ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,

клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.

Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш. арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.

Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш. арган. рэчываў.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАТУ́РЫІ, марскія агуркі,

марскія скарбонкі (Holothurioidea),

клас марскіх беспазваночных тыпу ігласкурых. 5 атр., каля 1100 сучасных відаў пашыраны ў морах і акіянах, пераважна на дне. Найб. вядомыя трэпанг далёкаўсходні (Stichopus japonicus), кукумарыя, або марскі агурок японскі (Cucumaria japonica), марскі агурок выцягнуты (Trachythyone elongata), марская курачка (Psolus phantapus). Выкапнёвыя шкілетныя пласцінкі вядомы з дэвону, на Беларусі зрэдку трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.

Даўж. бочачкападобнага або чэрвепадобнага цела ад некалькіх мм да 2 м, у многіх з вонкавымі прыдаткамі (шчупальцы, ножкі, папілы, парус і інш.). Цела ўкрыта мяккай скурай, якая ўтрымлівае мікраскапічныя шкілетныя вапняковыя пласцінкі (спікулы). Рот на пярэднім канцы цела, акружаны венчыкам шчупальцаў. Многія здольныя да аўтатаміі задняй ч. цела з наступнай рэгенерацыяй. Палавыя прадукты выводзяцца ў ваду, дзе яйцы апладняюцца і развіваюцца. Лічынка плавае. Некаторыя галатурыі выношваюць малявак. Аб’екты промыслу і аквакультуры (пераважна трэпанг).

Галатурыі: 1 — марскі агурок выцягнуты; 2 — марская курачка; 3 — кукумарыя, або марскі агурок японскі; 4 — трэпанг далёка-ўсходні.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМА́ЗАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Gamasoidea),

група кляшчоў атр. паразітыформных. 30 сям., 3—4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразітычныя формы. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнаі, норах і гнёздах млекакормячых і птушак, мурашніках, жыллі чалавека, на раслінах і інш. Многія віды паразітуюць на целе або ў органах і поласцях наземных пазваночных жывёл, чалавека. Некаторыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцый кляшчовага энцэфаліту, кляшчовага сыпнога тыфу, ліхаманкі Ку, тулярэміі і інш. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. Пашыраныя гамазавыя кляшчы: курыны (Dermanyssus gallinae), пацуковы (Ornithonyssus bacoti), грызуноў (Haemogamasus nidi), андралелапс (Androlaelaps hermaphrodita).

Даўж. 0,2—4 мм. Цела прадаўгавага-круглаватае, пляскатае, укрытае хіцінавымі шчыткамі. Ногі шасцічленікавыя. На целе і канечнасцях шматлікія шчацінкі. Ротавы апарат грызуча- або колюча-сысучы. Адкладваюць яйцы або жывародныя. Развіццё непрацяглае, поўнае. За сезон могуць даваць дзесяткі пакаленняў. Пераважна драпежнікі, кормяцца дробнымі членістаногімі, нематодамі, крывёй і інш.

Гамазавыя кляшчы: 1 — пацуковы (самка); 2 — курыны (самец); 3 — грызуноў (самка); 4 — паразітус (самка).

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДНА́Я,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на З ад г. Столін, 240 км ад Брэста, 25 км ад чыг. ст. Гарынь. 1483 ж., 530 двароў (1996).

Вядома з 1448. Цэнтр ганчарнай вытв-сці (гл. Гараднянская кераміка). У час антыфеад. вайны 1648—51 спалена татарамі. З 1670 (паводле інш. крыніц з 1579) мела магдэбургскае права і герб (пацверджаны ў 1792). З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1803 сяляне Гарадной дамагліся вызвалення ад прыгоннай залежнасці і пераведзены ў разрад дзярж. сялян. У 1909 — 6728 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Столінскага р-на. У 1970 — 1965 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (18 ст.). Каля вёскі — гарадзішча і паселішча бронзавага веку (15—11 ст. да н.э.).

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУ́ША (Oncorhynchus gorbuscha),

прахадная рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн. ч. Ціхага ак. і прылеглай ч. Паўн. Ледавітага ак., на Пд — па амер. узбярэжжы да Каліфорніі, па азіяцкім — да Карэі. Акліматызавана ў Баранцавым і Белым м., у раёне Ньюфаўндленда. На нераст ідзе ў рэкі з быстрай плынню.

Даўж. цела да 68 см (сярэдняя даўж. каля 50 см, маса 1,5 кг). Самы дробны прадстаўнік роду ціхаакіянскіх ласосяў. Афарбоўка ў моры серабрыстая, на хваставым плаўніку дробныя цёмныя плямінкі; у рацэ з’яўляюцца цёмныя плямы на спіне, баках і галаве. Перад нерастам галава і плаўнікі амаль чорныя, цела карычняватае, бруха белае, у самцоў на спіне вырастае горб (адсюль назва), сківіцы загінаюцца крукападобна, на іх вырастаюць вял. зубы. Ікра буйная (дыяметрам да 8 мм). Пасля нерасту гіне. Маляўкі жывуць у гнёздах, потым скочваюцца ў мора, дзе кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Мае вял. прамысл. значэнне.

Гарбуша: 1 — звычайны выгляд; 2 — самец у шлюбным убранні.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫ́ЛА (Gorilla gorilla),

малпа сям. чалавекападобных, або пангідавых, атр. прыматаў. 3 падвіды: гарыла зах. берагавая, або раўнінная (G.g. gorilla), гарыла ўсх. горная (G.g. beringei), гарыла ўсх. раўнінная (G.g. manyema). Пашырана ў Зах. і Цэнтр. Афрыцы. Жыве ў густых трапічных або горных лясах невял. статкамі (па 5—30 асобін), важакамі з’яўляюцца магутныя самцы. Гарыла ўсх. горная ахоўваецца ў 7 нац. парках, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Самая буйная малпа. Рост дарослых самцоў да 2 м, шыр. плячэй каля 1 м, размах рук да 2,6 м, абхват грудзей да 1,5 м, маса да 300 кг; самкі амаль удвая меншыя. Склад масіўны, вельмі развіта мускулатура, валодаюць вял. сілай. Валасы і скура чорныя, з узростам у самцоў на спіне з’яўляецца серабрыстая паласа. Галава вял.; аб’ём мозга да 750 см³, па будове блізкі да мозга чалавека. Раслінаедныя. Будуюць гнёзды на зямлі або на дрэвах. Нараджаюць 1 дзіця раз у 3—5 гадоў. Пераносяць няволю і размнажаюцца.

Гарыла.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНУЭ́ЗСКІЯ КАЛО́НІІ Ў ПАЎНО́ЧНЫМ ПРЫЧАРНАМО́Р’І,

умацаваныя гандлёвыя і ваенна-адм. пункты на паўн. узбярэжжы Чорнага м. ў 13—15 ст. Засн. купцамі Генуі. Цэнтр — г. Кафа (сучасная Феадосія). У 1266 генуэзцы дамагліся ад стаўленіка Залатой Арды ў Крыме перадачы ім у валоданне Кафы, у 1357 выцесніўшы венецыянцаў, захапілі Чэмбалу (Балаклаву), у 1365 — Салдаю (Судак). Узніклі іх калоніі Баспора (на месцы сучаснага г. Керч), Тана (у вусці Дона), агенцтвы меліся ў г. Матрэга, Копа (каля Краснадара) і інш. Тут жылі грэкі, італьянцы, армяне, татары, рускія і інш. З сярэдзіны 14 ст. і да 1475 генуэзцы фактычна кантралявалі гандаль у Азова-Чарнаморскім бас. У 14—15 ст. у Маскве існавала карпарацыя купцоў («суражане»), якія спецыялізаваліся на гандлі з генуэзскімі калоніямі. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380. Пасля падзення Візантыі (1453) міжнар. становішча калоній пагоршылася, у 1475 яны захоплены і разбураны Турцыяй і яе васалам Крымскім ханствам. Захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў генуэзцаў у Феадосіі, Балаклаве, Судаку.

т. 5, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГ, Георгіяс (Geōrgios),

імя грэч. каралёў у 19—20 ст.

Георг I (24.12.1845, Капенгаген — 18.3.1913), кароль у 1863—1913. З дынастыі Глюксбургаў. Другі сын дацкага караля Крысціяна IX. Выбраны 30.3.1863 Нац. сходам Грэцыі са згоды дзяржаў-заступніц (Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі) пераемнікам скінутага грэч. караля Атона I. У 1864 падпісаў канстытуцыю, якая ўвяла ў краіне парламентарызм. Пры Георгу I да Грэцыі далучаны Іанічныя а-вы (1864), б.ч. Фесаліі і ч. Эпіра (1881). Забіты ў Салоніках у час Балканскіх войнаў 1912—13.

Георг II (19.7.1890, Татоі, каля Афін — 1.4.1947), кароль у 1922—23, 1935—41, 1946—47. З дынастыі Глюксбургаў. Сын грэч. караля Канстанціна I, унук Георга I. Заняў прастол пасля ваен. перавароту 1922. У снеж. 1923 пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў у Лондан. У 1935 вярнуўся на трон пасля ініцыіраванага манархістамі спрэчнага рэферэндуму. Садзейнічаў устанаўленню дыктатуры ген. І.Метаксаса. У 2-ю сусв. вайну ў эміграцыі ў Егіпце і Вялікабрытаніі (з 1941). Вярнуўся на прастол пасля рэстаўрацыі ў Грэцыі манархіі ў выніку плебісцыту 1.9.1946.

т. 5, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,

гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.

Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.

Літ.:

Гидротехнические сооружения. Ч. 2. М., 1979.

М.​М.​Кунцэвіч.

т. 5, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКРА́Т (Hippokratēs; 460 да н.э., в. Кос, Грэцыя — каля 370 да н.э.),

старажытнагрэчаскі ўрач, рэфарматар антычнай медыцыны, матэрыяліст. Мед. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі Геракліда; у якасці вандроўнага ўрача (перыядэўта) наведаў М. Азію, Лівію, узбярэжжа Чорнага м., быў у скіфаў, азнаёміўся з медыцынай народаў Пярэдняй Азіі і Егіпта. У сваіх працах, якія ляглі ў аснову развіцця клінічнай медыцыны, адлюстраваны ўяўленні пра цэласнасць арганізма, індывідуальны падыход да хворага і яго лячэння, паняцце пра анамнез, вучэнне пра этыялогію, прагноз, тэмперамент і інш. Кіраваўся пры лячэнні 4 прынцыпамі: прыносіць карысць і не шкодзіць; супрацьлеглае лячыць супрацьлеглым; дапамагаць прыродзе і, захоўваючы асцярожнасць, шанаваць хворага. Гіпакрат быў выдатным хірургам: распрацаваў прынцыпы лячэння ран, пераломаў, вывіхаў, фістул, спосабы выкарыстання павязак (шапка Гіпакрата) і інш. З імем Гіпакрата стасуецца ўяўленне пра высокае маральнае аблічча і прыклад этычных паводзін урача. Гіпакрата называюць «бацькам медыцыны».

Літ.:

Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)