АРХА́НГЕЛЬСКІ (Аляксандр Сямёнавіч) (24.7.1854, г. Пенза — 24.4.1926),
рускі літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1904). Скончыў Казанскі ун-т (1876), праф. гэтага ун-та (1882—1908). Асн. працы па стараж.-рус. л-ры, л-ры 19 ст. і тэатры 17—18 ст. У кн. «Нарысы з гісторыі заходнярускай літаратуры XVI—XVII стст.» (1888) пісаў пра бел. л-ру. Даследаваў барацьбу з каталіцызмам на бел. і ўкр. землях, гісторыю царк. брацтваў на Беларусі (у Вільні, Гродне, Магілёве, Брэсце, Мінску, Оршы, Пінску і інш.), славянскае кнігадрукаванне (ад Ш.Фіёля і Ф.Скарыны, са спісам бел. кніг 14—16 ст.), творы палемічнай л-ры («Апокрысіс» Хрыстафора Філалета, «Трэнас» М.Сматрыцкага і інш.), зах.-рус. прапаведнікаў І.Галятоўскага, Л.Барановіча і інш., «Лексіс» Л.Зізанія, «Лексікон» П.Бярынды, «Граматыку» М.Сматрыцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЕНТАВА́ННЕ,
1) вызначэнне свайго месца знаходжання адносна напрамкаў свету, арыенціраў, элементаў рэльефу, а таксама напрамкаў руху. Праводзіцца з дапамогай компаса, карты, аэраздымка. Прыблізнае арыентаванне магчыма па мясцовых арыенцірах (натуральных і штучных), па Сонцы, Месяцы, зорках, а таксама радыё-, светлавых і гукавых сігналах.
2) Арыентаванне спартыўнае — спаборніцтвы па арыентаванні і хуткім перамяшчэнні на мясцовасці з выкарыстаннем буйнамаштабнай карты і компаса. Праводзяцца ў зададзеным кірунку (неабходна як мага хутчэй прайсці дыстанцыю паводле дакладна вызначанага і пазначанага на карце парадку), на маркіраванай мясцовасці (зімой на лыжах спартсмен рухаецца па адзначанай сцяжкамі трасе і наносіць на карту кантрольныя пункты), па выбранай трасе (зададзеную колькасць кантрольных пунктаў спартсмен знаходзіць на мясцовасці ў любой паслядоўнасці, выбіраючы свабодна па азімуце шлях да кожнага з іх). На Беларусі развіваецца з 1964. Чэмпіянаты свету з 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕТЫ́ЗМ,
разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.
Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.Ф.Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІ́НБлажэнны
(Augustinus Sanctus) Аўрэлій (13.11.354, г. Тагаст, Паўн. Афрыка — 28.8.430),
хрысціянскі багаслоў, філосаф, буйнейшы прадстаўнік зах. (лац.) патрыстыкі. Епіскап г. Гіпон (395). Асн. творы «Споведзь» (400), «Пра тройцу» (400—416), «Пра горад божы» (413—426). Яго вучэнне — філас.-тэалагічнае абгрунтаванне хрысціянства ў духу неаплатанізму. Распрацаваў сац.-паліт. канцэпцыю, якая падзяляе чалавечае грамадства на 2 процілеглыя царствы — «горад зямны» і «горад божы». Не адмаўляючы свецкай улады, аддаваў перавагу ўладзе духоўнай. Ідэі Аўгусціна моцна паўплывалі на развіццё сярэдневяковай тэалогіі і філасофіі (гл.Аўгусцініянства). На Беларусі яго творы вядомыя з 11 ст., цікавасць да іх пабольшала ў 16—17 ст., калі тут былі выдадзены яго зб-кі павучанняў, творы «Пра горад божы», «Богападобная любоў», «Пра бачанне Хрыста».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАДАДДЗЕ́Л АДДЗЕ́ЛА АСВЕ́ТЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ НАРО́ДНАГА КАМІСАРЫЯ́ТА АСВЕ́ТЫ РСФСР.
Дзейнічаў у Маскве з крас. 1919 да сак. 1921. Створаны на базе культ.-асв. аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята з мэтай праводзіць культ.-асв. работу сярод беларусаў. Загадчык Ф.Ф.Турук, інструктар Я.І.Хлябцэвіч. Пададдзелам выдадзены дапаможнік для настаўнікаў школ Беларусі «Курс беларусазнаўства» (1918—20), частка лекцый, прачытаных у Беларускім народным універсітэце, першы на рус. мове зборнік Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), «Нарысы беларускай літаратуры» (1920, рэд. М.А.Янчук), «Этнаграфічная карта беларускага племя» Я.Ф.Карскага (1920). Падтрымліваў сувязі з Я.Купалам, А.Р.Чарвяковым, вучнямі навуч. устаноў у Горках (сярод іх Г.І.Гарэцкі), акад. А.А.Шахматавым. Пададдзел удзельнічаў у арганізацыі БДУ, Бел.драм. студыі ў Маскве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1930 у Гомелі як лесатэхнічны ін-т на базе ф-та лясной гаспадаркі Бел.с.-г. акадэміі. З 1945 у Мінску, з 1961 наз.Бел.тэхнал.ін-т, з 1993 ун-т. З’яўляецца вядучай ВНУБеларусі па падрыхтоўцы тэхнолагаў 17 спецыяльнасцяў і больш як 80 спецыялізацый. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: лесагаспадарчы (з 1993 выкладанне на бел. мове), тэхналогіі і тэхнікі лясной прам-сці, тэхналогіі арган. рэчываў, хім. тэхналогіі і тэхнікі, завочны, павышэння кваліфікацыі, па рабоце з замежнымі студэнтамі; падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1949, дактарантура з 1988. Мае 6 н.-д. лабараторый, электронна-вылічальны цэнтр, друкарню. Працуе ун-т беларускай мовы, гісторыі і культуры (з 1991). Выдае газ. «Тэхнолаг».
Навучальны корпус Беларускага тэхналагічнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬКА́ЛІЙ»,
вытворчае аб’яднанне ў Беларусі, у г. Салігорск. Утворана ў 1970 як Беларускі калійны камбінат на базе 1-га (працуе з 1963), 2-га (з 1965) і 3-га (з 1969) камбінатаў (рудаўпраўленняў). З 1975 ВА «Беларуськалій», у якое ў 1977 увайшоў 4-ы калійны з-д. Працуе на базе Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. Выпускаў каля 20% сусв. вытв-сці калійных угнаенняў, здабываў больш за 40 млн.т калійнай руды, выпрацоўваў каля 5,7 млн.т калійных угнаенняў у пераліку на 100% K2O (1988). У 1994 выпушчана 2,54 млн.т угнаенняў. Асн. прадукцыя (1995): калій хлорысты дробназярністы і грануляваны, натрый хлорысты тэхнічны, соль калійная змешаная, соль кухонная і для жывёлагадоўлі. Супрацоўнічае з прадпрыемствамі і фірмамі Расіі, Германіі, Польшчы і інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ (Віктар Аркадзевіч) (14.1.1904, г. Бярдзічаў, Украіна — 6.3.1983),
кампазітар, педагог, муз. публіцыст. Засл. арт.Беларусі (1955), нар.арт. Расіі (1980). Канд. мастацтвазнаўства (1935). Праф. (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929), выкладаў у ёй і Бел. кансерваторыі (1935—52). У 1957—73 гал. рэдактар час. «Музыкальная жизнь». Сярод твораў: вак.-сімф. паэма «Галодны паход» (1931), камерна-інстр. творы, у т. л. 4 санаты для фп., вак. цыклы «Вайна» і «Свяціць заўсёды», музыка да спектакляў драм. тэатра, песні. Звяртаўся да бел. паэзіі (песня «Маленькі лётчык» на верш Я.Купалы «Хлопчык і лётчык»), бел.муз. фальклору (фп. п’есы «Беларускія напевы», «Беларуская калыханка і жартоўная», «Беларуская прэлюдыя»). Дзярж. прэмія СССР 1952.
Літ.:
Корев Ю. Виктор Белый. М., 1962;
В.А.Белый: Очерк жизни и творчества: Статьи: Воспоминания;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,
парода індыкоў. Выведзены ў ЗША скрыжаваннем белых галандскіх індыкоў з бронзавымі шыракагрудымі. Пашыраны ў краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Еўропы. У б.СССР завезены ў 1961, дзе на іх аснове створаны высокапрадукцыйныя лініі для вытв-сці мясных індычанят. На Беларусі пашырана гібрыдная форма — чатырохлінейны галандскі крос Хідон, які гадуюць на Маладзечанскай індыкагадоўчай ф-цы.
Апярэнне птушак белае, на грудзях пучок чорнага пер’я. Гадуюць 3 разнавіднасці: лёгкую, сярэднюю, цяжкую. Жывая маса самцоў лёгкіх формаў 8—9 кг, самак 4,5—5,5 кг, сярэдніх адпаведна 15—17 і 6—7, цяжкіх — 20—25 і 10—11 кг. Яйцаноскасць нясушак лёгкіх формаў 100 і больш яец, сярэдніх 86—93, цяжкіх 40—60 яец. Маса яйца 75—90 г. Птушкі маюць высокую скараспеласць і жыццяздольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НЕК (Казімір Францавіч) (5.2.1895, в. Радашавічы Серадзскага ваяв., Польшча — лют. 1938),
дзяржаўны дзеяч БССР. У рэв. руху з 1912. З 1914 працаваў на заводах Украіны. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. Са снеж. 1918 на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі на Беларусі. У 1920—23 на парт. і сав. рабоце ў Магілёве, Гомелі, Барысаве. У час парт. чысткі (1921) абвінавачаны ў пралет. ненадзейнасці — «нацыяналістычных, сялянскіх ухілах», пазней — у шпіянажы. Нарком працы (1927—29), гандлю (1929—30), земляробства (1933—37) БССР, нам. старшыні СНКБССР (1930—34). Чл.ЦК з 1927 і Бюро ЦККП(б)Б з 1930. Чл.ЦВКБССР з 1924 і яго Прэзідыума з 1931. Чл.ЦВКСССР з 1931. 9.5.1937 арыштаваны органамі НКУС, 21.10.1937 прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.