ЧАРЭ́Я,
вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на паўд. беразе Чарэйскага воз., на скрыжаванні аўтадарог Чашнікі—Бобр і Халопенічы—Сянно. Цэнтр сельсавета. За 35 км на ПдУ ад г. Чашнікі, 130 км ад Віцебска, 20 км ад чыг. ст. Вятны. 597 ж., 250 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Свята-Міхайлаўская царква (17 ст.).
На думку некат. даследчыкаў, у 14—15 ст. існавала Чарэйскае княства. Упершыню Ч. ўпамінаецца пад 1454 у актах Метрыкі ВКЛ, калі смаленскі епіскап Місаіл і яго брат Міхаіл Пструх заснавалі каля Ч. манастыр. У 1475 М.Пструх заснаваў тут Троіцкі храм, які перадаў пад патранат Багдану Сапегу. З 1495 уладанне Сапегаў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) мяст. Ч. лічылася цэнтрам часткі Віцебскага ваяв., якая засталася ў ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ч. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Сенненскага пав. Магілёўскага намесніцтва. Насельніцтва Ч. актыўна падтрымала паўстанне 1863—64. У 1863 тут адкрыта царк.-прыходская школа. У 1880—2112 ж., 200 дамоў, мураваная царква, касцёл, яўр. малітоўны дом. У пач. 20 ст. ў Ч. каля 3 тыс. ж., пач. вучылішча, 3 гарбарныя і піваварны з-ды. У 1919—24 у Віцебскай губ. У ліп. 1924—ліп. 1931 цэнтр Чарэйскага раёна ў Барысаўскай, з 1927 у Аршанскай акругах, з 1931 у Чашніцкім р-не. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ў 1942 загубілі ў вёсцы 840 чал., у 1944 адправілі на работы ў Германію 97 чал. З 25.12.1962 да 6.1.1965 у Бешанковіцкім р-не.
Р.Л.Раманаў (гісторыя).
т. 17, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)