паход удзельных князёў Северскай зямлі на чале з ноўгарад-северскім князем Ігарам Святаславічам супраць полаўцаў. У крас. 1185 Ігар Святаславіч выступіў з дружынай з г. Ноўгарад-Северскі. Да яго далучыліся з дружынамі сын Уладзімір з Пуціўля, пляменнік Святаслаў Ольгавіч з Рыльска, брат Усевалад (кн. Трубчэўскі) і атрад кавуяў (аселых качэўнікаў) чарнігаўскага князя. Аб’яднанае войска (4—6 тыс.чал.) рушыла на Пд. У сучаснай гіст. л-ры няма адзінага меркавання пра канкрэтныя мэты паходу і месца вырашальнай бітвы. 11—12.5.1185 полаўцы на чале з ханам Канчаком акружылі і поўнасцю знішчылі северскае войска, узялі ў палон Ігара Святаславіча і інш. князёў. Потым яны спустошылі тэр. Пераяслаўскага і Ноўгарад-Северскага княстваў. Падзеі паходу склалі сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым».
Літ.:
Рыбаков Б.А. «Слово о полку Игореве» и его современники. М., 1971;
Гетманец М.Ф. Тайна реки Каялы: («Слово о полку Игореве»), 2 изд. Харьков, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў ІВА́НАВІЧ (? — 29.4.1386),
вялікі князь смаленскі з 1358. Сынвял.кн. смаленскага Івана Аляксандравіча. Праводзіў палітыку па захаванні незалежнасці Смаленскага княства. Спрабаваў вярнуць захопленыя вял.кн.Альгердам паволжскія землі (паход 1358 на р. Белая), але ў выніку страціў Мсціслаў з Пасожжам (1359). Дружына С.І. ў 1368 і 1370 прымала ўдзел у паходах Альгерда на Маскву 1368—72. За парушэнне дагавора з Масквой у 1368 С.І. быў адлучаны мітрапалітам Алексіем ад царквы, што пацвердзіў у 1370 канстанцінопальскі патрыярх. У 1375 заключыў саюзны дагавор з Масквой і ўдзельнічаў у паходзе супраць Цверы. У 1386 разам з Андрэем Альгердавічам пачаў барацьбу супраць Вільні і спрабаваў вярнуць захопленыя ВКЛпаўн.-зах. воласці Смаленскага княства. Пасля няўдалай аблогі Віцебска і Оршы спрабаваў узяць Мсціслаў. 29 крас. пад сценамі горада адбылася бітва з падышоўшым войскам ВКЛ, у якой С.І. быў разбіты (гл.Мсціслаўская бітва 1386).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў І́ГАРАВІЧ (? — 972),
вялікі князь кіеўскі [964—972]. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сынвял. князя кіеўскага Ігара. У 964—966 вызваліў вяцічаў ад улады хазар і падначаліў іх Кіеву. У 960-я г. разграміў Хазарскі каганат, разбурыў яго сталіцу Ітыль і г. Саркел (на Доне). Ваяваў з Балгарыяй волжска-камскай і захапіў яе сталіцу Булгар. На Паўн. Каўказе заваяваў хазарскую крэпасць Семендэр, разбіў ясаў і касогаў. У 967 уварваўся ў Дунайскую Балгарыю і ўмацаваўся ў г. Пераяславец у вусці Дуная. Калі на Кіеў напалі печанегі, вярнуўся, разбіў іх і зноў прыйшоў у Балгарыю. Каля 971 у саюзе з балгарамі і венграмі ваяваў супраць Візантыі. У 971 заключыў мір з візантыйскім імператарам Іаанам I Цымісхіем. На шляху да Кіева каля дняпроўскіх парогаў загінуў у баі з печанегамі.
Літ.:
Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;
Сахаров А.Н. Дипломатия Святослава. 2 им. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),
князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАДУ́БСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве. Утворана ў 1454 як удзел Івана Андрэевіча Мажайскага (гл.Мажайскія), уцекача ад вял. маскоўскага кн. Васіля II. У 1499 яго сын Сямён, які пачаў звацца кн. Старадубскім, атрымаў ад вял.кн.ВКЛ Аляксандра пацвярджэнне на вотчыну, у якую ўваходзілі Старадуб, Гомель, Чарнігаў, Бранск, Карачаў, Хоцімль. Вясной 1500 Сямён і ўладальнік Ноўгарад-Северскага княства В.І.Шамяціч перайшлі на бок вял. маскоўскага кн. Івана III. Пры гэтым іх княствы захавалі на пэўны час унутр. аўтаномію. У 1-й чвэрці 16 ст. існаванне гэтых буферных утварэнняў, якія разам з Разанню засланялі ўласна маск. тэрыторыю ад тат. набегаў, з тактычных меркаванняў дапускалася Масквой. У 1518 С.к. перайшло да вял. маскоўскага кн. Васіля III. Гомель з акругай вернуты ў склад ВКЛ у выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАШЭ́ЎСКІ Васіль Пятровіч (23.3.1895, в. Лугавая Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1924). Настаўнічаў. З 1926 працаваў адказным сакратаром літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Полымя», у газ. «Савецкая Беларусь» (1928—29). У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1923. Аўтар больш чым 20 п’ес: «Бацька і сын» (1927), «Музыка Цвілеўскі», «Спявай, вясна!» (абедзве 1928), «Архангелы з крэсаў» (1929), «Віхор» (1930), «На варце» (1932), «На платформу» (1934), «Самсон і Людміла» (1936), «Мікола Гоман» (паст. 1936) і інш. Выдаў кнігі нарысаў «Гаворыць Асінстан...», «Па сонечным шляху», «Чырвоны сцяг» (усе 1930), «Койданаўская МТС» (1931), «Каласіцца зямля» (1932). Лепшыя творы С. вылучаюцца добрым веданнем жыцця, арыгінальным спалучэннем лірызму, тонкага гумару з публіцыст. накіраванасцю. На бел. мову пераклаў аповесць І.Мікітэнкі «Вуркаганы», п’есу М.Ірчана «Сям’я шчотачнікаў», паасобныя творы А.Афінагенава, А.Карнейчука, І.Качаргі, І.Ле, І.Сенчанкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАВІ́НСКІЯ,
шляхецкі род герба «Суліма» ў ВКЛ. Упамінаюцца з 1500. Найб. вядомыя:
Марцін (?—1594), цівун і гараднічы трокскі, маршалак гаспадарскі ў 1580—90, кашталян менскі ў 1590—92 і віцебскі з 1592. Меў сына Гераніма Максіміляна, старосту рагачоўскага. Бальцар (Бальтазар; ?—1633), брат Марціна, цівун трокскі, кашталян берасцейскі ў 1624—27 і смаленскі ў 1627—31, ваявода менскі з 1631. Неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Эразм, брат Марціна, палкоўнік каралеўскі, падкаморы ноўгарад-северскі.
Крыштоф, брат Марціна, суддзя земскі трокскі. Пакінуў сыноў Казіміра, канюшага трокскага, Караля, падкаморыя старадубскага, Збігнева, суддзю старадубскага, Максіміляна. стольніка старадубскага, Траяна, суддзю гродскага ашмянскага, Крыштофа, чашніка ашмянскага. Францішак, войскі старадубскі, суддзя гродскі пінскі, пасол на элекцыйны сойм 1679. Ігнацы (?—1787), староста слонімскі ў 1762—75, падканюшы ВКЛ з 1771. З гэтага роду паходзілі бацька і сын — Ф.І.Стравінскі, спявак, І.Ф.Стравінскі, кампазітар. Вядомы таксама роды С. гербаў «Даліва», «Гіпацэнтаўр», «Прыяцель».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́НІРС (Teniers) Давід Малодшы
(хрышчаны 15.12.1610, г. Антверпен, Бельгія —25 4.1690),
фламандскі жывапісец. Вучыўся ў бацькі — Давіда Т. Старэйшага. З 1651 жыў у Бруселі, прыдворны жывапісец і дырэктар карціннай галерэі эрцгерцага Вільгельма (выканаў копіі карцін гэтай галерэі, выдадзеныя ў гравюрах у 1660). Ініцыятар стварэння Антверпенскай АМ (1665). Пісаў невял. жанравыя сцэны, гал. чынам ідылічныя карціны сял. побыту («Вясковае свята», 1646), рэліг. кампазіцыі, трактаваныя ў жанравым духу («Блудны сын», 1644), пейзажы («Горны пейзаж», 1640), партрэты, прасякнутыя прыхаванай іроніяй (групавы партрэт членаў антверпенскага магістрата і старшын стралковых гільдый, 1643), гумарыстычныя сцэнкі з маральна-алегарычным падтэкстам («Малпы гуляюць у карты»), якія вылучаюцца дакладнасцю жывапіснай манеры. Крыху стракаты, лакальны каларыт ранніх твораў Т. ў сталы перыяд творчасці змяніўся вытанчанай светла-серабрыстай гамай («Паляванне эрцгерцага Леапольда Вільгельма на чаплю»).
Літ.:
Смольская Н.Ф. Тенирс в собрании Эрмитажа. Л., 1961;
Davidson J.P. D.Teniers, the younger. London, 1980.
Д.Тэнірс. Паляванне эрцгерцага Леапольда Вільгельма на чаплю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІР МАНАМА́Х, Уладзімір Усеваладавіч Манамах (у хрышчэнні Васіль,
1053—1125),
вялікі князь кіеўскі [1113—25]. Сынвял.кн.Усевалада Яраславіча [1078—93] і Марыі — дачкі візант. імператара Канстанціна Манамаха (адсюль яго празванне). Княжыў у Растове (1066—70), Смаленску (1070—72,1077—78), Уладзіміры-Валынскім (1072—76), Чарнігаве (1076—77,1078—93), Пераяславе (з 1093). Прыхільнік моцнай велікакняжацкай улады. Арганізаваў і ўзначаліў ваен. паходы 1103, 1107, 1111 супраць полаўцаў і часова спыніў іх набегі на Русь. У 1077 спаліў ваколіцы Полацка, у 1084 разрабаваў Менск, не пакінуўшы «ні чалядзіна, ні скаціны». Запрошаны на вял. княжанне ў час Кіеўскага паўстання 1113, пад уражаннем якога зрабіў уступкі нар. масам (гл.Статут Уладзіміра Манамаха 1113). Ваен. і дыпламат. шляхам спыніў міжусобныя войны, аднавіў рэальную велікакняжацкую ўладу на 3/4тэр.Кіеўскай Русі. Імкнуўся падпарадкаваць Полацка-Менскую зямлю, у 1118 захапіў у палон менскага кн.Глеба Усяславіча. Аўтар аўтабіягр. «Павучання» сваім дзецям (гл.«Павучанне Уладзіміра Манамаха»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЙБАНІ́ДЫ, Шэйбаніды,
дынастыя узбекскіх ханаў, нашчадкаў Шэйбана (Шыбана) — унука Джучы, брата Батыя. Заснавальнік — Мухамед Шайбані [1451—1510], які ў 1500—01 адваяваў у Цімурыдаў іх сталіцу Самарканд і засн.Шайбанідаў дзяржаву, устанавіў сваю ўладу над усім Маверанахрам і Харасанам. У 1508—09 Шайбані-хан здзейсніў паход на казахаў, у 1510 разбіты пад Мервам іран. шахам Ісмаілам I Сефевідам і забіты. У 1510—30 правіў Кучкунджы-хан, у 1530—33 — яго сын Абусаід, у 1533—39 — Убайдула-хан I. Пры Абдуле-хане II [1583—98] узмацнілася ханская ўлада і значна пашырылася тэрыторыя. Ш. лічылі толькі сябе законнымі наследнікамі Цімурыдаў і ўвесь час ваявалі з Сефевідамі за Харасан і другую сталіцу Цімурыдаў — Герат. Пасля смерці Абдулы-хана і забойства яго сына Абдал-Муміна дынастыя Ш. перастала існаваць. У 1599 да ўлады прыйшлі Джаніды.
Літ.:
Босворт К.Э. Мусульманские династии: Справ. по хронологии и генеалогии Пер. с англ.М., 1971. С. 207—208.