у стараж.-грэч. міфалогіі багіня кахання і хараства. Дачка Зеўса і акіяніды Дыёны (паводле інш. міфаў, Афрадыта ўзнікла з марской пены). Культ Афрадыты быў пашыраны акрамя Грэцыі на ўзбярэжжы М. Азіі, Эгейскага м. і ў грэч. калоніях Прычарнамор’я. У творах мастацтва ўвасабляла ідэал жаночага хараства. З ант. скульптур найб. вядомыя: Афрадыта Кнідская Праксіцеля, Афрадыта Медычы, Афрадыта Таўрыйская, Афрадыта (Венера) Мілоская і інш.Грэч. пісьменнік Лукіян прысвяціў Афрадыце трактат «Пра Сірыйскую багіню». У рымскай міфалогіі Афрадыце адпавядае Венера.
Афрадыта з г. Арль. Скульптар Праксіцель. 350—340 да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЯПЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для абагравання памяшканняў (ацяплення), разнавіднасць награвальных прылад. Найбольш пашыраны ацяпляльныя прылады, да якіх падаецца цепланосьбіт — вада (вадзяное ацяпленне), пара (паравое ацяпленне) або паветра (паветранае ацяпленне). Да іх адносяць радыятары, канвектары, каларыферы, прылады панэльнага або плінтуснага тыпу і інш. Ёсць ацяпляльныя прылады, дзе спальваюць газ (газавае ацяпленне) або эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую (электрычнае ацяпленне; звычайна выкарыстоўваецца як дадатковае). У сістэмах прамянёвага ацяплення функцыі ацяпляльных прылад выконваюць сцены, столь, падлога або спец. панэлі (паверхні награвання ствараюцца пры размяшчэнні ў гэтых канструкцыях тонкіх трубаў, эл. кабелю, паветраводаў і каналаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАА́, удаў звычайны (Constrictor constrictor),
змяя падсямейства ўдаваў. 6 падвідаў. Пашыраны ў Амерыцы, пераважна ў трапічных лясах; падвід імператарскі ўдаў (Constrictor constrictor imperator) — у гарах; аргенцінскі ўдаў (Constrictor constrictor occidentalis) — у засушлівых стэпах. Жыве на глебе, па берагах рэк і ручаёў, на дрэвах.
Даўж. 2—5,5 м. Афарбоўка яркая, стракатая, з метал. бляскам. Малюнак цела вельмі разнастайны. Нараджае 3—64 дзіцяці даўж. па 0,5 м кожнае. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, птушкамі. Маладыя асобіны добра прыручаюцца, у няволі жывуць да 10 і болей гадоў. Скура вельмі цэніцца за прыгожы ўзор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКА́С (Gallinago gallinago),
птушка сямейства бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і паўн. частках Азіі. На Беларусі звычайны пералётны від. Жыве каля вады, на балотах і прырэчных лугах, забалочаных узлесках.
Даўж. цела 27—29 см, маса 100—125 г. Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая, прамая. У час такавання самец выдае гукі, падобныя да бляяння барана (адсюль нар. назва баранчык, козка). Гнёзды на купінах высцілае сухімі сцяблінкамі. Нясе 3—5 стракатых яец. Корміцца чарвямі, слімакамі, жукамі, лічынкамі насякомых, карэньчыкамі травяністых раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНАГЛО́С (Balanoglossus),
род паўхордавых жывёл класа кішачнадыхальных. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, на дне мораў. Доўгі час іх адносілі да чарвей; рус. вучоны А.А.Кавалеўскі даказаў (1867), што яны бліжэй да хордавых жывёл, шэраг прыкмет збліжае іх з ігласкурымі і паганафорамі. Найб. вядомы баланаглос клавігерус.
Даўж. 3—250 см (Balanoglossus gigas). Цела чэрвепадобнае, складаецца з 3 аддзелаў — хабатка, каўнерыка і тулава. Маюць шчэлепы (2 рады), якія пранізваюць стрававод. Раздзельнаполыя, Balanoglossus proliferans можа размнажацца палавым і бясполым (дзяленнем) спосабамі. Кормяцца дробнымі жывёламі, расліннымі рэшткамі і інш.арган. рэчывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розных геагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ЛІЯ (Aralia),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 35 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукавана аралія маньчжурская, або чортава дрэва (A. mandshurica), разводзіцца ў садах і парках.
Невялікія дрэвы або кусты і высокія травы Сцябло густа ўкрытае вострымі калючкамі. Лісце няпарнаперыстае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, жоўта-белыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод — ягадападобная касцянка. Дэкар., харч. расліна. У каранях ёсць эфірны алей, смолы, сапаніны, вітаміны C, B, B1; настой з іх ужываецца як танізоўны сродак (сурагат жэньшэню).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАРО́ЛА (італьян. barcarola ад barca лодка),
лірычная песня венецыянскіх гандальераў (наз. таксама гандальерай). Муз. памер . Для баркаролы тыповыя мяккае пагойдванне руху мелодыі накшталт плёскату хваляў, манатонны рытмічны малюнак суправаджэння, мінорны лад. З 18 ст. жанр прафес. музыкі; найб.пашыраны ў 19 ст. У такіх баркаролах мажорны лад, памер 12/8, 3/4 і інш. Сустракалася ў операх пераважна італьян. і франц. кампазітараў. Вакальныя баркаролы ёсць у Ф.Шуберта, М.Глінкі, баркаролы для фп. — у Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, А.Лядава і інш. У аснове некаторых баркарол — нар. мелодыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ДАВАЧНІК (Phacochoerus aethiopicus),
млекакормячая парнакапытная жывёла сям. свіных. Адзіны від у родзе. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, рэдкалессі, кустовых, прыбярэжных зарасніках на раўнінах і ў гарах.
Даўж. цела без хваста 1,5—1,9 м, выш. ў плячах 65—85 см, маса 50—150 кг. Цела ўкрытае рэдкім шчаціннем. У самцоў па баках галавы бародаўчатыя скурныя нарасты (адсюль назва). У верхняй сківіцы вял. іклы, якія загінаюцца ўверх. Дзённая ўсёедная жывёла, начуе ў норах; нараджае 3—4 парасят. Аб’ект промыслу (мяса, шкура).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТЭР (ад англ. barter тавараабмен),
прамы безграшовы абмен таварамі ці паслугамі; найпрасцейшы від гандл. аперацый (натуральны абмен). Абумоўлены пераважна недахопам валюты, яе няўстойлівасцю як сродку плацяжу. Найб.пашыраны ў міжнар. гандлі. Ажыццяўляецца з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў на аснове бартэрных здзелак пры абавязковай ацэнцы тавараў (паслуг) па сусв. ці блізкіх да іх дагаворных цэнах. Такая ацэнка неабходна для эквівалентнасці абмену, мытнага ўліку, вызначэння страхавых сум, ацэнкі магчымых прэтэнзій і велічыні санкцый. У межах адной краіны ці асобных яе рэгіёнаў бартэр ажыццяўляецца паводле ўзаемнай дамоўленасці паміж таваравытворцамі.