ФА́НІПАЛЬ,
горад у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Баранавічы, чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы. За 15 км на ПнУ ад г. Дзяржынск, 22 км ад Мінска. 11,6 тыс. ж. (2002).
Вядомы з пач. 19 ст. як фальварак Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав., уласнасць Багдашэўскіх. У 1871 пабудаваны чыг. прыпынак Чэчын, пазней стаў чыг. ст. Токараўка, з канца 19 ст. наз. Ф., чыгуначнікі якой 14.11.1917 дапамаглі рэвалюцыянеру-сацыялісту В.А.Пралыгіну правесці ў Мінск браняпоезд. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі тут філіял Маладзечанскага лагера смерці. З 29.4.1984 гар. пасёлак, з 22.6.1999 горад.
Працуюць з-ды жалезабетонных маставых канструкцый, доследна- і рамонтна-мех.; Дзяржынская бройлерная птушкафабрыка, Мінская нафтабаза. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, б-ка, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.
т. 16, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫГЕЛЬНІ́ЦКАЯ Фаня Абрамаўна (парт. псеўд. Фейгла, Валя; 22.3.1906, г. Беласток, Польшча —7.11.1988),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Удзельнік Вял. Айч. вайны. Жонка А.А.Альшэўскага. Скончыла Мінскую школу КПЗБ (1925), Камуніст. ун-т імя Свярдлова ў Маскве (1930). У 1923—25 кіраўнік Цэнтр. парт. сувязі КПЗБ. З 1926 сакратар Пінскага, Баранавіцкага, у пач. 1930-х г. — Слонімскага акр. к-таў КПЗБ. У 1927—28 чл. Часовага краявога сакратарыята ЦК КПЗБ, у 1932—33 упаўнаважаны ЦК КПЗБ па Віленскім краі і чл. Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ. У 1933 прыгаворана польскімі ўладамі да 7 гадоў турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з 1939 на сав. рабоце ў Беластоку. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У 1944—63 на парт. і сав. рабоце ў Гродне і Гродзенскай вобл.
І.А.Карпюк.
т. 17, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́СТКА ПА́РТЫІ ў бальшавікоў,
праверка членаў Рас. (з 1925 Усесаюзнай) камуніст. партыі (бальшавікоў) у 1920—30-я г. з мэтай выдалення з парт. радоў палітычна пасіўных і апазіцыйна настроеных людзей пад выглядам пакарання за парушэнне парт. статута і норм камуніст. маралі. Праводзіліся ўсеагульныя (генеральныя) і частковыя чысткі. 1-я ген. Ч.п. адбылася ў 1921 пасля ўвядзення новай эканамічнай палітыкі (нэп): выключаны 24,1% складу партыі. 2-я ген. Ч.п. праведзена ў 1929—30 у сувязі са згортваннем нэпа і масавай калектывізацыяй: выключана 7,8% складу партыі. У час 3-й ген. чысткі (1933) выключаны 18,3% камуністаў і кандыдатаў у члены партыі. XVIII з’езд ВКП(б) у сак. 1939 пастанавіў адмовіцца ад Ч.п. як надзвычайных мерапрыемстваў і «чысціць» парт. рады ў звычайным парадку. Аб парт. «чыстках» у БССР гл. ў арт. Камуністычная партыя Беларусі.
т. 17, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮСЫ́,
кірыліцкія літары ѫ (юс вялікі), ѧ (юс малы), ѭ (юс вялікі ётаваны), ѩ (юс малы ётаваны), што абазначалі ў стараслав. мове насавыя гукі «ǫ» і «ę». У стараж.-рус. і старабел. мовах, дзе насавых гукаў не было, выкарыстоўваліся толькі ѫ і ѧ. Юс вялікі зрэдку абазначаў гук «у», што ўзнік з насавога «ǫ» («мѫжъ», «сѫдъ»), і быў выцеснены літарамі у, ꙋ у пачатку 16 ст. Юс малы ўжываўся для абазначэння гука «а» пасля мяккіх зычных («звѧти», «кнѧзь»), але часам замяняў літару ꙗ, што перадавала ётаваны «а» («боꙗзнь» — «боѧзнь», «ꙗсность» — «ѧсность»). Не меў лікавага значэння. У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыў друкаваную форму. Выйшаў з ужытку ў сувязі з заняпадам стараж.-бел. пісьменнасці. У рус. графіцы ў 18 ст. на аснове скарапіснага ѧ узнікла Я.
А.М.Булыка.
т. 18, кн. 1, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ, Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна,
стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЕ АВІЯЦЫ́ЙНА-КАСМІ́ЧНАЕ АГЕ́НЦТВА, Расавіякосмас,
орган выканаўчай улады Расійскай Федэрацыі, які ажыццяўляе дзярж. палітыку ў галіне касм. дзейнасці, эксперым. авіяцыі, мадэрнізацыі і развіцця авіяц. прам-сці. Створана 25.5.1999; правапераемнік Галоўкосмасу СССР (Гал. ўпраўленне па стварэнні і выкарыстанні касм. тэхнікі для нар. гаспадаркі і навук. даследаванняў СССР; існавала з 6.10.1985). Асн. кірункі дзейнасці: развіццё касм. сродкаў сувязі, вяшчання і рэтрансляцыі (касм. сістэмы «Экспрэс-К», «Ямал», «Ганец»), фундаментальныя касм. даследаванні (праекты «Спектр», «Каронас», «Інтэрбол», «Фобас-грунт»), пілатуемыя палёты (разгортванне рас. сегмента Міжнар. касм. станцыі), стварэнне і мадэрнізацыя ракет-носьбітаў «Русь», «Адзінства», «Ангара», «Пратон», «Саюз-2», «Зеніт», «Цыклон», узаемадзеянне з авіякасм. ведамствамі інш. краін.
У.С.Ларыёнаў.
т. 13, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕРБІЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. adverbium прыслоўе),
пераход у прыслоўі словаформаў інш. часцін мовы, які абумоўлены іх сінтаксічнымі функцыямі і зменамі лексічнага і грамат. значэнняў Адвербіялізуюцца: назоўнікі ўскосных склонаў («прыехаць раніцай»), прыметнікі («прыбіраць збольшага»), лічэбнікі («працаваць удваіх»), займеннікі («адбылося па-нашаму»), дзеепрыметнікі («сказаць адкрыта»), дзеепрыслоўі («глядзець седзячы»), часціцы («плесціся абы-абы»), У выніку адвербіялізацыі канчаткі зменных часцін мовы ператварыліся ў прыслоўныя суфіксы, а прыназоўнікі, што ўжываюцца з рознымі склонавымі формамі, сталі прыстаўкамі прыслоўяў: «З боку вёскі даносіліся галасы» (І.Мележ), «Збоку, ля самай дарогі, ляжаў вялікі камень» (К.Чорны). Адвербіялізаваныя словаформы становяцца нязменнымі, набываюць новыя сінтаксічныя функцыі і сувязі, часам змяняюць месца націску («бе́гам — бяго́м», «кру́гам — круго́м») і інш.
І.Л.Бурак.
т. 1, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ЛЕ́ТАПІС»,
штомесячны культурна-грамадскі і літаратурны часопіс, орган Таварыства беларускай школы (ТБШ). Выдаваўся з мая 1933 да вер. 1939 у Вільні на бел. мове. У 1934—35 не выдаваўся ў сувязі з забаронаю ўладамі. Да крас. 1936 наз. «Летапіс Таварыства беларускай школы», да снеж. 1936 — «Летапіс». Падтрымліваў ідэі Нар. фронту. Выступаў за развіццё бел. мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове. Папулярызаваў бел. фальклор, крытыкаваў мадэрнізм, выступаў за народнасць л-ры і мастацтва. Змяшчаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, Р.Шырмы, М.Васілька, М.Машары, А.Іверса і інш., пераклады. Пісаў пра дзейнасць ТБШ, Бел. студэнцкага саюза, бел. эміграцыі. Выйшла 19 нумароў (асобныя здвоеныя, строеныя).
С.В.Говін.
т. 2, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШЫСТАБЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́,
фармацыя карэнных лісцевых лясоў на пераходных і нізінных балотах, у дрэвастоі якіх пераважае бяроза пушыстая (гл. Бяроза). На Беларусі займаюць 276,4 тыс. га (4,6% агульнай пл. лясоў, 27,6% бярозавых лясоў). Вылучаюць 6 тыпаў П.л.: асакова-травяны, асаковы, балотна-папарацевы, вярбовы, асакова-сфагнавы, падвейна-сфагнавы. Пашыраны адносна раўнамерна, буйныя масівы на забалочаных нізінах — Верхнебярэзінскай, Дзісенскай, Цэнтральнабярэзінскай, Палескай. Растуць на патэнцыяльна багатых тарфяна-балотных глебах, але ў сувязі з пераўвільготненасцю і слабай аэрацыяй маюць нізкую прадукцыйнасць. Дрэвастоі чыстыя пушыстабярозавыя або з дамешкам хвоі, вольхі чорнай, елкі, дасягаюць тэхн. спеласці ў 60 гадоў. У падлеску пераважаюць вербы (попельная, чарнеючая, размарыналістая), крушына ломкая, рабіна, парэчкі чорныя, каліна, жасцёр слабіцельны.
А.А.Малажаўскі.
т. 13, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́ЖАЎ,
старажытны горад Полацкай зямлі. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1127—28 у сувязі з паходамі кааліцыі паўд.-рус. князёў на Полацкую зямлю «... а Всеволоду Олговичю провеле ити с своею братею на Стрежев к Борисову». Іпацьеўскі летапіс называе гэты горад яшчэ раз пад 1159: «Рогволод ... а Всеволоду да Стрежев». Аднак С. пакуль не лакалізаваны. Адны даследчыкі атаясамлівалі яго з в. Стрыжава Бешанковіцкага р-на. Аднак рэшткі ўмацаванага паселішча часоў Кіеўскай Русі тут не выяўлены. Другія шукалі С. на месцы сучаснага г.п. Стрэшын Жлобінскага р-на. У ім даследаваны 2 археал. помнікі 12 ст. Але гэты населены пункт размешчаны далёка ад паўд. мяжы Полацкай зямлі, што ставіць пад сумненне існаванне тут летапіснага С.
Г.М.Семянчук.
т. 15, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)