КАНДАМІ́НІУМ [ад лац. con (cum) разам + dominium уладанне] у міжнародным праве, валоданне пэўнай тэрыторыяй дзвюма або некалькімі дзяржавамі, якія сумесна ажыццяўляюць над ёй свой суверэнітэт. Кожная з гэтых дзяржаў усталёўвае сваю ўладу ў межах К. на падставе адпаведнага пагаднення паміж імі. К. часта недаўгавечныя. Вядомы К. Францыі і Іспаніі над некалькімі астравамі на пагранічнай р. Бідасоа; К. Вялікабрытаніі і Егіпта над Суданам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТА́НДЫ,
макрагетэрацыклічныя злучэнні, што маюць некалькі цыклаў, у якіх гетэраатамы (кісларод, азот, сера) злучаны паміж сабой этыленавымі масткамі. Вадкасці ці крышт. рэчывы. Раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках. Утвараюць з катыёнамі шчолачных, шчолачназямельных і некат. інш. металаў трывалыя комплексы — крыптаты. Выкарыстоўваюць як каталізатары, высокаселектыўныя сарбенты і экстрагенты для металаў.
Да арт.Крыптанды. Структурная формула 4,7,10,16,19,24-гексаокса-1, 13-дыазабіцыкла [11.8.5] гексказану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЦІ́НА (франц. courtine),
1) асобны ўчастак лесу, парку, сквера; група дрэў, кустоў ці травяністых раслін у ландшафтным парку.
2) Група драўнінна-хмызняковых раслін аднаго віду ў мяшаным лесанасаджэнні ці група элітных дрэў, пакінутых пасля высечкі лесу ў якасці крыніц аднаўлення расліннасці; штучныя насаджэнні для замацавання грунту на горных схілах, каля крыніц, па берагах рэк і інш. 3) Частка крапаснога вала паміж двума бастыёнамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНТЭ́ЙН (Corantijn),
рака на ПнПаўд. Амерыкі. Амаль на ўсім працягу з’яўляецца мяжой паміж Гаянай і Сурынамам. Даўж. каля 700 км, пл.бас. 56 тыс.км². Вытокі на У Гвіянскага пласкагор’я, цячэ па яго паўд. схіле і Гвіянскай нізіне. Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый. Парожыстая, за выключэннем ніжняга цячэння. Сярэдні гадавы расход вады каля 1200 м³/с. Суднаходная да г. Орыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛЬСТА́ДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1905.
Падпісаны паміж Швецыяй і Нарвегіяй 26 кастр. ў г. Карльстад (Швецыя) пасля папярэдніх двухбаковых перагавораў (праходзілі 31.8—23.9.1905) і ўхвалення парламентамі абедзвюх краін. Аформілі скасаванне швед.-нарв. уніі 1814—1905, вызначылі цэласнасць тэр. Нарвегіі, стварэнне нейтральнай пагран. зоны, умовы бяспошліннага транзіту тавараў для Швецыі праз тэр. Нарвегіі, пацвердзілі правы качавання шведскіх саамаў на нарв. землях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕНТА́РЫЯ (Carpentaria),
заліў Арафурскага м. каля паўн. берагоў Аўстраліі, паміж п-вам Кейп-Йорк і Арнем-Ленд. Пл. 328 тыс.км². Даўж. 600 км. Глыб. да 71 м. У заліве а-вы Уэлслі і Грут-Айленд. Т-ра вады на паверхні зімой 23—25 °C, летам 29 °C. Салёнасць 34,8‰. Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 3,2 м). Каля берагоў моцныя прыліўна-адліўныя цячэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКІ ПРАЛІ́Ў,
праліў паміж Карэйскім п-вам і а-вамі Японскага архіпелага (Ікі, Кюсю і паўд.-зах. канцавой ч. Хонсю). Злучае Японскае і Усх.-Кітайскае моры. Даўж. 324 км, найменшая шыр. 180 км, найменшая глыб. на фарватэры 73 м. А-вамі Цусіма падзяляецца на 2 праходы: Усходні і Заходні. У час рус.-яп. вайны ў К.п. ў 1905 адбылася Цусімская бітва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДРЫ,
узвышша на ПдУсх.-Еўрапейскай раўніны, у Малдове. Размешчана паміж рэкамі Рэут (бас.р. Днестр) і Прут. Даўж. 100 км, выш. да 430 м. Складзена з марскіх і кантынент. адкладаў міяцэну — глін, мергеляў, вапнякоў, пяскоў, пясчанікаў. Глыбока расчляняецца далінамі рэк, лагчынамі, ярамі; развіты апоўзні, месцамі — карст. Шыракалістыя лясы (дуб, граб, на ПнЗ бук), якія наз. кодрамі. У межах К. запаведнік Кодры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСКІЯ ШЫРО́ТЫ,
вобласці Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі (паміж 30—35°паўн. ш. і паўд. ш.) ва ўнутр.ч. субтрапічных антыцыклонаў са слабымі вятрамі і частымі штылямі. Назва звязана з тым, што ў часы паруснага мараплавання з-за штыляў у Атлантычным ак. здараліся працяглыя затрымкі суднаў і з-за недахопу прэснай вады даводзілася выкідаць за борт коней, якіх перавозілі з Еўропы ў Амерыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́КУС (лац. locus месца),
месцазнаходжанне пэўнага гена на генетычнай або цыталагічнай карце храмасомы. Адлегласць паміж генамі вымяраецца ў адзінках красінговера (марганідах). Храмасома падзяляецца на кароткае і доўгае плячо; кожнае плячо падзяляюць на раёны, якія нумаруюць ад цэнтрамеры. Складаны Л. утвараецца цесна счэпленымі, незалежна дзеючымі генамі. Вітальны Л. — сукупнасць жыццёва важных генаў, пры элімінацыі або мутацыі якіх узнікае смяротны (лятальны) вынік.