КРЭ́МНІЙ (лац. Silicium),

Si, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 14, ат. м. 28,0855. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў, асн.​28Si (92,27%). Другі (пасля кіслароду) элемент паводле распаўсюджанасці ў зямной кары (27,6% па масе). У прыродзе знаходзіцца ў асн. у выглядзе крэмнію дыаксіду і сілікатаў прыродных, у свабодным стане не сустракаецца. Атрыманы ў 1823 Ё.Я.Берцэліусам; названы ад лац. silex — крэмень (назва К. ад грэч. kremnos уцёс, скала).

Крышт. К. — цёмна-шэрае рэчыва з метал. бляскам, шчыльн. 2330 кг/м³, tпл 1415 °C. Паўправаднік, электрафіз. ўласцівасці якога залежаць ад прыроды і канцэнтрацыі прымесей (легіруючых дабавак), структурных дэфектаў. Не раствараецца ў вадзе і к-тах. Раствараецца ў сумесі азотнай і плавікавай кіслот, растворах шчолачаў з вылучэннем вадароду. Устойлівы ў паветры, акісляецца кіслародам да SiO2 пры т-ры вышэй за 400 °C. З фторам (пры пакаёвай т-ры) і астатнімі галагенамі (пры 300—500 °C) утварае тэтрагалагеніды К. (напр., SiCl4 тэтрахларыд К. — бясколерная вадкасць, дыміць у паветры). Пры награванні ўзаемадзейнічае з азотам, фосфарам, вугляродам (гл. Крэмнію карбід), многімі металамі (гл. Сіліцыды). З вадародам непасрэдна не ўзаемадзейнічае, сіланы атрымліваюць ускосным шляхам. Арган. вытворныя К. — крэмнійарганічныя злучэнні, крэмнійарганічныя палімеры. Тэхн. К. атрымліваюць аднаўленнем расплаву SiO2, коксам, паўправадніковы — аднаўленнем SiCl4 вадародам, раскладаннем сілану SiH4 пры 1000 °C. З расплаву паўправадніковага К. вырошчваюць монакрышталі. Выкарыстоўваюць у электроніцы для вырабу інтэгральных схем, дыёдаў, транзістараў, сонечных батарэй і інш.; як кампанент электратэхн. і інш. сталей, чыгуну, бронзы, сілумінаў.

А.​П.​Чарнякова.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СЕЎ (Аляксей Фёдаравіч) (22.9.1893, г. Новачаркаск, Расія — 24.5.1988),

расійскі філосаф і філолаг. Праф. (1923), д-р філал. н. (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Працаваў у Ніжагародскім ун-це (з 1919), Маскоўскай кансерваторыі (1922—29). У 1930—33 рэпрэсіраваны. Пасля вызвалення выкладаў ант. л-ру і стараж. мовы ў правінцыяльных ВНУ. З 1942 у Маскоўскім ун-це і пед. ін-це. У працах 1920-х г. шляхам своеасаблівага сінтэзу платонаўска-гегелеўскага дыялектычнага ідэалізму, ідэй рус. рэліг. філасофіі пач. 20 ст., фенаменалогіі Э.​Гусерля імкнуўся пабудаваць універсальныя мадэлі быцця і мыслення («Антычны космас і сучасная навука», «Музыка як прадмет логікі», «Філасофія імя», усе 1927; «Дыялектыка міфа», 1930). Даследаваў ант. міфалагічнае ўспрыняцце свету ў яго структурнай цэласнасці («Нарысы антычнага сімвалізму і міфалогіі», т. 1, 1930). Сярод асн. прац «Гісторыя антычнай эстэтыкі» (1963—94), «Эліністычна-рымская эстэтыка I—II стст. н.э.» (1979), «Эстэтыка Адраджэння» (1982) і інш. Сцвярджаў выразны эстэтыка-касмалагічны характар стараж.-грэч. і эліністычна-рым. культуры, што дазволіла яму лічыць гісторыю ант. эстэтыкі гісторыяй ант. філасофіі. Даказваў ант. вытокі рус. філасофіі. У шэрагу позніх прац спрабаваў наблізіць сваё філас. вучэнне да марксізму, што не прывяло да арган. сінтэзу з прычыны жорстка ідэалагізаванай сістэмы апошняга. Дзярж. прэмія СССР 1986.

Тв.:

Владимир Соловьев и его время. М., 1990;

Из ранних произведений. М., 1990;

Философия. Мифология. Культура. М., 1991;

Бытие — имя — космос. М., 1993;

Жизнь: Повести, рассказы, письма. СПб., 1993;

Миф — число — сущность. М., 1994;

Проблема символа и реалистическое искусство. 2 изд. М., 1995.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІЯ́Н ((Messiaen) Аліўе Эжэн Праспер Шарль) (10.12.1908, г. Авіньён, Францыя — 28.4.1992),

французскі кампазітар, муз. тэарэтык, арганіст, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1967). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1930). Вучань П.​Дзюка (кампазіцыя), М.​Дзюпрэ (арган). З пач. 1930-х г. арганіст сабора Ла-Трынітэ ў Парыжы. З 1936 уваходзіў у творчае аб’яднанне «Маладая Францыя». У 1941—42 у лагеры для ваеннапалонных, дзе напісаў «Квартэт на канец часу». З 1942 праф. Парыжскай кансерваторыі. Яго своеасаблівы стыль сфарміраваўся ў выніку ўзаемадзеяння розных культавых вучэнняў і муз. сістэм. У тэарэт. працах «Тэхніка маёй музычнай мовы» (1944) і «Трактат аб рытме» (1948) сфармуляваў новыя прынцыпы кампазіцыі, заснаваныя на складаных ладавых і рытмавых структурах. У творчасці адбіліся тэалагічныя ідэі і пошукі (фп. цыкл «Дваццаць поглядаў на маленькага Ісуса» і арк.-хар. твор «Тры маленькія літургіі божай прысутнасці», абодва 1944), вывучэнне традыцый нееўрап. культур — інд., яп., лац.-амер. (вак. цыкл «Яраві», 1945; сімфонія «Турангаліла» для хваляў Мартэно, фп. і арк., 1948), захапленне арніталогіяй, асабліва вывучэннем галасоў птушак («Каталог птушак» для фп., ударных і духавых, сшыткі 1—7-ы, 1956—58; «Экзатычныя птушкі» для фп., ударных і духавых інструментаў, 1956). Аўтар манум. оперы «Святы Францыск Асізскі» (паст. 1983; яго ж лібрэта, дэкарацыі і эскізы касцюмаў). Арганіст-імправізатар і піяніст, адзін з лепшых інтэрпрэтатараў уласных твораў. Сярод вучняў: П.​Булез, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен.

Прэмія Міжнар. муз. савета пры ЮНЕСКА 1985.

Літ.:

Мелик-Пашаева К.Л. Творчество О.​Мессиана. М., 1987;

Екимовский В.О. Мессиан. М., 1987.

А.Месіян.

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРФІЛАСО́ФІЯ (ад лац. natura прырода + філасофія),

філасофія прыроды, абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядаецца ў яе цэласнасці. Узнікла ў антычнасці, ёй быў уласцівы наіўны непадмацаваны навук. даследаваннямі погляд на прыроду. Ранняя стараж.-грэч. Н. (мілецкая школа і інш.) была фактычна першай гіст. формай філасофіі ўвогуле. Геракліт, Эмпедокл, Анаксагор, Эпікур, Арыстоцель і інш. зрабілі спробу асэнсавання існага, субстанцыі, пытанняў касмалогіі і касмагоніі. Яны выказалі погляд на прыроду, як на тое, што бясконца развіваецца, ідэю аб арган. мэтазгоднасці, меркаванне аб атамах (гл. Атамістыка), ідэю прыродазнаўча-гіст. развіцця жывога з нежывога, распрацавалі вучэнне аб процілегласці, супярэчнасці і інш. У эпоху сярэднявечча ант. Н. была выцеснена крэацыянісцкімі ўяўленнямі хрысц., мусульм. і іудзейскай тэалогіі. У эпоху Адраджэння Н. пераадолела характэрныя для антычнасці антрапамарфізм і міфалагізм, стала больш грунтоўна апірацца на прыродазнаўча навук. веды (Дж.​Бруна, Б.​Тэлезіо, Т.​Кампанела), але адчувала на сабе ўплыў сярэднявечча (гілазаізм, магія, кабала). У 17—18 ст., у эпоху прагрэсу механістычнага прыродазнаўства, калі перавагу мелі аналіт. метады і метафіз. спосаб разгляду прыроды, Н. страціла былое значэнне. Адраджаецца Н. ў 1-й пал. 19 ст., яе развіццё звязана з дзейнасцю І.​Канта. Ф.​Шэлінга і інш. прадстаўнікоў класічнай ням. філасофіі. У канцы 10 — пач. 20 ст. В.​Оствальд, Г.​Дрыш, Т.​Ліпс і інш. імкнуліся з дапамогай Н. пераадолець крызіс найноўшага прыродазнаўства. Ідэі Н. характэрны і для 20 ст., яны праявіліся ў філасофіі рас. касмізму (А.​Л.​Чыжэўскі, У.​І.​Вярнадскі), тэорыі касмагенезу (П.​Тэяр дэ Шардэн) і інш. філас. плынях.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭФІ́РЫ,

сінтэтычныя палімеры, якія ў асн. ланцугу макрамалекулы маюць простую эфірную C—O—C (простыя П.) ці складанаэфірную —C(O)O— групу (складаныя П.).

Паводле прыроды вуглевадароднага фрагмента асн. ланцуга падзяляюць на аліфатычныя і араматычныя. Простыя П. атрымліваюць катыённай полімерызацыяй цыклічных аксідаў ці полікандэнсацыяй, складаныя — поліэтэрыфікацыяй (полікандэнсацыя, якая прыводзіць да ўтварэння ў макрамалекуле складанаэфірных сувязей) дыкарбонавых кіслот ці іх вытворных (дыэфіраў, дыхлорангідрыдаў) з гліколямі або паліоламі. Простыя П. — цвёрдыя крышт. ці шклопадобныя рэчывы. Аліфатычныя маюць нізкія т-ры плаўлення (ад 40 да 180 °C). найб. тэрмаўстойлівыя поліэтылен- і поліпрапіленаксіды раскладаюцца пры t > 300 °C. Раствараюцца ў вадзе (акрамя поліфармальдэгіду; за выключэннем поліэтыленаксіду растваральнасць П. памяншаецца з павелічэннем іх малекулярнай масы), хлараваных і араматычных вуглевадародах, эфірах, кетонах; гідралізуюцца к-тамі. Араматычныя не раствараюцца ў вадзе, устойлівыя ў растворах шчолачаў і кіслот; тэрмаўстойлівыя (раскладаюцца пры т-ры 350—400 °C). Найб. шырока выкарыстоўваюць поліфармальдэгід, поліэтылен- і поліпрапіленаксіды, пентапласт, полівінілацэталі. Складаныя П. — высокавязкія вадкасці ці цвёрдыя аморфныя або крышт. рэчывы. шчыльн. 900—1500 кг/м³, мал. м. (0,5—500) 10​3 (для аліфатычных меншая за 50 тыс.). Звычайна не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў арган растваральніках. Найб. тэрмаўстойлівыя — поліарылаты (складаныя П. двухатамных фенолаў і дыкарбонавых кіслот) раскладаюцца пры т-ры вышэй за 300 °C. Уступаюць у рэакцыі, характэрныя для складаных эфіраў. Найб. пашыраны алкідныя смолы, поліэтылентэрэфталат, поліарылаты (у т. л. полікарбанаты), П. малеінавай і фумаравай кіслот (гл. Поліэфірныя смалы) і поліэфірурэтаны (гл. Поліурэтаны).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РАХ,

цвёрдая сумесь хім. злучэнняў (арган. і неарган.), здольная ўстойліва (без пераходу ў дэтанацыю) гарэць без доступу паветра і ў паветры пры знешнім ціску ад 0,1 да 1000 МПа. Адносіцца да кідальных выбуховых рэчываў. Выкарыстоўваюць як крыніцу энергіі для надання снарадам, ракетам і да т.п. неабходнай скорасці пры палёце да цэлі.

Для стварэння рэжыму ўстойлівага гарэння з рэгламентаванай скорасцю цепла- і газавыдзялення П. фармуюць у маналітныя шчыльныя зарады з высокай мех. трываласцю, што засцерагае іх ад разбурэння ў ствале гарматы пры выстрале ці пры гарэнні ў ракетным рухавіку. Гарыць П. паслойна-паралельна ў напрамку перпендыкулярным да паверхні зарада. У ствольных сістэмах згарае за сотыя і тысячныя долі секунды, у ракетных рухавіках — за дзесяткі секунд. Пры гарэнні вылучаецца вял. колькасць (да 1 м³ /кг)газаў з т-рай 1200—3700 °C. Асн. энергет. характарыстыкі П. — цеплата згарання (2,5—5,4 МДж/кг) і працаздольнасць: для ствольных сістэм т.зв. сіла П. (для піраксілінавых порахаў каля 10​6 Н∙м/кг), для ракетных сістэм — адзінкавы імпульс, які адпавядае лікаваму значэнню ўдзельнай цягі, што развівае ракетны рухавік пры згаранні 1 кг П. Паводле хім. саставу адрозніваюць П. нітрацэлюлозныя (бяздымныя nopaxi) і сумесевыя. Сумесевыя П. — гетэрагенныя кампазіцыі з крышт. акісляльніку (звычайна перхларат амонію NH4ClO4, 70—80% па масе) і гаручага палімернага сувязнага (пераважна сінт. каўчукі і смолы, 10—20%). Іх выкарыстоўваюць у ракетных рухавіках і называюць сумесевымі цвёрдымі ракетнымі палівамі. Да сумесевых адносіцца таксама дымны порах.

А.​П.​Герасімчык, А.​В.​Урублеўскі.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЛ у тэхніцы,

від аэразолю, у якім дробныя (да 0,1 мм) цвёрдыя часцінкі знаходзяцца ў завіслым стане ў газавым асяроддзі. Звычайна ўтвараецца ў выніку дыспергавання цвёрдых цел. Часцінкі П. могуць несці эл. зарад, быць электранейтральнымі ці радыеактыўнымі. Некаторыя віды вытв. П. выбухова- і пажаранебяспечныя, забруджваюць прыроду, выклікаюць захворванні. Паветр. прастора ўтрымлівае П. разнастайнага паходжання (гл. Пыл у атмасферы). Канцэнтрацыя П. (запыленасць) выражаецца колькасцю часцінак або іх агульнай масай у адзінцы аб’ёму газу (паветра). Барацьба з утварэннем П. і яго ўлоўліванне — адна з найважнейшых тэхн. і гігіенічных задач (гл. Ачыстка паветра).

У прам-сці часта спецыяльна выкарыстоўваюць распыленне, напр. пры спальванні пылападобнага паліва, паветр. сепарацыі парашкоў, у некаторых хім. тэхналогіях. Непажаданае ўтварэнне П. адбываецца пры здрабненні цвёрдых парод, здабычы карысных выкапняў (рудніковы П.), перапрацоўцы і транспартаванні сыпкіх прадуктаў і матэрыялаў, спальванні арган. паліва. Крыніцамі павышанай запыленасці з’яўляюцца металург., хім., тэкстыльныя вытв-сці, трансп. сродкі і інш. Прамысл. П. шкодзіць абсталяванню, зніжае якасць прадукцыі (напр., паўправаднікоў, электронных прылад), пагаршае гігіенічныя ўмовы працы. Для барацьбы з вытв. П. ажыццяўляюць пылаўлоўліванне з дапамогай скрубераў, цыклонаў, пылаасадачных камер, эл. (у якіх часцінкі П. асядаюць на электродах), акустычных (з выкарыстаннем ультрагуку) і інш. пылаўлоўнікаў. Эфектыўныя спосабы выдалення П. — вентыляцыя з выкарыстаннем паветр. фільтраў, розныя сістэмы газаачысткі. Для засцярогі ад П. выкарыстоўваюць рэспіратары, шлемы-скафандры, спец. адзенне. Ступень запыленасці паветра вызначаюць пыламерамі — з фільтравальным матэрыялам, на якім асядаюць часцінкі П., і найб. пашыранымі аптычнымі, у якіх святло паглынаецца ці рассейваецца пылапаветраным патокам.

У.​М.​Сацута.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СТАВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

эндагенныя і экзагенныя рэгулятары размнажэння клетак. Маюць спецыфічную здольнасць стымуляваць ці прыгнечваць дзяленне клетак у тканках-мішэнях і падтрымліваць тканкавую раўнавагу (стацыянарны стан). З’яўляюцца натуральнымі рэгулятарамі клетачнага цыкла, нетаксічныя, уздзейнічаюць выбіральна і пераважна лакальна, таму адносяцца да аўтакоідаў. У жывёл адрозніваюць гармоны, цытакіны, фактары росту і кейлоны. Гармон росту — адзін са стымулятараў размнажэння клетак. Цытакіны (лімфакіны, інтэрлейкіны, манакіны) — нізкамалекулярныя поліпептыдныя фактары (мал. м. 10 000—45 000). Абумоўліваюць узаемадзеянне паміж клеткамі імуннай або інш. сістэм. Фактары росту (у т. л. нерваў, эпідэрмальны, тромбацытарны, інсулінападобны, калоніестымулюючы і інш.) — поліпептыды (мал. м. 5000—50 000) з’яўляюцца стымулятарамі клетачнага дзялення. Кейлоны — поліпептыды або нізкамалекулярныя глікапратэіды — прыгнечваюць дзяленне клетак і стымулююць іх дыферэнцыроўку; дзейнічаюць па прынцыпе адваротнай сувязі (напр., памяншэнне колькасці лімфацытаў пры крывацёку выклікае памяншэнне ўзроўню кейлонаў і павышэнне мітатычнай актыўнасці адпаведных тканак). Прымаюць удзел у нармальным і злаякасным росце тканак, гаенні ран, імунных рэакцыях і інш. У раслін Р.р. — арган. рэчывы, якія стымулююць або прыгнечваюць рост і развіццё раслін. Да натуральных Р.р. адносяцца фітагармоны і інгібітары негарманальнай прыроды (некат. фенолы, вытворныя мачавіны і інш.), сінт. — стымулятары тыпу аўксінаў (індалілалейная або нафтылвоцатная к-та) і інгібітары (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты і інш.). Выкарыстанне Р.р. дазваляе атрымліваць зрухі ў абмене рэчываў і развіцці раслін, ідэнтычныя тым, якія ўзнікаюць пад уплывам пэўных знешніх умоў (даўж. дня, т-ра і інш.). Напр., у сельскай гаспадарцы Р.р. выкарыстоўваюцца для прадухілення ападання завязі ў пладовых дрэў і ягаднікаў, для затрымкі прарастання клубняў бульбы пры захоўванні.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНАЯ КІСЛАТА́,

моцная двухасноўная к-та, H2SO4; адзін з асн. прадуктаў хім. прам-сці.

Бязводная (100%-ная) С.к. — бясколерная масляністая вадкасць, шчыльн. 1830,5 кг/м³ (20 °C), tпл 10,4 °C, tкіп 296,2 °C (кіпіць з раскладаннем). З вадой і трыаксідам серы SO3 (гл. Серы аксіды) змешваецца ў любых суадносінах. У водных растворах практычна цалкам дысацыіруе на іоны. Канцэнтраваная С.к. — моцны акісляльнік (асабліва пры награванні); акісляе многія металы (напр., медзь, ртуць), неметалы (вуглярод, серу і інш.), бромісты і ёдзісты вадарод. Разбаўленая ўзаемадзейнічае з актыўнымі, размешчанымі ў электрахім. радзе напружанняў да вадароду, металамі з вылучэннем вадароду. Утварае солі сульфаты і гідрасульфаты, а таксама эфіры (сульфаты арган.). У прам-сці С.к. атрымліваюць кантактным і нітрозным (вежавым) спосабамі. Зыходнае рэчыва для атрымання С.К. — дыаксід серы, які акісляюць да SO3 кіслародам пры 440 °C у прысутнасці каталізатара (кантактны спосаб) або аксідамі азоту, растворанымі ў С.к. (нітрозны спосаб). Выкарыстоўваюць у вытв-сці мінер. угнаенняў, розных мінер. кіслот і солей, лек. і мыйных сродкаў, фарбавальнікаў, хім. валокнаў, выбуховых рэчываў, а таксама для ачысткі нафтапрадуктаў, у металургіі і гідраметалургіі урану, медзі, нікелю і інш. металаў, як электраліт у свінцовых акумулятарах, асушальнік і інш. С.к. — вельмі агрэсіўнае рэчыва (клас небяспечнасці 2), выклікае цяжкія апёкі скуры, пара пашкоджвае слізістыя абалонкі і лёгкія; ГДК аэразолю С.К. ў атм. паветры 0,1 мг/м³ (сярэднясутачная); смяротная канцэнтрацыя 0,18 мг/л (экспазіцыя 60 мін).

Літ.:

Васильев Б.Т., Отвагина М.И. Технология серной кислоты. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ФТА (тур. neft праз перс. ад грэч. naphtha),

вадкі гаручы карысны выкапень; складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў з інш. арган. злучэннямі. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыб. больш за 1,2—2 км. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла і інш. (гл. Нафтапрадукты), а таксама як сыравіну ў хім. прам-сці (гл. Нафтахімія, Нафтахімічная прамысловасць).

Масляністая вадкасць ад светла-рудога да цёмна-бурага (амаль чорнага) колеру з характэрным пахам, шчыльн. 730—1050 кг/м³ (звычайна 820—950 кг/м³); падзяляюць на лёгкую і цяжкую (шчыльн. меншая і большая за 900 кг/м³ адпаведна). Характарызуецца т-рай пачатку кіпення — звычайна 20—30 °C, часам 100 °C і вышэй Цеплата згарання 43,7—46,2 МДж/кг. У звычайных умовах не раствараецца ў вадзе, але можа ўтвараць з ёй устойлівыя эмульсіі. Фіз. ўласцівасці Н. абумоўлены яе хім. саставам. Н. ўяўляе сабой сумесь парафінавых, нафтэнавых (з 5- і 6-членнымі цыкламі) і араматычных вуглевадародаў, гетэраатамных арган. злучэнняў, пераважна сярністых, кіслародных і азоцістых. Кампанентамі Н з’яўляюцца таксама раствораныя ў ёй вуглевадародныя газы (гл. Газы нафтавыя спадарожныя), мінер. рэчывы і вада. Асн. элементы ў саставе Н. — вуглярод (82—87%) і вадарод (11—14%), ёсць таксама сера (ад 0,1 да 5%), азот і кісларод (звычайна не больш за 0,3—0,5%, часам да 1%); у Н. выяўлена больш за 50 розных элементаў. Н. розных радовішчаў адрозніваецца колькасцю вуглевадародаў розных класаў і прымесей. Класіфікуюць Н. паводле вуглевадароднага саставу фракцыі, што выкіпае пры т-ры 250—300 °C (хім класіфікацыя), колькасці серы і якасці вырабленых нафтапрадуктаў (тэхнал. класіфікацыя) Паводле хім. класіфікацыі адрозніваюць: Н. парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя (маюць больш за 50% вуглевадародаў адпаведнага класа), а таксама — змешаных тыпаў (разам з вуглевадародамі асн. класа маюць больш за 25% вуглевадародаў інш. класа). Па колькасці серы падзяляюць на маласярністыя (да 0,5% серы), сярністыя (0,51—2%) і высокасярністыя (больш за 2% серы), паводле якасці нафтапрадуктаў адрозніваюць 3 падкласы Н., якія падзяляюцца на гатункі.

Лічыцца, што Н ўтварылася з рэшткаў арган. рэчываў, рассеяных у асадкавых адкладах, пад уздзеяннем высокіх т-ры і ціску; некат. даследчыкі паходжанне Н. звязваюць з глыбіннымі магматычнымі працэсамі. Найбуйнейшыя нафтагазаносныя асадкавыя басейны прымеркаваны да ўнутрыплатформавых, унутрыскладкаватых, складкавата-платформавых і краявых прагінаў, а таксама перыакіянічных платформ. Радовішчы Н. (агульная пл. каля 80 млн. км²) выяўлены на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды (каля 50 млн. км²) і на шэльфавых плошчах акваторый (30 млн. км²); гл. Мінеральныя рэсурсы. У свеце каля 30 тыс. радовішчаў Н., агульныя запасы 155 073,4 млн. т (1997), з іх 15—20% — газанафтавыя. Адзін з найб. (па запасах) — Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, дзе толькі ў 2 радовішчах Гавар (Саудаўская Аравія) і Бурган (Кувейт) сканцэнтравана больш за 12% разведаных нафтавых запасаў свету. Найб. запасы Н. (1997, млн. т.: Саудаўская Аравія — 35 863, Расія — 21 252,9, Ірак — 15 342,5, Кувейт — 12 972,6, Іран — 12 397,3, Венесуэла — 9945,6, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 8718.

На Беларусі першы фантан Н. атрыманы ў 1953, на Ельскай структуры. Першае прамысл. Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Усяго адкрыта 62 радовішчы Н. (1999). Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл.; прымеркаваны да паўн. ч. Прыпяцкага прагіну. Н. залягае ў пратэразойскіх адкладах, у падсалявых тэрыгенных (полацкі і ланскі гарызонты) і карбанатных (саргаеўскі, сямілуцкі, варонежскі), міжсалявых (задонскі, ялецкі, петрыкаўскі) і ўнутрысалявых (лебядзінскі) адкладах верхняга дэвону. Паклады Н. шматпластавыя (падсалявыя), масіўныя (міжсалявыя), літалагічныя (унутрысалявыя), скляпенневыя, тэктанічна і літалагічна экранаваныя. Глыб. залягання ад 1612 м (Бярэзінскае радовішча) да 4580 м (Першамайскае). Пл. нафтавых пакладаў ад менш за 1 км² да 50 км² (Рэчыцкае). Калектары асн. гарызонтаў кавернаватрэшчынныя карбанатныя пароды, у тэрыгеннай падсалявой тоўшчы — порыстыя пясчана-алеўрытавыя. Магутнасць нафтанасычаных парод ад 1—2 да 180 м (Паўд.-Аляксандраўскае). Паводле вуглевадароднага саставу Н. метанава-нафтэнавага тыпу, шчыльн. 787—985 кг/м³. Выхад светлых фракцый да 300 °C ад 24 да 68%. Колькасць парафіну да 15%, смол да 53%, серы 0,03—4,79%. У пластавых умовах умяшчае спадарожныя газы — 14—439 м³/т. Якасць Н. мяняецца па пл. Прыпяцкага прагіну: на Пн пераважаюць парафіністыя, смалістыя, маласярністыя, сярэдняй шчыльнасці, на Пд — цяжкія, высокасмалістыя, высокасярністыя, малапарафіністыя. Здабываюць Н. фантанным і механізаваным спосабамі. Разведка Н. вядзецца ВА «Белгеалогія» (б. «Беларусьгеалогія») і ВА «Беларусьнафта», здабыча — ВА «Беларусьнафта», гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць. Частка здабытай Н. транспартуецца па нафтаправодзе «Дружба». Перапрацоўка Н. ажыццяўляецца на Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і «Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць). Рэалізацыя нафтапрадуктаў здабываецца праз нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Каардынацыйная дзейнасць па пытаннях пошуку, разведкі, здабычы, транспарціроўкі, перапрацоўкі Н. і забеспячэння нар. гаспадаркі нафтапрадуктамі вядзецца Бел. дзярж. канцэрнам па нафце і хіміі «Белнафтахім». Даследаваннямі Н. займаюцца Бел. н.-д. геолага-разведачны ін-т ВА «Белгеалогія» і Беларускі н.-д. і пракатны ін-т нафтавай і газавай прам-сці ВА «Беларусьнафта».

Літ.:

Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;

Петров А.А. Углеводороды нефти. М., 1984;

Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;

Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы Мн., 1997.

У.​А.​Багіна, Ю.​Р.​Егіязараў, А.​Ф.​Мікуленка.

Нафта.

т. 11, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)