хірургічная аперацыя поўнага ці частковага выдалення перыферычнай часткі канечнасці з перасячэннем (перапілоўваннем, перакусваннем) касцей або органа (малочнай залозы, прамой кішкі, маткі і інш.). Вядома састараж. часу, асн. яе законы распрацавалі Гіпакрат, А.Парэ, Ф.А.Пці, Дж.Л.Эсмарх, М.І.Пірагоў. Ампутацыя класіфікуецца па тэрмінах выканання (першасная, другасная), па форме рассячэння мяккіх тканак (кругавая, авальная, акраўкавая), па спосабе ўкрыцця ампутацыйнай куксы (фасцыяпластычная, міяпластычная, касцёвапластычная). Перасячэнне канечнасці на ўзроўні сустава наз. экзартыкуляцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМРА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі энеаліту (2-я пал. 5 — пач. 4-га тыс. да н.э.) у Верхнім і Сярэднім Егіпце. Назва ад паселішча каля мяст. Эль-Амра (Егіпет). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Для амрацкай культуры характэрны чырвоны глянцаваны посуд, на якім белай фарбаю нанесены «крыжалінейны» арнамент. Прылады працы вырабляліся з крэменю, косці, сустракаюцца медныя рэчы (шпількі, гарпуны, пацеркі). Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, у магілы клалі посуд, упрыгожанні, грабяні, статуэткі са слановай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНО́Н (Agnon; сапр.Чачкес) Шмуэль Іосеф
(17.7.1888, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 17.2.1970),
ізраільскі пісьменнік. Самы значны твор — авантурны раман «Дачка на выданні» (1931). Аўтар псіхал. раманаў «Простая гісторыя» (1935), «Госць на адну ноч» (1938—39), «Зусім нядаўна» (1945), аповесцяў «Госць зайшоў пераначаваць» (1939), «У глыбінях мораў» (1952), зб-каў апавяданняў «Снапы» (1963), «Апавяданні для ўсёдаравання» (1967) і інш. У творах спалучэнне фалькл. сюжэтаў і вобразаў з фантазіяй, іроніі са спачуваннем, рэлігійныя матывы. Нобелеўская прэмія 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛІКО́ВАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕвымяральнай прылады,
частка прылады, прызначаная для адліку яе паказанняў. Адліковае прыстасаванне аналогавай прылады складаецца са шкалы і паказальніка (стрэлка, прамень святла), пры гэтым рухомымі могуць быць паказальнік або шкала. Адліковае прыстасаванне лікавай прылады дае паказанні непасрэдна ў лікавай форме з дапамогай мех., эл. і электрамех. індыкатараў.
Светлавое адліковае прыстасаванне: 1 — крыніца святла; 2 — аптычнае прыстасаванне з ніткай або кап’ём (3); 4 — люстэрка, замацаванае на рухомай частцы вымяральнага механізма; 5 — шкала з спраектаваным на яе відарысам ніткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІНА́ВА,
самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс.мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-СІМБЕ́Л,
мясцовасць на зах. беразе Ніла, каля г. Асуан у Егіпце. У 1-й пал. 13 ст. да н.э. тут высечаны 2 скальныя храмы фараона Рамсеса II і гал.стараж.-егіпецкіх багоў са статуямі і рэльефамі на фасадах і ў інтэр’ерах. На фасадзе гал. храма 4 велічныя (20-метровыя) сядзячыя калосы Рамсеса II. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны ў 1967 яны перанесены на плато над старым рэчышчам Ніла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАГАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад арта... + грэч. gonia вугал),
абагульненне паняцця перпендыкулярнасці на розныя аб’екты матэматыкі. Так, перпендыкулярнасць дзвюх прамых абагульняецца на артаганальнасці ліній (вугал паміж крывымі роўны вуглу паміж датычнымі ў пункце перасячэння), артаганальнасць траекторый (перасячэнне імі пад прамым вуглом зададзенай сям’і ліній, напр., сям’я радыяльных прамых перасякае пад прамым вуглом акружнасць) і артаганальнасць вектараў (роўнасць нулю іх скалярнага здабытку) — на любую вектарную прастору, дзе вызначана паняцце скалярнага здабытку са звычайнымі ўласцівасцямі і інш.Гл. таксама Артаганальная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХАЛА́КСІС (ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),
адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАВЕ́Ц,
5 стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Асавец Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобласці. Даследаваны ў 1934, 1960—80-я г. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, агнішчы, апрацаваныя косці, гліняны посуд мясц. варыянта нарвенскай культуры і паўночнабеларускай культуры, крамянёвыя і касцяныя наканечнікі коп’яў і стрэл, крамянёвыя прылады працы, рэшткі драўляных чаўноў і вёслаў, упрыгожанні, а таксама самыя стараж. на тэр. Беларусі драўляныя і касцяныя мініяцюрныя фігуркі людзей, жывёл, птушак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВІ́ТЫ,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 16 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,41 км, даўж. 1,15 км, найб.шыр. 0,64 км, найб.глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 3,8 км. Пл. вадазбору 2,5 км².
Схілы катлавіны выш. 5—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, і тарфяністыя, на У зліваюцца са схіламі, параслі хмызняком. Дно плоскае, амаль усё выслана сапрапелямі, каля ўсх. і паўд.-ўсх. берагоў вузкая пясчаная паласа. Зарастае.