ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ПРАГРЭ́СІЯ,

паслядоўнасць лікаў, кожны з якіх атрымліваецца з папярэдняга множаннем на пастаянны лік q≠0 (назоўнік геаметрычнай прагрэсіі). Напр., 2, 8, 32, ..., q=4. Калі q>1 (q<1), геаметрычная прагрэсія наз. нарастальнай (спадальнай), пры q<0 — знакачаргавальнай. Агульны (n-ны) член вылічаецца па формуле an=a1q​n−1. Калі ўсе члены геаметрычнай прагрэсіі дадатныя, то кожны з іх (акрамя 1-га) роўны сярэдняму геаметрычнаму (адсюль назва) сваіх бліжэйшых суседзяў. Суму першых n членаў геаметрычнай прагрэсіі вылічаюць па формуле Sn=a1(1−q​n)/(1−q). Бясконцая геаметрычная прагрэсія пры |q|≥1 разбягаецца.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗЕНА́П Сяргей Паўлавіч (25.9.1848, с. Паўлаўскае Цвярской вобл., Расія — 12.4.1937),

расійскі астраном. Ганаровы чл. АН СССР (1929). Герой Працы (1932). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1870). У 1870—77 у Пулкаўскай абсерваторыі, з 1877 у Пецярбургскім ун-це (з 1889 праф.). Адзін з заснавальнікаў Рус. астр. т-ва. Навук. працы па вывучэнні руху спадарожнікаў Юпітэра, даследаванні падвойных і пераменных зорак, рэфракцыі святла ў зямной атмасферы. Прапанаваў спосаб вызначэння арбіт падвойных зорак. Пад яго кіраўніцтвам пабудавана абсерваторыя Пецярбургскага ун-та. Аўтар падручнікаў па астраноміі і матэматыцы.

Літ.:

Перель Ю.Г. Выдающиеся русские астрономы. М.; Л., 1951.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПРЫКЛАДНЫ́Я ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

агульная назва практыкаванняў і іх комплексаў, якія выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы воінаў па розных вайсковых спецыяльнасцях. Уключаюць элементы з розных відаў спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, лыжныя гонкі і інш.). Да ваенна-прыкладных відаў спорту адносяць ваенна-спарт. мнагабор’і, пераадоленне палос перашкод, марш-кідкі, кросы з арыентаваннем на мясцовасці, лыжныя гонкі са стральбой, плаванне ў абмундзіраванні і са зброяй, фігурнае ваджэнне аўтамабіля і інш. Практыкаванні выконваюцца ў абмундзіраванні з рыштункам і зброяй на спец. палосах перашкод і снарадах індывідуальна або ў складзе каманды (вайск. падраздзялення). Па ваенна-прыкладных відах спорту існуюць адпаведныя нарматывы, спарт. класіфікацыя, праводзяцца спаборніцтвы.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ЛЬДЗІ (Amaldi) Эдаарда (н. 5.9.1908, каля г. П’ячэнца, Італія),

італьянскі фізік. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі ў Рыме (1948), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Рымскі ун-т (1929). З 1945 прэзідэнт Нац. к-та па ядз. даследаваннях Італіі, з 1948 дырэктар Нац. ін-та ядз. фізікі. У 1957—60 прэзідэнт Міжнар. Саюза чыстай і прыкладной фізікі. Навук. працы па ядз. спектраскапіі, фізіцы элементарных часціц. У 1934 сумесна з Э.​Фермі і інш. адкрыў з’яву запавольвання нейтронаў у рэчывах, якія маюць у сабе вадарод. Прадказаў існаванне антыпратона (1955), у сааўт. адкрыў анты-сігмаплюс-гіперон (1960).

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛЬБРУК (Delbrück) Макс (4.9.1906, Берлін —9.3.1981),

нямецка-амерыканскі фізік, генетык і вірусолаг, адзін з заснавальнікаў малекулярнай біялогіі. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. АН і мастацтваў, Каралеўскай акадэміі Даніі, АН Францыі, Лонданскага каралеўскага т-ва. Вывучаў фізіку ў Цюбінгенскім, Бонскім, Берлінскім і Гётынгенскім ун-тах. Доктарская ступень па фізіцы (1930). З 1937 у ЗША. У 1947—77 праф. Каліфарнійскага тэхнал. ун-та ў Пасадэне (у 1961—63 ва ун-це г. Кёльн). Навук. працы па атамнай фізіцы, мутагенезе, рэпрадукцыі вірусаў. Адкрыў феномен генет. рэкамбінацыі ў бактэрыяфагаў. Нобелеўская прэмія 1969 (разам з А.Д.Хершы і С.Э.Лурыя).

М.Дэльбрук.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НЧАНКА Яўген Іванавіч (н. 27.6.1943, г. Глазаў, Удмурція),

бел. спартсмен (плаванне). Д-р пед. н. (1993), праф. (1994). Засл. трэнер БССР (1976), СССР (1981). Чэмпіён і рэкардсмен Беларусі 1961—63 па плаванні. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1966). Трэнер зборных каманд Беларусі (1966—67), СССР (1975—84) па плаванні. З 1989 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1995 прарэктар. Аўтар навуч. і метадычных дапаможнікаў, у т. л. «Плаванне ў комплексе ГПА» (1976, з Г.​Э.​Васілеўскім), «Навука пра спартыўнае плаванне» (1993), «Тэорыя і практыка спорту» (ч. 1—3, 1996—97).

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАТЭРНІЁН (франц. quaternion ад лац. quaterni па чатыры),

адна з сістэм гіперкамплексных лікаў. Увёў У.Р.Гамільтан (1843) у сувязі з задачай абагульнення камплексных лікаў.

К. вызначаецца як лінейная камбінацыя віду a + bi + cj + dk, дзе a, b, c, d — сапраўдныя лікі, i, j, k — уяўныя адзінкі: i2 = j2 = k2 = −1. Складанне і множанне К. выконваецца па адпаведных правілах для мнагачленаў з улікам jk = −kj = i, ki = −ki = j, ij = −ji = k. Алг. дзеянні над К. маюць усе ўласцівасці (за выключэннем камутатыўнасці множання) адпаведных дзеянняў над сапраўднымі лікамі. Гэтым К. вылучаюцца сярод гіперкамплексных лікаў.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЕР (Keller) Вільгельм (н. 8.8.1920, г. Вельс, Аўстрыя),

аўстр. музыказнавец, педагог, кампазітар. Скончыў Лейпцыгскую кансерваторыю па класах кампазіцыі і дырыжыравання. Вучань І.​Н.​Давіда і Г.Абендрота. У 1945—60 выкладчык Вышэйшай муз. школы Моцартэума ў Зальцбургу, Паўн.-Зах. муз. акадэміі ў г. Дэтмальд, з 1962 адзін з кіраўнікоў Ін-та Орфа пры Моцартэуме (з 1964 праф.). Вядзе курсы муз. выхавання па сістэме К.​Орфа ў многіх краінах свету. Даследаваў метады выкарыстання музыкі ў лячэбнай педагогіцы. Аўтар муз.-пед. дапаможнікаў, крытычных прац. Сярод муз. твораў хары, песні, музыка для дзяцей, да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЕРАМІ́Н»,

адкрытае акцыянернае т-ва (ААТ) па вытворчасці буд. матэрыялаў. Утворана 3.6.1994 на базе вытв. аб’яднання «Мінскбудматэрыялы», якое дзейнічае з 1975 як шматгаліновае прадпрыемства. У яго ўвайшлі камбінат буд. матэрыялаў (галаўное прадпрыемства) і заводы: керамічны (дзейнічаў з 1902 як арцель па вытв-сці глінянай цэглы), мінералаватных вырабаў, «Будфарфор» (усе ў Мінску), а таксама кар’ераўпраўленне «Гайдукоўка» (з 1995 горны цэх, г.п. Радашковічы) і цагельны завод «Студзёнка» (закрыты ў 1981). Асн. прадукцыя (1998): цэгла, плітка для ўнутр. абліцоўкі сцен, для падлогі, чарапіца, мінералаватныя будаўнічыя маты, сан.-тэхн. абсталяванне, наборы кафлі для печаў і камінаў, арх. кераміка і інш.

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЖАЎ (Коржаў-Чувялёў) Гелій Міхайлавіч

(н. 7.7.1925, Масква),

расійскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1972). Чл. АМ СССР (1970). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т (1950). У 1951—58 і з 1964 выкладае ў Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы (з 1966 праф.). У 1968—75 старшыня праўлення Саюза мастакоў Расіі. У вострых па кампазіцыі і стрыманых па каларыце карцінах з вылучанымі буйным планам, дасканала мадэляванымі фігурамі паказвае вобразы ў сац., драм. і гераічных сітуацыях: трыпціх «Камуністы» (1957—60, Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Мастак» (1961), серыя «Апаленыя агнём вайны» (1962—67), «Асуджаная» (1970—75), «Абернуты» (1974—75) і інш.

Г.Коржаў Мастак. 1961.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)