КУ́ПЕР ((Cooper) Джэймс Фенімор) (15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),
амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.Далідовіч, Я.Саламевіч.
Тв.:
Бел.пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;
Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;
Рус пер. — Собр. соч.Т. 1—7. М., 1982.
Літ.:
Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;
Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),
рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, якія служаць для рэгістрацыі і вымярэння разнастайных метэаралагічных элементаў. Існуюць М.п. з візуальным адлікам і заўтам. рэгістрацыяй адпаведных метэаралагічных элементаў (самапісцы), таксама дыстанцыйныя М.п., у т. л. размешчаныя на метэаралагічных спадарожніках. Для даследавання свабоднай атмасферы (за межамі прыземнага слоя паветра) выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя аэралагічныя прылады — радыёзонды, метэарографы і інш. М.п. выкарыстоўваюць таксама для вызначэння клімату памяшканняў, напр., у музеях, дзе істотнае значэнне мае т-ра і вільготнасць паветра. Т-ру паветра і глебы вымяраюць метэаралагічнымі тэрмометрамі розных тыпаў і тэрмографамі. Вільготнасць паветра вызначаюць псіхрометрамі, гігрометрамі, гігрографамі. Колькасць і інтэнсіўнасць атм. ападкаў вымяраюць дажджамерамі, або ападкамерамі, і плювіёграфамі. Вышыню снегавога покрыва звычайна вымяраюць з дапамогай пастаянных і пераносных снегамерных рэек, запасы вады ў ім — аб’ёмнымі і вагавымі снегамерамі. Для вызначэння атм. ціску выкарыстоўваюць рознага тыпу барометры і барографы. Самае простае прыстасаванне для вызначэння напрамку і скорасці ветру — флюгер. Больш дасканалыя вынікі даюць анемометры, анемарумбамеры, анемарумбографы. Шэраг прылад прызначаны для вымярэння прамой і рассеянай сонечнай радыяцыі, выпрамянення зямной паверхні і атмасферы (актынометры, альбедаметры, балансамеры, піранометры, піргеліёметры і інш.), працягласць сонечнага ззяння рэгіструецца геліёграфамі. Існуюць М.п., якія вызначаюць выпарэнне (выпаральнікі), колькасць расы (расографы) і інш. характарыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВА (Narva),
горад у Эстоніі, на левым беразе р. Нарва, за 14 км ад яе ўпадзення ў Фінскі зал. 83 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя. Прам-сць: баваўняная, дрэваапр., маш.-буд. і металаапр., харч. і інш. 2 ГРЭС, ГЭС. Н. злучана мостам цераз р. Нарва зг. Івангорад (Расія). Гіст. музей. Замак (13—15 ст.), гар. ўмацаванні (14 ст.), ратуша (17 ст.).
У рускіх летапісах згадваецца з 1171 пад назвай Ругодивъ. У пач. 13 ст. вядома як в. Нарвія. У 1220—1346 належала Даніі, у 1346—58 — Лівонскаму ордэну. У Лівонскую вайну 1558—83 заваявана войскамі Івана Грознага (1558), апорны пункт Расіі на Балтыйскім м. У 1581 захоплена Швецыяй. У Паўночную вайну 1700—21 каля Н. шведы разграмілі рус. войскі. У 1704 Пётр I узяў горад штурмам і далучыў да Расіі. Да 1722 пав. (пазней заштатны) горад Пецярбургскай губ. У сярэдзіне 19 ст. буйны цэнтр тэкст. прам-сці. У 1857 тут засн. Крэнгольмская мануфактура. У 1918 Н. ўвайшла ў Эстляндскую працоўную камуну. У 1919—40 і з 1991 у Эстонскай Рэспубліцы, у 1940—91 у Эст. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматычнага праграмавання, дзе разглядаюцца тэорыя і метады рашэння задач аптымізацыі нелінейных функцый на мноствах, зададзеных нелінейнымі абмежаваннямі (роўнасцямі і няроўнасцямі).
У залежнасці ад уласцівасцей зададзеных функцый і абмежаванняў адрозніваюць выпуклае, квадратычнае, дробава-лінейнае, геам. і інш. віды Н.п., дзе рашаюць шырокі клас прыкладных задач, якія ўзнікаюць пры праектаванні тэхн. аб’ектаў, удасканаленні тэхнал. працэсаў, кіраванні складанымі сістэмамі, мадэліраванні эканам. працэсаў і інш., што патрабуюць уліку нелінейных эфектаў. Такія задачы маюць значную колькасць пераменных і абмежаванняў, з’яўляюцца шматэкстрэмальнымі (для іх рашэння патрабуюцца высокапрадукцыйныя ЭВМ). Метады Н.п. (градыентныя, другіх вытворных, лінейнай апраксімацыі, штрафных функцый і інш.) дазваляюць атрымаць набліжанае рашэнне, якое задавальняе ўмовы аптымальнасці з пэўнай хібнасцю. Найб. пашыраны метад штрафных функцый, які зводзіць задачу з абмежаваннямі да задачы без абмежаванняў фарміраваннем штрафной функцыі, якая атрымліваецца адніманнем «штрафаў» за парушэнне абмежаванняў з мэтавай функцыі дадзенай задачы.
На Беларусі матэм. пытанні Н.п. даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН і БДУ.
Літ.:
Базара М., Шетти К. Нелинейное программирование: Теория и алгоритмы: Пер. с англ.М., 1982;
Введение в нелинейное программирование: Пер. с нем. М., 1985;
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 5. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСА́ДСКАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА» сукупнасць землеўпарадкавальных, сац.-эканам. мерапрыемстваў урада Рас. дзяржавы ў гарадах з канца 15 да сярэдзіны 17 ст. Было накіравана супраць прыватнай феад. зямельнай уласнасці на пасадах і закладніцтвагандл.-рамеснага насельніцтва, на павелічэнне колькасці падаткаплацельшчыкаў шляхам вяртання ў дзярж.цягло вызваленых ад яго жыхароў прыватнаўласніцкіх, т.зв. «белых» слабод. Шэраг захадаў па «П.б.» зрабілі Іван III, Васіль III, Іван IV, Барыс Гадуноў, Міхаіл Фёдаравіч, канчаткова яго прынцыпы сфармуляваны пры Аляксею Міхайлавічу ў Саборным улажэнні 1649: усе прыватныя ўладанні на пасадах падлягалі бязвыплатнай канфіскацыі; да пасадаў прыпісваліся навакольныя землі для выпасу жывёлы і агародаў; усе «закладнікі» вярталіся ў пасадскую абшчыну, да якой далучаліся і жыхары канфіскаваных феад. уладанняў; занятак гандл.-рамесніцкай дзейнасцю абвяшчаўся манаполіяй пасадскіх людзей (як выключэнне гэты занятак дазваляўся таксама стральцамі частцы «служылых» казакоў); выхад з пасадскай абшчыны і пераходы з пасада ў пасад забараняліся. У 1649—52 да пасадаў далучана больш за 10 тыс. новых цяглых двароў. У выніку рэформы 1649 асн. маса гараджан апынулася ў складзе гандл.-рамеснага саслоўя асабіста свабодных, але па-прыгонніцку прымацаваных да месца жыхарства пасадскіх людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САХАЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя сав. войск па вызваленні паўд.ч. в-ва Сахалін у час 2-й сусв. вайны 1939—45. Праведзена 11—25.8.1945 войскамі 16-й арміі 2-га Далёкаўсх. фронту ва ўзаемадзеянні з караблямі і часцямі марской пяхоты Паўн.-Ціхаакіянскай флатыліі. У наступленні ўдзельнічалі 56-ы стралк. корпус і інш. злучэнні і часці, да 30 караблёў, суднаў і катэраў, 186 самалётаў. Яп. войскі ў складзе 88-й пях. дывізіі, інш. часцей і рэзервістаў (каля 30 тыс.чал.) займалі доўгачасовыя абарончыя збудаванні, цэнтрам якіх быў Катонскі ўмацаваны раён. У ноч перад наступленнем марская авіяцыя нанесла бомбавыя ўдары па апорных пунктах праціўніка Наступленне пачалося 11 жн. пры падтрымцы 2 авіяц. дывізій. 16 жн. на зах. ўзбярэжжы ў раёне Тора (цяпер Шахцёрск) высадзіўся марскі дэсант. Да 18 жн.сав. войскі авалодалі ўсімі ўмацаванымі пунктамі ў прыгранічнай паласе. 19—25 жн. сумесным ударам з фронту і высадкай дэсантаў у портах Маока (цяпер Холмск), Атамары (цяпер Карсакаў) яп. групоўка войск была ліквідавана (пасля капітуляцыі больш за 18 тыс.чал. трапіла ў палон). Паўд. Сахалін, які з 1905 належаў Японіі (гл.Руска-японская вайна 1904—05), зноў стаў састаўной ч.СССР.
нелегальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў С.-Пецярбургу ў 1895—96, зародак рэв.с.-д. рабочай партыі ў Расіі. Засн. У.І.Леніным у ліст. 1895, падрыхтоўчая работа вялася з 1893. Аб’яднаў усе марксісцкія рабочыя гурткі Пецярбурга. Цэнтралізаваная структура «Саюза»: кіруючы цэнтр (Ленін, Л.Мартаў, А.А.Ванееў, Г.М.Кржыжаноўскі, В.В.Старкаў, П.К.Запарожац і інш.), 3 раённыя групы, рабочыя гурткі на прадпрыемствах — стала ўзорам для стварэння с.-д. арг-цый у інш. гарадах Расіі. У яго дзейнасці ўдзельнічалі беларусы — рабочыя сталічных прадпрыемстваў: І.А.Левашкевіч, В.А.Шчаглоў і інш. Адным з рабочых гурткоў кіраваў ураджэнец Беларусі П.М.Лепяшынскі. У газ. «Рабочее дело» № 1 (канфіскавана 21.12.1895 у час арышту Леніна і яго паплечнікаў) была інфармацыя аб рабочым руху ў Мінску. Па справе «Саюза» ў Мінску арыштаваны А.І.Паляк, Н.І.Занцэвіч і С.М.Гутман. З вясны 1896 шырока распаўсюджвалася нелегальная л-ра, выдадзеная «Саюзам», у т. л. на Беларусі, што спрыяла развіццю тут с.-д. руху.
Літ.:
В.И.Ленин и «Союзы борьбы». М., 1978;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НАЯ СЯМ’Я́,
згуртаванне, калонія, якая складаецца з некалькіх тысяч рабочых пчол, маткі і трутняў (гл.Пчала меданосная). Вясною і ўвосень мае 15—20, летам 60—80 тыс. пчол. У прыродных умовах П.с. жывуць у дуплах дрэў, расколінах і інш., дзе будуюць васковыя соты. У ячэйках сотаў захоўваюцца мёд, пярга, вырошчваюцца лічынкі. Размнажаюцца П.с. раеннем. Зімой пчолы збіраюцца на сотах у шчыльны клубок. Вясною тыя, што зімавалі, гінуць, іх замяняе веснавое пакаленне.
Матка (даўж. да 25 мм) адкладвае яйцы (да 3 тыс.за суткі) 2—3 гады, не мае васковых залоз, не збірае нектар і пылок. Рабочыя пчолы (даўж. да 15 мм) — самкі з недаразвітымі палавымі органамі, не здольныя да спароўвання — выхоўваюць патомства, будуюць соты, збіраюць нектар і пылок, перапрацоўваюць нектар у мёд, пылок у пяргу, ахоўваюць гняздо і інш. Летам жывуць 35—40 дзён, увосень і зімою 6—8 месяцаў. Трутні (даўж. да 17 мм) маюць моцна развітую палавую сістэму, паяўляюцца ў П.с. ў пачатку лета, пасля шлюбнага палёту і апладнення маткі гінуць, астатніх рабочыя пчолы ўвосень выганяюць з гнязда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ І ІРАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,
узаемавызначальныя і ўзаемавыключальныя філас. паняцці, якія характарызуюць меру падуладнасці з’яў рэчаіснасці розуму чалавека; вызначаюць пазнанне і дзейнасць чалавека. Рацыянальнае (ад лац. rationalis разумны) — тое, што адносіцца да сферы розуму (развагі), што ім пазнана, абгрунтавана. Для рацыянальнага пазнання характэрна спасціжэнне рэчаіснасці ў адпаведнасці з законамі логікі, нормамі і правіламі мыслення, вынікам чаго з’яўляюцца мэтазгодныя ідэі, здольныя знайсці практычнае ўвасабленне. Вылучаюцца 2 формы рацыянальнага: развагавае (пазнанне адноснага) і разумовае (пазнанне абсалютнага; гл.Развага і розум). Рацыянальнае звычайна супрацьпастаўляюць і рацыянальнаму, і пачуццёваму. Ірацыянальнае (ад лац. irrationalis неразумны, несвядомы) — тое, што выходзіць па-за межы розуму і несумяшчальнае з ім; выступае асновай некаторых філас. кірункаў, напр., інтуітывізму, валюнтарызму і інш. Паняцце ірацыянальнага мае важнае значэнне ў гнасеалагічным плане, яно звязана з немагчымасцю суб’екта спасцігнуць «канчатковую» ісціну. Аднак у працэсе развіцця практыкі, пазнання і мыслення спектр ірацыянальнага ў пазнанні звужаецца. Паняцці Р. і і. атрымліваюць рознабаковую трактоўку і знаходзяць увасабленне ў філас. кірунках, тыпах тэарэт. асэнсавання рэчаіснасці — рацыяналізме і ірацыяналізме.
Літ.:
Порус В.Н. Парадоксальная рациональность. М., 1999;
Рациональность на перепутье. Кн. 1—2. М., 1999;
Иванов А.В. Пути противостояния современному иррационализму // Вест. Моск. ун-та. Сер. 7. Философия. 2000. №6.