селеністы вадарод, гідрыд селену, бясколерны газ з непрыемным пахам, H2Se. Шчыльн. вадкага 2120 кг/м³, tпл -65,72 °C, tкіп -41,35 °C. На сухім паветры пры хатняй т-ры ўстойлівы; на вільготным паступова акісляецца да селену, пры награванні гарыць з утварэннем дыаксіду. селену SeO2. Мала растваральны ў вадзе, раствор мае слабакіслую рэакцыю. Моцны аднаўляльнік. Ядавіты, пашкоджвае слізістыя абалонкі (ГДК 0,2 мг/м³). Выкарыстоўваецца для атрымання селену высокай чысціні, селенідаў, селенарганічных злучэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«7 ДНЕЙ»,
інфармацыйна-праблемны штотыднёвік. Выдаецца са студз. 1990 у Мінску на рус. мове. Асвятляе ўнутрыпаліт. падзеі, стан эканомікі ў краіне, сац. праблемы суверэннай Беларусі. Друкуе каментарыі прафес. палітыкаў, эканамістаў, сацыёлагаў і палітолагаў, публіцыст. і аналіт. матэрыялы, асвятляе пытанні бел.нац. культуры, гісторыі Беларусі. Мае рубрыкі: «7 пытанняў на тыдні», «Госць тыдня», «Па вашых просьбах», «Судовы нарыс», «Падрабязнасці» і інш. Выходзяць дадаткі «7 начэй» і «7 дзён здароўя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІФО́Н (ад грэч. siphōn трубка, помпа),
1) выгнутая трубка з каленамі рознай даўжыні, па якой пераліваецца вадкасць з пасудзіны з больш высокім узроўнем у пасудзіну з больш нізкім узроўнем. Верхняя частка трубкі размешчана вышэй за ўзровень вадкасці ў верхняй пасудзіне. Трубку папярэдне запаўняюць вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў гідраўлічных збудаваннях і прыстасаваннях.
2) Пасудзіна з трубкай, якая дасягае дна і мае кран. Выкарыстоўваецца для пералівання пеністых вадкасцей пад ціскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв.кітабаў. З 7—8 ст.н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.
дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.Надсон (старшыня), П.Асіповіч, Д.Дзінглі, В.Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.Сіру), Канадзе (Р.Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.Лужынскі), Францыі (М.Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́ННАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
спецыфічны ўзаемны ўплыў тоесных часціц, які эфектыўна праяўляецца як вынік некаторага асаблівага ўзаемадзеяння. Чыста квантавы эфект, які не мае класічнага аналага і вынікае з тоеснасці прынцыпу.
Пры сілавым узаемадзеянні паміж часціцамі сярэдняя энергія сістэмы часціц неаднолькавая ў станах, што апісваюцца хвалевымі функцыямі з рознай сіметрыяй, напр. сістэма з 2 электронаў, калі не ўлічваць іх эл. ўзаемадзеяння, характарызуецца 2 хвалевымі функцыямі φ(r1, r2), якія адносна перастаноўкі каардынат электронаў (r1 ⇄ r2) мяняюць або не мяняюць знак Станам з φ± адпавядае сярэдняя энергія ўзаемадзеяння E± = Ek+Ea, дзе Ek — энергія электрастатычнага (кулонаўскага) узаемадзеяння электронаў, кожны з якіх знаходзіцца ў індывід, стане; Ea — т.зв. абменная энергія, што ўзнікае, калі электроны як бы абменьваюцца сваімі станамі (адсюль назва). Абменнае ўзаемадзеянне існуе ў сістэме тоесных часціц і пры адсутнасці сілавога ўзаемадзеяння (ідэальны газ тоесных часціц). Яно пачынае праяўляцца, калі сярэдняя адлегласць паміж часціцамі становіцца параўнальнай з даўжынёй хвалі дэ Бройля, мае характар адштурхоўвання для ферміёнаў (гл.Паўлі прынцып) і прыцяжэння — для базонаў. Паняццем абменнага ўзаемадзеяння карыстаюцца ў тэорыі многаэлектронных атамаў, гомеапалярнай хім. сувязі, ферамагнетызму. Тэрмін абменнае ўзаемадзеянне ўжываецца і ў ядз. фізіцы (гл.Ядзерныя сілы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ БІ́БЛІЯ, Радзівілаўская біблія,
помнік польскамоўнага кнігадрукавання на Беларусі. Выдадзена ў 1563 у адной з Брэсцкіх друкарняў на сродкі М.Радзівіла Чорнага, старосты берасцейскага. Адно з лепшых выданняў на той час у ВКЛ і Польшчы. Мае назву «Біблія святая, гэта значыць Кніга Старога і Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай нанава на польскую мову са стараннасцю і дакладна перакладзеная». Амаль на кожнай старонцы на палях каментарыі да тэксту. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання на Беларусі змешчаны прадметны паказальнік У пратэстанцкай па накіраванасці прадмове тлумачацца прынцыпы і асаблівасці перакладу, адзначаецца, што за ўзор узята Біблія на франц. мове.
Брэсцкая біблія — вялікі фаліянт, апраўлена ў скураную вокладку з малюнкамі і графічным афармленнем. Выдадзена фарматам «у ліст», мае 738 старонак. Асобныя гравюры паводле кампазіцыі і малюнка, асобных дэталяў узыходзяць да гравюр Ф.Скарыны. Тэкст надрукаваны гатычным шрыфтам у 2 калонкі па 58 радкоў у кожнай. Экзэмпляры Брэсцкай бібліі зберагаюцца ў Дзярж. публічнай б-цы ў Маскве, Цэнтр. б-цы АН Літвы і ў Ягелонскай б-цы ў Кракаве, няпоўны экз. — у Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТЫБУЛЯ́РНЫ АПАРА́Т (ад лац. vestibulum пераддзвер’е),
орган пачуцця, які ўспрымае становішча і рух галавы і цела ў прасторы, перыферычны аддзел аналізатара раўнавагі. У ніжэйшых жывёл мае форму пузырка (статацыста), у пазваночных жывёл і чалавека — частка ўнутр. вуха (лабірынт), якая складаецца з пераддзвер’я і трох паўкружных праток (гл.Вуха).
Рэцэптары вестыбулярнага апарата знаходзяцца ў двух мяшочках пераддзвер’я і ў ампулах паўкружных праток перапончатага лабірынта ўнутр. вуха. Поласць мяшочкаў і паўкружных праток запоўнена тканкавай вадкасцю — эндалімфаю. Вярчальныя рухі галавы і цела выклікаюць рух эндалімфы паўкружных праток, гэта раздражняе ампулярныя рэцэптары. Раздражненне ўспрымаецца дэндрытамі адчувальных нейронаў вестыбулярных гангліяў і па іх аксонах перадаецца ў вестыбулярныя ядры прадаўгаватага мозга, якія звязаны праводзячымі шляхамі са спінным мозгам, цэнтрамі вегетатыўнай нервовай сістэмы, ядрамі вокарухальных нерваў, карой галаўнога мозга. Вестыбулярны апарат мае выключнае значэнне для захавання раўнавагі цела пры руху і ў стане спакою. Даследаванні вестыбулярнага апарата выкарыстоўваюцца ў адборы для работы на вышыні, на марскую і лётную службу. Высокая ўстойлівасць вестыбулярнага апарата дасягаецца трэніроўкай. Ад непасрэдных або рэфлекторных пашкоджанняў функцыі вестыбулярнага апарата ўзнікаюць вестыбулярныя парушэнні. Прыкметы: галавакружэнне, парушэнне раўнавагі, рытму дыхання, дзейнасці сэрца, моташнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз.Бел.дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,
найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.
Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 102) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙102 + 7∙101 + 3∙100 = 473. Гл. таксама Лічэнне.