ЗАЙСА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

міжгорная ўпадзіна на У Казахстана, паміж хрыбтамі Паўд. Алтая на Пн, Тарбагатаем і Саурам на Пд. Выш. днішча ад 370 м (воз. Зайсан) да 1000 м. Складзена з азёрных і рачных пяскоў і глін. У рэльефе вылучаюцца астанцовыя горныя масівы. Пераважаюць паўпустынныя ландшафты, якія выкарыстоўваюць як пашы; у дэльце р. Чорны Іртыш ёсць тугайныя лясы.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СТРЫЯ (Istria),

паўвостраў паміж зал. Трыесцкім і Рыекскім Адрыятычнага м., у Харватыі, Славеніі і Італіі. Выступае ў мора амаль на 100 км. Пл. 3,7 тыс. км². Вапняковае пакатае плато ўздымаецца з ПдЗ на ПнУ. Выш. 100—600 м, найб. — 1396 м (г. Учка). Развіты карст. Клімат міжземнаморскі. Бедная міжземнаморская расліннасць (травы, шыбляк). Буйныя гарады: Трыест (Італія), Пула (Харватыя).

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІКРА́Т (Kallikratēs),

старажытнагрэчаскі архітэктар сярэдзіны 5 ст. да н.э.; прадстаўнік перыяду класікі. Пабудаваў на Афінскім акропалі невял. іанічны храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі; праект 449 да н.э., скончаны каля 420 да н.э.), Парфенон (447—438 да н.э., з Іктынам). Удзельнічаў у буд-ве так званых доўгіх сцен (каля 457—445 да н.э.) паміж Афінамі і Пірэем.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНСАЛІ́ЗМ (ад позналац. commensalis сатрапезнік),

сатрапезніцтва, форма сімбіёзу, пры якой адзін з партнёраў сістэмы (каменсал) ускладае на другога (гаспадара) рэгуляцыю сваіх адносін са знешнім асяроддзем, але не мае з ім фізіял. сувязей. Звычайна гэта ўзаемаадносіны паміж 2 відамі ці арганізмамі, калі адзін з іх корміцца за кошт другога і не прычыняе яму шкоды. Гл. таксама Мутуалізм.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШМІ́РСКАЯ ДАЛІ́НА,

міжгорная даліна на Пн Індыі, у штатах Джаму і Кашмір, паміж Вял. Гімалаямі і хр. Пір-Панджал (М.​Гімалаі). Даўж. каля 200 км, шыр. да 60 км, выш. днішча каля 1600 м. Па К.д. цячэ р. Джэлам, вял. воз. Вулар. На схілах шыракалістыя і хвойныя лясы. Рысаводства, садаводства. Кліматычныя курорты. Турызм. На К.д. — г. Срынагар.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙП-ЙОРК (Cape York),

паўвостраў на ПнУ Аўстраліі, паміж Каралавым м. на У і зал. Карпентарыя на З. Пл. 300 тыс. км². Даўж. з Пн на Пд каля 600 км. Усх. ч. гарыстая (выш. да 555 м), зах. — нізінная. Здабыча баксітаў (радовішча Уэйпа). Эўкаліптавыя (на З) і вільготныя трапічныя лясы (на У). Некалькі нац. паркаў. Порт — Порт-Сцьюарт.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́І,

праліў паміж усх. ч. в-ва Сікоку і паўд. канцавой ч. п-ва Хонсю (п-ваў Кіі). Злучае Унутр. Японскае м. (Сета-Найкай) з Філіпінскім м. Ціхага ак. Даўж. 50 км, шыр. 34—55 км, найменшая глыб. на фарватэры 67 м. Моцныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз, з ваганнямі ўзр. м. да 2 м). Порт Вакаяма.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МРЫ (Mamry),

возера на ПнУ Польшчы, у складзе Мазурскіх азёр. Пл. 104,9 км², глыб. да 44 м. Ледавіковага паходжання. Размешчана ў паніжэнні паміж стараж. марэннымі градамі. Складаецца з некалькіх плёсаў, з’яднаных пратокамі. Берагавая лінія моцна парэзаная, даўж. 180 км. Шматлікія водмелі і астравы. Сцёк на Пн і Пд у сістэмы рэк Прэголя і Вісла. Суднаходства. Рыбалоўства.

Т.​Каліцкі.

т. 10, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАЭ́ДР (ад мана... + грэч. hedra грань),

простая форма (габітус) крышталёў, якая складаецца з непаўторных граней. Крышталі такой формы аб’яднаны ў 1-ы клас сіметрыі — монаэдрычны, які характарызуецца трыкліннай сінганіяй, адсутнасцю элементаў сіметрыі, няроўнасцю рэбраў і вуглоў паміж імі. М. прысутнічае ў форме крышталёў усіх сінганій, акрамя кубічнай, напр., мінералы бустаміт, клінаэдрыт, валастаніт і інш.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯНА́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т У Цэнтральным Цянь-Шані, пагранічны паміж Кыргызстанам, Казахстанам і Кітаем; паўн. працяг хр. Какшааал-Тоо. Даўж. каля 80 км, сярэдняя выш. каля 6300 м, найб. — 6995 м (г. Хан-Тэнгры). На стыку М.х. і хр. Какшаал-Тоо — найвышэйшы пункт Цянь-Шаня — Пік Перамогі (7439 м). Скалы, восыпы, значныя зледзяненні (з М. сцякае ледавік Энгільчэк).

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)