«КЕРАМІ́Н»,

адкрытае акцыянернае т-ва (ААТ) па вытворчасці буд. матэрыялаў. Утворана 3.6.1994 на базе вытв. аб’яднання «Мінскбудматэрыялы», якое дзейнічае з 1975 як шматгаліновае прадпрыемства. У яго ўвайшлі камбінат буд. матэрыялаў (галаўное прадпрыемства) і заводы: керамічны (дзейнічаў з 1902 як арцель па вытв-сці глінянай цэглы), мінералаватных вырабаў, «Будфарфор» (усе ў Мінску), а таксама кар’ераўпраўленне «Гайдукоўка» (з 1995 горны цэх, г.п. Радашковічы) і цагельны завод «Студзёнка» (закрыты ў 1981). Асн. прадукцыя (1998): цэгла, плітка для ўнутр. абліцоўкі сцен, для падлогі, чарапіца, мінералаватныя будаўнічыя маты, сан.-тэхн. абсталяванне, наборы кафлі для печаў і камінаў, арх. кераміка і інш.

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)