РАЁННАЯ ПЛАНІРО́ЎКА,

праектныя прапановы па планіровачнай арганізацыі тэрыторыі эканам. ці адм. раёнаў краіны; від навук. і практычнай горадабуд. дзейнасці; сувязное звяно паміж нар.-гасп. планаваннем і горадабудаўніцтвам. Дазваляе ўдакладняць і развіваць нар.-гасп. планы асобных эканам. раёнаў і ствараць устойлівую горадабуд. базу для развіцця населеных месцаў. Гал. задача Р.п. — комплекснае тэр.-гасп. ўпарадкаванне праектуемага раёна і фарміраванне яго планіровачнай структуры, якая забяспечвае рацыянальнае размяшчэнне прадукц. сіл і найлепшыя ўмовы для працы, быту і адпачынку насельніцтва. Прадугледжвае стварэнне ўзаемазвязаных сістэм рассялення, рац. размяшчэнне новых і прапарцыянальнае размяшчэнне існуючых гарадоў і сельскіх населеных месцаў, аптымальнае развіццё і размяшчэнне прам-сці, с.-г. вытв-сці, паляпшэнне і ахову прыроднага асяроддзя на аснове эфектыўнага і комплекснага выкарыстання прыродных, мат.-тэхн. і працоўных рэсурсаў.

Праектная дакументацыя па Р.п. ўключае схему і праект. Схема Р.п. служыць для тэхн.-эканам. абгрунтавання праектаў размяшчэння і буд-ва буйных прамысл. і энергет. комплексаў, баз буд. індустрыі, магістральных, трансп. і інш. камунікацый, стварэння арганізаваных сістэм рассялення і размяшчэння ў іх новых і развіцця існуючых гарадоў і сельскіх паселішчаў, праектавання курортаў, нац. і прыродных паркаў, запаведнікаў, а таксама міжраённых зон і комплексаў масавага адпачынку насельніцтва. Праект Р.п. распрацоўваецца на аснове схемы Р.п. і з’яўляецца асновай для ген. планаў развіцця гарадоў і інш. населеных месцаў, прамысл. вузлоў, курортных і турысцкіх комплексаў, размяшчэння культ.-быт. устаноў раённага значэння. На аснове праекта Р.п. складаюцца таксама праекты міжгасп. і ўнутрыгасп. земле- і лесаўладкавання, вылучаюцца буйныя зямельныя ўчасткі для розных відаў выкарыстання, распрацоўваюцца праекты зон сан. аховы.

На Беларусі работы па Р.п. пачаліся ў канцы 1950-х г. Першымі аб’ектамі Р.п. былі Полацка-Віцебскі прамысл. раён, Маладзечанскі прамысл. вузел і інш. З пач. 1970-х г. асн. кірункам работ па Р.п. стаў метад комплекснай планіровачнай сац., эканам. і экалагічнай арг-цыі тэр. рэспублікі. У 1971 распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» — першая ў практыцы праектных работ Беларусі спроба ўзаемазвязанага вырашэння пытанняў гар. і сельскага рассялення на тэр. ўсёй Беларусі на больш далёкую перспектыву. У 1970-я г. праведзена даследчая і праектная работа па выяўленні рэкрэацыйных рэсурсаў, выкананы праекты Р.п. зон адпачынку Нарач і Вілейка Мінскай, Горваль Гомельскай, Ушачы Віцебскай, Чыгірынка Магілёўскай абл. У 1987 распрацавана ген. схема комплекснай тэр. арг-цыі Беларусі, у якой выкладзены прапановы па фарміраванні шматузроўневых сістэм рассялення, аптымізацыі урбанізаванага і прыродна-экалагічнага каркаса, упарадкаванні адм.-тэр. падзелу. Схема карэкціравалася і ўдакладнялася ў сувязі з паліт., экалагічнымі і сац.-эканам. зменамі. У 1990-я г. актывізавалася праца па тэр. арг-цыі памежных раёнаў, асабліва з Польшчай, зон асаблівага дзярж. рэгулявання (радыяцыйна забруджаных, прыгарадаў вял. і буйных гарадоў, свабодных эканамічных і інш.).

Літ.:

Перцик Е.Н. Районная планировка. М., 1973;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн. 1983;

Иодо И.А., Сенкевич И.И., Хачатрянц К.К. Опыт работы и новые направления в районной планировке Белорусской ССР. Мн. 1976.

І.​А.​Іода.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ ПА ДРЭ́ВЕ,

спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); від разьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл. Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст. геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл. Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл. Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл. Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.​Няхай, М.​Свірачкоў, М.​Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.​Супрунчык, А.​Маголін, І.​Лізура, А.​Лавор, Ф.​Максімаў, М.​Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл. гл. таксама да арт. Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.

Літ.:

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Сахута ЯМ. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;

Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр. М., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.
Да арт. Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.

т. 13, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НС (ісп. romance),

камерны муз.-паэт. твор для голасу з інстр. суправаджэннем. Тэрмін «Р.» узнік у сярэднявякоўі ў Іспаніі і абазначаў свецкую песню на ісп. мове, у інш. краінах — паэт. твор і жанр вак. музыкі; у многіх мовах Р. і песня тэрміналагічна не адрозніваюцца. Ад песні адрозніваецца больш складаным комплексам выразных сродкаў, кампазіцыйных прыёмаў і муз. структур, выкарыстаннем больш глыбокіх і разнастайных паэт. тэкстаў, больш цеснай сувяззю тэксту з музыкай. Р. можа будавацца паводле прынцыпу адзінага скразнога развіцця, бывае 2- і 3-часткавым, рондападобным, строфікаварыянтным.

Развіццё Р. як сінтэтычнага муз.-паэт. жанру пачалося ў 2-й пал. 18 ст. ў Германіі (К.​Бах, М.​Агрыкала), Францыі (Э.​Мегюль, Н.​Далейрак). У Расіі напачатку Р. называлі вак. творы на франц. тэксты. Развіццё нац. форм Р. пачалося ў творчасці А.​Дубянскага, В.​Казлоўскага. Сярод разнавіднасцей Р. адрозніваюць баркаролу, баладу, элегію, маналог, серэнаду. У 19 ст. Р. — вядучы жанр у творчасці кампазітараў-рамантыкаў: Ф.​Шуберта, Р.​Шумана, І.​Брамса, Х.​Вольфа (Германія), Г.​Берліёза, Ж.​Бізэ, Ш.​Гуно, Ж.​Маснэ (Францыя), Б.​Сметаны, А.​Дворжака (Чэхія), М.​Карловіча, К.​Шыманоўскага (Польшча), Э.​Грыга (Нарвегія), Я.​Сібеліуса (Фінляндыя). У Расіі разам з камерна-вак. класікай развіваўся і бытавы Р. (А.​Гурылёў, А.​Варламаў, А.​Аляб’еў, П.​Булахаў, А.​Дзюбюк); росквіту дасягнуў у творчасці М.​Глінкі, А.​Даргамыжскага, М.​Мусаргскага, П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, А.​Барадзіна, М.​Рымскага-Корсакава. Стылявое абнаўленне Р. адбылося ў 20 ст. (М.​Мяскоўскі, Дз.​Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, Ю.​Шапорын. Г.​Свірыдаў, С.​Сланімскі, В.​Гаўрылін і інш.).

У бел. музыцы жанр Р. развіваецца з 1920-х г. Бел. кампазітары пісалі Р. на творы класічнай паэзіі, імкнуліся да вобразна-тэматычнай разнастайнасці. Многія Р. на словы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі кампазітараў М.​Аладава, Я.​Цікоцкага, Л.​Абеліёвіча, П.​Падкавырава, А.​Багатырова, Р.​Пукста, М.​Чуркіна, Э.​Тырманд, Дз.​Лукаса, Г.​Вагнера, У.​Алоўнікава ўвайшлі ў фонд нац. муз. мастацтва. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся новыя тэндэнцыі ў развіцці Р.: па-новаму вырашаецца праблема сінтэзу музыкі і паэзіі, вядуцца пошукі ў абнаўленні інтанацыйнай мовы, кампазіцыйнай будовы, тэмбрава-тэматычнай сувязі, у якой адбіваюцца элементы натуральнай прасодыі, пераасэнсоўваюцца фалькл. традыцыі (вак. цыклы Г.​Гарэлавай «Дзявочыя песні», Л.​Шлег «Голас зямлі», Р. Дз.​Смольскага, А.​Елісеенкава, А.​Мдывані, С.​Картэса, Шлег, А.​Хадоскі, Э.​Наско і інш.).

Літ.:

Русский романс. М.; Л., 1930;

Васина-Гроссман В.А. Русский классический романс XIX в. М., 1956;

Яе ж. Мастсра советского романса. 2 изд. М., 1980;

Курышева Т. Камерный вокальный цикл в современной русской советской музыке // Вопросы музыкальной формы. М., 1966. Вып. 1;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Аладова Р.Н. «Детский» камерный вокальный цикл в белорусской музыке 70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1984. Вып. 3;

Алейнікава Э.А. Паэзія М.​Багдановіча ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1988. № 6.

Э.​А.​Мікалаева.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́Ў, Растоў-Яраслаўскі,

горад, цэнтр раёна ў Яраслаўскай вобл., у Расіі, на беразе воз. Нера. 36,6 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Агрэгатны з-д; ф-кі: ільнопрадзільная, мініяцюрнага жывапісу па эмалі «Растоўская фініфць», харч. прадпрыемствы. Растоўскі арх.-маст. музей-запаведнік. Турызм.

Упершыню згадваецца ў летапісе пад 862. У 10 ст. адзін з цэнтраў Растова-Суздальскай зямлі, у 11 — пач. 13 ст. ўваходзіў ва Уладзіміра-Суздальскае княства. У 12—17 ст. наз. Р. Вялікі. Росквіту дасягнуў пры князю Канстанціну Усеваладавічу (1186—1219). З 1207 сталіца Растоўскага княства. У 1237 захоплены мангола-татарамі, супраць якіх у 1262 жыхары Р. ўзнялі паўстанне. У 1328 горад падзелены на 2 палавіны: Срэценскую (з 1-й пал. 15 ст. ў складзе Маскоўскай дзяржавы) і Барысаглебскую (з 1474 у складзе Маскоўскай дзяржавы). З канца 10 ст. тут існавала архірэйская кафедра. У 15 ст. горад стаў буйным царк. цэнтрам, у 1589—1788 тут размяшчалася рэзідэнцыя мітрапалітаў. З 1777 Р. павятовы горад Яраслаўскага намесніцтва, з 1796 — Яраслаўскай губ. З 18 ст. буйны гандл.-кірмашны цэнтр (у 1-й пал. 19 ст. кірмаш у Р. трэці ў Расіі пасля Ніжагародскага і Ірбіцкага). З 1870 злучаны чыгункай з Масквой і Яраслаўлем.

Арх. дамінанта гіст. цэнтра — комплекс Растоўскага крамля. Сярод інш. арх. помнікаў цэнтра: ансамбль манастыра Раства Хрыстова (засн. ў канцы 14 ст.) з цэрквамі Раства Маці Божай з трапезнай (2-я пал. 17 ст.) і надбрамнай Ціхвінскай (1847), Успенскі сабор (каля 1589, фрэскі 1659, 1670, пахаванні растоўскіх князёў і мітрапалітаў) са званіцай з 13 званамі (1680-я г.); каля земляных валоў (1631—33) цэрквы: Ушэсця (1566), Толгскай Маці Божай з вежападобнай званіцай (1761), Міколы на Усполлі (1813, ампір; у інтэр’еры разны пазалочаны іканастас з фініфцевымі ўстаўкамі, абразы 15—19 ст.). Захавалася забудова вуліц пач. 19 ст., пераважна 2-павярховымі каменнымі жылымі дамамі з франтонамі, балконамі, чыгуннымі рашоткамі, з грамадскімі будынкамі і драўлянымі дамамі ў стылі правінцыяльнага мадэрну (канец 19 — пач. 20 ст.). На паўн.-ўсх. ускраіне Р., на беразе воз. Нера — Аўраміеў манастыр (засн. на мяжы 11—12 ст.) з Богаяўленскім саборам (1553), цэрквамі — Увядзенскай (1650, перабудавана), надбрамнай Нікольскай з 2 вежамі і класіцыстычнай званіцай (1691, 1826—37). На паўд.-зах. ускраіне — комплекс Якаўлеўскага манастыра (засн. ў 14 ст.) з цэрквамі Зачаццеўскай (1686, фрэскі, 3-ярусны разны пазалочаны іканастас, 1762—65), Дзімітрыеўскай (1794—1802), Якаўлеўскай (1836, абедзве класіцызм); брамы і вежы комплексу перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў формах псеўдаготыкі. Непадалёку ад Р. ў сёлах Парэчча-Рыбнае і Багаслова комплексы арх. помнікаў 18—19 ст.; каля р. Вусце — Барысаглебскі манастыр (засн. ў канцы 14 ст.). З 2-й пал. 18 ст. ў Р. развіты мініяцюрны жывапіс па эмалі (гл. Растоўская фініфць).

Літ.:

Федотова Т.П. Вокруг Ростова Великого. М., 1987.

Г.​А.​Лаўрэцкі (архітэктура).

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТУША [польск. ratusz ад ням. Rathaus (Rat рада + Haus дом)],

будынак гар. самакіравання (рады, магістрата) у шэрагу еўрап. краін у 12 — пач. 20 ст.

Першыя будынкі Р. з’явіліся ў 12 ст. ў Зах. Еўропе. Звычайна іх ставілі ў цэнтры горада. У архітэктуры Р. спалучаліся рысы абарончага і грамадз. дойлідства (Р. ў г. Сандамір, Польшча, 14—17 ст.). Часцей Р. была прамавугольная ў плане, 2-павярховая, з вежай — сімвалам самастойнасці і паліт. свабоды горада. На вежы часта размяшчалі гадзіннік, звон; рабілі балкон ці эркер, з якіх звярталіся да грамадзян з афіц. паведамленнямі (Р. ў Бруселі, 1401—55; Каўнасе, Літва, 1542, 1772). На верхнім паверсе вежы мог быць кругавы балкон для гар. вартаўніка. Цяпер функцыі Р. выконваюць адм. будынкі (мэрыя, муніцыпалітэт) у разнастайных стылявых кірунках, якія больш адпавядаюць складаным функцыям кіравання сучаснымі гар. тэрыторыямі.

На Беларусі Р. пачалі будаваць у 14 ст. ў сувязі з атрыманнем гарадамі і мястэчкамі магдэбургскага права. Асн. буд. матэрыял — дрэва ці цэгла. Арх.-планіровачнай кампазіцыі ўласцівы сіметрычнасць, выразнасць, простыя і манум. формы. Р. ставілі на адным з бакоў рыначнай плошчы (Віцебская ратуша, Чачэрская ратуша, г. Слонім Гродзенскай вобл.), у яе цэнтры (Мінская ратуша), на адной з гал. вуліц (г. Ушачы Віцебскай вобл.), часам аб’ядноўвалі з гандл. радамі (Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады), гасціным дваром, арсеналам, важніцай, астрогам, складамі (Магілёўская ратуша, Гродна, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.). Калі Р. з’яўлялася цэнтрам буйнога горада, адм.-гандл. комплексу, то праз 1-ы яе паверх праходзіў праезд на рыначную плошчу (Шклоўская ратуша, г. Драгічын Брэсцкай вобл., в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Гал. памяшканне ў Р. — зала пасяджэнняў магістрата (займала 2-і паверх), яна служыла таксама для розных урачыстых актаў, тэатр. дзеяў і інш. Астатнія памяшканні займалі т.зв. ізбы (у іх праходзіў разбор спраў пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя, гар. казна, архіў і інш. Частка памяшканняў Р. (падвалы, першыя паверхі) адводзіліся пад крамы, склады (Гродна, г. Драгічын, г.п Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл.) і інш. памяшканні, дзе захоўвалі цэхавыя харугвы. Часам у Р. праходзілі пасяджэнні судоў (Брэст, гарады Кобрын Брэсцкай, Полацк Віцебскай, Слуцк Мінскай абласцей). У 17—18 ст. Р. барочнага тыпу мелі шмат’ярусную вежу, якая завяршалася купалам ці шпілем (Віцебск, Магілёў, Шклоў); вядомы Р. і без вежаў (г. Маладзечна Мінскай, г.п. Шарашова Брэсцкай абласцей). У стылі класіцызму былі Р. ў Гродне і Мінску, з рысамі несапраўднай готыкі — у Чачэрску. Накрывалі Р. пляскатай чырв. дахоўкай, па цэнтры даху ставілі пазалочаныя ці пасярэбраныя вятранікі (флюгеры) Інтэр’еры ўпрыгожвалі шыкоўныя кафляныя печы. Цяпер кожная захаваная Р. з’яўляецца аб’ектам гіст.-культ. спадчыны, неад’емнай ч. гіст. цэнтра горада.

Літ.:

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Ратуша ў г. Сандамір (Польшча).
Ратуша ў г. Каўнас (Літва).
Ратуша ў г. Слонім Гродзенскай вобл.
Ратуша ў г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. З малюнка 19 ст.

т. 13, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),

філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.​Лейбніца, разумнае «Я» ў І.​Фіхтэ, панлагізм Г.​Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.​Дэкартам, Лейбніцам, Б.​Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.​Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.​Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.​Вебера, Ю.​Хабермаса, Т.​Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст. тэалагічны Р. (Э.​Жыльсон, Ж.​Марытэн, К.​Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.

Літ.:

Кант И. Критика чистого разума // Соч. М., 1964. Т. 3;

Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Декарт Р. Соч. Т. 1—2. М., 1989—94.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦАРСТВА (ад рыцар),

прывілеяваны сац. слой у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы ў сярэднія вякі; у шырокім сэнсе ўсе свецкія феадалы, у вузкім — толькі дробныя. Пачало складвацца ў 8 ст. ў працэсе фарміравання феадальна-іерархічных адносін. Унутры Р. адносіны будаваліся на аснове васалітэту. Рыцары атрымлівалі ад свайго сеньёра маёнтак — феод (лен) і былі абавязаны несці ваен. службу з поўным рыцарскім узбраеннем і рыштункам (баявы конь, меч, панцыр, шлем, шчыт і інш.). Ваен. справа была гал. сац. функцыяй Р., яна давала яму правы і прывілеі. Р. было вызвалена ад большасці падаткаў, падсудна толькі роўным па сац. статусе судам, карысталася перавагай на заняцце дзярж. і ваен. пасад. Доступ у рады Р. быў абмежаваны. Падрыхтоўцы будучага воіна служыла сістэма рыцарскага выхавання і навучання. Узведзены ў Р. даваў клятву вернасці і абавязваўся абараняць гонар і годнасць сюзерэна, яго зямлю ад дамаганняў інш. феадалаў, удзельнічаць у міжусобных і міждзяржаўных войнах. Традыцыя патрабавала ад рыцара быць смелым і адважным у баі, высакародным у адносінах да жанчыны, дасведчаным у пытаннях рэлігіі, ведаць правілы прыдворнага этыкету і інш. Важнай формай распаўсюджання сац.-этычных ідэалаў Р. былі турніры, у час якіх праводзіліся спаборніцтвы ў ваен. майстэрстве. Як служылае ваен.-феад. саслоўе найб. росквіту дасягнула ў 11—13 ст. у час крыжовых паходаў, калі яго ўзбраенне і тактыка бою адпавядалі тагачасным маштабам ваен. аперацый і тэхн. ўзроўню. У шэрагу краін Р. мела свае карпаратыўныя арг-цыі — ордэны. Найстарэйшы з іх — Ордэн св. Марыі ў каралеўстве Навара і Ордэн льва ў Францыі (вядомы з 11 ст.). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р. як асн. ўдарная сіла ў баі заняпала, але захавалася як саслоўе. Частка Р. ў 16—17 ст. увайшла ў склад дваранства, другая, збяднелая, ператварылася ў ваен. наёмнікаў. Як адно з ганаровых рыцарскае званне захавалася ў сучаснай Вялікабрытаніі. У ВКЛ рыцарамі наз. коннікаў-феадалаў. У Прывілеі 1387 вял. кн. Ягайлы гаворыцца аб «рыцарах або баярах». У Прывілеі 1447 вял. кн. Казіміра пералічваюцца розныя катэгорыі феадалаў і сярод іх Р. (княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры). Пачынаючы са Статута ВКЛ 1529 у тэкстах прававых актаў наз. «высакародныя рыцары». У Віленскім прывілеі 1563 Жыгімонта II Аўгуста гаворыцца пра «стан рыцарскі шляхецкі». Гэтыя прыклады сведчаць, што тэрмін Р. быў ідэнтычны тэрміну шляхта. У Японіі блізкія па становішчы да рыцараў былі самураі, у Асманскай імперыі — сіпахі.

Літ.:

Ястребицкая А.Л. Запаяная Европа XI—XIII в. М., 1978;

Кардини Ф. Историки средневекового рыцарства: Пер. с итал. М., 1987;

Оссовская М. Рыцарь и буржуа: Исслед. по истории морали: Пер. с пол. М., 1987;

Иванов К.А. Многоликое средневековье. М., 1996;

Руа Ж.Ж. История рыцарства: [Пер.] М., 1996;

Кин М. Рыцарство: Пер. с англ. М., 2000.

Да арт. Рыцарства. Нямецкі дваранін Генрых Ангальцкі (1170—1252) з іншымі знатнымі людзьмі на турніры. Мініяцюра 13 ст.

т. 13, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

прамысловыя апараты для ажыццяўлення рэакцый хімічных; адны з асн. апаратаў тэхнал, установак хім. вытв-сці. Назва Р.х. (газагенератар, канвертар і інш.) звычайна вызначаецца працэсам, які ў ім праводзіцца. У шырокім сэнсе да Р.х. могуць быць аднесены гарэлкі, рухавікі, акумулятары і інш. апараты, у якіх таксама адбываюцца хім. рэакцыі, але гал. з’яўляецца цеплавы ці эл. эфект, мех. работа і інш., а не іх хім. прадукт.

Р.х. класіфікуюць паводле характару працякання працэсу ў часе (Р.х. перыяд., бесперапыннага і паўбесперапыннага дзеяння), цеплавога рэжыму работы (ізатэрмічныя, адыябатычныя, політрапічныя), рэжыму руху рэакцыйнага асяроддзя (поўнага выцяснення або змяшэння, Р.х. прамежкавага тыпу), фазавага стану рэагентаў (Р.х. для гамагенных рэакцый у газавай ці вадкай фазах, для гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—вадкасць, газ—цвёрдае цела і каталітычных гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—цвёрдае цела, вадкасць—цвёрдае цела або ў вадкай фазе). Паводле тыпу канструкцыі Р.х. падзяляюць на ёмістасныя, калонныя, трубчастыя. Ёмістасныя Р.х. — полыя апараты найчасцей з прыладамі для перамешвання; у газа-вадкасных сістэмах перамешванне можа праводзіцца барбатаваннем. Цеплаабмен у такіх апаратах ажыццяўляецца праз паверхню Р.х. ці шляхам частковага выпарэння вадкага кампанента. Да рэактараў гэтага тыпу адносяць таксама апараты з нерухомым ці псеўдаажыжаным слоем (адным або некалькімі) каталізатара. У ёмістасных Р.х. праводзяць бесперапынныя, перыяд. і паўбесперапынныя працэсы. Калонныя Р.х. — пустацелыя або запоўненыя каталізатарам ці насадкай апараты. Для паляпшэння міжфазнага масаабмену ў іх выкарыстоўваюць дыспергаванне з дапамогай распырсквальнікаў, барбацёраў, мех. ўздзеяння (вібрацыя талерчатай насадкі, пульсацыя патокаў фаз) ці насадкі (цвёрдыя целы рознай формы — кольцы, кольцы з перагародкамі і інш.), якія забяспечваюць высакаскорасны плёначны рух фаз. У такіх Р.х. ажыццяўляюць бесперапынныя працэсы ў двух- ці трохфазных сістэмах. Трубчастыя Р.х. выкарыстоўваюць для правядзення каталітычных рэакцый з цеплаабменам у рэакцыйнай зоне праз сценкі трубак, высокатэмпературных газафазных рэакцый. Спецыфічныя ўласцівасці маюць Р.х. для электрахім, (гл. Электроліз), плазмахім. і радыяцыйна-хім. працэсаў. Разлік Р.х. грунтуецца на даных па тэрмадынаміцы і кінетыцы рэакцый, скорасці цёпла- і масаабмену (гл. Макракінетыка) з улікам структуры патокаў у апаратах; поўны разлік праводзяць метадам мадэліравання (гл. Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы) з выкарыстаннем ЭВМ.

Выкарыстоўваюць Р.х., у т. л. на прадпрыемствах Беларусі, у тэхналогіі неарган. (вытв-сць аміяку, салянай і азотнай кіслот, аміячнай салетры і інш.) і арган. рэчываў (дэгідрыраванне н-бутэнаў, атрыманне ацэтылену з вуглевадародаў, перапрацоўка вадкага і газападобнага паліва і інш.), тэхналогіі асн. арган. сінтэзу і палімераў (атрыманне ацэтылену крэкінгам метану, нітрабензолу, стыролу, полімерызацыя этылену, хлорыстага вінілу і інш.), а таксама ў інш. галінах прам-сці. Гл. таксама Хімічная тэхналогія.

Літ.:

Расчеты химико-технологических процессов. Л., 1976.

У.​А.​Маркаў.

Асноўныя тыпы рэактараў хімічных: а — праточны ёмісты рэактар з мяшалкай і цеплаабменнай абалонкай, б — мнагаслойны каталітычны рэактар з прамежкавымі цеплаабменнымі элементамі (ЦЭ), в — калонны рэактар з насадкай (Н) для двухфазнага працэсу, Г — трубчасты рэактар; 3 — зыходныя рэчывы, П — прадукты рэакцыі, Ц — цепланосьбіт, К — каталізатар.

т. 13, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1925—28 У КІТА́І,

нацыянальная рэвалюцыя, якая мела на мэце аб’яднанне Кітая пад уладай Нац. партыі (Гаміньдана, ГМД) і скасаванне ў краіне ўплыву імперыяліст. дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі). Выклікана станам паліт. хаосу, у якім Кітай апынуўся пасля паражэння Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 і смерці ў 1916 прэзідэнта Кіт. Рэспублікі Юань Шыкая, калі ўлада на месцах апынулася ў руках мясц. ваен. правіцеляў — мілітарыстаў і Кітай фактычна перастаў існаваць як адзіная дзяржава. Рух 4.5.1919 спрыяў уздыму ў краіне грамадска-паліт. актыўнасці, на хвалі якой лідэр кіт. нацыяналістаў Сунь Ятсен абвясціў у кастр. 1919 пра стварэнне ГМД. У крас. 1921 ч. дэпутатаў кіт. парламента, які быў разагнаны мілітарыстамі ў 1917, на сходзе ў г. Гуанчжоў абрала Сунь Ятсена прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, але яго ўрад не прызнала міжнар, супольнасць. У гэтых умовах у 1922—23 Сунь Ятсен заключыў саюз з СССР і Камуністычным інтэрнацыяналам. У абмен на фін. і ваен. дапамогу ён пагадзіўся на саюз ГМД з Кітайскай камуністычнай партыяй (КПК). На 1-м кангрэсе ГМД (студз. 1924) ГМД рэарганізавана на ўзор ВКП(б). Пры дапамозе сав. ваен. саветнікаў (М.В.Блюхер і інш.) на Пд Кітая створана Нац.-рэв. армія (НРА) Расстрэл 30.5.1925 паліцыяй брыт. сетльмента (квартал для іншаземцаў з уласнай адміністрацыяй) студэнцкай дэманстрацыі ў Шанхаі рэзка актывізаваў антыімперыялістычны рух у краіне. 1.7.1925 ГМД стварыў у Гуанчжоў Нац ўрад на чале з Ван Цзінвэем. У выніку 1-га этапу Паўночнага паходу 1926—28 (ліп. 1926 — сак. 1927) Нац. ўрад пашырыў сваю ўладу на Пд ад р. Янцзы, у т. л. на такія буйныя гарады, як Шанхай, Нанкін і Ухань. Адначасова павялічваліся супярэчнасці паміж ГМД і КПК, якая заклікала да разгортвання шырокай агр. рэвалюцыі, што выклікала незадаволенасць кіраўніцтва ГМД і афіцэраў. Лідэр правых гаміньданаўцаў Чан Кайшы (галоўнакамандуючы НРА) адмовіўся падпарадкавацца Нац. ўраду, які знаходзіўся ў г. Ухань, абвясціў у крас. 1927 пра разрыў з КПК і пачаў супраць яе рэпрэсіі, потым стварыў у Нанкіне ўласны ўрад. Уханьскі нац. ўрад працягваў супрацоўніцтва з КПК. Кіраўніцтва КПК палічыла, што ў Кітаі склаліся перадумовы для сацыяліст. рэвалюцыі і ў ліп. 1927 ініцыіравала разрыў з уханьскім ГМД. У адказ той пачаў рэпрэсіі супраць КПК. Камуніст. паўстанні ў жн.—снеж. 1927 пацярпелі паражэнне (гл. Наньчанскае паўстанне 1927). У лют. 1928 адноўлена адзінства ГМД і створаны аб’яднаны Нац. ўрад на чале з Чан Кайшы. У выніку 2-га этапу Паўн. паходу (крас.—снеж. 1928) б.ч. Кітая прызнала ўладу нац. ўрада, што дазволіла кіраўніцтву ГМД абвясціць у кастр. 1928 пра сканчэнне ваен. этапу нац. рэвалюцыі.

Літ.:

Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;

Делюсин Л.П., Костяева АС. Революция 1925—1927 гг. в Китае: пробл. и оценки. М., 1985;

ВКП(б), Коминтерн и национально-революционное движение в Китае: Док. Т. 1—3. М., 1994—98;

История Китая. М., 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 13, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)