ШТОС (ням. Stoß) Фейт [польск. Стош, Ствош (Stosz, Stwosz, Stvos) Віт; 1447 або 1448, Горб, Германія — 1533], нямецкі і польскі мастак і скульптар; прадстаўнік позняй готыкі. У час падарожжаў па Швабіі і верхнім Рэйне пазнаёміўся з творчасцю Г.​Мульчэра, М.​Шонгаўэра і Н.​Герхарта з Лейдэна, які, магчыма, быў яго настаўнікам. У 1477—96 жыў і працаваў у г. Кракаў (Польшча). Па заказе гар. рады стварыў у парафіяльным касцёле Дзевы Марыі (Марыяцкім) гал. алтар (1489), які спалучае круглую драўляную скульптуру ў цэнтр. ч. з рэльефамі на створках і жывапісам (фонавыя краявіды ў рэльефах). Пазней працаваў пераважна ў камені: барэльефы «Агруец» (каля 1485), «Укрыжаванне» для Марыяцкага касцёла (каля 1491); надмагіллі свецкіх і духоўных саноўнікаў: Казіміра Ягелончыка ў кафедральным касцёле на Вавелі (каля 1492), біскупа Пятра з Бніна ў кафедральным касцёле ва Улацлаваку (1493—94), прымаса З.​Алясніцкага ў кафедральным касцёле ў Гнезне (1495), бронзавае надмагілле Ф.​Буанакорсі ў касцёле дамініканцаў у Кракаве (1496—1500).

Займаўся графікай (захавалася 10 работ). З 1496 у г. Нюрнберг (Германія), дзе выканаў т.зв. Мадонну з дома Ш. (каля 1499), кампазіцыю «Дабравешчанне» для касцёла св. Лаўрэнція (1518), праект т.зв. Бамбергскага алтара — трыпціх для кармеліцкага касцёла св. Сальватара (1520—23; захаваўся часткова). Яго скульпт. работы вызначаюцца дынамізмам, моцнай экспрэсіяй, глыбокім унутр. драматызмам.

Літ.:

Dettloff S. Wit Stosz. T. 1—2. Wrocław, 1961.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)