ГУТАПЕ́РЧАВАЕ ДРЭ́ВА,

агульная назва розных відаў дрэвавых раслін, з млечнага соку якіх атрымліваюць гутаперчу. Найчасцей гутаперчавым дрэвам называюць віды дрэў з трапічных родаў палаквіум, пайена сям. сапотавых, басія сям. лебядовых, таксама з родаў брызгліна сям. брызглінавых, эўкомія сям. эўкоміевых і інш.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАФА́ЗА (ад грэч. diploos двайны + фаза),

фаза развіцця арганізмаў ад утварэння зіготы да ўступлення мацярынскай клеткі мікра- ці макраспор у меятычнае дзяленне. Характарызуецца двайным (дыплоідным) наборам храмасом у клетках (гл. Дыплоід). Пераважае ў жыццёвым цыкле кветкавых раслін. Гл. таксама Гаплафаза.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКАІ́Н,

алкалоід лісцяў трапічных раслін роду эрытраксілум (напр., какаінавы куст). Адносіцца да групы абязбольваючых сродкаў. Высокатаксічны. Выкарыстоўваецца ў парашках і растворах для мясц. абязбольвання. Пры ўжыванні ўзбуджае, потым прыгнечвае нерв. сістэму. Лячэнне К. доўгі час выклікае цягу да яго — какаінізм.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛХІЦЫ́Н,

алкалоід, што ўтрымліваецца ў познацвеце і інш. раслінах сям. лілейных. Яд нервова-паралітычнага дзеяння. Спыняе дзяленне клетак на стадыі метафазы. Выкарыстоўваецца для атрымання паліплоідных форм раслін, для даследавання функцый цытаплазматычных мікратрубачак (звязваецца з бялком мікратрубачак тубулінам і выклікае іх распад).

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЧА́К,

група з трох ці больш кольцападобна размешчаных лістоў, галін, кветак, частак кветкі і інш. органаў раслін, якія адыходзяць на адным узроўні ад восевага органа. Напр., рудыментарнае лісце хвашчу, сабранае вакол сучляненняў сцябла; лісце расянкі ў прыкаранёвай разетцы, кветкі шышняку.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЦЫ́КЛ (ад перы... + цыкл),

перыкамбій, утваральная тканка з жывых танкасценных клетак; вонкавая ч. праводных восевых органаў маладых раслін, іх каранёў і сцёблаў, якая знаходзіцца вакол цэнтральнага цыліндра. У П. закладваюцца бакавыя і прыдаткавыя карані, у сцёблах П. фарміруе мех. тканкі (склеранхіму).

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСКАВІ́НКІ,

1)у раслін — плоскія нарасці покрыўнай тканкі (эпідэрмісу) або недаразвітае лісце, напр., у далмацкага рамонку, мяты. Выконваюць ахоўныя функцыі.

2) У насякомых — мікраскапічныя хіцінавыя пласцінкі на целе, якія абумоўліваюць афарбоўку жывёлы (за кошт аптычных якасцей). Ёсць у матылёў, камароў і інш.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА,

фермент класа аксідарэдуктаз. Пашырана ў жывёльных і раслінных клетках. Удзельнічае ў пераносе вадароду; каталізуе ў цыкле трыкарбонавых к-т рэакцыю дэгідрагенізавання яблычнай к-ты да шчаўева-воцатнай. У вышэйшых раслін і жывёл 2 М.: у мітахондрыях і ў растваральнай фракцыі клеткі.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛІ́КУЛА (лац. pellicula памяншальнае ад pellis скура),

1) тонкі эластычны або цвёрды ахоўны слой пратаплазмы на паверхні цела многіх прасцейшых (жгуціканосцы, інфузорыі і інш.) і некат. аднаклетачных водарасцей (хрызаманадавыя, эўгленавыя). Вонкавая паверхня П. часта мае розныя вырасты.

2) Вонкавая плевачная лупіна насення раслін.

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯМА́СА (ад бія... + маса),

агульная маса асобін віду, іх папуляцый, груп ці згуртаванняў (раслін, мікраарганізмаў, жывёл), якая прыпадае на адзінку паверхні або аб’ёму месцапражывання; адзін з важнейшых экалагічных тэрмінаў. Біямасы часцей за ўсё выражаюць у масе сырога або сухога рэчыва (г/м², кг/га, г/м³, кг/м³ і інш.). Біямаса раслін наз. фітамасай, жывёл — заамасай, бактэрый — бактэрыямасай.

Сумарная біямаса сухога арган. рэчыва біясферы складае 85—100∙10​9 т, з якіх фітамасе належыць 97—99%, заамасе — 1—3% (90—95% складаюць беспазваночныя). Для Беларусі агульная біямаса сухога рэчыва жывых арганізмаў складае 2—3∙10​9 т. На паказчыках біямасы грунтуюцца ўсе разлікі характару і інтэнсіўнасці біялагічнага кругавароту рэчываў. Вызначэнне біямасы выкарыстоўваюць для вывучэння біялагічнай прадукцыйнасці груп арганізмаў, асобных біяцэнозаў і біясферы ў цэлым, пры прагназаванні гасп. дзейнасці чалавека.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)