ЭКАСІСТЭ́МА (ад эка... + сістэма),
прыродны функцыян. комплекс, утвораны ўзаемадзеяннем жывых арганізмаў з іх асяроддзем; адкрытая тэрмадынамічная сістэма, стабільнасць якой падтрымліваецца кругаваротам рэчываў і патокамі энергіі. Асн. працэс у Э. — іх біялагічная прадукцыйнасць, якая праходзіць з рассейваннем ч. энергіі ў форме цяпла.
Тэрмін «Э.» прапанаваны англ. батанікам А.Тэнслі (1935); яго выкарыстоўваюць у дачыненні да прыродных аб’ектаў рознага аб’ёму і складанасці: возера, лес, балота, лужына, Зямля ўвогуле. Характарызуецца Э. відавым складам, колькасцю асобін кожнага віду, іх біямасай, размеркаваннем і сезоннай дынамікай, суадносінамі розных трафічных груп, інтэнсіўнасцю працэсаў прадуцыравання і дэструкцыі арган. рэчыва. Размяркоўваюць Э. па геагр., фіз.-хім., трафічных умовах, відавой разнастайнасці і інш.
Літ.:
Уиттекер Р. Сообщества и экосистемы: Пер. с англ. М., 1980;
Одум Ю. Экология: Пер. с англ. М., 1986.
В.В.Маўрышчаў.
т. 18, кн. 1, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)