КУЛЬТУРАЛОГІЯ
Культуралагічныя даследаванні ў Беларусі пачаліся ў эпоху Адраджэння. Праблемы нац. і рэліг. самаідэнтыфікацыі, біблейскай і антычнай традыцый адлюстроўваліся ў творах Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Сарбеўскага, Сімяона Полацкага, М.Сматрыцкага, А.Філіповіча. Да навук. асэнсавання праблем айчыннай культуры бел. даследчыкі звярнуліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пытанні бел. культуры закраналіся ў этнаграфічных і фальклорных працах Л.Бароўскага, П.А.Бяссонава, Я.Ф.Карскага, М.І.Каспяровіча, А.Г.Кіркора, Ю.Ф.Крачкоўскага, М.Я.Нікіфароўскага, Я.П.Тышкевіча, Е.Р.Раманава, І.А.Сербава, М.Федароўскага, П.В. Шэйна і інш. На аснове комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення фактычнага матэрыялу яны абгрунтавалі нац. самабытнасць беларусаў як самастойнага народа, які стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру. Культуралогія як частка комплекснай гуманіт. навукі фарміравалася на стыку гісторыі, філасофіі, сацыялогіі, псіхалогіі, антрапалогіі, этналогіі, мастацтвазнаўства, семіётыкі, лінгвістыкі і інш. навук.
У 2-й пал. 20 ст. вызначальную ролю ў распрацоўцы тэорыі і гісторыі айч. культуры адыгралі бел. вучоныя Г.І.Барышаў, Я.М.Бабосаў, Ю.А.Гусеў, Э.К.Дарашэвіч, У.М.Конан, М.І.Крукоўскі, Г.А.Каханоўскі, А.Б.Ладыгіна, А.І.Лакотка, А.В.Мальдзіс, У.Ф.Мартынаў, І.В.Марозаў, В.Ф.Нячай, І.Д.Розенфельд, Я.М.Сахута, Р.Б.Смольскі, В.У.Пазнякоў, В.Ф.Шматаў і інш. У навук. працах разгледжаны праблемы развіцця бел. нацыі, сацыядынамікі культуры ў яе нац. традыцыях і асаблівасцях у кантэксце ўзаемадзеяння са станаўленнем і праяўленнямі спецыфічна бел. менталітэту, нац. самасвядомасці бел. народа ў мінулыя эпохі і ў сучасны перыяд. Бел. культуролагі даследуюць заканамернасці развіцця і функцыянавання культуры, яе структуру і дынаміку, (Я.М.Бабосаў, Э.К.Дарашэвіч, М.І.Крукоўскі, С.В.Лапіна, А.І.Смолік), этнічныя і духоўныя асновы культуры і быцця чалавека (Т.І.Адула, П.Р.Ігнатовіч, А.С.Майхровіч, Ю.В.Чарняўская), праблемы тэорыі каштоўнасці і варыятыўнасці культуры (А.М.Пакроўская), дыялектыку ментальнасці і нац. культуры, узаемадзеяння розных культур і цывілізацый свету (В.В.Брыгадзіна, Э.С.Дубянецкі, І.І.Касперава, У.П.Люкевіч). Новым кірункам у культуралогіі стала архітэктурная герменеўтыка (працы І.В.Марозава «Таямнічым шляхам Гермеса», 1994; «Архітэктурная герменеўтыка», 1999). Вывучэнню сутнасных праяў прыгажосці, што дэтэрмінуюць развіццё культуры, прысвечаны працы У.Ф.Мартынава «Філасофія прыгажосці» (1999) і «Эстэтыка» (2004). Вучоныя культуролагі Ю.Г.Болатава, С.Л.Вілейка, А.А.Каспярук, І.Л.Коган, Э.А.Усоўская, Т.І.Якавук і інш. даследуюць аксіялагічныя асновы маст. культуры, пытанні генезісу, тыпалогіі і механізмаў захавання традыц. культуры, ролі і месца этыкі і рэлігіі ў структуры культ. арганізма.
У Бел. ун-це культуры падрыхтаваны і выдадзены працы, прысвечаныя ролі духоўнай культуры ў рэгуляцыі розных сфер сац. быцця ва ўмовах сістэмнай трансфармацыі грамадства, дзейнасці сацыякультурных інстытутаў, якія забяспечваюць функцыянаванне культуры: «Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме» А.І.Смоліка (1999), «Філасофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію» М.І.Крукоўскага (2001), «Этнічныя асновы культуры» П.Р.Ігнатовіча і Ю.В.Чарняўскай (2001) і інш. Даследаванні культуры канкрэтных сац. арганізмаў, што існуюць у пэўных прасторава-часавых межах, а таксама культуры рэгіёнаў вядуцца ў Гродзенскім ун-це (І.В.Бусько, Э.А.Малько, С.З.Сямернік, І.Д.Розенфельд, М.А.Валковіч, Т.Р.Бараноўская). У Бел. ін-це праблем культуры (І.Б.Багачова, Р.Л.Бузук, І.І.Кулік, Л.І.Ракавецкая, У.П.Скараходаў) і Рэсп. ін-це вышэйшай школы (Ю.Ю.Гафарава, М.Р.Жбанкоў, В.У.Пазнякоў, Я.С.Яскевіч) праводзяцца фундаментальныя даследаванні асноў нац.-культ. развіцця ва ўмовах дэмакр. прававой дзяржавы, развіцця нар. творчасці і прафес. мастацтва, узаемадзеяння бел. культуры з інш. культурамі свету, распрацоўваецца канцэпцыя культуралагічнай адукацыі моладзі.
Выдадзены шэраг калект. і індывід. навуч. дапаможнікаў па культуралогіі, тэорыі і гісторыі культуры, асобных праблемах культуразнаўства і культурна-філас. антрапалогіі (В.В.Брыгадзіна, У.У.Качаноўскі, М.Д.Каўшараў, Н.А.Круталевіч, С.В.Лапіна, І.Я.Левяш, У.Ф.Мартынаў, Т.Я.Мінянкоў, С.Я.Парашкоў, Н.А.Рабцова, Ю.В.Чарняўская, І.Я.Шыршоў); навук. даведнік «Культура Беларусі XI—XIX ст.» А.І.Смоліка (1995). У 2003 выйшаў у свет энцыклапедычны даведнік Э.С.Дубянецкага «Культуралогія», у якім змест асн. паняццяў, тэрмінаў і феноменаў культуры арганічна ўвязаны з гісторыяй і рэальнымі працэсамі этнакультурнага развіцця бел. грамадства.
Літ.:
Роль культуры в формировании личности. Мн., 1980;
Ширшов И.Е. Динамика культуры. Мн., 1980;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996;
Смолік А.І. Сацыяльна-культурная дзейнасць у постчарнобыльскім соцыуме. Мн., 1999;
Морозов И.В. Архетипы культуры: Основы культурологии. Мн., 2001;
Потапенко Н.Я. Культура как самоорганизующаяся система. Мн., 2003;
Саянкова Л.П. Массовая культура: Эволюция зрелищных форм. Мн., 2003.
А.І.Смолік.
т. 18, кн. 2, с. 465