восьмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак . Адкрыты ў 1846 ням. астраномам І.Гале паводле тэарэт. прадказанняў У.Ж.Левер’е і Дж.К.Адамса.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 4504,4 млн.км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 164,788 года, вакол восі 16 гадз 6 мін. Экватарыяльны дыяметр 49 528 км. Нахіл экватара да плоскасці арбіты 29°. Маса 1,03∙1026кг (17,22 масы Зямлі). сярэдняя шчыльн. 1640 кг/м³. Унутраныя 2/3 часткі Н. складаюцца з сумесі літага каменю, вады. вадкага аміяку і метану; вонкавая трэць — з сумесі нагрэтых газаў (вадароду, гелію. метану) і пары вады. Састаў атмасферы: метан, вадарод, гелій Нетры Н. вылучаюць вял. колькасць энергіі. Атрымлівае ад Сонца ў 2.5 раза менш энергіі, чым Уран; т-ра атмасферы Н. (каля 214 °C) амаль такая ж, як ва Урана. Адна з гіпотэз існавання ўнутр. крыніц энергіі — эвалюцыйнае сцісканне планеты. Простым вокам Н. не бачны (яго бляск каля 7,8 візуальнай зорнай велічыні). Паглынанне чырвоных прамянёў атмасферным метанам абумоўлівае сіні колер планеты. Мае 8 спадарожнікаў (гл.Спадарожнікі планет). Выяўлена 5 кольцаў на адлегласці ад 41,9 тыс. да 62.9 тыс.км ад цэнтра планеты, якія складаюцца з пылу. Большасць звестак пра Н. атрымана пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр».
Літ.:
Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Нептун (фотаздымак атрыманы аўтаматычнай міжпланетнай станцыяй «Вояджэр-2»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ АБ’ЯДНА́НАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ПАРП; Polska Zjednoczona Partia Robotnicza),
створана 15.12.1948 у выніку аб’яднання Польскай рабочай партыі і Польскай сацыялістычнай партыі. 1-ы з’езд ПАРП (снеж. 1948) ухваліў курс на паскораную пабудову ў Польшчы сацыялізму, хуткае развіццё цяжкай прам-сці, каапераванне сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтага ў краіне быў усталяваны рэжым на ўзор тагачаснай сав. мадэлі на чале з 1-м сакратаром ЦК ПАРП Б.Берутам. Пасля выступлення рабочых у Познані (чэрв. 1956) пленум ЦК ПАРП у кастр. 1956 абраў кіраўніком ПАРП У.Гамулку. Была скарэкціравана эканам. лінія (адмова ад прымусовага кааперавання), прыняты меры па дэмакратызацыі паліт. і грамадскага жыцця, што спрыяла стабілізацыі эканомікі і грамадства. Пагаршэнне эканам. становішча ў канцы 1960-х г., забастоўкі на Балт. узбярэжжы ў снеж. 1970 прывялі да адстаўкі Гамулкі і прызначэння ген. сакратаром ЦК ПАРП Э.Герака. Новае кіраўніцтва ПАРП праводзіла палітыку пашырэння знешнеэканам. сувязей Польшчы, што спрыяла эканам. ўздыму краіны ў 1970-я г. Але з пачаткам у 1980 эканам. заняпаду ў грамадстве павялічылася незадаволенасць уладай ПАРП, што выявілася ў масавых забастоўках у жн. 1980 і адхіленні Герака ад пасады. Эканам. крызіс і супрацьстаянне з прафс. аб’яднаннем «Салідарнасць» прымусілі кіраўніцтва ПАРП на чале з В.Ярузельскім увесці ў Польшчы ў снеж. 1981 ваен. становішча. У студз. 1989 у выніку перагавораў з апазіцыяй лідэры ПАРП згадзіліся на правядзенне свабодных выбараў, якія адбыліся ў ліп. 1989. На іх ПАРП страціла большасць у сейме Польшчы. У студз. 1990 11-ы з’езд ПАРП прыняў рашэнне аб самароспуску і стварэнні партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,
асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш.Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).
Літ.:
Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.
В.С.Пазднякоў.
Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баявыя дзеянні англа-амерыканскіх войск па авалоданні в-вам Сіцылія 10.7—17.8.1943 у 2-ю сусв. вайну. Мэта аперацыі (кодавая назва «Хаскі») — захапіць Сіцылію, каб стварыць плацдарм для наступлення на кантынент. Італію (гл.Італьянская кампанія 1943—45). С.а. ажыццяўляла 15-я англа-амер. група армій у складзе 8-й англ. і 7-й амер. армій (усяго 478 тыс.чал.) пры ўдзеле буйных сіл флоту і авіяцыі. Узначаліў С.а. вярх. галоўнакамандуючы сіламі на Міжземнаморскім тэатры ваен. дзеянняў ген. Д.Эйзенхаўэр. Абаранялі Сіцылію 6-я італьян. армія j 2 ням. дывізіі — усяго 255 тыс.чал. (яшчэ 2 ням. дывізіі былі перапраўлены на в-аў у першыя дні баёў). Высадцы дэсанта папярэднічалі двухмесячныя сістэматычныя налёты саюзнай авіяцыі на аэрадромы, парты, базы падводных лодак, прамысл. цэнтры, размешчаныя ў Сіцыліі, Сардзініі і на Пд Апенінскага п-ва. У ходзе 1-га этапу С.а. англа-амер. войскі 10 ліп. высадзіліся на ПдУ і ПдЗ вострава і да 14 ліп. захапілі плацдармы глыбінёй 5—15 км. Італьян. войскі аказвалі пасіўнае супраціўленне, ням. дывізіі процідзейнічалі наступаючым больш арганізавана. Да 18 ліп. саюзнікі авалодалі паўд.ч. в-ва. На 2-м этапе С.а. англа-амер. войскі занялі ўвесь востраў і 17 жн. ўвайшлі ў г. Месіна, які пакінулі ням. войскі і марскім шляхам пераправіліся на мацерыковую Італію. Большасцьітальян. войск трапіла ў палон.
Літ.:
Типпельскирх К. История второй мировой войны, 1939—1945: Пер. с нем. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕГРА́ФНЫ АПАРА́Т,
апарат для перадачы і прыёму тэлегр. паведамленняў у працэсе тэлеграфнай сувязі. Звычайна складаецца з перадатчыка і прыёмніка; у яго склад могуць уваходзіць рэперфаратарная і трансмітэрная прыстаўкі, аўтаадказчык і аўтастоп. Увод інфармацыі ажыццяўляецца ўручную з клавіятуры (як у персанальнай ЭВМ) або аўтаматызавана з выкарыстаннем счытвальнага прыстасавання (трансмітэра). З 1970-х г. выкарыстоўваюцца электронна-мех. Т.а. з паўправадніковымі прыладамі. Большасць Т.а. — літарадрукавальныя (тэлетайпы) і факсімільныя апараты; асн. тып Т.а. — стужачны і рулонны стартстопны апарат.
Першы практычна прыдатны Т.а. (эл.-магн. тыпу) вынайшаў у 1832 П.Л.Шылінг. Паведамленні запісваліся ў выглядзе ламанай лініі (пішучыя Т.а.) або кропак і працяжнікаў (у Морзе апаратах, распрацаваных у 1837). Больш дасканалымі сталі эл.-магн.літарадрукавальныя апараты, створаныя Б.С.Якобі (1950), Д.Э.Юзам (1855), Ж.М.Э.Бадо (1876, гл.Бадо апарат) і інш. З 1960 у якасці літарадрукавальных выкарыстоўваюцца стартстопныя Т.а. Іх перадатчык (уключае клавіятуру, шыфратар, размеркавальнік і інш.) фарміруе і пасылае ў канал сувязі тэлегр. сігналы ў адпаведнасці з кодам тэлеграфным (МТК-2); прыёмнік (мае прыёмны электрамагніт, дэшыфратар, друкавальны механізм) прымае сігналы і друкуе адпаведныя ім знакі. У тэлеграфных сетках выкарыстоўваюцца стартстопныя электроннамех. рулонныя Т.а. F2000, F2500 і інш.
І.У.Косціна.
Тэлеграфны апарат: а — наборныя лінейкі перадавальнага тэлетайпнага апарата (1 — літары, якімі набіраецца тэкст; 2 — наборныя лінейкі, датыканне ці недатыканне да якіх рычагоў 3 дае код пэўнай літары); б — прынцып дзеяння тэлетайпа (1 — клавіша літары з рычагом; 2 — наборныя лінейкі; 3 — стужка, на якой адбіваецца націснутая літара ці лічба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́ЛЬС (Wales),
адм.-паліт. частка Вялікабрытаніі. Займае п-аўУэльс і в-аў Англсі. Пл. 20,8 тыс.км². Нас. 2,9 млн.чал. (1999), пераважна валійцы (уэльсцы). Падзяляецца на 6 графстваў. Гал. горад-порт — Кардыф. Вылучаюцца прамысл. поўдзень і сельскія цэнтр і поўнач. Гал. галіны прам-сці: чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім. і нафтахім., машынабудаванне, у т. л. эл.-тэхн., лёгкая. Здабыча каменнага вугалю. У горнай ч. развіты авечкагадоўля, мясная і малочная жывёлагадоўля, на ўзбярэжнай нізіне — раслінаводства. Рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Турызм.
Гісторыя. Тэр. У. ў старажытнасці насялялі кельцкія плямёны кімраў, у 1—5 ст. яна часткова пад уладай рымлян. У выніку англасаксонскага заваявання (5—6 ст.) і нармандскага заваявання Англіі 1066 кельты У. разам з адцесненай сюды ч. брытаў апынуліся адрэзанымі ад інш. кельцкамоўных рэгіёнаў. У 1282—84 У. канчаткова заваяваны англамі, у 1301 ён перададзены як леннае ўладанне сыну англ. караля Эдуарда I (з гэтага часу нашчадкі англ. прастола носяць тытул «прынц Уэльскі»); да 1536 аўтаномнае княства. Нац.-вызв. паўстанні валійцаў (карэнныя жыхары У.), у т. л. буйное ў пач. 15 ст., пацярпелі няўдачу, але рух за нац.-культ. аўтаномію У. не спыняўся да 20 ст. У выніку актаў уніі 1536 і 1542 У. аб’яднаны з Англіяй. Адсюль паходзіла дынастыя Цюдараў. У пач. 20 ст.брыт. ўрад надаў У. ўнутр.культ. аўтаномію. У 1997 на мясц. плебісцыце большасць уэльсцаў (валійцаў) выказалася за ўтварэнне ўласнага парламента, у 1999 ён выбраны ўпершыню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕМІНІ́ЗМ (франц. féminisme ад лац. femina жанчына),
жаночы сац.-паліт. рух, мэта якога — імкненне да раўнапраўя жанчын з мужчынамі ва ўсіх сферах грамадства; у больш шырокім сэнсе — асобная філас. канцэпцыя сацыякульт. развіцця. Ідэалогія Ф. зарадзілася ў канцы 18 ст., пасля выхаду ў свет прац А. дэ Гуж (Францыя), А.Адамс (ЗША) і М.Уолстанкрафт (Англія), якія выступалі супраць дыскрымінацыі жанчын у грамадстве. Арганізацыі жан. руху (гл.Суфражысткі) з 1840-х г. фарміраваліся ў ЗША, у 1850-я г. — у Вялікабрытаніі, у 1860-я г. — у Францыі і Германіі, у 1870—80-я г. — у Скандынаўскіх краінах. Для тагачаснага руху Ф. цэнтральным было пытанне ўраўнавання жанчын у правах з мужчынамі (на адукацыю, валоданне маёмасцю, выбарчае права і г.д.). Пасля таго як у 1920-я г. жанчыны ў большасці еўрап. і амер. краін атрымалі выбарчыя правы, «першая хваля Ф.» пайшла на спад. З 1960-х г. пачаўся новы ўздым жаночага руху, т. зв. «другая хваля Ф.», на ідэалогію якой паўплывала кніга Б.Фрыдан «Таямніца жаноцкасці» (1963). У 1966 у ЗША створана Нац.жан.арг-цыя (НЖА), пры яе ўдзеле разгарнуўся масавы жаночы рух, які ахапіў большасць развітых зах. краін. Мэтай Ф. стала барацьба за роўнасць жанчыны ў сям’і, за права на паўнавартасную прафесійную працу і г.д. У выніку да 1980—90-х г. значна павысіўся статус жанчыны ў грамадстве.
Літ.:
Феминизм: проза, мемуары, письма: Пер. с англ.М., 1992;
Фридан Б. Загадка женственности: Пер. с англ.М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНЛЯ́НДСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1918,
узброенае процістаянне (фактычна грамадз. вайна) паміж «чырвонымі» — прыхільнікамі сацыялізацыі фінл. грамадства (С.-д. партыя Фінляндыі і інш. левыя сілы) і іх апанентамі — «белымі» (кансерватыўныя партыі і групоўкі). Адбылася пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, калі Фінляндыя атрымала незалежнасць (абвешчана 6.12.1917). Пачалася 28.1.1918 з захопу атрадамі «чырвоных» улады ў Хельсінкі і гарадах Паўд. Фінляндыі. Часовы фінл. ўрад (сенат) эвакуіраваўся ў г. Вааса. Апорныя пункты «белых» узніклі ў паўн. і цэнтр. частках краіны. За ўладу «чырвоных» змагаліся пераважна добраахвотнікі, якія не мелі вайск. падрыхтоўкі. Ядро арміі «белых» склалі фін. егеры (лёгкія стралкі), якія набылі баявы вопыт у герм. арміі ў 1-ю сусв. вайну. З абодвух бакоў у баях удзельнічалі прыбл. па 70 тыс.чал. З канца лют. — пач.сак. 1918 ваен. ініцыятыва перайшла да «белых», якія з Пн наступалі ў напрамку г. Тамперэ — апорнага пункта «чырвоных». Вайна скончылася ў маі 1918 перамогай войск сената на чале з К.Г.Э.Манергеймам. Іх перамозе паспрыялі заключэнне Брэсцкага міру 1918 (паводле яго з Фінляндыі выведзены рас. вайскоўцы, частка якіх падтрымлівала фінл. «чырвоных») і ўдзел на баку сената экспедыцыйнай герм.Балт. дывізіі (12 тыс.чал.). У ходзе вайны з абодвух бакоў загінула каля 30 тыс.чал.; большасцьчырв. вайскоўцаў трапіла ў палон (пазней яны амнісціраваны). У выніку рэвалюцыі ў Фінляндыі ўсталяваліся асновы яе сучаснага дзярж. ладу.
Літ.:
Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;
Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫНО́ЎНІЦТВА,
асобая прывілеяваная праслойка насельніцтва, якая знаходзіцца на цывільнай дзярж. службе і спецыялізуецца на кіраванні і справаводстве. На Беларусі тэрмін «Ч.» ўвайшоў у сталы ўжытак у канцы 18 ст. пасля яе ўключэння ў склад Рас. імперыі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай. У гэты час на Беларусі сфарміравалася дзярж.бюракратыя як асобная сац. група, арганізаваная на рацыянальных прынцыпах падзелу працы з адпаведнай спецыялізацыяй і вызначанай сферай паўнамоцтваў, са строгай іерархіяй службовых месцаў і пасад, з фармалізаванай сістэмай правіл, інструкцый і спец. прынцыпамі прасоўвання па службовай лесвіцы.
У 1-й трэці 19 ст.большасць чыноўніцкага корпуса на Беларусі фарміравалася пераважна з выхадцаў з мясц. дробнай шляхты. Вышэйшыя і найб. адказныя пасады на губернскім узроўні займалі прысланыя з рас. губерняў чыноўнікі высокага рангу або мясц. буйныя землеўладальнікі. Пасля падаўлення паўстання 1863—64 склад дзярж. апарата на Беларусі радыкальна абноўлены за кошт асоб рус. паходжання. Сярод прыбылых на Беларусь чыноўнікаў пераважалі разначынцы. З разрастаннем дзярж. апарата стаў пашырацца доступ у яго выхадцам з мясц. сялянства. Пасля 1917 тэрмін «Ч.» страціў афіц. значэнне і практычна выйшаў з ужытку. Спосабы арганізацыі рас. Ч. скапіраваны з зах.-еўрап. узораў, пераважна з прускага. У 1722 Пётр I увёў Табель аб рангах — сістэму чыноў і рангаў, паводле якой існавалі 14 класаў, што адпавядалі вызначаным штатным пасадам. Заняць пасаду ў сістэме дзярж. кіравання было немагчыма, калі кандыдат не быў чыноўнікам, г.зн. не меў класнага чыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́НШАВАЯ РЭФО́РМА,
рэформа чыншавых сялян Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны, праведзеная царскім урадам паводле закона ад 9.6.1886. Чыншавыя пазямельныя адносіны ў сельскай мясцовасці гэтых рэгіёнаў былі ліквідаваны. Чыншавікоў пераводзілі на абавязковы выкуп. Выкупныя плацяжы іх былі, як правіла, вышэйшыя за плацяжы б. панскіх сялян. Пазыка за некат. выключэннямі выдавалася ў поўным аб’ёме. Чыншавікі захоўвалі за сабой сервітутнае права (гл.Сервітуты). Для доказу права на спадчынную арэнду зямлі яны павінны былі падаць пэўныя дакументы ці паказанні сведак. Чыншавікі, якія даказалі арэндныя правы на займаемыя займаныя* імі зямельныя ўчасткі, па добраахвотнай згодзе з памешчыкамі маглі на працягу 3 гадоў выкупіць іх або замяніць чыншавае трыманне простай арэндай. Чыншавікоў-мяшчан, якія перайшлі на выкуп, прыпісвалі да валасцей. Чыншавых правоў былі пазбаўлены арандатары, якія не мелі адпаведных дакументаў ці не падалі паказанняў сведак на спадчыннае карыстанне зямлёй, а таксама чыншавікі, што карысталіся ёй толькі на працягу апошніх 10 гадоў да рэформы 1886. Арандатараў, пазбаўленых гэтых правоў, памешчыкі зганялі з зямлі або замянялі чыншавае трыманне часовай арэндай. На Беларусі, у Літве і на Правабярэжнай Украіне з 58 тыс. чыншавікоў, якія атрымалі права выкупу, нават на канец 1903 больш за палову не выкарысталі яго. Да 1898 у 5 зах. губернях з 21 238 прашэнняў чыншавікоў ранейшыя правы на зямлю пав. чыншавыя камісіі прызналі толькі ў 3479 (16,4%) выпадках. Пераважная большасць чыншавікоў была пазбаўлена арандаваных імі зямельных угоддзяў.
Літ.:
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.