ВО́ДМЕЛЬ,

1) мелкае месца ў вадаёме ці вадацёку, якое пачынаецца ад берагавой лініі. Мае шырокі падводны схіл з нязначнымі нахіламі.

2) Участак дна з меншымі глыбінямі, чым навакольныя. Да гэтага тыпу водмелі адносяцца марскія банкі. На водмелях пераважаюць працэсы перамяшчэння і намнажэння асадкаў, могуць утварацца намыўныя астравы і косы; небяспечныя для суднаходства. Характарызуюцца багаццем планктону, на іх заўсёды багацейшая фауна рыб і малюскаў. Пашыраны на рэках, азёрах і вадасховішчах Беларусі. На рэках утвараюцца каля берага, процілеглага таму, які падмываецца, і паступова ператвараюцца ў поймавую тэрасу.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛАСАГАЛО́ВЫ (Trichocephalus),

род паразітычных гельмінтаў кл. круглых чарвей. 62 віды. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Паразітуюць у тоўстым кішэчніку дзікіх і свойскіх жывёл, таксама чалавека. Найб. вядомыя воласагалоў чалавечы (Trichocephalus trichiuris), у дзікай і свойскай жывёлы Trichocephalus ovis, Trichocephalus globulosa, Trichocephalus suis, Trichocephalus vulpis, Trichocephalus nutria.

Даўж. самцоў 20—80 мм, самак 39—90 мм. Галаўны канец воласападобны, хваставы патоўшчаны. Жывёлы і чалавек заражаюцца пры заглынанні інвазійных яец з ежай і вадой. Паразіты глыбока пранікаюць у слізістую абалонку кішэчніка і выклікаюць хваробу — трыхацэфалёз.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРЫЦА, лугавік (Deschampsia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх нетрапічных краінах зямнога шара, а таксама ў высакагор’ях тропікаў. На Беларусі на сырых лугах і ў лясах, хмызняках, па берагах рэк і канаў трапляецца 1 паліморфны від — вострыца дзірваністая, або шчучка (Deschampsia cespitosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны з голымі ці пад суквеццямі шурпатымі прамастойнымі сцёбламі выш. да 1 м, звычайна ўтвараюць дзярніну. Лісце вузкалінейнае, вострашурпатарабрыстае. Каласкі 2—3-кветныя, шматлікія, сабраны ў раскідзістыя, рэдка сціснутыя мяцёлкі. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.

Вострыца дзірваністая.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІУ́МЫ (Amphiumidae),

сямейства хвастатых земнаводных. 3 віды. Найб. вядомая амфіума меанс. Пашыраны на ПдУ ЗША. Жывуць у забалочаных вадаёмах, азёрах, непраточных глеістых вадаёмах, на рысавых чэках (абвалаваных участках палёў).

Даўж. 0,8—1 м. Цела чорнае, вугрападобнае. Маюць 2 пары малых рудыментарных канечнасцяў з 2—3 недаразвітымі пальцамі, унутр. шчэлепы і схаваныя пад скурай вочы. Лічынкі дыхаюць шчэлепамі, дарослыя — лёгкімі. Зімуюць у глеі. Кормяцца беспазваночнымі, радзей дробнымі рыбамі, земнаводнымі. Адкладваюць на сушы ў вільготных месцах да 150 яец. Палавая спеласць на 4-м годзе. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч і скура.

Амфіума меанс.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРО́Д,

1) гаспадарчая пабудова на Беларусі; збудаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш. Лакальныя назвы пераплот, астраўкі. Найб. пашыраны ў цэнтр. і паўн. раёнах. У фальварках азярод размяшчалі непасрэдна каля гумнаў, стадол, такоў. Цяпер у меншай ступені бытуе ўсюды.

2) Бел. нар. гульня. Удзельнікі бяруць дугу за адзін канец, а другім стукаюць аб зямлю так, каб дуга, саспружыніўшы, пераляцела цераз азярод (адсюль назва). Пераможца той, у каго дуга пераляціць цераз азярод больш разоў.

Азярод на сялянскай сядзібе. Пач. 20 ст.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРО́К,

від феад. рэнты, якую землеўласнікі атрымлівалі ад прыгонных сялян. Спаганяўся прадуктамі с.-г. вытворчасці і промыслаў (натуральны аброк) або грашыма (грашовы аброк). Найб. ранняй формай быў прадуктовы аброк, які прыйшоў на змену раннесярэдневяковай даніне. У краінах Зах. Еўропы аброк усталяваўся ў 12—13 ст. На Беларусі катэгорыя сялян-аброчнікаў вядома па гіст. крыніцах 14—16 ст., але аброк тут быў мала пашыраны, пераважала паншчына. У Расіі аброк быў адной з асн. формаў эксплуатацыі сялян, хоць часта спалучаўся з паншчынай. Пасля сялянскай рэформы 1861 заменены выкупнымі плацяжамі.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́Л-КА́РЛІК (Hieraaetus pennatus),

птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі сустракаецца рэдка ў паўд. раёнах, занесены ў Чырв. кнігу.

Невялікі даўгахвосты арол, даўж. 46—60 см, масай 500—900 г. Размах крылаў каля 1,2 м. Апярэнне зверху бурае, знізу белаватае з вузкімі цёмнымі стракацінамі Прылятае ў красавіку. Гнёзды на галінах дубоў і елак на выш. 8—22 м. Нясе 1—3 яйцы. Корміцца дробнымі птушкамі і грызунамі. Здабычу высочвае ў палёце або падпільноўвае ў засадзе.

Арол-карлік.

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКЛА́З (ад арта... + грэч. klasis трэшчына),

мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз. адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.

Артаклаз.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАХІ́ТА (Ascochyta),

род недасканалых грыбоў сям. шаравідкавых. Больш за 1,1 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Узбуджальнікі аскахітозаў. Найб. вядомы аскахіта гарохавая, недасканалая, канюшынавая, вікавая, лёнавая, агурковая.

Міцэлій добра развіты, галінасты, шматклетачны, бясколерны. Пладовыя целы (пікніды) шарападобныя або пляскатыя, цёмныя, урослыя ў тканкі раслін. Канідыі пераважна двухклетачныя, ад цыліндрычных да верацёнападобных, разносяцца кроплямі дажджу, расы, насякомымі, паветрам. Цыкл развіцця грыба 3—17 сутак. Зімуюць міцэліем і пікнідамі на раслінных рэштках, у заражаным насенні.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

меліярацыйная сістэма для асушэння балот і пераўвільготненых тэрыторый. У склад асушальнай сістэмы ўваходзяць асушаныя землі, водапрыёмнікі, асушальная сетка (праводная, агараджальная, рэгулявальная), гідратэхнічныя збудаванні, эксплуатацыйныя і прыродаахоўныя збудаванні і інш.

Паводле спосабу адвядзення вады асушальныя сістэмы падзяляюць на самацёчныя (вада з асушальнай сеткі паступае ў водапрыёмнік самацёкам, найб. пашыраны на Беларусі), з мех. водапад’ёмам (ваду адводзяць з дапамогай помпавых станцый) і змешаныя. Паводле віду рэгулявальнай сеткі асушальныя сістэмы падзяляюцца на адкрытыя (каналы) і закрытыя (дрэны). Каб забяспечыць асушэнне ці ўвільгатненне зямель, будуюць асушальна-ўвільгатняльныя сістэмы.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)