КРАТАЛЯ́РЫЯ (Crotalaria),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках пераважна Афрыкі. К. сітнікавая (C. juncea, індыйскія каноплі, індыйская пянька) культывуецца ў Паўд.-Усх. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Закаўказзі. Стараж. прадзільная культура.

К. сітнікавая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2,5 м. Лісце суцэльнае. Кветкі буйныя, жоўтыя. Плод — моцна ўздуты, густа апушаны боб. Сцёблы выкарыстоўваюць для вырабу вяровак, канатаў, рыбалоўных сетак, ветразяў, радна, спец. сартоў паперы. Сідэральная культура.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)