вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Смаргонь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г. Маладзечна, 85 км ад Мінска, 2 км ад чыг. раз’езда Асанаўскі. 1153 ж., 468 двароў (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1387. У 16 ст. мястэчка Ашмянскага пав.ВКЛ. У 1638 было 6 вуліц, гандл. плошча, 121 двор, існаваў сядзібны комплекс. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Вілейскага пав. Віленскай губ. У 1861 у Л. 1099 ж., 182 дамы, у канцы 19 ст. каля 1290 ж., 160 дамоў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод. З 1921 у складзе Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі тут 450 ж., знішчылі 154 двары.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1869) і капліца (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІН Леанід Мендэлевіч (н. 25.7.1936, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1988). Скончыў БПІ (1960). Працаваў у ін-це «Мінскпраект» (у 1980—97 кіраўнік арх. майстэрні). Работы ў Мінску: інтэрнат трактарнага з-да (1966), павільён Рэсп. выставачнага цэнтра (1968), будынак б. гаркома КПБ (1979; цяпер Мін-ва замежных спраў), станцыі метро «Плошча Леніна» (1984; цяпер «Плошча Незалежнасці») і «Няміга» (1990); праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра (1970—75), Машэрава праспекта, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне Траецкага прадмесця (1980—86, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы Хатынь (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша» і «Праклён фашызму» (усе ў сааўт); помнікі Я.Купалу і Я.Коласу ў Мінску (абодва 1972), К.С.Заслонаву ў Оршы (1964), падпольшчыкам Асінторфа, Ф.Конанавай у г. Любань (абодва 1967), М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976) і інш. Сярод інш. твораў помнікі воінам-бухарцам у Бухары (1975), «Салдацкае поле» ў г. Валгаград (1976—80, абодва ў сааўт.). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГСКІ ПРАЦЭ́С 1933,
судовы працэс супраць камуністаў у г.Лейпцыг (Германія) 21.9—23.12.1933. Адбыўся пасля прыходу да ўлады ў Германіі Нацыянал-сацыялісцкай партыі, кіраўніцтва якой (Г.Герынг і інш.) з мэтай правакацыі арганізавала падпал будынка рэйхстага ў Берліне ноччу 27.2.1933, каб абвінаваціць у гэтым апазіцыйную Камуніст. партыю Германіі (КПГ) і разгарнуць супраць яе рэпрэсіі. На месцы здарэння быў арыштаваны галандскі беспрацоўны Ван дэр Любе, па абвінавачанні ў саўдзеле ў падпале — кіраўнік фракцыі КПГ у рэйхстагу Торглер, а таксама балг. камуністы Г.Дзімітроў, Б.Папоў і В.Танеў, якія знаходзіліся ў Германіі. Нацысцкая правакацыя выклікала хвалю пратэстаў у свеце; створаная вядучымі юрыстамі свету Міжнар. следчая камісія на «контрпрацэсе» ў Лондане (вер. 1933) даказала, што рэйхстаг падпалілі герм. нацысты. У гэтых умовах, а таксама дзякуючы прамоўніцкаму таленту Дзімітрова, які даказаў ілжывасць прад’яўленага яму абвінавачання, усе падсудныя (акрамя прыгаворанага да пакарання смерцю Ван дэр Любе) былі апраўданы «за адсутнасцю доказаў».
Літ.:
Процесс о поджоге рейхстага и Георгий Димитров: Док.: В 3 т.Т. 1—2. М., 1981—88;
Димитров Г. Лейпцигский процесс: Речи, письма и документы. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПЯШЫ́НСКАЯ Вольга Васілеўна (н. 28.9.1916, Кіеў),
расійская артыстка балета, педагог. Нар.арт.СССР (1951). Чл.-кар. Берлінскай АМ (1970). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1933). У 1933—63 салістка Вял.т-ра. З 1963 выкладае ў оперна-балетных т-рах Еўропы і інш. Яе выкананне вызначалася іскрамётнай тэхнікай, віртуознасцю, сцэн. тэмпераментам, эмац. насычанасцю. Сярод лепшых партый: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жанна, Ліза Мурамская («Полымя Парыжа», «Паненка-сялянка» Б.Асаф’ева), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Тао Хоа, Параша («Чырвоны мак», «Медны коннік» Р.Гліэра), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Асоль («Пунсовыя ветразі» У.Юроўскага) і інш. Прэзідэнт Рас. харэаграфічнай асацыяцыі (з 1991). Старшыня Аргкамітэта Маскоўскіх міжнар. конкурсаў артыстаў балета (1973, 1977, 1981, 1985, 1989), журы 1-га Маскоўскага міжнар. незалежнага конкурсу маладых артыстаў балета імя С.П.Дзягілева (1992). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1947, 1950.
Літ.:
Илупина А. О.В.Лепешинская // Мастера Большого театра. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПНІШКІ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Гродна—Ліда—Іўе. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 138 км ад Гродна, 5 км ад чыг. ст. Гаўя. 1480 ж., 596 двароў (1999).
З 16 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 1856, калі Сенат адхіліў прашэнне жыхароў Л. аб зацвярджэнні іх у мяшчанскім званні, сяляне адмовіліся выконваць паншчыну. У 1861 і 1862 адбыліся сял. хваляванні, якія былі задушаны войскамі. У канцы 19 ст. Л. — мястэчка, цэнтр воласці ў Ашмянскім пав. Віленскай губ., каля 1,7 тыс.ж., больш за 200 двароў, касцёл, школа, бальніца, 12 крам, бровар, 5 кірмашоў за год. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Іўеўскага р-на. У 1972—831 ж., 260 двароў.
Іўеўская райаграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл, капліца (2-я пал. 19—пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСК,
вёска ў Гародзькаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 25 км на Пн ад Валожына, 100 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Валожын. 400 ж., 187 двароў (1999).
У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) згадваецца пад назвай Лошаск. Паводле археал. даследаванняў у 11—13 ст. тут існавала паселішча, у 14—18 ст. — Лоскі замак. У 1480 у Л. заснаваны касцёл. Уладанне Карыбутавічаў, Я.П.Мантыгірдавіча, Кішкаў, пры якіх дзейнічаў кальвінскі збор. У 1574 дзярж. дзеяч ВКЛ Я.Кішка заснаваў Лоскую друкарню. З канца 16 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. З 19 ст. ў Забрэжскай вол. Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 592 ж., 65 дамоў, 2 царквы, касцёл. З 1921 у складзе Забрэжскай гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. У 1972—820 ж., 242 двары.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (1856), касцёл Сэрца Ісуса (1930). На тэр. вёскі — гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ШНІЦА,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Масква. Цэнтр сельсавета, калгаса і саўгаса-камбіната. За 20 км на ПнУ ад г. Барысаў, 96 км ад Мінска, 5 км ад чыг. ст. Прыяміна. 6872 ж., 584 двары (1999).
У 1563 мястэчка ў Барысаўскім старостве Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, у Барысаўскім пав. Мінскай губ. У вайну 1812 напалеонаўскае войска спаліла тут царкву (у 1816 адбудавана). У 1870 сяло, у 1885 цэнтр воласці, 834 ж., 143 двары, нар. вучылішча, царква, млын. З 1920 у Л. нар.тэатр. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскім р-не Мінскай акругі. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі 53, вывезлі ў Германію 49 жыхароў. У 1945—55 працаваў дзіцячы дом. У 1972—1978 ж., 630 двароў.
Прыямінскі рамонтны з-д, камбікормавы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, кінатэатр, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТЫ (ад слова люты — злы, суровы),
другі месяц каляндарнага года ў Беларусі (28 дзён, у высакосным годзе 29), апошні месяц зімы. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 9 гадз 48 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 23,3°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 133 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-8 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ў Л. -5,9 °C (-3,5 °C на ПдЗ і -7,5 °C на ПнУ). Вільготных дзён (адносная вільготнасць удзень не ніжэй 80%) 12—18. У Л. у сярэднім па рэспубліцы 3—8 дзён з мяцеліцай. На б.ч. тэрыторыі выпадае каля 30—40 мм ападкаў, павялічваецца таўшчыня снегавога покрыва з максімумам у 3-й дэкадзе месяца 10—15 см на ПдЗ і 20—35 мм на ПнУ. Таўшчыня лёду на вял. рэках і азёрах 35—60 см, глебы прамярзаюць да 30—50 см і болей. Глыбокі снег, ледзяная скарынка перашкаджаюць ласям, зайцам, лісам здабываць корм. У Л. адбываецца гон у ваўкоў, лісоў, зайцоў. Пачынаецца павольнае перамяшчэнне на Пн чарод чачотак, снегіроў, амялушак, крыжадзюбаў, паўн. савы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНЧЫ́ЦКІ (Lęzycki) Даніэль (Даніэль з Лянчыцы; каля 1530, Польшча — каля 1600),
друкар. Вучыўся ў Кракаве. Выдаваў кнігі на польскай і лац. мовах. З 1558 працаваў у друкарні у Пінчаве (Польшча). У 1562 пераехаў у Нясвіж, дзе ў друкарні Кавячынскіх выпусціў 11 кніг, у т. л. некалькі палемічных прац Гжэгаша Паўла (1564), Новы запавет (1564, 1570) і Катэхізіс (1564) С.Буднага. У 1571—72 друкаваў кнігі ў Заслаўі. Па запрашэнні Я.Кішкі пераехаў у Лоск, кіраваў Лоскай друкарняй, выдаў шэраг кніг. З 1574 у Вільні, працаваў у друкарні М.Х.Радзівіла Сіроткі, дзе выдаў кнігу А.Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць ваенных гадоў К.Радзівіла», у друкарнях віленскіх антытрынітарыяў, езуітаў. Выпусціў каталіцкі катэхізіс П.Цанісія на літ. і лат. мовах (1595). У 1596—1600 меў уласную друкарню. Да рэлігіі ставіўся індыферэнтна, таму выдаваў кнігі і католікаў і пратэстантаў.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wrocław;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,
помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел. летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.Гваньіні і М.Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т. л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас.нац.б-цы ў С.-Пецярбургу.