
Танк М. Летапіс вялікіх здзяйсненняў // Там жа. 1982. № 11;
Саламевіч Я. Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12;
Конон В. На рубежах утверждения // Неман. 1982. № 12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БІБЛІЯТЭ́КАў Маскве,
нацыянальная бібліятэка Расіі, адна з найбуйнейшых бібліятэк свету; навукова-даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр па праблемах кнігазнаўства, бібліяграфіі, бібліятэказнаўства, культуры.
Засн. ў 1862 у складзе Маскоўскага публічнага Румянцаўскага музея. Атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх рас., а пазней сав. выданняў. Значна папоўнілася за кошт нацыяналізаваных пасля Кастр.рэвалюцыі прыватных, царкоўна-манастырскіх і некат. дзярж. збораў. З 1924 наз. Расійская публічная б-ка імя У.І.Леніна, з 1925 Дзярж.б-каСССР імя Леніна, з 1992 сучасная назва. У фондах б-кі больш за 41 млн.экз. друкаваных адзінак на 247 мовах, у т. л. 16,5 млн. кніг і брашур (2000). У аддзеле рукапісаў захоўваюцца помнікі 6—20 ст. (многія зборы маюць каталогі, апісанні), сярод якіх каля 60 славяна-рус. рукапісных кніг 11—13 ст., у т. л. Архангельскае евангелле 1092, Марыінскае евангелле (або Афонскае) пач. 11 ст., частка Супрасльскага рукапісу 11 ст., Дабрылава евангелле 1164 з мініяцюрамі евангелістаў і ўкладным запісам Івана IV, а таксама больш познія царкоўна-рэліг. рукапісы традыц. жанраў, напр., кодэксы слуцкіх скрыпторыяў (Евангелле 1502, напісанае на заказ слуцкага архімандрыта Аўраамія манахам А.Крыцкім, прыхаджанінам Лаўрышаўскага манастыра; Евангелле 1539, спраўленае на сродкі кн. Ю.С.Слуцкага ў манастыры цудатворца Міколы на Марачы, пісец «раб божий пречистый Копысский Василий»), службовая Мінея пач. 16 ст., напісаная «замыслом и гаданием» бел. шляхціца Ф.І.Калантаева, «Кнігі 16 прарокаў тлумачальныя», купленыя ў 1570 у пінскага мешчаніна Б.Куніловіча, Евангелле-тэтр, спіс 1543 з брэсцкага манастыра, рукапіс, напісаны ў Кіеве ў 1610 пінскім ураджэнцам Іванам Васілевічам, і інш. Некат. рэдкія рукапісы трапілі ў Расію ў часы войнаў, палонаў і рэквізіцый, напр., запісы на «Шастадневе» 16 ст. (кодэкс са збораў Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх) ці «Пралогу» сярэдзіны 16 ст., які належаў Смаленскаму краязн. музею. У б-цы захоўваюцца і рэдкія стараж. рукапісы інш. жанраў: кормчыя, напісаныя на Беларусі ці ў Літве ў 16—17 ст., палемічныя і гіст. зборнікі (у т. л. пасланні старца Арцемія да С.Буднага, А.Валовіча, «Маргарыт новы» ў перакладзе кн. А.Курбскага, напісаны бел. паўуставам, зб. павучанняў з казаннямі Л.Карповіча, «Гутаркі Іаана Златавуста», падараваныя архімандрытам Супрасльскага манастыра кн. Масальскім жаночаму манастыру ў Дубне і інш.). Асобную групу складаюць спісы з твораў Кірылы Тураўскага, школьных падручнікаў і даведнікаў С. і Л.Зізаніяў, П.Бярынды, М.Сматрыцкага. З Сібіры ў 1875 трапіла ў б-ку берасцяная копія з «Граматыкі» Сматрыцкага «Кароткае граматыкі выяўленне» сярэдзіны 18 ст. У аддзеле рукапісаў зберагаюцца «Хроніка» 1549 старосты кобрынскага Хвальчэўскага, «Безднінскі летапісец» з пахвалой Вітаўту, Румянцаўскі спіс бел.-літ. летапісу, мноства хранографаў 16—17 ст., у іх ліку т.зв. «заходнярускай» рэдакцыі, «Александрыя» ў спісах 17 ст. і 1697, напісаныя мазырскім дзякам В.Г.Мянжынскім. Сярод свецкіх твораў юрыд., гіст., мастацкія помнікі: спісы Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, «Хронікі» М.Стрыйкоўскага, «Памяць аб родзе Глінскіх» 16 ст., творы Максіма Грэка, Сімяона Полацкага, Г.Каніскага, копіі з выданняў Ф.Скарыны і інш. У некаторых фондах захоўваюцца дакументальныя, актавыя, генеалагічныя матэрыялы: «Справаводства Віленскай «з’езжай» «ізбы» 1655—59, «Кніга аб даходах Полацкага намесніцтва 1792 г.», сац.-эканам. акты зямельных данін і судовых спраў у Навагрудскім ваяводстве ў 1626—1701. У музеі кнігі (былы аддзел рэдкай кнігі) захоўваецца адна з найбольшых калекцый бел. кірыліцкіх старадрукаў (82 экз. выданняў Скарыны, кнігі Буднага, В.Гарабурды, П.Мсціслаўца, братоў Мамонічаў, брацкіх, уніяцкіх, прыватных бел. друкарань 16—18 ст.), багатыя зборы польск. і зах.-еўрап. кнігі і графікі, у т. л. творы Эразма Ратэрдамскага, К.Манвіда-Дарагастайскага, Кальвіна. Стрыйкоўскага, Сматрыцкага, рэдкія панегірыкі і перыяд. выданні. У спецыялізаваным фондзе багатыя калекцыі замежных, бел., рус., укр., сав. картаграфічных твораў (каля 190 тыс. адзінак), нац. і рэгіянальныя атласы, планы гарадоў, сучасныя замежныя выданні. Захоўваюцца творы бел. пісьменнікаў, пераклады, дысертацыі, прысвечаныя гісторыі Беларусі, духоўнай спадчыне, славянскім культ. сувязям. Б-ка выпускае «Інфармацыйны бюлетэнь новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэку», «Запіскі аддзела рукапісаў», «Працы дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І.Леніна», «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія за мяжой» і інш.
Літ.:
Пятидесятилетие Румянцевского музея в Москве, 1862—1912: Ист. очерк. М., 1913;
История Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.И.Ленина за сто лет, 1862—1962. М., 1962;
Национальная библиотека страны: Пробл. и перспективы. М., 1975;
Труды Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.Й.Ленина. Т. 13. Фонды: Состояние и тенденции развития. М., 1976;
Описание старопсчатных изданий кирилловского шрифта. М., 1979 (выданне працягваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́КСІКА (México, Méjico),
Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на ПдПаўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 1958,2 тыс.км². Нас. 98,6 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.
Прырода. М. размешчана ў паўд.ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч.тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн.кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.
Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс.ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн.ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс.г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс.н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс.н.э. на тэр.паўд.М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст.н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г.Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс.км² з нас. 5—6 млн.чал., але была нетрывалай.
У 1517 ісп.канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марэлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч.тэр.М., у т. л.г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.
У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл.Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.
Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.Абрэгона (1920—24) і П.Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс.рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.Алемана (1946—52), А.Руіса Картынеса (1952—58), А.Лопеса Матэаса (1958—64), Г.Дыяса Ордаса (1964—70), Л.Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш.міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр.рэвалюцыі, Сацыяліст.нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс.рэвалюцыі і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.
Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасцігал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн.т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд.м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн.т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн.тжал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс.т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн.т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн.т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн.т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс.тхім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн.т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст.прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн.т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн.га, арашаецца 6 млн.га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн.га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс.т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс.т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс.т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн.га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс.т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс.км, чыгунак — 26,5 тыс.км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс.км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд.дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс.чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс.чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс.чал., у т. л. 8,6 тыс.чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.
Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес.пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац.аўт.ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал.ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац.б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс.нац.аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш.Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.
Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.Ландывара, Ф.Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.Х.Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.Акуньі, Г.Прыета, раманы В.Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.Пайна, «Астусія...» Л.Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв.кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.М.Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап.мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.Х.Атон, С.Дыяс Мірон, М.Гуцьерэс Нахера, А.Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.Фрыяса, «Надзел» Х.Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.Л.Гусман, Г.Лопес-і-Фуэнтэс, Х.Р.Рамера, Р.Ф.Муньёс, Н.Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.Мансісідора, п’ес Р.Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.Лопеса Велардэ, Э.Гансалеса Мартынеса, К.Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.Васканселаса і А.Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.Яньес, Х.Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.Кастэльянас), літ. крытыка (Х.Л.Мартынес, А.Кастра Леаль, Э.Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.Шэрман.
Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст.н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп.арх. матывы з нар.дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац.арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.Арай, К.Ласа, М.Пані, А.Прыета, П.Рамірэс Васкес, Э.Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.Гёрыц, Х.О’Горман, Л.Бараган і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.Тальса, Ф.Э.Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.Г.Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.М.Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.Бустас, Х.М.Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.Кардэра, у скульптуры — М.Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс.рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г.найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.Бельтран, А.Гарсія Бустас, А.Кінтэрас, Мендэс, П.О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.Арэнас Бетанкур, К.Брача, Г.Руіс, у станковым жывапісе — Р.Тамаё. Нар.дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.
Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц.муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.Кастра, А.Артэга і інш.Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.Аяла Перэс, Б.Галінда Дымас, Х.П.Манкаё, С.Кантрэрас і інш.Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.Сандзі, М.Берналь Хіменес, К.Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац.сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.
Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс.т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.Гансалес дэ Эслава і Х.Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс.т-ра паўплывалі драматургі Х.Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.Э.Гарастысы, Ф.Гамбоа, Х.Х.Гамбоа, М.Даваласа, Х.Х.Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.М.Дыеса Бараса, Х.Вільяўрутыі, С.Гарастысы, Р.Усіглі, М.Магдалена, С.Нова. У 1946 у Мехіка засн.Нац.ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс.т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.Соле, Г.Брача, І.Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.Т.Мантоя, А.Гомес дэ ла Вэга, К.Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рэформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар.т-р на адкрытым паветры.
Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.Таскана Барагана пра падзеі мекс.рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.Эйзенштэйна і аператара Э.Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.Брача, К.Вела, Р.Гавальдон, А.Галінда, Э.Гомес Мурыэль, М.Кантрэрас Торэс, К.Навара, І.Радрыгес, М.Сакарыяс; акцёраў — П.Армендарыс, Кантынфлас, Х.Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп.рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.Касальс) і інш.Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.Лопес Тарса, М.Фелікс, аператар Г.Фігероа і інш. У 1983 засн.Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».
Літ.:
Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;
Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;
Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;
Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ.М., 1949;
Культура Мексики. М., 1980;
Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Герб і сцяг Мексікі.Да арт.Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.Да арт.Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.Да арт.Мексіка. Пляж у г. Акапулька.Да арт.Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.Да арт.Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.Да арт.Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.Манэ. 1867.Да арт.Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.Да арт.Мексіка. Д.Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.Да арт.Мексіка. Д.Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.Да арт.Мексіка. А.Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.