СЛІ́НЧАНКА Уладзімір Пятровіч (н. 10.10.1922, с. Будаква Лохвіцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. скульптар, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965), у 1968—94 выкладаў у ім. Гал. месца ў творчасці займаюць помнікі і мемар. знакі воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, у вёсках Блужа Пухавіцкага (1968), Рачэнь Любанскага (1969), Белічы Слуцкага і Зарэчча Лагойскага (1974) р-наў Мінскай вобл., мемар. комплекс «Бабруйскі кацёл» у Бабруйску (1986, з П.​Цомпелем і М.​Бакуменка); станковыя кампазіцыі «Заслонаўцы» (1965), «Партызанка» (1966), «Партызаны» (1968); партрэты ветэранаў вайны В.​М.​Гінтаўта, К.​І.​Дзьяковіча, М.​І.​Кімбара, Р.​Я.​Марука, М.​М.​Рабцава (1970—80-я г.), партыз. разведчыцы Т.​Галабурды (1982) і інш. Аўтар надмагілля нар. артыста СССР Б.​Платонава на Усходніх могілках у Мінску (1970), бюстаў Ф.​Э.​Дзяржынскага ў будынку Мін-ва ўнутр. спраў у Мінску (1984) і К.​Маркса ў Віцебску (1985), мемарыяльнай дошкі мастаку М.​Сеўруку ў г. Нясвіж (1989), партрэтаў скульптараў З.​Азгура, А.​Анікейчыка, А.​Бембеля, А.​Глебава, С.​Селіханава (1995—97), кампазіцый «Праметэй» (1998), «У XXI стагоддзе» (2000) і інш.

Э.​А.​Петэрсон.

У.Слінчанка. У XXI стагоддзе. 2000.

т. 15, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)