ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ СВЯТЛА́,

прасторавае пераразмеркаванне энергіі светлавога выпрамянення пры накладанні дзвюх ці больш дапасаваных па фазе светлавых хваль (гл. Кагерэнтнасць); асобны выпадак інтэрферэнцыі хваль. Выніковыя ваганні ў вобласці перакрыцця аслабляюцца ці ўзмацняюцца. Выкарыстоўваецца ў спектраскапіі, метралогіі, крышталяграфіі і мінералогіі (інтэрферэнцыя палярызаванага святла), на І.с. заснаваны галаграфія, прасвятленне оптыкі і інш.

Некаторыя з’явы І.с. назіраў яшчэ І.Ньютан; тлумачэнне далі А.Фрэнель і Т.Юнг Найб. часта адбываецца І.с., якая характарызуецца стацыянарнай (устойлівай у часе) інтэрферэнцыйнай карцінай — рэгулярным чаргаваннем абласцей павышанай і паніжанай інтэнсіўнасці святла, напр., вясёлкавая афарбоўка тонкіх масляных плёнак на паверхні вады. Калі зыходныя светлавыя хвалі маюць складаны спектр (напр., сонечнае святло), атрымліваецца каляровая карціна. Размяшчэнне і форма палос залежаць ад геам. формы крыніц святла і ад ступені кагерэнтнасці выпрамененых хваль. Для атрымання інтэрферэнцыйнай карціны ад выпрамянення адной крыніцы яго дзеляць на 2 (ці больш) пучкі, якія павінны да сумяшчэння прайсці розную адлегласць ці распаўсюджвацца ў асяроддзях з рознымі паказчыкамі пераламлення. Гл. таксама Інтэрферометр.

Б.​А.​Соцкі, А.​Р.​Хаткевіч.

т. 7, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),

прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ВА ((Canova) Антоніо) (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),

італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св. Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.​П.​Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св. Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборы св. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.

А.Канова Пацалунак Амура і Псіхеі. 1796.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,

метад атрымання інфармацыі аб Зямлі, інш. планетах Сонечнай сістэмы, нябесных целах, туманнасцях і розных касм. з’явах пры дапамозе здымачных сістэм. Заснавана на вымярэнні і рэгістрацыі ўласнага ці адбітага эл.-магн. выпрамянення Зямлі (гл. Аэракасмічныя метады). Здымачныя сістэмы звычайна размешчаны на ШСЗ, касм. станцыях і караблях. Першыя здымкі з космасу атрыманы ў 1946 з ракет, у 1960 з ШСЗ, у 1961 з касм. карабля (Г.​С.​Цітовым). Здымкі зямной паверхні, атрыманыя шляхам К.з., маюць вял. аглядальнасць (маштаб іх 1:1 000 000—1:10 000 000), даюць магчымасць вывучаць асн. структурныя, рэгіянальныя, занальныя і глабальныя асаблівасці атмасферы, літасферы, гідрасферы, біясферы і ландшафты планеты. К.з. праводзіцца з геасінхронных (выш. 150—950 км) або з геастацыянарных (36 тыс. км) арбіт. Выкарыстоўваюць розныя віды К.з.: фатаграфічную, фотатэлевізійную, інфрачырвоную, радыёлакацыйную, лазерную, спектраметрычную, геафізічную і інш. Шырока выкарыстоўваецца шматзанальная здымка. Вывучэнне Зямлі з дапамогай К.з. спрыяла развіццю касмічнага землязнаўства.

Ф.​Е.​Шалькевіч.

Да арт. Касмічная здымка. Фрагмент касмічнага здымка паўвострава Камчатка.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),

прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.

Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці з відэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.

А.​П.​Ткачэнка.

Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.
Да арт. Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЕ́ЦКІ АЛАТА́У,

горная сістэма на Пд Сібіры, у Краснаярскім краі і Кемераўскай вобл., паміж Кузнецкай і Мінусінскай катлавінамі. Утварае водападзел прытокаў р. Об — рэк Том і Чулым. Даўж. каля 300 км, шыр. 150 км. Складаецца з сістэмы нізкіх і сярэдневышынных гор, расчлянёных рэкамі. Найб. выш. 2178 м (г. Верхні Зуб на Пд), сярэдняя 1000—1200 м. Схілы хрыбта асіметрычныя: на ўсх. спадзістым схіле даліны рэк добра распрацаваны, на зах. стромкім схіле рэкі цякуць у вузкіх далінах з вял. нахілам, на іх шмат парогаў і шывер. Горы складзены з вапнякоў, кварцытаў, крамяністых і гліністых сланцаў пратэразою і ніжняга палеазою, прарваных шматлікімі інтрузіямі габра, дыярытаў, гранітаў і інш. Радовішчы карысных выкапняў: жал. і марганцавых руд, золата, храмітаў, баксітаў і інш. Клімат халодны і вільготны. На зах. схілах 600—800 мм ападкаў (макс. да 1500 мм), на ўсх. — 400—500 мм. Пераважае горная тайга (піхта, елка, кедр), з выш. 1300—1500 м — мохава-лішайнікавыя, хмызняковыя і камяністыя тундры. Характэрны гальцовыя паверхні з каменнымі россыпамі.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́Н СЛА́ВЫ САВЕ́ЦКАЙ А́РМІІ — ВЫЗВАЛІ́ЦЕЛЬНІЦЫ БЕЛАРУ́СІ,

помнік у гонар подзвігу воінаў 1, 2, З-га Бел. і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай аперацыі 1944. Знаходзіцца на 21-м км шашы Мінск—Масква. Закладзены 30.9.1966, адкрыты 5.7.1969. Аўтары: скульпт. А.​Бембель, арх. А.​Стаховіч (Дзярж. прэмія Беларусі 1970), скульпт. А.​Арцімовіч, арх. Л.​Міцкевіч, інж. В.​Лапцэвіч. Выш. кургана 35 м, на яго вяршыні 4 штыкі-абеліскі (выш. кожнага 35,6 м), якія сімвалізуюць франты, што ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. У іх ніжняй ч. мазаічныя выявы ордэнаў Айч. вайны і Славы. Аснову штыкоў абкружае шырокае кальцо, унутры якога мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!» На вонкавай паверхні кальца абліцаваныя залацістай смальтай барэльефныя выявы твараў воінаў усіх родаў войск і партызан. Да агляднай пляцоўкі на вяршыні кургана вядуць 2 лесвіцы. Каля падножжа і на схіле гранітныя пліты з інфарм. тэкстам. Вакол помніка мемар. парк са штучным басейнам. Філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны.

А.​Г.​Ванькевіч.

Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд.снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГМА (грэч. magma густая мазь),

расплаўленая, пераважна сілікатная маса, што ўзнікае ў зямной кары або верхняй мантыі Зямлі. У растворы М. прысутнічаюць злучэнні хім. элементаў, сярод якіх пераважаюць кісларод, крэмній, алюміній, жалеза, магній, кальцый, натрый і калій, а таксама лятучыя кампаненты (вада, аксіды вугляроду, серавадарод, вадарод, фтор, хлор і інш.). Асн. фактары ўтварэння магматычнага расплаву: радыягеннае цяпло, раптоўнае змяншэнне ціску пры ўзнікненні глыбінных разломаў, узыходныя цеплавыя патокі. Перыядычна М. ўтварае ачагі ў межах розных паводле саставу і глыбіннасці зон Зямлі (напр., у астэнасферы, у зонах сутыкнення і пасоўвання літасферных пліт). Па колькасці аксіду крэмнію М. падзяляюць на ультраасноўную, асноўную, сярэднюю і кіслую. Трапляюцца таксама М. шчолачная, сульфідная і інш. Пры вулканічным вывяржэнні (гл. Вулкан, Вулканізм) М. выліваецца ў выглядзе лавы, больш вязкая (кіслая) утварае ў жаролах вулканаў экструзіўныя купалы або разам з газамі выкідваецца ў выглядзе попелу. Пры хуткім застыванні на паверхні або дыферэнцыраванай крышталізацыі на глыбіні пры паступовым зацвярдзенні ўтварае комплекс магматычных горных парод. Гл. таксама Магматызм.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЫФІКА́ЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,

мэтанакіраванае змяненне фіз.-хім. і хім. уласцівасцей палімераў.

Адрозніваюць хім. М.п. і фіз., ці структурную. Хімічная М.п. — увядзенне ў макрамалекулы нязначнай колькасці фрагментаў інш. хім. прыроды. Ажыццяўляюць на стадыі сінтэзу палімера (напр., увядзенне звёнаў з гідраксільнымі, аміна- ці карбаксільнымі групамі паляпшае адгезію палімераў да палярных паверхняў, іх здольнасць да афарбоўвання, павышае т-ру шклавання і цвёрдасць палімераў). Уключае таксама хім. пераўтварэнні сінтэзаваных макрамалекул (напр., паверхневая М.п. — апрацоўка паверхні палімернага вырабу для надання ёй неабходных уласцівасцей — гідрафільнасці ці гідрафобнасці, устойлівасці да атм. уздзеянняў, антыстатычных і інш.). Фізічная М.п. — змяненне іх фіз.-мех. уласцівасцей пры захаванні хім. будовы макрамалекул ці пераўтварэнне надмалекулярнай структуры палімера. Яе ажыццяўляюць знешнімі мех. ўздзеяннямі на палімерныя плёнкі і валокны, зменай тэмпературна-часавага рэжыму структураўтварэння цвёрдага палімера з расплаву, зменай прыроды растваральніку і рэжыму яго выдалення пры ўтварэнні пакрыццяў, плёнак, валокнаў з раствораў палімераў, увядзеннем у палімер нязначнай колькасці структураўтваральнікаў, якія ўплываюць на кінетыку крышталізацыі і марфалогію палімера.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)