ІАА́Н ПА́ВЕЛ II [Iōannēs Paulus; свецкае Вайтыла; (Wojtyla) Кароль Юзаф; н. 18.5.1920, г. Вадавіцы, Польшча],
папа рымскі з 1978. З 1938 вучыўся ў Ягелонскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну працаваў на кракаўскім хім. з-дзе. У 1946 прыняў сан свяшчэнніка. У 1946—48 вучыўся ў Рыме, Бельгіі і Францыі. З 1958 біскуп, з 1963 арцыбіскуп-мітрапаліт кракаўскі; удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. З 1967 кардынал. Пантыфікат І.П.ІІ вядомы адкрытым дыялогам: пасрэднічае ў міжнар. канфліктах, выступае са зваротамі аб міры, праводзіць супольныя малітвы з прадстаўнікамі інш. канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі. Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека («Любоў і адказнасць», 1960; «Асоба і ўчынак», 1969; «Пытанні суб’екта маральнасці», 1991), шматлікіх энцыклік, а таксама вершаў, паэм, п’ес.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСУЛ (ад лац. consul саветнік),
1) у Стараж. Рыме ў эпоху рэспублікі (з 6 ст. да н. э.), назва пасад 2 службовых асоб, якія валодалі вышэйшай ваен. і цывільнай уладай. Выбіраліся на адзін год з патрыцыяў, а з 4 ст. да н. э. таксама і з плебеяў. Праводзілі набор у войска і камандавалі ім у час вайны, склікалі сенат і нар. сход, па-за межамі г. Рым мелі права караць грамадзян смерцю. У перыяд імперыі званне К. захавалася толькі як ганаровы тытул.
2) Назва пасады члена вышэйшага органа (калегіі К.) па кіраванні гар. рэспублікай у гарадах Паўн. і Сярэдняй Італіі ў канцы 11—1-й пал. 13 ст. Выбіраліся на 1 год у колькасці 4—20 чал. 3) У Францыі ў перыяд Консульства (1799—1804) тытул 3 асоб, фармальна надзеленых усёй паўнатой выканаўчай улады, якая фактычна належала толькі 1 -му К. (Напалеону Банапарту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАРЦІ́Н ((Lamartine) Альфонс Мары Луі Пра дэ) (21.10.1790, г. Макон, Францыя — 28.2 або 1.3.1869),
французскі паэт-рамантык, паліт. дзеяч, дыпламат, гісторык. Чл.Франц. акадэміі (1830). З 1814 афіцэр каралеўскай гвардыі. У 1820—21 з дыпламат. місіяй у Неапалі, у 1825—28 — у Фларэнцыі. З 1833 чл. Палаты дэпутатаў. У рэвалюцыю 1848 міністр замежных спраў Часовага ўрада Францыі. Першым зб-кам («Паэтычныя роздумы», 1820; «Новыя паэтычныя роздумы», 1823) уласцівы летуценная сузіральнасць і меланхолія, якія паступова змяняюцца малітоўнай одай (зб. «Паэтычныя і рэлігійныя сугуччы», 1830). Паэмы «Жаселен» (1836), «Падзенне анёла» (1838) прасякнуты адчуваннем нетрываласці зямнога быцця і тугой па тагачасным ідэале. Сярод інш. твораў — паэма «Смерць Сакрата» (1823), аповесці «Споведзь», «Рафаэль» (абедзве 1849), «Грацыэла» (1852). Асн.гіст. праца — «Гісторыя жырандыстаў» (т. 1—8, 1847).
Тв.:
Рус.пер. — у кн. Французская элегия XVIII—XIX вв. в переводах поэтов пушкинской поры. М., 1989. С. 304—433.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЛЬ ((Merie) Рабер Жан Жорж) (н. 29.8.1908, г. Тэбеса, Алжыр),
французскі пісьменнік. Д-рліт.-знаўчых навук. Скончыў літ.ф-т у Парыжы. З 1949 праф. Рэнскага, пасля Тулузскага, Алжырскага (1962—64), Парыжскага ун-таў. Дэбютаваў як літ.-знавец («Оскар Уайльд», 1948). У раманах «Уік-энд на Паўднёвым беразе» (1949, Ганкураўская прэмія), «Смерць — маё рамяство» (1953), «Востраў» (1962), п’есе «Сізіф і смерць» (1950) даследуе псіхалогію фашызму, уздымае пытанні асабістай адказнасці чалавека перад грамадствам. У цэнтры раманаў «За шклом» (1970), «Мадрапур» (1976) актуальныя паліт. і маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана-антыутопіі «Мальвіль» (1972), гіст. дылогіі «Лёс Францыі» (1977), «У нашы маладыя гады» (1979), рамана-рэпартажу «Сонца ўзыходзіць не для нас» (1986), філас. п’ес, дакумент. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАДО́ЎСКІ (Фларыян Станіслаў) (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),
кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.Мендэльсонам, Ф.Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп. трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.
Літ.:
Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НА (Mina) Старэйшы, Эспас-і-Міна (Espoz y Mina) Франсіска (17.6.1781, Ідосін, Іспанія — 13.12.1836), іспанскі паліт. і ваен. дзеяч, удзельнік Іспанскіх рэвалюцый 19 стагоддзя. Генерал (1813). У рэвалюцыю 1808—14 адзін з кіраўнікоў партыз. руху (герыльі) супраць агрэсіі напалеонаўскай Францыі. У вер. 1814, пасля рэстаўрацыі ў Іспаніі абсалютызму, разам з пляменнікам ген. Ф.Х.Мінай Малодшым, узняў паўстанне ў г. Памплона з мэтай аднавіць дзеянне Кадыскай канстытуцыі 1812, але пацярпеў паражэнне і ўцёк у Францыю. У рэвалюцыю 1820—23 кіраваў барацьбой з контррэв. мяцяжом у Каталоніі і супраціўленнем франц. інтэрвенцыі (1823). Пасля паражэння рэвалюцыі зноў у эміграцыі. У 1830—32 спрабаваў узняць антыабсалютысцкія паўстанні на Пн Іспаніі. У рэвалюцыю 1834—43 на чале Паўн.ісп. арміі змагаўся з карлістамі, камандаваў войскамі ў Каталоніі (з 1835). У 1836, незадоўга да смерці, выступіў супраць рэгенткі Марыі Крысціны і абвясціў асн. законам Іспаніі канстытуцыю 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАБО́Л,
[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.
Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).
Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НЫ (ад сканд. northman паўночны чалавек),
агульная назва ў Зах. Еўропе народаў Скандынавіі і Даніі ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст., калі яны ажыццяўлялі шырокую экспансію. У самой Скандынавіі ўдзельнікаў марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў называлі вікінгамі. Нарвежцы ўчынялі набегі пераважна ў Брытанію (з 8 ст.), засн. калоніі ў Ісландыі (каля 860), Грэнландыі (982), каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі. Датчане здзяйснялі паходы пераважна на кантыненце, разрабавалі Гамбург.(845), Парыж (845, 885, 886), у 840 дасягнулі Іспаніі і Міжземнамор’я. У 911 яны замацаваліся ў Паўн.Францыі, дзе засн. герцагства Нармандыя. Іх нашчадкі ў 2-й пал. 11 ст. заваявалі Англію (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066) і Паўд. Італію, дзе засн.Сіцылійскае каралеўства. На Русі вядомы пад назвай варагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭКО́РВА (Бруна Максімавіч) (22.8.1913, г. Піза, Італія — 26.9.1993),
расійскі фізік, адзін з пачынальнікаў эксперым. даследаванняў нейтрына. Акад.АНСССР (1964; чл.-кар. 1958). Скончыў Рымскі ун-т (1933), дзе працаваў пад кіраўніцтвам Э.Фермі. З 1936 у н.-д. установах Францыі, ЗША, Канады і Англіі. З 1950 у Ін-це ядз. праблем АНСССР, з 1956 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы высокіх энергій, фізіцы нейтрына і астрафізіцы. Выканаў даследаванні па нейтроннай фізіцы і прапанаваў метад нейтроннага каратажу для пошукаў нафты (1941). Заклаў асновы радыехім. метаду рэгістрацыі сонечных нейтрына (1946). Выказаў гіпотэзу аб магчымасці асцыляцый нейтрына (1957—58). Прапанаваў эксперымент на паскаральніках пратонаў па пошуку адрознення мюоннага нейтрына ад электроннага (1959). Даследаваў ролю нейтрына ў працэсах эвалюцыі зорак, што спрыяла стварэнню нейтрыннай астрафізікі. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэмія СССР 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НСЕ, Понсе Куэльяр (Ponce Cuellar) Мануэль Марыя (8.12.1882 ці 1886, г. Фрэснільё, Мексіка — 24.4.1948), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з вядучых мекс. кампазітараў 1-й пал. 20 ст. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі ў Мехіка (з 1909 выкладаў у ёй), удасканальваўся ў Італіі, Германіі, Францыі (у т. л. ў П.Дзюка). У 1917—19 гал. дырыжор Нац. сімфанічнага аркестра, у 1933—35 дырэктар Нац. кансерваторыі і ў 1945 Вышэйшай муз. школы пры Нац. аўтаномным ун-це ў Мехіка. Заснавальнік нац. кірунку ў мекс. музыцы. Аўтар арк. твораў: «Начныя эстампы» (1923), сімф. трыпціх «Чапультэпек» (1929), «Песня і танец старажытных мексіканцаў» (1933), сімф. дывертысмент «Кірмаш» (1940) і інш.; «Паўднёвы канцэрт» для гітары з арк. (1941), канцэрт для скрыпкі з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; твораў для фп., для гітары; больш за 100 рамансаў і песень. З 1982 у Мексіцы праводзіцца Міжнар. конкурс гітарыстаў імя П.