сістэматычнае мэтанакіраванае ўздзеянне на дзіця дарослых членаў сям’і і сямейнага ладу жыцця. Гал. задача С.в. — падрыхтоўка дзіцяці да жыцця ў пэўных сац. умовах. С.в. звычайна будуецца на аснове ідэалогіі, маралі і сістэмы ўзаемаадносін таго сац. пласта, да якога належыць сям’я. Фарміраванне асобы дзіцяці адбываецца ў выніку непасрэднага ўплыву аб’ектыўных умоў яго жыцця ў сям’і (сямейных адносін, структуры сям’і і колькасці яе членаў, прыкладу бацькоў і інш.) і ўздзеяння мэтанакіраванага выхавання дарослымі. Свядомая выхаваўчая дзейнасць дарослых становіцца эфектыўнай, калі праводзіцца не адасоблена ад рэальнага жыцця бацькоў, а пацвярджаецца ім. На С.в. істотна ўплывае духоўная культура бацькоў, іх вопыт сац.зносін, сямейныя традыцыі. Асобая роля належыць пед. культуры бацькоў, якая дае магчымасць звузіць элемент стыхійнасці, які найбольш уласцівы С.в. Маральнае ўздзеянне сям’і як выхаваўчага ін-та чалавек адчувае на працягу ўсяго жыцця. Аднак уплыў С.в. на розных этапах развіцця дзіцяці неаднолькавы. З паступленнем дзіцяці ў навуч. ўстановы сям’я пачынае падзяляць сваю выхаваўчую функцыю з інш.сац. ін-тамі; чым мацнейшая ўзаемасувязь і пераемнасць паміж С.в. і выхаваннем грамадскім, тым больш значны вынік выхавання як адзінага мэтанакіраванага працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВА́Р,
прадукт працы, выраблены для задавальнення патрэб грамадства шляхам куплі-продажу ці абмену на рынку. Прадукт працы становіцца Т. ва ўмовах грамадскага падзелу працы і адасаблення вытворцаў на выраб якога-н. прадукту. Т. мае вартасць і спажывецкую вартасць. Паводле К.Маркса, 2 бакі Т. абумоўлены дваістым характарам, увасобленай у ім працы. Спажывецкая вартасць утвараецца вызначанай карыснай працай работніка пэўнай спецыяльнасці (канкрэтная праца) і складае рэчавы змест багацця кожнага грамадства. Вартасць утвараецца абстрактнай працай — затратай інтэлектуальнай, нервовай, мускульнай энергіі таваравытворцы наогул, незалежна ад канкрэтнай формы праяўлення. У адпаведнасці з працоўнай тэорыяй вартасці (А.Сміт, Д.Рыкарда, К.Маркс) спажывецкая вартасць з’яўляецца носьбітам вартасці, але паміж імі існуе ўнутр. супярэчнасць. Як спажывецкія вартасці розныя Т. якасна разнародныя і колькасна несувымерныя, як вартасці — аднародныя. Гэтая агульная ўласцівасць (арэчаўленая грамадская праца) дае магчымасць прыраўноўваць Т. адзін да аднаго і абменьваць яго ў адпаведных прапорцыях (гл.Менавая вартасць). Прадстаўнікі гранічнай карыснасці тэорыі (К.Менгер, О.Бём-Баверк, Ф.Візэр і інш.) у сваіх даследаваннях найперш вылучаюць ролю карыснасці Т. пры абмене, паводзіны чалавека на рынку. Яны лічаць, што у аснове абмену знаходзіцца не вартасць, а карыснасць Т., якая і вызначае велічыню яго каштоўнасці. Узровень карыснасці Т. знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад яго колькасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНЦАВА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
у шырокім сэнсе — музыка для суправаджэння танца, а таксама муз. творы, якія захоўваюць прыкметы танц. жанраў, але прызначаны для слухання; у вузкім сэнсе — лёгкая музыка, якая суправаджае бытавыя танцы, састаўная частка эстр. і джазавай музыкі. Для Т.м. характэрны дамінаванне метра, тыповыя рытмавыя формулы, акрэсленасць кадэнцый, перавага інстр. жанраў (не выключаецца і вакал).
Т.м. — адзін са стараж. відаў музыкі. Першапачаткова Т.м. — вакальная, а першыя муз. інструменты — ударныя; падзялялася на нар. і прафес. (палацавая, цырыманіяльная, тэатралізаваная). На працягу развіцця Т.м. і некат. муз. жанры ўплывалі адзін на адзін. Да Т.м. адносяцца творы прафес. аўтараў з самаст.маст. каштоўнасцямі, якія маюць жанрава-танц. аснову (вальсы і мазуркі Ф.Шапэна, «Славянскія танцы» А.Дворжака, «Арагонская хота» М.Глінкі). У гэтых творах элементы Т.м. спалучаюцца з танцавальнасцю як асаблівым эстэт. прынцыпам. У агульнамаст. плане танцавальнасць уласціва значнай колькасці твораў прафес. музыкі самых разнастайных жанраў. З 20 ст. Т.м. — найб. пашыраны від муз. мастацтва, што належыць да масавай культуры (гл.Поп-музыка). Сваёй папулярнасцю і уніфікаванасцю Т.м. абавязана сродкам масавай інфармацыі. Сярод традыц. і сучаснай Т.м. 20 ст.найб. папулярныя вальс, танга, рок-н-рол, брэйк-данс інш.
Літ.:
Ефименкова Б. Танцевальные жанры в творчестве замечательных композиторов прошлого и наших дней. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫКАТА́ЖНАЯ МАШЫ́НА, вязальная машына,
машына для мех. вязання трыкатажнага палатна або трыкат. штучных вырабаў. Адрозніваюць Т.м. паводле прызначэння, канструкцыі, выгляду трыкат. іголак і інш. Класы прамысл. Т.м. вызначаюцца колькасцю іголак, што замяшчаюцца ў адзінцы даўжыні ігольніцы: чым танчэйшыя іголкі і меншая адлегласць паміж імі, тым вышэйшы клас машыны і вырабляецца больш тонкае палатно.
Падзяляюцца Т.м.: паводле спосабу петлеўтварэння на папярочна-вязальныя (кулірныя) і асновавязальныя; паводле прызначэння (для вязання палатна і штучных вырабаў); паводле колькасці ігольніц (аднафантурныя і двухфантурныя). У залежнасці ад канструкцыі ігольніц, у якіх замацоўваюцца іголкі, бываюць круглавязальныя (для вырабу палатна ў выглядзе трубкі) і плоскія (для вырабу палатна ў выглядзе тканіны). Асн. рабочыя органы (механізмы) Т.м.: петлеўтваральны (вязальны), падачы нітак (сілкавальны) і адцяжны (адвод ад ігольніц вырабленага трыкатажу з пастаянным нацяжэннем). Петлеўтваральны механізм мае ігольніцы з іголкамі (язычковымі, кручковымі або пазавымі), плаціны (пласцінкі складанай формы, што выгінаюць ніткі ў петлі), ніткавадзіцель і інш. Працэсы вязання на прамысл. Т.м. аўтаматызаваны, маюць электронныя сродкі кіравання. Існуюць таксама бытавыя вязальныя машыны і апараты. Асн. вузлы ручных машын: петлеўтваральныя элементы (язычковыя іголкі і плаціны), карэтка (накіроўвае іголкі і плаціны пры вязанні). лічыльнік радкоў і інш. Вязальныя апараты маюць кручкі, грэбень са штырамі, на які ўручную навешваюцца петлі, і лінейкі, з дапамогай якіх перасоўваюцца кручкі і рэгулюецца шчыльнасць вязання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫТУНЯВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем тытуню і махоркі для атрымання тытунёвых вырабаў, а таксама некат. арганічных рэчываў. Вырошчваюць тытунь культурны, або курыльны, і махорку. Нягледзячы на пэўную небяспеку для здароўя, тытунь і махорка карыстаюцца вял. попытам. Тытунь патрабуе высокіх т-р паветра (24—28 °C) для прарастання насення, росту і развіцця раслін; значнай вільгаці, вял.колькасці пажыўных рэчываў у глебе. Лепшыя глебы для вырошчвання тытуню — чарназёмы, шэразёмы і каштанавыя. Вырошчванне, уборка і сушка тытуню — працаёмкія працэсы. Т. здаўна існавала ў карэннага насельніцтва Амерыкі, адкуль у канцы 15 — пач. 16 ст. прыйшло ў Іспанію і інш. краіны. На Беларусі яго пачалі вырошчваць з 17 ст.Сусв. плошчы пад пасевамі тытуню больш за 4 млн.га. Асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Індыя, Бразілія і Турцыя; развіта Т. таксама ў краінах Зах. Афрыкі, у Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Балгарыі, Кубе. У краінах СНД высакаякасны тытунь вырошчваюць у Малдове, на Украіне (Крым), на Пд Расіі, у Таджыкістане, Грузіі і Азербайджане; махорку — у Расіі. На Беларусі махорку раней вырошчвалі ў грамадскіх гаспадарках некат. раёнаў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. У наш час гэтую культуру ў невял. аб’ёмах вырошчваюць толькі ў асабістых гаспадарках расадным спосабам. Рабіліся спробы (2-я пал. 20 ст.) вырошчваць якасны тытунь у некат. грамадскіх гаспадарках Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЧНАЕ АСЕМЯНЕ́ННЕ,
прыёмы штучнага збліжэння палавых клетак (у рыб) або штучнае ўвядзенне атрыманай ад вытворніка спермы ў палавыя шляхі самкі з мэтай яе апладнення (у птушак і млекакормячых). У рыб пры Ш.а. ікру змешваюць з малокамі, потым інкубіруюць у натуральных ці штучных умовах. У птушак і млекакормячых сперму ўводзяць пры дапамозе спец. інструментаў у палавыя шляхі самкі. Тэарэт. асновы і прынцыпы практ. прыёмаў Ш.а. с.-г. жывёл распрацаваў у пач. 20 ст.рас. біёлаг І.І.Іваноў; яны засн. на магчымасці атрымання пры дапамозе штучнай похвы спермы самцоў, якая па-за арганізмам не траціць сваіх якасцей, і на магчымасці авуляцыі ў самак с.-г. жывёл без палавога акта.
Складаецца Ш.а. з 5 асн.тэхн. прыёмаў: атрыманне спермы ад самца, ацэнка якасці спермы, яе разбаўленне, захаванне і ўвядзенне ў палавыя органы самкі. У с.-г. жывёл (пераважна коні, буйн раг. жывёла, авечкі) Ш.а. праводзяць з мэтай інтэнсіўнага выкарыстання высокакаштоўных племянных вытворнікаў, правераных па якасці патомства, дзеля масавага паляпшэння пародных і прадукц. якасцей жывёл, хуткага атрымання вял.колькасці высакаякаснага патомства. Выкарыстанне Ш.а. папярэджвае распаўсюджанне шэрагу заразных хвароб (бруцэлёз, вібрыёз, трыхаманоз і інш.), якія могуць перадавацца ў выпадку натуральнага асемянення, і некат. формы бясплоддзя. Распрацаваны метады доўгатэрміновага (да некалькіх гадоў) захавання спермы. Ажыццяўляецца Ш.а. праз племпрадпрыемствы (станцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАПРАВО́ДНАСЦЬ, электрычная праводнасць,
здольнасць рэчыва праводзіць электрычны ток пад уздзеяннем знешняга эл. поля; фіз. велічыня, якая колькасна характарызуе гэту здольнасць. Э. рэчыва абумоўлена існуючымі ў ім рухомымі носьбітамі зараду (электронамі, дзіркамі, іонамі), накіраваны рух якіх і ёсць эл. ток.
У ізатропных правадніках электрычнасці шчыльнасць пастаяннага току супадае па напрамку з напружанасцю эл. поля , якое не мяняецца ў часе, што выражае Ома закон:
, дзе σ — удзельная Э. У агульным выпадку залежнасць ад нелінейная і анізатропная. Э. на пераменным току залежыць ад яго частаты. У залежнасці ад велічыні ўдзельнай Э. рэчывы ўмоўна падзяляюць на 3 групы: праваднікі (металы), паўправаднікі і ізалятары (дыэлектрыкі). Э. залежыць ад т-ры, структуры рэчыва (агрэгатнага стану, дамешкавых атамаў) і ад знешніх уздзеянняў (магн. поля, іанізавальнага выпрамянення). У металах памяншэнне Э. з ростам т-ры абумоўлена ў асноўным памяншэннем даўжыні свабоднага прабегу электронаў праводнасці. У паўправадніках экспаненцыяльны рост Э. пры іх нагрэве адбываецца з прычыны павелічэння колькасці электронаў праводнасці і/ці дзірак. Дыэлектрыкі маюць прыкметную Э. толькі пры высокіх напружанасцях эл. поля і/ці высокіх т-рах. Вымярэнне Э. — адзін з важных метадаў даследавання электроннай і атамнай структуры рэчываў.
Літ.:
Гл. да арт.Дыэлектрыкі, Звышправаднікі, Металы, Паўправаднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПРАЦО́ЎЕ,
сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.
К.Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.
Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс.чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс.чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс.Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЫ (ад позналац. minera руда),
прыродныя хім. злучэнні, радзей самародныя элементы, пераважна цвёрдыя целы крышталічнай і аморфнай будовы, прыкладна аднародныя паводле хім. саставу і фіз. уласцівасцей, утвораныя ў выніку фіз.-хім. працэсаў у нетрах і на паверхні Зямлі або інш. планет, устойлівыя ў пэўных фіз.-хім. межах; састаўная ч. горных парод і руд. Гэта самародныя элементы, сульфіды, галагеніды, аксіды і гідраксіды, кіслародныя солі. Да М. часам адносяць некаторыя арган. злучэнні і ваду. М., якія складаюць горныя пароды, наз.пародаўтваральнымі, тыя, што прысутнічаюць у пародзе ў нязначнай колькасці — акцэсорнымі.
Фіз. і хім. ўласцівасці пераважнай большасці М. залежаць ад хім. саставу і структуры крышт. рашоткі. Вылучаюць ізаморфныя разнавіднасці мінералаў (пры аднолькавай форме пераменны хім. састаў) і паліморфныя аднаго хім. саставу (напр., алмаз і графіт). Вядома каля 2 тыс. М. Найб. пашыраны М. класа сілікатаў (34% ад агульнай колькасці), аксіды і гідраксіды (каля 25%), сульфідныя злучэнні і іх аналагі (каля 20%). Колер, бляск, празрыстасць, цвёрдасць, шчыльнасць, спайнасць, злом, аптычныя характарыстыкі, магнітнасць, электраправоднасць, радыеактыўнасць і інш. ўласцівасці М. цесна звязаны з хім. саставам і структурай. Колер М. разнастайны і залежыць ад храмафорных (афарбоўваючых) элементаў, змены аптычнай аднароднасці крышт. рашоткі, мех. дамешкаў і інш. Бляск М. шкляны, алмазны, паўметалічны і металічны. М. падзяляюцца на празрыстыя (напр., тапаз, горны хрусталь), паўпразрыстыя (напр., кінавар, сфалерыт), непразрыстыя (напр., магнетыт, графіт). Цвёрдасць М. вызначаецца пераважна паводле шкалы Моаса (ад 1 да 10, напр., тальк — цв. 1, алмаз — цв. 10). Пры вызначэнні М. і ўмоў іх утварэння вял. значэнне мае марфалогія (вонкавы выгляд крышталяў — прызматычныя, таблітчастыя, ігольчастыя, слупковыя, ліставатыя, лускавінкавыя і інш.; характар агрэгатаў — друзы, жэоды, сакрэцыі і інш.). Тэрыторыі з пэўным комплексам М. наз.мінералагічнымі правінцыямі; прамежкі часу, спрыяльныя ўтварэнню пэўнага комплексу М., наз. мінералагічнымі эпохамі. Вывучэнне ўзаемасувязі паміж хім., фіз. і марфал. асаблівасцямі М. і ўмовамі іх утварэння ўзнаўляе гісторыю фарміравання радовішчаў, што складае навук. аснову пошукаў і разведкі карысных выкапняў. У аснове сучаснай класіфікацыі М. ляжыць крышталехім. прынцып, які адлюстроўвае тып хім. злучэння і тып. хім. сувязі паміж структурнымі адзінкамі. Паводле класіфікацыі А.Г.Бяцехціна, усе М. падзяляюцца на арганічныя і неарганічныя, неарганічныя — на 6 раздзелаў, унутры іх вылучаюцца класы, падкласы і групы.
На Беларусі вядома некалькі соцень М. У крышт. фундаменце трапляюцца акцэсорныя М.: самародныя элементы (плаціна, ірыдый, золата, ртуць), сульфіды (кінавар, барніт, кавелін), групы гранатаў (андрадыт, альмандын, піроп), піраксены (аўгіт, дыяпсід, саліт, ферасаліт, гіперстэн, эгірын, энстатыт), амфіболы (рагавая падманка, актыналіт, трэмаліт і інш.). У асадкавай тоўшчы трапляюцца самародная медзь, спадарожнік алмазу — піроп, з групы гідраксідаў — дыяспор і інш.Мінеральную сыравіну, што здабываюць у Беларусі, выкарыстоўваюць у прам-сці буд. матэрыялаў, хім., керамічнай, як агранамічныя руды, абліцовачныя матэрыялы і інш.
Літ.:
Бетехтин А.Г. Минералогия. М., 1950;
Лазаренко Е.К. Курс минералогии. 2 изд. М., 1971;
Ярцев В.И., Аношко Я.И. Минералогия. Мн., 1998.
Я.І.Аношка.
Да арт.Мінералы. 1. Мікраклін, карлсбадскі двайнік. 2. Купраадамін. 3. Селеніт. 4. Галіт з крышталямі гіпсу. 5. Папіршпат. 6. Кракаіт. 7. Гётыт — «бурая шкляная галава» ў ліманітавай жэодзе. 8. Азурыт. 9. Шэрл у кварцы. 10. Кальцыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛО́НКАклеткі, клетачная сценка,
структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.
Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.