ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

інструментальны сродак (або сукупнасць сродкаў) для апрацоўкі інфармацыі, у т. л. вылічэнняў, кіравання, рашэння задач. Бываюць мех., эл., электронныя, гідраўл., пнеўматычныя, аптычныя і камбінаваныя; у залежнасці ад формы выяўлення інфармацыі адрозніваюць аналагавыя вылічальныя машыны, лічбавыя вылічальныя машыны і гібрыдныя вылічальныя сістэмы.

Першы праект універсальнай «аналітычнай машыны» (гіганцкага арыфмометра з праграмным кіраваннем, арыфм. і запамінальным блокам), які, аднак, не быў поўнасцю рэалізаваны, распрацаваў англ. вынаходца і матэматык Ч.​Бэбідж у 1883. Асн. ідэі праекта закладзены ў аснову работы сучаснай вылічальнай машыны: праграма вылічэнняў захоўваецца ў памяці машыны і выконваецца аўтаматычна. Развіццё электратэхнікі і радыёэлектронікі прывяло да стварэння ў 1930-я г. спецыялізаваных аналагавых вылічальных машын. Першыя электронныя вылічальныя машыны, заснаваныя на выяўленні інфармацыі ў лічбавай двайковай форме, распрацаваны ў 1940-я г. на аснове развіцця эл. пераключальных схем у аўтам. тэлеф. сувязі, электроннай кантрольна-вымяральнай апаратуры, радыёлакацыі. Гл. таксама Вылічальная машына «Мінск», Вылічальная тэхніка, Вылічальны цэнтр, Вылічальная сістэма.

Літ.:

Голубинцев В.О., Купаев В.М., Синельников Е.М. Эволюция универсальных ЦВМ. М., 1980.

М.​П.​Савік.

т. 4, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МЯ,

малочныя залозы млекакормячых жывёл. У жвачных і кабыл размяшчаецца ў пахвіннай вобласці, паміж сцёгнамі; у свіней — сіметрычна справа і злева ад «белай» лініі жывата. У самцоў рудыментарныя малочныя залозы ёсць спераду машонкі. Адрозніваюць множнае вымя з 4—8 доляў (напр., у сабакі, свінні). Вымя з 1 пары доляў (у авечкі, казы) або з 2 пар доляў, якія зліліся ў адзінае цэлае (у каровы, кабылы і інш.).

Малако ўтрымліваецца ў вымі дзякуючы капілярнасці, а таксама наяўнасці кругавых запіральных мышцаў (сфінктэраў) у сасках. Лактацыя мае сезонны характар. Рост і развіццё вымя цесна звязаны з дзейнасцю яечнікаў. Пад уплывам іх гармонаў вымя цельнай каровы расце ў 2-й пал. сухастойнага перыяду (за месяц да ацёлу). Росту вымя спрыяе масаж.

Схема будовы вымя каровы ў разрэзе: 1 — скура; 2 — паверхневая фасцыя вымя; 3 — глыбокая фасцыя вымя; 4 — альвеолы; 5 — вывадныя канальцы; 6 і 7 — малочныя хады; 8 — малочная цыстэрна; 9 — сасковы канал; 10 — сфінктар саска; 11 — пучкі гладкай мускулатуры вакол малочных хадоў; 12 — нерв; 13 — артэрыя; 14 — вена; 15 — злучальная тканка.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),

венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.

Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАРДЖО́НЕ [Gioigione; сапр. Барбарэлі да Кастэльфранка (Barbarelli da Castelfranco) Джорджа; 1476 або 1477, г. Кастэльфранка-Венета, Італія — вер. або кастр. 1510],

італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу, адзін з пачынальнікаў мастацтва Высокага Адраджэння. Вучыўся, верагодна, у Дж.Беліні, быў блізкі да венецыянскіх гуманістаў, вядомы таксама як спявак і музыкант. Побач з кампазіцыямі на рэліг. тэмы («Пакланенне пастухоў», каля 1504) пісаў карціны на свецкія, у асн. міфал., сюжэты, якія ў яго творчасці сталі пераважнымі. У творах «Юдзіф» (каля 1502), «Тры філосафы», «Навальніца» (абедзве 1506—07), «Спячая Венера» (1507—08) паэт. ўяўленні мастака пра багацце скрытых у свеце і чалавеку жыццёвых сіл раскрываюцца не ў дзеянні, а ў перадачы стану агульнай маўклівай адухоўленасці. Захоўваючы ўласцівыя мастацтву Ранняга Адраджэння яснасць аб’ёмаў і меладычную выразнасць контураў, ён з дапамогай празрыстага святлаценю дасягаў зрокавага зліцця чалавечых фігур з пейзажам. Выкананыя ім партрэты вызначылі інтымна-лірычную танальнасць (партрэт юнака, 1502, жаночы партрэт, т. зв. «Лаура», 1506). Творчая канцэпцыя Дж. зрабіла значны ўплыў на венецыянскі жывапіс і атрымала развіццё ў яго вучня Тыцыяна.

Джарджоне. Юдзіф. Пач. 16 ст.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ РУ́СКІ ХОР Створаны ў Маскве ў 1936 на базе вак. ансамбля Усесаюзнага радыё як Дзярж. хор СССР. У 1942 рэарганізаваны ў Дзярж. хор рус. нар. песні, з 1955 акадэмічны, сучасная назва. Арганізатар, першы маст. кіраўнік і гал. дырыжор А.Свешнікаў (да 1980). З 1987 гал. дырыжор і маст. кіраўнік У.Мінін. Першапачатковай задачай калектыву было адраджэнне старадаўніх рус. нар. песень (сялянскіх, гар., фабрычных, студэнцкіх, салдацкіх), развіццё нац. вак.-харавых традыцый. Сярод найб. вядомых песень «Вячэрні звон», «Гібель «Варага», «Ах ты, стэп шырокі», песні гадоў Вял. Айч. вайны. З 1950-х г. у рэпертуары хар. музыка ўсіх часоў і народаў (каля 1000 твораў), у т. л. хары а капэла, буйнейшыя творы кантатна-аратарыяльнага і вак.-сімф. жанраў, з 2-й пал. 1980-х г. — шматлікія творы царк. музыкі. Гал. ўвага аддаецца развіццю традыцый рус. вак. мастацтва. Хору ўласцівыя дасканалае валоданне стылем а капэла, маналітнасць і стройнасць гучання, багацце каларыстычных адценняў, высокая хар. культура.

Літ.:

Локшин Д. Государственный хор русской песни. М., 1955;

Хоровое искусство: (Сб. ст.). Вып. 2. Л., 1971.

т. 6, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ГРО́ДЗЕНСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

Засн. ў Гродне ў 1944. На 1.1.1997 у архіве 2135 фондаў, 347 745 спраў з 1919. Зберагае матэрыялы ўстаноў Польшчы з тэр. Навагрудскага ваяв. (акрамя Баранавіцкага і Валожынскага пав.), Ваўкавыскага, Гродзенскага, Аўгустоўскага (часткова) пав. Беластоцкага ваяв. за 1919—39 пра сац. становішча рабочых, сялян, правядзенне агр. рэформаў у Зах. Беларусі, стан асветы, нац. рух, дзейнасць БСРГ, ТБШ, КПЗБ, інш. грамадскіх, паліт. і рэліг. арг-цый. У дакументах ням.-фаш. акупац. устаноў перыяду Вял. Айч. вайны ёсць звесткі пра палітыку каланізацыі, масавыя расправы з мясц. насельніцтвам, барацьбу з партыз. і антыфаш. рухам, правядзенне гасп. мерапрыемстваў. Зберагае дакументы сав. устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў за 1939—41 і з 1944; прыватныя калекцыі і архівы. Яны адлюстроўваюць працэс уз’яднання Зах. Беларусі з БССР, пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё Гродзенскай вобл. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.

Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм; камплектавання, ведамасных архіваў, справаводства і навук.-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; матэрыяльна-тэхн. забеспячэння, эксплуатацыі і абслугоўвання будынка. С.А.Кандрашова.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ РАСХО́ДЫ,

расходы дзяржавы, звязаныя з ажыццяўленнем яе функцый. Выкарыстоўваюцца як сродак рэгулявання эканомікі і пераразмеркавання нац. даходу. За кошт дзяржавы ажыццяўляюцца буйныя ўкладанні ў развіццё нар. гаспадаркі, фінансаванне праграм сац.-эканам. развіцця, сац. абароны насельніцтва, прыярытэтных кірункаў інвестыцыйнай дзейнасці, знешнеэканам. дзейнасці і інш. Паводле эканам. зместу і ролі ў стварэнні нац. даходу і сукупнага грамадскага прадукту Дз.р. падзяляюцца на расходы ў вытв. сферы, абумоўленыя пашырэннем вытв-сці і ўтварэннем дзярж. рэзерваў, і расходы ў невытв. сферы (сац.-культ. мерапрыемствы, кіраванне і абарона). Дз.р. групуюцца па галіновай і рэгіянальнай прыкметах, па мэтавым прызначэнні (капітальныя ўкладанні, павелічэнне абаротных сродкаў, аператыўныя расходы, заработная плата ў бюджэтных установах і інш.). Па крыніцах фінансавання Дз.р. падзяляюцца на цэнтралізаваныя (дзярж. бюджэт) і дэцэнтралізаваныя (расходы прадпрыемстваў і дзярж. арг-цый), па метадах фінансавання — на ўласныя, бюджэтныя і крэдытныя. У бюджэтных Дз.р. асн. аб’ём займаюць дзярж. датацыі (паліва-энергет. і аграпрамысл. комплексы, транспарт і інш.), дзярж. інвестыцыі (праграмы капітальнага буд-ва, сац. абароны, канверсіі, ліквідацыі вынікаў стыхійных бедстваў і катастроф і інш.). Гл. таксама Бюджэт дзяржаўны, Датацыя, Інвестыцыі.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕРЛЬ ((Husserl) Эдмунд) (8.4.1859, г. Просніц, Чэхія — 26.4.1938),

нямецкі філосаф, заснавальнік фенаменалогіі. Праф. у Гале, Гётынгене і Фрайбургу. Паводле Гусерля, філасофія не мае ніякіх адносін ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет — гэта толькі з’явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Гэтыя феномены ён разглядаў як абсалютныя сутнасці, што маюць усеагульнае значэнне і не залежаць ад індывід. свядомасці; асабістыя перажыванні суб’екта, яго ўспрыманне і інтуіцыя складаюць асн. крытэрый ісціны. Ідэі Гусерля сталі філас. асновай экзістэнцыялізму, паўплывалі на развіццё філас. антрапалогіі неатамізму, структуралізму, некат. навук. школ у псіхалогіі, псіхіятрыі, літ.-знаўстве, метадалогіі навукі.

Тв.:

Husserliana. Gesammelte Werke. Bd. 1—26. Den Haag, 1950—84;

Рус. Пер. — Логические исследования. Ч. 1. Пролегомены к чистой логике. СПб., 1909;

Кризис европейского человечества и философия // Вопр. философии. 1986. № 3;

Логические исследования. Т. 2, ч. 1. Исследования по феноменологии и теории познания. Исслед. V. Об интенциональных переживаниях и их «содержаниях» // Проблемы онтологии в современной буржуазной философии. Рига, 1988.

В.​В.​Краснова.

Э.Гусерль.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ САЮ́ЗЕ БЕЛАРУ́СІ І РАСІ́І 1997.

Падпісаны 2.4.1997 у Маскве Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Б.​М.​Ельцыным. Лагічна вынікае з Дагавора аб Супольніцтве Беларусі і Расіі 1996, замацоўвае яго прынцыпы і нормы і адначасова адкрывае новую старонку ў адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Рас. Федэрацыяй як дзвюма суверэннымі дзяржавамі. Дагавор надае якасна новы характар працэсу бел.-рас. інтэграцыі, яднанню бел. і рус. народаў, іх намаганняў у развіцці эканомікі і культуры. Мэты дагавора: умацаванне адносін братэрства, дружбы і супрацоўніцтва ў паліт., эканам., сац., ваен., навук., культ. і інш. галінах; павышэнне ўзроўню жыцця народаў і стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковага гарманічнага развіцця асобы; устойлівае сац.-эканам. развіццё гэтых дзяржаў на аснове аб’яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў, выкарыстання рыначных механізмаў і функцыянавання эканомікі; гарантыя бяспекі і падтрымання абараназдольнасці, сумесная барацьба са злачыннасцю і інш. Неад’емным элементам Саюза Беларусі і Расіі з’яўляецца Статут, які мае сілу міждзярж. дагавора і стварае ў сукупнасці з інш. міждзярж. дагаворамі аснову правасуб’ектнасці Саюза.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЛЕ́ДАВАННЕ АПЕРА́ЦЫЙ,

навуковы метад выпрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у арганізац. кіраванні. Тэрмін узнік у ЗША у гады 2-й сусв. вайны (1939—45), калі пры ваен. штабах ствараліся групы, якія аналізавалі эфектыўнасць розных відаў зброі і ваенна-тактычных рашэнняў. З дапамогай матэм. аналізу і простых правіл вырашаюцца складаныя матэм. задачы. Д.а. мае значэнне ў механіцы, аўтаматыцы, электратэхніцы. Найб. ўплыў на развіццё гэтага метаду зрабілі А.​Эрланг, Дж. фон Нейман, Л.​В.​Кантаровіч, Дж.​Б.​Данцыг, Р.​Белман. Метады Д.а. маюць шырокае кола задач арганізац. кіравання, якія ўзнікаюць у прам-сці, на транспарце, у сельскай гаспадарцы, іх выкарыстоўваюць страхавыя і рэкламныя кампаніі, агенцтвы па турызме, прадпрыемствы камунальнага абслугоўвання і інш. У даследаванні кожнай аперацыйнай задачы павінна быць 6 этапаў: пастаноўка задачы; пабудова матэм. мадэлі з’явы або аперацыі; аналіз мадэлі і атрыманне рашэння; праверка адэкватнасці мадэлі з’яве і аналіз якасці рашэння; карэкціроўка мадэлі і рашэння; рэалізацыя вынікаў рашэння. Работы на ўсіх пералічаных этапах маюць сэнс, калі яны завяршаюцца ўкараненнем вынікаў даследаванняў у практыку кіравання.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)