МАНАПЛА́Н (ад мана... + лац. planum плоскасць),

самалёт або планёр з адной нясучай паверхняй (крылом), якая размешчана па абодва бакі фюзеляжа.

Адрозніваюць нізкаплан (з нізкім размяшчэннем крыла), сярэдне- і высакаплан. Крыло М. можа быць свабоднанясучым, падкосным ці расчалачным (замацаваным знізу і зверху падкосамі або расчалкамі). У параўнанні з біпланам М. мае лепшую абцякальнасць форм, меншае лабавое супраціўленне, большыя скорасці лёту. Свабоднанясучы М. — асн. тып сучасных самалётаў. Іл. гл. да арт. Авіяцыя.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАРЫ́ФМА (ад мана... + рыфма),

рыфма, якая спалучае ўсе радкі вершаванага твора:

Ці не бачылі вы фрыца,
Што ўсяго цяпер баіцца?
Ён баіцца ў лазні мыцца:
Вельмі лёгка абварыцца,
І ў цырульніка галіцца
Можа з горла кроў паліцца.
А падыдзе да крыніцы,
Не адважыцца напіцца,
Каб насмерць не атруціцца...
Трэба, хлопцы, згаварыцца,
З акупантам разлічыцца
І зрабіць яму капут.
(П.​Панчанка. «Чаго баіцца немец?»).

Верш, напісаны М., наз. манарым.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДЗІ́БУЛЫ (лац. mandibula сківіца ад mando жую, грызу),

жвалы, верхнія сківіцы, першая пара сківіц, відазмененыя галаўныя канечнасці ў членістаногіх (ракападобныя, мнаганожкі, насякомыя). Найчасцей маюць выгляд вышчарбленых пласцінак. У форм з грызучым ротавым апаратам забяспечаны патаўшчэннямі і зубцамі, што дапамагае разгрызаць і раздрабняць корм. У форм з колюча-сысучым апаратам забяспечваюць праколванне здабычы і ўсмоктванне вадкага корму. У форм з грызуча-ліжучым апаратам (пчолы) маюць выгляд шыпікаў; у матылёў рэдукаваныя.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАНЬЁН (Marañón),

рака ў Перу, левы (галоўны) прыток р. Амазонка. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна каля 350 тыс. км². Выцякае з горнага воз. Патакоча, якое размешчана на выш. каля 4000 м (Зах. Кардыльера Андаў), перасякае Цэнтр. і Усх. Кардыльеры ў глыбокіх цяснінах, цячэ па Амазонскай нізіне, дзе зліваецца з р. Укаялі. Сярэдні гадавы расход вады 15,6 тыс. м³/с. Суднаходная на 1000 км ад вусця (да парогаў).

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАХО́ДНЫЯ Я́КАСЦІ судна,

сукупнасць характарыстык судна, якія вызначаюць яго плывучасць, астойлівасць, непатапляльнасць, ходкасць, кіравальнасць, узыходжанасць на хвалю і інш.

Вызначаюць магчымасць эксплуатацыі судна ў басейнах з рознымі гідраметэаралагічнымі ўмовамі (на рэках, вадасховішчах, партовых акваторыях, рэйдах, у пэўных марскіх раёнах) або без абмежавання раёна плавання. Залежаць ад памераў і суадносін гал. вымярэнняў судна (даўжыні, шырыні, вышыні борта, асадкі), формы абводаў (абрысу вонкавай паверхні корпуса), размеркавання мас па даўжыні і вышыні.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРС (Mars),

старажытнаіталійскае бажаство, першапачаткова бог палёў і ўраджаю, потым бог вайны. У Стараж. Рыме святы ў яго гонар наладжваліся ў сак. і кастрычніку. Лічыўся бацькам Рэма і Ромула, заснавальнікаў Рыма. Атаясамліваўся з грэч. богам Арэсам. У гонар М. рымляне назвалі першы месяц вясны (сакавік), з якога па іх календары пачынаўся год. Ад лац. Mars пайшлі назвы гэтага месяца ў большасці еўрап. моў (ням. März, рус. март і г.д.).

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫРАЛО́Г [ад грэч. martyr сведка; пазней пакутнік (у Новым запавеце — аб вучнях Хрыста) + logos слова, вучэнне],

1) у хрысціянскай царк. л-ры зборнік апавяданняў пра святых і пакутнікаў. Першапачаткова гэта быў каляндар, дзе пазначаліся імёны святых, месцы іх пакутніцтваў і дні іх памяці, пазней стаў дапаўняцца біяграфіяй. Найб. вядомыя «Усеагульны М.» (1536) у каталіцызме і «Менелогій» (9 ст.) у праваслаўі.

2) Спіс ахвяр, якія без віны загінулі, пакараныя смерцю.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАРО́Н (франц. mascaron ад італьян. mascherone вялікая маска),

дэкаратыўны рэльеф у выглядзе чалавечага твару або галавы жывёлы. Размяшчаецца пераважна на замках арак, аконных і дзвярных праёмаў, на фантанах (з адтулінай для выпуску струменя вады), а таксама на мэблі, посудзе і інш. Былі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, неакласіцызму і мадэрн. У арх. дэкоры часам спалучаўся з антабамі.

Маскарон у аздабленні аконнага праёма інтэрната БПА у Мінску.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХІ́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т (МГАІ),

вышэйшая навуч. ўстанова ў СССР у 1930—91 (да 1932 наз. Ін-т архівазнаўства). Засн. паводле пастановы ЦВК і СНК СССР ад 3.9.1930. Рыхтаваў гісторыкаў-архівістаў для працы ў НДІ і архівах, спецыялістаў у галіне справаводства і навук.-тэхн. інфармацыі. У 1987 меў 3 ф-ты (архіўнай справы, дзярж. справаводства, навук.-тэхн. інфармацыі), 3 тыс. студэнтаў. У 1991 на базе МГАІ засн. Рас. гуманіт. ун-т.

т. 10, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦКІ́ЙСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1997). За 400 м на ПнЗ ад в. Мацкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун граніту сярэднезярністага з кварцава-палевашпатавымі жылкамі таўшчынёй да 3—5 см. Даўж. 3,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,1 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём бачнай часткі 12,8 м³, маса каля 34 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)