расійскае маст. аб’яднанне, якое сфарміравалася пад эгідай час.«Мир искусства». Існавала ў 1898—1904 і ў 1910—24. Узнікла на аснове гуртка маладых мастакоў і аматараў на чале з А.Бенуа і С.Дзягілевым з мэтай аб’яднання прадстаўнікоў новага пакалення «і як аб’яднанае цэлае заняць месца ў еўрап. мастацтве». Заснавальнікі — Г.Астравумава-Лебедзева, Л.Бакст, І.Білібін, М.Дабужынскі, А.Галавін, І.Грабар, К.Каровін, Б.Кустодзіеў, М.Рэрых (старшыня), Я.Лансерэ, К.Сомаў, В.Сяроў і інш. Праграма «С.м.» мела неарамант. характар і была звязана з сімвалізмам і мадэрнам. Чл. аб’яднання не прымалі акадэмізм, творчасць перасоўнікаў, звярталіся да шырокага кола сфер сучаснага мастацтва (інтэр’ер, тэатр, эстамп, кніга і інш.); выступалі з крытыкай эстэтыкі рус.рэв. дэмакратаў і канцэпцыі У.Стасава. Агульнымі для твораў членаў «С.м.» былі вытанчаны дэкаратывізм, лінеарнасць, якая часам пераходзіла ў арнаментыку, тонкае спалучэнне матавых тонаў. Аб’яднанне наладжвала калектыўныя выстаўкі ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (1912), а таксама арганізавала персанальную выстаўку М.Чурлёніса (1911—12). Мастакі «С.м.» асобнымі экспазіцыямі былі прадстаўлены на міжнар. выстаўцы ў Рыме (1911), з’яўляліся арганізатарамі спектакляў «Рускіх сезонаў» Дзягілева (Парыж, Лондан). У 1904—10 большасць майстроў «С.м.» ўваходзіла ў Саюз рус. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТ ЭМПІ́РЫК (Sextus Empiricus; каля 200—250),
старажытнагрэчаскі філосаф і ўрач, прадстаўнік скептыцызму. Вылучаў 3 віды філасофіі: дагматычную, акадэмічную і скептычную. Крытыкаваў дагматычную філасофію (логіка, фізіка, этыка), якая, на яго думку, прэтэндуе на валоданне абсалютнай ісцінай; зрабіў выснову пра неабходнасць адмаўлення ад догмаў. Акадэмічную філасофію (Аркесілай, Лакід, Тэлеклет, Карнеад і інш. прадстаўнікі Сярэдняй і Новай акадэміі) асуджаў за абсалютызацыю прынцыпу недаступнасці ісціны. У працах «Супраць вучоных» і «Піронавы асноўныя прынцыпы» на аснове фармальна-лагічнага закону крытыкаваў граматыку, рыторыку, геаметрыю, арыфметыку, астралогію, тэорыю музыкі, лагічнае, фіз. і этычнае вучэнні, рэліг. вераванні. На яго думку, мэтай скептычнай філасофіі з’яўляецца дасягненне спакою і асабістага шчасця шляхам устрымання ад меркаванняў. Лічыў, што скептык нічога не сцвярджае і не адмаўляе, а «шукае» ісціну. У гнасеалогіі прытрымліваўся ідэі ўсеагульнай «цякучасці рэчаў» і адвечнага станаўлення. Адмаўляў мэтазгоднасць актыўнага ўдзелу ў паліт. жыцці грамадства; лічыў, што для дасягнення спакою неабходна падпарадкоўвацца абставінам, законам і звычаям. Сістэматызаваў спадчыну папярэдніх філосафаў-скептыкаў і інш.стараж.-грэч. філосафаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),
від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл.Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНЕ́ЧНІК (Helianthus),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 70 (паводле інш. звестак да 110) відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Паўн. Амерыцы. Культывуюцца С. алейны, або аднагадовы (H. annuus), і тапінамбур. У пач. 16 ст. С. завезены ў Еўропу, дзе яго вырошчвалі як дэкар., а пазней агароднінную (насенне) культуру; у Расіі — з канца 17, як алейная — з сярэдзіны 19 ст. На Беларусі вырошчваюць С. алейны як харч., кармавую, меданосную расліну.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты (выш. ад 20 см да 4—6 м) з простымі ці разгалінаванымі ўверсе сцёбламі.
Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае, апушанае, чаранковае. Суквецці — адзіночныя кошыкі на верхавінках сцябла і яго бакавых галінак, дыяметрам 4—70 см, маюць да J тыс. кветак. Шэрагу відаў С. ўласцівы геліятрапізм (асобны выпадак фотатрапізму). Плод — сямянка. З насення С. алейнага атрымліваюць сланечнікавы алей, макуха і шрот — высокабялковы корм для жывёл, кошыкі суквеццяў перапрацоўваюцца на муку, разам з зялёнай масай ідуць на сілас. Харч., лек., тэхн., дэкар., кармавыя, меданосныя расліны.
А.М.Скуратовіч.
Сланечнік: 1 — агульны выгляд; 2 — спелы кошык; 3 — кошык у разрэзе; 4 — плады сланечніку (а — алейнага; б — прамежкавага; в — грызавога).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́ЗЕНЬ Рафал (27.6.1804, б. маёнтак Бортнікі, Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 20.5.1881),
бел. скульптар, жывапісец, медальер, архітэктар. Пачатковую адукацыю атрымаў у школе базыльян у мяст. Вольна (Навагрудскі пав.), пасля вучэння ў езуіцкай школе ў Полацку. У 1820 паступіў на юрыдычны ф-т Віленскага ун-та, адначасова наведваў Віленскую маст. школу, вучыўся ў Я.Рустэма і К.Ельскага. Пасля сканчэння ун-та ў 1826—29 працаваў у Мін-ве ўнутр. спраў у Пецярбургу. У 1830 вярнуўся ў свой маёнтак, дзе стварыў некалькі дзесяткаў жывапісных і скульптурных партрэтаў сваіх родных, знаёмых, суседзяў, якія вызначаюцца тонкасцю і глыбінёй індывідуальных характарыстык (партрэты Марылі, Францішкі і Міхаіла Верашчакаў). Выканаў 57 медальёнаў, у т. л. сваіх бацькоў Яна і Анелі Слізняў, прысвечаныя іх залатому вяселлю, а таксама Уладзіслава, Люцыяна, Браніслава Слізняў, барэльефы і медальёны Т.Зана, Я.Чачота, А.Э.Адынца, А.Міцкевіча, К. і Я. Тышкевічаў, А.Храптовіча, Г.Ржавускага і інш., у пластычнай трактоўцы якіх адчуваецца смелае выкарыстанне традыцый класіцызму і рамантызму. Паводле яго праектаў пабудавана некалькі палацаў і гасп. пабудоў.
А.К.Лявонава.
Р.Слізень. Медальён з выявай Т.Зана. 1-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́НЧАНКА Уладзімір Пятровіч (н. 10.10.1922, с. Будаква Лохвіцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),
бел. скульптар, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965), у 1968—94 выкладаў у ім. Гал. месца ў творчасці займаюць помнікі і мемар. знакі воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у вёсках Блужа Пухавіцкага (1968), Рачэнь Любанскага (1969), Белічы Слуцкага і Зарэчча Лагойскага (1974) р-наў Мінскай вобл., мемар. комплекс «Бабруйскі кацёл» у Бабруйску (1986, з П.Цомпелем і М.Бакуменка); станковыя кампазіцыі «Заслонаўцы» (1965), «Партызанка» (1966), «Партызаны» (1968); партрэты ветэранаў вайны В.М.Гінтаўта, К.І.Дзьяковіча, М.І.Кімбара, Р.Я.Марука, М.М.Рабцава (1970—80-я г.), партыз. разведчыцы Т.Галабурды (1982) і інш. Аўтар надмагілля нар. артыста СССРБ.Платонава на Усходніх могілках у Мінску (1970), бюстаў Ф.Э.Дзяржынскага ў будынку Мін-ваўнутр. спраў у Мінску (1984) і К.Маркса ў Віцебску (1985), мемарыяльнай дошкі мастаку М.Сеўруку ў г. Нясвіж (1989), партрэтаў скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава (1995—97), кампазіцый «Праметэй» (1998), «У XXI стагоддзе» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ ЛЕ́ТАПІС, Увараўскі летапіс,
помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст., адзіны спіс 3-й, скарочанай рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Збярогся ў рукапісе 1-й чвэрці 16 ст. Як сведчаць запісы на палях, што датычаць князёў слуцкіх, бытаваў і, напэўна, узнік у Слуцку (адсюль назва). У адрозненне ад 2-й рэдакцыі Бел.-літ. летапісу 1446 (гл.Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), у якой спачатку змешчана летапісная кампіляцыя з рус. летапісаў, а ў канцы — мясцовыя гіст.-літ. творы, С.л. адкрываецца «Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх», завяршаецца агульнарус. летапісам. Апошні дадаткова скарочаны і змяшчае выбарачныя гіст. запісы пра падзеі 970—1240 (абрываецца на апісанні паходу Батыя на Кіеў і Галіцка-Валынскую Русь). Іншы парадак размяшчэння ў гэтым спісе «Пахвалы Вітаўту» і Смаленскай хронікі. Рукапіс дэфектны, без пачатку і канца, не хапае лістоў у сярэдзіне. Да 1917 зберагаўся ў б-цы графа А.С.Уварава (адсюль другая назва) у Маскве, цяпер — у Гіст. музеі ў Маскве. Асн. арыгінальная частка С.л. ўпершыню апубл. ў 1854 А.М.Паповым, у 1877 выдадзены ў Кёнігсбергу ў перакладзе на ням. мову. Поўнасцю змешчаны ў 17-м і 35-м т. «Поўнага збору рускіх летапісаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНО́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры 1-й пал. 19 ст. ў в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Створаны на раўнінным беразе р. Сноўка. Былы маёнтак маршала Рдултоўскага, ад якога перайшоў да Радзівілаў. У 1-й пал. 19 ст. належаў Абуховічам, з 1854 — барону Густаву Гарцінгу. Пасля рамонту ў 1929 прыстасаваны пад канцылярыю і жыллё афіцэраў польскага корпуса аховы граніцы; выкарыстоўваўся і як казіно. Буйны манум. ансамбль арганізаваны паводле прынцыпу сім.-восевай планіроўкі. Кампазіцыйны цэнтр — мураваны палац (1927, арх.Б.Тычэцкі; класіцызм). Франтальнымі фасадамі ён шырока раскрываецца ў невял. пейзажны парк з сістэмай сажалак і каналаў. 2-павярховы цэнтр. аб’ём злучаны 1-павярховымі бакавымі крыламі-каланадамі з павільёнамі. У цэнтры выцягнутага (даўж. каля 140 м) гал. фасада — 4-калонны іанічны порцік, якому з боку тыльнага фасада адпавядаюць аналагічны порцік меншага памеру і тэраса. Бакавыя рызаліты цэнтр. корпуса вырашаны ў выглядзе «італьян. акна» (арачны праём падзелены карнізам і вузкімі прасценкамі). Бакавыя крылы аздоблены іанічнымі каланадамі, калоны якіх сім. размешчаны ў прасценках прамавугольных аконных праёмаў. У павільёнах выкарыстаны прамавугольныя нішы, сандрыкі аконных праёмаў. У інтэр’еры прамавугольная парадная зала (пл. 100 м²) аздоблена нішамі, скульптурай, каланадай, захавалася кафляная печ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОГД, Сагдыяна,
у старажытнасці вобласць у бас. рэк Зераўшан і Кашкадар’я, якую насялялі сагдыйцы (на тэр. сучасных Узбекістана і Таджыкістана). Найб. вядомы горад С. — Мараканда (Самарканд). У 6—4 ст. да н.э. ўваходзіў у склад Ахеменідаў дзяржавы. Насельніцтва С. на чале са Спітаменам аказала ў 329—328 да н.э. ўпартае супраціўленне войску Аляксандра Македонскага. Пасля смерці апошняга (323 да н.э.) — у складзе дзяржавы Селеўкідаў, з пач. 3 ст. да н.э. — Грэка-Бактрыйскага царства. У 1—4 ст.н.э. — ч.Кушанскай дзяржавы. У 4—5 ст. заваяваны эфталітамі, у 6—7 ст. — цюркамі; у гэты час на тэр. С. існавалі аўт.мясц. княствы. У канцы 7 — пач. 8 ст. заваяваны арабамі, якія далі краіне назву Маверанахр. У старажытнасці цераз С. праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, якія звязвалі Кітай з Б. Усходам (гл.Вялікі шаўковы шлях).
Літ.:
Джалилов А. Согд накануне арабского нашествия и борьба согдийцев против арабских завоевателей в первой половине VIII в. Сталинабад, 1961;
Смирнова О.И. Очерки из истории Согда. М., 1970;
Якубов Ю. Раннесредневековые сельские поселения горного Согда: (К пробл. становления феодализма). Душанбе, 1988;
Обельченко О.В. Культура античного Согда: По археол. данным, VII в. до н.э. — VII в. н.э.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ТАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
бесправадная перадача інфармацыі паміж рухомымі абанентамі, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання, а таксама паміж імі і абанентамі стацыянарнай тэлеф. сеткі.
Зона абслугоўвання падзяляецца на ячэйкі малога радыуса (да 30 км), падобныя на пчаліныя соты (адсюль назва), і кожная з іх мае базавую станцыю (БС) з пэўнай колькасцю модуляў прыёмна-перадавальнага абсталявання.
Кожнай БС выдзяляюцца пэўныя частоты для радыёсувязі, пры гэтым для выключэння ўзаемных перашкод аднолькавыя частоты маюць прасторава аддаленыя адна ад адной БС. Сувязь паміж абанентамі адной соты ажыццяўляецца з дапамогай БС, а паміж абанентамі розных сотаў, у т. л. пры перамяшчэнні абанента з адной соты ў другую, а таксама з абанентамі стацыянарнай тэлеф. сувязі — з дапамогай цэнтра камутацыі рухомай сувязі. Сістэма С.р. з лічбавымі метадамі перадачы сігналаў забяспечвае ахову паведамленняў ад несанкцыяніраванага доступу, устойлівасць і высокую якасць сувязі, перадачу даных і інш. паслугі сувязі, у т. л. доступ да сістэм С.р. аднолькавага стандарту розных краін.
Э.Б.Ліпковіч.
Схема тэрытарыяльна-частотнага планавання сотавай радыёсувязі з рухомымі аб’ектамі: D — ахоўны інтэрвал; R — радыус ячэйкі; R0 — радыус зоны абслугоўвання; ЦС — цэнтральная станцыя камутацыйнай сістэмы; Бс — базавая станцыя; аднолькавым колерам вылучаны ячэйкі з аднолькавымі рабочымі частотамі.