дробнаабломкавая рыхлая асадкавая горная парода. Складаецца з абкатаных і вуглаватых зерняў (пясчынак) розных мінералаў, абломкаў горных парод, шкілетаў арганізмаў. Існуе шмат класіфікацый П., найчасцей карыстаюцца геалагічнай, дзе паводле пераважных памераў зерняў П. падзяляецца на тонказярністы (0,05—0,1 мм), дробназярністы (0,1—0,25 мм), сярэднезярністы (0,25—0,5 мм), буйназярністы (0,5—1 мм). У інжынерна-геал. класіфікацыі вылучаецца грубазярністы П. (1—2 мм). У горнай справе П. вызначаецца памерам часцінак да 5 мм. П. змяшанай зярністасці прыблізна ў роўнай колькасці наз. розназярністым. У саставе П. — кварц (больш за 50 %), палявы шпат, слюда, глаўканіт, вулкан. шкло; як дамешкі — ільменіт, магнетыт, рагавая падманка, цыркон, рутыл, гранат, турмалін і інш. Паводле мінер. саставу вылучаюць монамінер. П. (пераважна 1 мінерал, напр., кварцавыя), алігаміктавыя П. (1 мінерал і некалькі падпарадкаваных яму, напр., кварцавапалявашпатавыя), паліміктавыя П. (з розных мінералаў). Паверхня зерняў часам укрыта плеўкай з гідраксідаў жалеза, гліністага або карбанатнага рэчыва; сцэментаваныя такім матэрыялам П. ўтвараюць пясчанікі. Выкарыстоўваюцца П. ў шкляной, керамічнай прам-сці, буд-ве, вытв-сці дынасавай цэглы, ліцейных форм. Змяшчаюць россыпныя радовішчы карысных выкапняў, падземныя воды. На Беларусі П. рознага ўзросту (ад дакембрыю да антрапагену ўключна), звязаны з адкладамі марскога, алювіяльнага, азёрнага, водна-ледавіковага, эолавага і інш. паходжання. Складаюць 39% аб’ёму антрапагенавых адкладаў, на паверхні займаюць 45% плошчы рэспублікі, дзе ўтвараюць пясчаныя глебы. Гл. таксама Неметалічныя карысныя выкапні, Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОБАТАТЭХНІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць апрацоўчых і інш. машын, прамысловых робатаў, транспартнага і дапаможнага абсталявання, прызначаных для аўтам. выканання тэхнал. аперацый. Звычайна мае сістэму праграмнага кіравання на базе ЭВМ ці мікрапрацэсара, што дае магчымасць яго хуткай пераналадкі на апрацоўку інш. вырабу заменай інструменту або праграмы.
У склад найпрасцейшага Р.к. ўваходзяць адзінка вытв. абсталявання (тэхнал., кантрольна-вымяральнага, выпрабавальнага і інш.), прамысл. робат (робіць загрузку-выгрузку вырабаў) і кіроўная сістэма. Адзін робат звычайна абслугоўвае 2—3 і больш адзінак вытв. абсталявання. Складаныя Р.к. ўключаюць некалькі простых, аўтаматыз. склад загатовак і трансп. сістэму сувязі паміж комплексамі і складам. Яны могуць адначасова апрацоўваць некалькі розных вырабаў або выконваць некалькі розных аперацый на адным вырабе. Кампаноўка Р.к. ў залежнасці ад размяшчэння тэхнал. абсталявання бывае лінейная, кругавая, лінейна-кругавая; кіраванне — цэнтралізаванае (ад ЭВМ або спец. прыстасавання), дэцэнтралізаванае (ад мясц. прыстасаванняў кіравання, звязаных паміж сабой для ўзаемнай каардынацыі) і камбінаванае. Р.к. з’яўляецца першаснай ячэйкай гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, апрацоўчым або зборачным гібкім вытворчым модулем. Дазваляе значна павысіць каэф. загрузкі і зменнасці абсталявання. Гл. таксама Рабатызаваны тэхналагічны комплекс.
Літ.:
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;
Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987.
Г.І.Хуцкі.
Робататэхнічны комплекс для свідравання і фасоннага фрэзеравання вырабаў: 1 — гідрафікаваны механізм; 2 — паваротнае прыстасаванне; 3 — панэль, якая апрацоўваецца; 4 — прамысловы робат; 5 — сістэма кіравання; 6 — гідрастанцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ ПАРО́ДАверхавых коней.
Выведзена арабамі ў 4—8 ст. на Аравійскім п-ве шматвяковым адборам. Выкарыстоўвалася ў розных краінах свету пры стварэнні і ўдасканаленні арлоўскай рысістай, чыстакроўнай верхавой, тракененскай і інш. парод. Арабскую пароду гадуюць у Індыі, Пакістане, Егіпце, Турцыі, ЗША, Канадзе, краінах Еўропы. На Беларусі перспектыўная ў спорце, турызме.
Коні невялікія (выш. ў карку жарабцоў 151, кабыл 148 см), вельмі прыгожыя і грацыёзныя. Маюць высокую пладавітасць, непераборлівыя, трывалыя. Масць шэрая, гнядая, рыжая. Рэзвасць на 1000 м — 1 мін 8 с; 1600 м — 1 мін 48,8 с; 2700 м — 2 мін 41 с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАРДЗІ́РЫ (Brachininae),
падсямейства жукоў сям. жужаляў. Больш за 500 відаў, пашыраных у цёплых раёнах зямнога шара. Жывуць пад камянямі, бярвёнамі, у лясным подсціле і гэтак далей. Найб. вядомы бамбардзір траскучы (Brachinus crepitans).
Даўж. 5—20 мм, афарбоўка звычайна яркая, стракатая, у некат. відаў са светлымі плямамі на надкрылах. Пры абароне бамбардзіры выпырскваюць з анальнай адтуліны сакрэт, які выпараецца з гучным трэскам, як бы ўзрываецца (адсюль назва) і ўтварае воблачка едкага пару з непрыемным пахам, што адпужвае ворагаў. Лічынкі развіваюцца ў глебе, паразітуюць на кукалках розных жукоў. Некаторыя віды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЭ́ТЛЯ (польск. basetla),
басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар.інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. віяланчэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЎШ (Bausch; сапр.Філіпіне; Philippine) Піна
(н. 27.7.1940, г. Золінген, Германія),
нямецкая артыстка балета, балетмайстар. Вучылася ў «Фолькванг-шуле» К.Іоса (г. Эсэн). Танцавала ў «Фолькванг-балеце», трупе «Новага амерыканскага балета», у «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1969 балетмайстар розных т-раў у ФРГ, з 1971 балетмайстар Танц. ансамбля ў Вуперталі. Ставіць балеты на аснове па-экспрэсіянісцку завостранага танца мадэрн у суправаджэнні сімф., вакальнай і канкрэтнай музыкі, тэксту. Пастаноўкі: «Вакханалія» ў оперы «Тангейзер» Р.Вагнера (1971), «Адажыо» на муз. «Пяці песень» Г.Малера (1974), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1976), «Ідзі, станцуй са мной» на зборную музыку (1977) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КЛУБу Вільні.
Існаваў у 1916—20 пад старшынствам І.Луцкевіча. У клубе наладжваліся бел. вечарынкі (1-я 17.9.1916) са спектаклямі, дэкламацыяй, музыкай, танцамі. Спектаклі ставіла Беларуская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. Паказаны п’есы Аляхновіча «Калісь», «Бутрым Няміра», «Чорт і баба», «На вёсцы», «На Антокалі», «Базілішак», а таксама «Антось Лата» Я.Коласа, «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Міхалка» Далецкіх, «Мядзведзь» А.Чэхава. Ладзілі ў клубе і вечары для дзяцей. Драм. гурток т-ва «Золак» бел. дзіцячага прытулку паставіў невял. п’есу са спевамі «Перахітрылі» С.Корф, 25.12.1917 паказаў батлейку. Месціўся клуб у розных памяшканнях горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МАЛІ́НАВЫ,
сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка звычайная і Лаўфам. Раянаваны з 1991 па Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Пашыраны ўсюды.
Дрэва моцнарослае, з даволі густой круглаватай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год пасля пасадкі, дае багатыя ўраджаі. Сорт зімаўстойлівы, успрыімлівы да паршы. Плады пляската-круглаватыя, крыху асіметрычныя, злёгку рабрыстыя, розных памераў (110—170 г). Скурка тонкая, гладкая, бліскучая, з невял. васковым налётам. Асноўная афарбоўка зялёная, покрыўная — размытая малінавая, часам паласатая. Мякаць плода зеленаватая, сакаўная, кісла-салодкая, пахучая. Пры захоўванні не трацяць смакавых якасцяў да сакавіка—красавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ХАЎРУ́Су Францыі,
культурна-асветная арг-цыябел. эміграцыі. Засн. ў 1930 у Парыжы. Арганізоўваў лекцыі па эканоміцы, земляробстве, гісторыі Беларусі, знаёміў з бел. культурай і мастацтвам. Пры парыжскім аддзяленні дзейнічалі курсы па падрыхтоўцы спецыялістаў у розных галінах эканомікі, вывучэнні франц. мовы, працавала бібліятэка-чытальня. У 1937 засн. 3 філіі (Біянкур, Па-дэ-Кале, Каньяк). Выдаваў «Бюлетэнь...» (з 1937) і газ. «Рэха» (з 1938). У час 2-й сусв. вайны спыніў дзейнасць, аднавіў у 1947. Падтрымлівае сувязі з інш.бел. суполкамі ў эміграцыі, садзейнічае пашырэнню інфармацыі пра Беларусь у свеце.