СТРАМАТАПАРАІДЭ́І (Stromatoporoidea),
група выкапнёвых каланіяльных беспазваночных. Умоўна адносяць да кішачнаполасцевых або гідроідных паліпаў. Некалькі сям., каля 70 родаў. Жылі з ранняга палеазою да канца мезазою ў мелкаводнай зоне мораў. Рыфаўтваральнікі. На Беларусі рэшткі выяўлены ў адкладах сілуру і дэвону.
Памеры ад некалькіх міліметраў да 2 і больш метраў у папярочніку. Шкілет вапняковы, рознай формы (коркападобнай, сфераідальнай, конусападобнай і інш.), складаўся з гарыз. пласцін (ламін) і верт. элементаў (слупкоў), на паверхні — сістэма каналаў (астрарыз), якія складаліся з 1 верт. і адыходзячых ад яго на розных узроўнях гарыз. галінастых каналаў. Па рэштках С. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
т. 15, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБУ́ (палінезійск.),
1) пашыраная ў першабытным грамадстве сістэма забарон, парушэнне якіх нібыта караецца звышнатуральнымі сіламі. Звычай Т. ўпершыню апісаў у 1771 Дж.Кук у абарыгенаў а-воў Тонга (Палінезія); там табуіраваным было ўсё, што адносілася да багоў і духаў, што належала жрацам і правадырам. Т. рэгламентавалі найважнейшыя бакі жыцця чалавека, найперш захаванне шлюбных норм. выкарыстанне пэўных прадметаў, слоў і г. д. Узнікненне Т. відавочна звязана з патрэбамі чалавечага грамадства, якое складвалася. каб падпарадкаваць паводзіны індывідуума інтарэсам калектыву. Перажыткі Т. захоўваюцца і ў сучасных рэлігіях (напр., у хрысціянстве паняцце граху аналагічна Т.).
2) У шырокім сэнсе — строгая забарона.
т. 15, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКА́НКАВАЯ СУМЯШЧА́ЛЬНАСЦЬ, гістасумяшчальнасць,
магчымасць сумеснага існавання клетак і тканак, якія належаць генетычна падобным асобінам. Т.с. характарызуе стан, пры якім ахоўныя сістэмы арганізма не перашкаджаюць прыжыўленню і функцыянаванню клетак або органаў інш. арганізма (донара) у арганізме рэцыпіента (напр., крыві пры пераліванні, ныркі пры перасадцы). Поўная Т.с. існуе паміж тканкамі аднаяйцавых блізнят (генет. ідэнтычнасць). Гал. сістэма Т.с. — сямейства генаў, якія забяспечваюць саматычную індывідуальнасць і рэактыўнасць індывіда. Пры тканкавай несумяшчальнасці развіваецца імунная рэакцыя адарвання трансплантата. Высокая ступень Т.с. неабходна для паспяховых аперацый па перасадцы тканак і органаў.
Літ.:
Ройт А., Бростофф Дж., Мейл Д. Иммунология. М., 2000.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНЫ БЕРАГАВЫ́ КАНА́Л, Берагавы канал,
сістэма каналізаваных водных шляхоў уздоўж узбярэжжа Мексіканскага заліва і Атлантычнага ак. ў ЗША. Прызначаны для скарачэння адлегласці дастаўкі грузаў (у параўнанні з марскімі кабатажнымі перавозкамі) і злучэння вусцяў рэк, якія ўпадаюць у Атлантычны ак. і Мексіканскі заліў (Місісіпі, Бразас, Сабін, Тамбігбі, Савана і інш.) у адзіную трансп. сістэму. Агульная даўж. 4 тыс. км. Складзены з 2 участкаў, якія размежаваны п-вам Фларыда: Атл. (ад. г. Норфалк да г. Кі-Уэст; даўж. 2,1 тыс. км) і ўчастка ўздоўж Мексіканскага заліва (ад р. Сент-Маркс да г. Браўнсвіл; даўж. 1,9 тыс. км).
т. 16, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЙЗ (Chase) Джэймс Хэдлі [сапр. Рэйманд
(Raymond) Рэнэ Брабазон; 24.12.1906, Лондан — 12.6.1985], англійскі пісьменнік. Скончыў Каралеўскую школу (г. Рочэстэр, графства Кент). Майстар дэтэктыва. Аўтар 94 раманаў: «Ніякіх архідэй для міс Блэндзіш» (1939; экранізацыя 1951, 1971),
«Ты будзеш са мной для гэтага» (1946), «У лабірынце смерці» (1957), «Юныя дзяўчаты асцерагаюцца» (1959), «Пярсцёнак Борджа» (1971) і інш. Яго творы адметныя цікавай інтрыгай, дынамічным развіццём дзеяння, займальнасцю і парадаксальнасцю; у іх паказаны сістэма каштоўнасцей і склад жыцця людзей у грамадстве, дзе ўсё прадаецца і купляецца, страта чалавекам маральных арыенціраў.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—32. Мн., 1991—95.
т. 17, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАМЕ́ТА Мікалай Васілевіч (н. 12.8.1924, в. Лазовіца Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1989). Скончыў Львоўскі ун-т (1953). Настаўнічаў. З 1961 працаваў у Бельцкім пед. ін-це (Малдова). З 1967 выкладае у Мінскім лінгвістычным ун-це (з 1991 праф.). Даследуе дынамічныя з’явы ў моўнай сістэме і ў маўленні. Аўтар манаграфій «Міжузроўневыя структуры дзеяслоўнага класа: На матэрыяле французскай мовы» (1988), «Міжузроўневыя дзеяслоўныя ўтварэнні ў сучаснай французскай мове» (1990), вучэбных дапаможнікаў «Параўнальная тыпалогія французскай, рускай і беларускай моў» (1982, з В.Паўлоўскім), «Сістэма дзеяслоўных аналітызмаў у сучаснай французскай мове» (1985) і інш.
т. 17, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧУ́ПАЛЬЦАВЫЯ (Tentaculata), лафафоравыя (Lophophorata),
падаксоніі (Podaxonia), празапігіі (Prosopygia), тып беспазваночных жывёл. 3 кл.: імшанкі, плечаногія, фараніды; некат. даследчыкі адносяць іх да самаст. тыпаў. Каля 30 тыс. відаў, з іх сучасных каля 4,3 тыс. Пашыраны ў морах і прэсных вадаёмах. На Беларусі трапляюцца імшанкі.
Маюць другасную поласць цела (цэлом), расчлянёную на 2 або 3 сегменты. Добра развіты апарат каляротавых шчупальцаў (адсюль першая назва), размешчаны на падковападобным шчупальцаносцы — лафафоры (адсюль другая назва). Кішэчнік петлепадобны, са спінным анусам. Ёсць крывяносная сістэма і 1—2 пары метанефрыдыяў. Планктонная лічынка нагадвае трахафору. Іл. гл. да арт. Імшанкі, Плечаногія, Фараніды.
т. 17, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
сістэма ацяплення памяшканняў, што складаецца з эл. ацяпляльных прылад, у якіх эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую. Награвальны элемент — найчасцей дрот напальвання з вял. удз. супраціўленнем з ніхрому, канстантану, фехралю.
У Э.а. выкарыстоўваюцца прылады з адкрытымі награвальнымі элементамі (электракамін, электрарэфлектар і інш.), закрытымі — награваюць ваду, масла (радыятар), што цыркулююць у замкнёнай ёмістасці, або элементамі, замураванымі ў сценавыя канструкцыі і інш. Закрытыя прылады выключаюць магчымасць апёкаў і прыгарання пылу. Прылады для Э.а. звычайна займаюць мала месца, маюць невял. масу і лёгка рэгулююцца па цеплааддачы. маюць высокі ккдз, гігіенічныя. Награвальныя прылады з адкрытымі элементамі небяспечныя ў пажарных адносінах.
т. 18, кн. 1, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭШНУ́НА,
старажытны горад-дзяржава ў Месапатаміі ў шумера-акадскую эпоху (3—2-е тыс. да н.э.), цяпер гарадзішча Тэль-Асмар у Іраку. Праз Э. Шумер і Акад звязваліся з Эламам. У 21 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад дзяржавы Шумера і Акада. У 20 — пач. 18 ст. да н.э. Э. — цэнтр самаст. дзяржавы. Потым заваявана царом Хамурапі. пазней — касітамі (наз. Тупліяш). У клінапісных дакументах апошні раз упамінаецца каля 6 ст. да н.э. У выніку археал. раскопак у 1930—36 выяўлены храмы, палац цара Э. Нарамсіна, сістэма каналізацыі, жылыя пабудовы, скульптура, надпісы, пячаткі і інш.
т. 18, кн. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На ПнЗ Мінскай вобл., пераважна ў Маладзечанскім р-не; у складзе Мінскага ўзвышша; водападзел (у цэнтр. ч.) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Абмежавана верхнім участкам даліны р. Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на Пн, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзв. на З і зліваецца з Лагойскім узв. на ПнУ. Найб. выш. 335 м (гара Маяк). Паводле В.А.Дзяменцьева паўн.-зах. ч. Р.ў. — Аляхновіцкае ўзвышша.
У тэктанічных адносінах Р.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. ч. Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вял. колькасцю валуноў.
У рэльефе ўзвышша сістэма градаваўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўн. схіл мае выгляд уступу выш. каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы. У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Бярэзіна (прыток Нёмана). Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі. Асн. ч. ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З Пн на Пд Р.ў. перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.
В.П.Якушка.
т. 13, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)