ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.
Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.
Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВКБССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх.СаветаСССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).
Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССРгл. ў арт.Ордэн, Медаль.
Г.А.Маслыка.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,
сустрэча кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі [старшыня СНКСССР І.В.Сталін, прэзідэнт ЗША Г.Трумэн, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У.Чэрчыль (28 ліп. яго замяніў новы прэм’ер-міністр К.Р.Этлі)], якая адбылася 17.7—2.8.1945 у г.Патсдам. Мэта — вырашыць гал.міжнар. праблемы, што ўзніклі ў сувязі з разгромам гітлераўскай Германіі. Канферэнцыя разглядала пытанні пасляваен. мірнага ўрэгулявання ў Еўропе і ў тым ліку парадак падрыхтоўкі мірных дагавораў з пераможанымі краінамі. З гэтай мэтай быў створаны пастаянны орган — Савет міністраў замежных спраў у складзе прадстаўнікоў краін — пастаянных чл.Савета Бяспекі ААН (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая). Гал. месца ў рабоце канферэнцыі заняло герм. пытанне. Германія разглядалася як адзінае эканам. і паліт. цэлае. У адносінах да яе дзяржавы-пераможцы вырашылі праводзіць у перыяд акупацыі ўзгодненую палітыку, сутнасць якой была ў дэмілітарызацыі, дэнацыфікацыі і дэмакратызацыі краіны. Канферэнцыя пастанавіла ліквідаваць герм.манапал. аб’яднанні як небяспечны ачаг мілітарызму і перавесці ўсю прам-сць Германіі на мірныя рэйкі. На канферэнцыі канчаткова ўзгоднена сістэма чатырохбаковай акупацыі Германіі; вырашана, што рэпарацыйныя прэтэнзіі кожная дзяржава задаволіць шляхам канфіскацый у сваіх зонах акупацыі (ЗША і Вялікабрытанія перадавалі СССР 25% канфіскаванага ў іх зонах прамысл. абсталявання). Герм. флот краіны-пераможцы падзялілі паміж сабой пароўну. П.к. вырашыла важныя тэр. пытанні: аб перадачы СССРг. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з прылеглымі раёнамі, а Польшчы — яе карэнных зямель на У ад рэк Одэр (Одра) і Нейсе (Ныса), б.ч. былой Усх. Прусіі і тэр.б. вольнага г. Данцыг (Гданьск). Ням. насельніцтва з Польшчы, Чэхаславакіі і Венгрыі высялялася ў Германію. Прынята рашэнне пра арышт і аддачу пад суд гал.ваен. злачынцаў (гл.Нюрнбергскі працэс). Сав. дэлегацыя пацвердзіла гатоўнасць СССР уступіць у вайну супраць Японіі. 26 ліп. ЗША, Вялікабрытанія і Кітай падпісалі Патсдамскую дэкларацыю 1945 аб асн.паліт. прынцыпах капітуляцыі Японіі. Вынікі П.к. мелі вял. значэнне для пасляваен. мірнага ўрэгулявання.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1979. Т. 10. С. 475-185;
Тегеран—Ялта—Потсдам: Сб. док. 3 изд. М., 1971;
История дипломатии. 2 изд. М., 1975. Т. 4. С. 664—691.
І.А.Літвіноўскі.
Да арт.Патсдамская канферэнцыя 1945. І.В.Сталін, Г.Трумэн і У.Чэрчыль у перапынку паміж пасяджэннямі Патсдам. Ліпень 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЭСТО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Мірны дагавор 1920 (Тартускі дагавор), падпісаны 2 лют. ў г. Тарту (Эстонія) паміж РСФСР і Эст. Рэспублікай, спыніў удзел Эстоніі на баку Антанты ў вайне супраць Сав. Расіі (дагавор аб прыпыненні ваен. дзеянняў падпісаны ў Тарту 31.12.1919). Складаўся з 20 артыкулаў і шэрагу дадаткаў. Забяспечыў прызнанне Сав. Расіяй незалежнасці і самастойнасці эст. дзяржавы, вызваленне Эстоніі ад адказнасці па даўгавых і інш. абавязацельствах Расіі, перадачу Эстоніі ўсёй рас. маёмасці на яе тэр. (у т. л. суднаў, акцый фірмаў) і 15 млн.руб. з залатога запасу Расіі, што гарантавала пакрыццё золатам папяровых эст. грошай. Да Эст. Рэспублікі адышлі землі, прылеглыя да ўсх. берага р. Нарва, і раён Пячоры (Петсеры) з крэпасцю Ізборск (гл. карту). Дагаворам устанаўліваліся дыпламат. і консульскія адносіны. Ён дзейнічаў да ўваходжання Эстоніі ў склад СССР (лета 1940), у 1990—91 стаў адной з юрыд. падстаў для аднаўлення эст. дзяржаўнасці. Сучасная мяжа паміж Рас. Федэрацыяй і Эстоніяй устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх.СаветаСССР ад 23.8.1944 і пастановамі Вярх. Саветаў РСФСР і Эст. ССР, прынятымі ў 1957. Дагавор 1932 аб ненападзе і мірным вырашэнні канфліктаў, падпісаны 4 мая ў Маскве паміж СССР і Эстоніяй тэрмінам на 3 гады. Бакі абавязваліся ўстрымлівацца ад нападаў і дзеянняў, накіраваных супраць тэр. цэласнасці і паліт. незалежнасці, ад удзелу ў пагадненнях і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Пратаколам ад 4.4.1934 дагавор працягнуты да 31.12.1945. Пакт аб узаемадапамозе 1939, падпісаны 28 вер. ў Маскве паміж СССР і Эст. Рэспублікай па ініцыятыве сав. боку ва ўмовах пачатку 2-й сусв. вайны. Бакі абавязваліся не ўдзельнічаць у саюзах і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку, узаемна дапамагаць, у т. л. і ў выпадку ваен. нападу ці пагрозы з боку інш. дзяржавы. Эстонія дазволіла СССР мець на а-вах Саарэмаа (Эзель), Хіума (Дага) і ў г. Пальдыскі ваен.-марскія базы і аэрадромы на правах арэнды і сав.вайск. часці для іх аховы. У чэрв. 1940 на падставе гэтага пакта Сав. Саюз увёў свае войскі ў Эстонію, у выніку чаго там адбылася змена дзярж. улады і ладу, а рэспубліка была ўключана ў склад СССР (жн. 1940).
Літ.:
Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией. Литвой и Эстонией, авг. 1939 г.—авг. 1940 г.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя ў межах якой-н. дзяржавы, дзе ўстанаўліваюцца пэўныя льготныя ўмовы (прэферэнцыі) гасп. і прадпрымальніцкай дзейнасці мытнага, валютнага, падатковага, візавага характару. Задачы С.э.з.: стымуляванне ў зоне дзейнасці, звязанай з апрацоўкай тавараў, што павялічвае іх вартасць, рост экспарту; прыцягненне замежных інвестыцый і новых тэхналогій; стварэнне ўмоў для выхаду нац. кампаній і фірм на знешнія рынкі; паскарэнне эканам. развіцця краіны. Іх вырашэнне дасягаецца праз стварэнне за кошт дзярж. інвестыцый вытв. інфраструктуры, адмены мытных пошлін і падаткаабкладання экспарту, вызвалення або змяншэння падаткаў на даходы прадпрыемстваў і фірм зоны, ільготнага перамяшчэння даходаў замежных інвестараў за межы краіны, надання права набыцця ўчасткаў зямлі на тэр. зоны па льготных стаўках, ільготнага крэдытавання для будаўніцтва вытв. пабудоў і інш. Больш як 40-гадовая сусв. практыка сведчыць, што ў сваім развіцці С.э.з. праходзяць 3 асн. этапы. На першым ствараецца вытв. і абслуговая інфраструктура, аддаецца перавага прадпрыемствам, якія забяспечваюць хуткае абарачэнне капіталу ў гандлі, сельскай гаспадарцы, сферы паслуг. Другі этап характарызуецца ростам прамысл. прадпрыемстваў у спалучэнні са знешнім гандлем. На наступным этапе ажыццяўляецца пераход ад працаёмкіх працэсаў вытв-сці да перавагі тэхналогій перадавых галін.
Найб. пашырэнне атрымалі экспартна-вытворчыя і імпартна-вытворчыя С.э.з., бязмытныя зоны або зоны свабоднага гандлю (парты, аэрапорты), спецыялізаваныя зоны навук.-тэхн. развіцця, зоны страхавых і банкаўскіх паслуг. У свеце дзейнічае каля 480 С.э.з. рознай спецыялізацыі.
На Беларусі С.э.з. ствараюцца з 1990-х г. Іх дзейнасць рэгулюецца заканадаўствам. Нарматыўна-прававая база закладзена ў 1996 Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб свабодных эканам. зонах на тэр. рэспублікі. На 1.1.2001 на Беларусі функцыянуюць 4 С.э.з.: «Брэст», «Мінск», «Гомель-Ратон», «Віцебск», зарэгістравана 169 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў. Фактычна працуюць 144 прадпрыемствы-рэзідэнты (85,2%), з іх 50% знаходзіцца ў Брэсцкай зоне, большасць рабочых месц (52,6%) прыпадае на Гомельскую зону. Прамыя замежныя інвестыцыі ў 2000 на ўсе зоны склалі 6896,7 млн.руб.Асн. галіны вытв-сці ў бел. С.э.з. — прадпрыемствы электратэхн., лясной, дрэваапр. і цэлюлознапапяровай, харч. прам-сці. Аб’ём прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі-рэзідэнтамі ўсіх зон, склаў менш за 1% ад агульнай па рэспубліцы. Гэта сведчыць, што С.э.з. істотнага ўплыву на эканоміку краіны пакуль што не робяць.
Літ.:
Данько Т.П., Окрут З.М. Свободные экономические зоны в мировом хозяйстве. М., 1998;
Абрамчук С.Н. Свободные экономические зоны в Республике Беларусь: пробл. и перспективы развития. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТ (Раман Аляксандравіч) (7.5.1868, в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. —7.10.1939),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Са шляхецкага роду Скірмунтаў. Скончыў Рыжскую гімназію. Быў старшынёй Т-ва па распрацоўцы с.-г. і эканам. патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Адзін з ідэолагаў краёўцаў, аўтар публіцыстычных твораў. Дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнац. блока польскай, літ. і бел.парт. арг-цый. У 1906 дэпутат I Дзярж. думы Рас. імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у т.зв. Групу зах. ускраін. Выступаў супраць адчужэння прыватнаўласніцкіх зямель і перадачы іх у дзярж. фонд, быў прынцыповым апанентам сацыяліст. ідэі абагульнення зямлі і інш. сродкаў вытворчасці. У кастр. 1910 — студз. 1911 чл.Дзярж.саветаРас. імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. З 1911 гласны Мінскага губ. земства, з 1914 чл. Мінскага губ.к-таУсерас. земскага саюза, у 1917 заг. аддзела Мінскага губ. харчовага к-та. У студз. 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у сак.—ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У крас. 1917 узначальваў бел. дэлегацыю да рас. Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Кіраўнік «Менскага беларускага прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі, у праграмнай дэкларацыі якога 9.7.1918 выказаўся за здабыццё дзярж. органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэр. беларусаў, памяркоўную агр. рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё бел. культуры. Пасля працаваў у міжнар. камісіі Рады БНР, у ліст. 1918 у складзе надзвычайнай бел. дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнар. прызнання незалежнасці Беларусі. У час сав.-польскай вайны імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне краю цалкам у склад II Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Адзін з заснавальнікаў Польска-бел. т-ва ў Варшаве (1919). У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР расстраляны.
Літ.:
Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994. № 6;
Рудовіч С. «... Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды паліт.біягр. Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТЫ,
шляхецкі род уласнага герба (з 19 ст. герба «Дуб») у ВКЛ і Рас. імперыі. Выводзілі сябе ад легендарнага летапіснага кн. Скірмунта. Верагодна, паходзілі з Упіцкага пав. Пачынальнік пінскай лініі роду Богуш С. у 1543 быў падстаростам давыд-гарадоцкім. Найб. вядомыя:
Аляксандр (? — да сак. 1746), пінскі абозны, скарбнік з 1720, гараднічы з 1726. Аляксандр (? — да чэрв. 1801), сын Баніфація, пінскі каморнік гранічны з 1779, мастаўнічы з 1793, харунжы. Каспар Вінцэнт (4.1.1775—?), сын Аляксандра, пінскі падсудак у 1799—1805, падкаморы ў 1820—26. Сымон (1751—?), сын Ігнація, пінскі мастаўнічы з 1776, мечнік з 1790, падчашы з 1793, маршалак брэсцкі ў 1799, дэп. Трыбунала ВКЛ (1776), з 1790 пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Адам (? — да студз. 1820), сын Міхала, пінскі канюшы з 1765, суддзя земскі з 1790, падкаморы з 1811, пасол на соймы 1773—75 і 1793, з 1794 чл. Пастаяннай рады. Аляксандр Ізідар [1(21?).1.1799, в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 22.7.1870], сын Сымона, маршалак пінскі ў 1832—34, камергер (1834). У 1830 заснаваў цукр. ф-ку ў Моладаве, у 1836 — суконную і цукровую ф-кі ў Парэччы, свечачную і мылаварную ф-ку ў Альбрэхтаве, ф-ку с.-г. прылад у Дастоеве, паравы млын у Пінску. Займаўся вінаградарствам у Крыме і Італіі. Алена (1827—74), гл.Скірмунт А. Канстанцыя (1852, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.1.1934), дачка Казіміра і Алены С., публіцыстка, гісторык. Аўтар кн. «Гісторыя Літвы, выкладзеная ў нарысе» (1886), «З найстаражытнейшых часоў літоўскага племені» (1892), «Паданні: Даміндоўгавы часы. Гісторыя старажытнай Прусіі» (1903), «Міндоўг — кароль Літвы» (1909). Належала да краёўцаў, як публіцыст выступала ў час.«Край», газ. «Przegląd Wileríski» («Віленскі агляд»), «Виленский вестник». Канстанцін (30.8.1866, в. Моладава — 24.7.1949), сын Генрыка, дыпламат. Адзін з заснавальнікаў Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907). У 1909—17 чл.Дзярж.Савета. У 1919—21 польскі пасол у Італіі, у 1921—22 міністр замежных спраў, у 1922—34 пасол у Вялікабрытаніі. Аўтар мемуараў. Генрык (1868, в. Моладава — 20.9.1939), сын Генрыка, паэт (пісаў на польск. мове), кампазітар. У 1898 выдаў зб. «З вершаў і песень Генрыка Скірмунта», у 1903—12 — зб. «Паэзія» (т. 1—2). Аўтар оперы «Пан Валадыёўскі» (пастаўлена ў 1902 у Львове). З 1920 гаспадарыў у Моладаве. Расстраляны сав. ўладамі. Раман Мар’ян (1868—1939), гл.Скірмунт Р.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІН (Уладзімір Ільіч) (сапр.Ульянаў; 22.4.1870, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 21.1.1924),
расійскі і савецкі паліт., дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. рабочага руху. Нарадзіўся ў сям’і інспектара нар. вучылішчаў, які стаў патомным рас. дваранінам. Старэйшы брат Л. пакараны смерцю (1887) за ўдзел у замаху на цара Аляксандра III. Л. вучыўся ў Казанскім ун-це (1887), з якога за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях выключаны і сасланы ў с. Какушкіна Казанскай губ. Экстэрнам здаў экзамен за юрыд.ф-т у Пецярбургскім ун-це (1891). Працаваў пам. прысяжнага паверанага ў г. Самара. У 1895 удзельнічаў у стварэнні Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», арыштаваны і высланы на 3 гады ў с. Шушанскае Енісейскай губ. У ссылцы вітаў стварэнне ў Мінску ў 1898 Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) і асн. палажэнні яе «Маніфеста». У 1900 выехаў за мяжу і разам з Г.В.Пляханавым пачаў выданне газ.«Искра», якая падрыхтавала праект Праграмы РСДРП. У розны час быў рэдактарам бальшавіцкіх газ. «Пролетарий», «Рабочая газета», «Правда». На II з’ездзе РСДРП (1903, Брусель—Лондан) Л. узначаліў бальшавіцкую плынь РСДРП (гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза). У працах «Што рабіць?» (1902), «Крок наперад, два крокі назад» (1904) ён сфармуляваў ідэйныя і арганізац. асновы партыі новага тыпу. З 1905 у С.-Пецярбургу, з 1907 зноў у эміграцыі. У перыяд рэвалюцыі 1905—07 распрацоўваў тэорыю перарастання бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, абгрунтаваў неабходнасць вядучай ролі ў іх рабочага класа («Дзве тактыкі сацыял-дэмакратыі ў дэмакратычнай рэвалюцыі», 1905). Чл.ЦК партыі з ліст. 1903 (кааптаваны), у 1905—06 і з 1912 (канд. у 1907—12), чл. Палітбюро ЦК у кастр. 1917 і з 25.3.1919. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў крас. 1917 вярнуўся ў Петраград, абвясціў курс на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам, пераходам улады да Саветаў. Узначальваў кіраўніцтва Кастр.узбр. паўстаннем у Петраградзе (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). На II Усерас. з’ездзе Саветаў 25—27.10(7—9.11).1917 выбраны Старшынёй СаветаНар. Камісараў (СНК) РСФСР. Адначасова з 1918 Старшыня Савета Рабочай і Сял. Абароны (з 1920 Савет Працы і Абароны). З сак. 1918 у Маскве. Адыграў вырашальную ролю ў заключэнні Брэсцкага міру 1918. 30.8.1918 пры замаху на яго жыццё эсэркай Ф.Каплан быў цяжка паранены. Адобрыў стварэнне Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, якая разам з палітычнымі выкарыстоўвала метады насілля і рэпрэсій у адносінах да духавенства, інтэлігенцыі, апазіцыйных партый. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1922 Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ў якасці сузаснавальніка ўвайшла і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). З 6.7.1923 Старшыня СНК і Савета Працы і Абароны СССР. Чл.ВЦВК з 1917, ЦВКСССР з 1922. У 1922 цяжка захварэў і актыўна не ўдзельнічаў у паліт. жыцці. Пахаваны ў Маўзалеі на Краснай плошчы ў Маскве.
Л. рана стаў прыхільнікам ідэй К.Маркса і Ф.Энгельса. Развіваў іх вучэнне аб пераўтварэнні грамадства на камуніст. пачатках (гл.Камунізм, Марксізм, Марксізм-ленінізм) у прымяненні да новых гіст. умоў. Найважнейшым сродкам рэв. барацьбы лічыў стварэнне партыі прафес. рэвалюцыянераў — «партыі новага тыпу», у адрозненне ад парламенцкіх с.-д. партый. Л. адстойваў прынцып «дэмакратычнага цэнтралізму» ў пабудове партыі. Вызначаўся непрымірымым атэізмам. Прыйшоў да высновы, што капіталізм уступіў у апошнюю стадыю — імперыялізм, і перадавыя краіны Еўропы выспелі для сусв.сацыяліст. рэвалюцыі. Адстойваў курс на ўсталяванне замест дыктатуры буржуазіі дыктатуры пралетарыяту. Лічыў, што Расія павінна пачаць сусв.сацыяліст. рэвалюцыю. У процівагу II Інтэрнацыяналу ён стварыў III Камуністычны Інтэрнацыянал. Востры крызіс у краіне пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—20 прывёў Л. да прызнання неабходнасці замены палітыкі «ваеннага камунізму» і пераходу да «новай эканамічнай палітыкі».
Л. пакінуў вял.навук. і літ.-публіцыст. спадчыну. У сваёй асн.філас. працы «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» (1909) прааналізаваў важнейшыя філас. напрамкі канца 19 — пач. 20 ст., абагульніў найважнейшыя прыродазнаўча-навук. адкрыцці. Ён распрацаваў праблемы класавай сутнасці і функцый розных відаў дэмакратыі і дыктатуры, Саветаў як дзярж. формы дыктатуры пралетарыяту («Дзяржава і рэвалюцыя», 1917; «Пралетарская рэвалюцыя і рэнегат Кауцкі», 1918, лекцыі «Аб дзяржаве», 1919 і інш.). У яго працах больш за 400 выказванняў, тэлеграм, запісак і інш. дакументаў, якія непасрэдна тычацца Беларусі. У творы «развіццё капіталізму ў Расіі» (1899) асветлена сац.-эканам. становішча бел. губерняў на мяжы 19—20 ст., паказана развіццё капіталіст.вытв. адносін у сельскай гаспадарцы Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ., наяўнасць рэшткаў прыгонніцтва, параўнальна хуткі рост гар. насельніцтва, наяўнасць у бел. губернях пераважна дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, вызначаны некат. спецыфічныя рысы ў сац.-эканам. развіцці Беларусі, што адбівалася на класавай барацьбе і дзейнасці мясц.парт. арг-цый. Вывучэнне сац.-эканам. становішча Беларусі дало Л. магчымасць паказаць, што гаспадарка краю развіваецца па шляху капіталізму, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для развіцця с.-д. руху. У працы «Вынікі дыскусіі аб самавызначэнні» (1916) ён адзначыў, што беларусы цярпелі сац. і нац. прыгнёт не толькі рус. царызму, але і польскіх памешчыкаў, што яшчэ з часоў, калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай, Польшча захавала за сабой правы, якія «заключаюцца ў прыгнечанні чужых народаў», бо «польскі памешчык прыгнятае ўкраінскага і беларускага «хлопа». Л. адносіў Беларусь і Украіну да тых рэгіёнаў Расіі, дзе нац. рух яшчэ не завяршыўся і не вычарпаў сваёй прагрэсіўнай місіі. У працы «Аб карыкатуры на марксізм і аб «імперыялістычным эканамізме» (1916, апубл. 1924) ён пісаў: «Для ўкраінцаў і беларусаў... «Бацькаўшчына» тут яшчэ не адспявала ўсёй сваёй гістарычнай песні. «Абарона бацькаўшчыны» яшчэ можа быць тут абаронай дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супраць прыгнятаючых нацый, супраць сярэдневякоўя...». Л. рэзка крытыкаваў праграму культ.-нац. аўтаноміі аўстрыйскіх марксістаў, якую ўзялі на ўзбраенне амаль усе паліт. партыі Расіі, у т. л.Беларуская сацыялістычная грамада» (арт. «Да гісторыі нацыянальнай праграмы ў Аўстрыі і Расіі», 1914). Вызваленне бел. народа ад сац. і нац. прыгнёту Л. звязваў з перамогай сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі. Беларусь і Зах. фронт разглядаў як важны ваенна-паліт. фактар, які мог станоўча паўплываць на перамогу Кастр.ўзбр. паўстання 1917. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 падтрымліваў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту, адобрыў разгон Усебеларускага з’езда 1917, які не прызнаў мясц.сав. ўладу; адмоўна ставіўся да Беларускай Народнай Рэспублікі і падтрымліваў ініцыятыву беларускіх секцый РКП(б) аб стварэнні БССР.
У аналізе дзейнасці Л. і яго ідэй, якія значна паўплывалі на ход гісторыі ў 20 ст., існуе шырокі спектр ацэнак — ад пазітыўных да рэзка крытычных.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—55. 5 изд. М., 1958—65;
Ленинский сборник. Т. 1—39. М.; Л., 1924—80;
Бел.пер. — Тв.Т. 1—45. Мн., 1948—74;
Тое ж.Т. 1—17. Мн., 1953—55;
Выбр. творы. Т. 1—10. Мн., 1986—91.
Літ.:
Воспоминания о В.И.Ленине. Т. 1—5. М., 1968—69;
Уэллс Г. Россия во мгле: Пер. с англ.М., 1970;
В.И.Ленин: Биогр. хроника. Т. 1—12. М., 1970—82;
Белявцев В.И. В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1978;
Cola D. Léninisme. Paris, 1982;
В.И.Ленин: Биография, 1870—1924. Т. 1—2. 8 изд. М., 1987;
Шагинян М. Семья Ульяновых: тетралогия. М., 1988;
И вечно в памяти людской: В.И.Ленин и Белоруссия. Мн., 1990;
Ленин: Человек — мыслитель — революционер: Воспоминания и суждения современников. М., 1990;
Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ.М., 1990;
Троцкий Л.Д. О Ленине // Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Ленин, о котором спорят сегодня. М., 1991;
Волобуев П.В. Ленин (Ульянов) В.И. // Политические деятели России 1917: Биогр. словарь. М., 1993;
Волкогонов Д. Ленин: Полит. портрет. Кн. 1—2. Мн., 1994;
Латышев А.Г. Рассекреченный Ленин. М., 1996;
В.И.Ленин о Белоруссии: Библиогр. указ. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г.М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛУ́ЖАНЫ ЛЕСАВО́Д РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафес. спецыялістам лясгасаў, лесаўпарадкавальных і інш. устаноў, прадпрыемстваў, арг-цый лясной гаспадаркі, работнікам прыродаахоўных органаў і арг-цый, якія працуюць па спецыяльнасці 15 і больш гадоў, за заслугі ў развіцці лясной гаспадаркі, зберажэнні і павелічэнні лясных багаццяў, захаванні расліннага і жывёльнага свету, вырашэнні складаных экалагічных праблем. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1963 існавала ганаровае званне засл. лесавод БССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх.СаветаБССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК СФЕ́РЫ АБСЛУГО́ЎВАННЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУСЬ,
ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафесійным работнікам прадпрыемстваў, аб’яднанняў, устаноў, арг-цый, якія працуюць у розных сферах абслугоўвання насельніцтва 15 і больш гадоў, за заслугі ў аказанні насельніцтву гандл., быт., жыллёвых, камунальных і інш. паслуг, у распрацоўцы і ўкараненні новых відаў паслуг, новых форм і метадаў абслугоўвання, арганізацыі ўстойлівага і якаснага функцыянавання камунальнай гаспадаркі, сістэм водаачысткі і водазабеспячэння, службы ацяплення, асвятлення і захавання жылога фонду, расшырэнні і ўмацаванні матэрыяльна-тэхн. базы прадпрыемстваў, павышэнні ўзроўню падрыхтоўкі кадраў. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 6.5.1970 існавала званне засл. работнік быт. абслугоўвання насельніцтва БССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх.СаветаБССР.
Заслужаныя работнікі сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь