ПРАГРА́МА РАЗВІЦЦЯ́ ААН (ПРААН). Засн. ў 1965 для аказання дапамогі найменш развітым краінам свету ў справе эканам. развіцця. Кіруецца выканаўчым саветам з 36 чал. (7 ад Азіі, 4 ад Усх. Еўропы, 5 ад Лац. Амерыкі, 12 ад Зах. Еўропы і ЗША). Мае 4 рэгіянальныя бюро, якія знаходзяцца пры Сакратарыяце ААН. Супрацоўнічае з больш чым 150 краінамі у такіх сферах, як эканам. планіраванне, транспарт, сувязь, гандаль, ахова здароўя, адукацыя, занятасць. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца на безграшовай аснове, у форме накіравання ў пэўную краіну спецыялістаў, падрыхтоўкі і адукацыі мясц. кадраў, распрацоўкі планаў эканам. і тэхн. развіцця і г.д. З 1990 штогод ПРААН выдае Даклад пра чалавечае развіццё, які змяшчае звесткі пра т.зв. індэкс чалавечага развіцця. З 1990-х г. праводзіць. канферэнцыі па чалавечым вымярэнні, на якіх абмяркоўваюцца асн. пытанні павелічэння дабрабыту людзей і захавання правоў чалавека. Беларусь супрацоўнічае з ПРААН у выкананні нац. праграмы па структурнай перабудове эканомікі і рацыянальным прыродакарыстанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВЫЯ ПАШКО́ДЖАННІ,
паталагічныя змены ў тканках і органах ад дзеяння іанізавальнага выпрамяненняпрымясц. іх уплыве. Узнікаюць пераважна як ускладненні ад прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Выклікаюць склероз, аблітэрацыю крывяносных сасудаў, дэгенерацыю нерв. канцоў, гібель клетак парэнхімы. Цяжкасць мясц. П.п. залежыць ад віду выпрамянення, сумарнай дозы, рэжыму фракцыяніравання, працягласці перыяду пасля прамянёвай тэрапіі і інш. Падзяляюцца на прамянёвыя рэакцыі і П.п.
Прамянёвыя рэакцыі (зваротныя прамянёвыя дэрматыты) — запаленчыя або дыстрафічныя змены паверхневых слаёў скуры, гояцца без спец. лячэння. П.п. скуры — незваротныя прамянёвыя дэрматыты) — дэструктыўныя змены скуры. Бываюць раннія П.п. (узнікаюць у працэсе апрамянення або ў першыя 3 месяцы) і познія (звыш 3-х месяцаў пасля заканчэння апрамянення). Да ранніх П.п. скуры адносяць эрытэматозны, вільготны, сухі дэрматыты, раннюю прамянёвую язву; да позніх — атрафічны дэрматыт, прамянёвы фіброз, познюю прамянёвую язву, прамянёвы рак. Лечаць раннія П.п. скуры тэрапеўт. сродкамі, познія — хірург. аперацыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),
парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі прыгал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.Шчуко, У.Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.Сімбірцаў, І.Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.Васільеў, Я.Левінсон).
С.А.Сергачоў.
Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСО́ДЫЯ (ад грэч. prosodia націск, прыпеў),
1) раздзел вершазнаўства, які змяшчае класіфікацыю метрычна значных гукавых элементаў мовы, рытмікі, вымаўлення, націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў, іх суадносіны ў вершы. Тэрмін «П.» перайшоў у сучаснае літ.-знаўства з ант. Грэцыі, дзе П. называлі раздзел граматыкі, у якім раскрываўся сэнс націску (першапачаткова музычнага), а таксама працягласці вымаўлення складоў. У 18—19 ст. азначаў сукупнасць правіл вершаскладання. Цяпер ён выкарыстоўваецца гал.ч.пры аналізе вершаваных сістэм, іх моўных магчымасцей і рэсурсаў. Так, калі гавораць пра сілабічны верш, то падкрэсліваюць, што ён не зусім адпавядаў прасадычным якасцям бел. мовы (разнамесны, рухомы націск), а таму саступіў сваё месца сілаба-тоніцы, акцэнтнаму і свабоднаму вершу.
2) У шырокім сэнсе часам ужываецца як сінонім рытмікі (і шырэй — вершаскладання) ці метрыкі.
Літ.:
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,
падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Да арт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫШНЯ́НСКІЯ БАІ́ 1943,
абарона партызанамі в. Пышна Лепельскага р-на Віцебскай вобл. 19 мая — 9 чэрв. ў час карнай аперацыі «Котбус» у Вял.Айч. вайну. У канцы 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава», разграміўшы ням. гарнізон у вёсцы, стварыла там кантралюючы пункт за чыг. Лепель—Пышна—Докшыцы—Параф’янава, што злучала ням. 3-ю танк. армію з яе тылам. Гітлераўцы беспаспяхова спрабавалі захапіць Пышна ў снеж. 1942, студз. 1943. 19.5.1943 партызаны адбілі атаку палка карнікаў, пасля чаго вораг пачаў бамбіць Пышна і яе наваколле; 23 мая пасля няўдалай атакі карнікі падцягнулі новыя сілы. Партызаны стварылі вакол вёскі 2 кальцы абароны. 8 чэрв. вораг пры падтрымцы танкаў распачаў новае наступленне. Каб пазбегнуць вял. страт, партызаны пакінулі вёску. Замкнуўшы кальцо акружэння, ням. паліцэйскія войскі СС 9—21 чэрв. беспаспяхова прачэсвалі лес. Подзвіг абаронцаў вёскі стаў тэмай карціны партыз. мастака М.Абрыньбы «Бой за Пышна» (1943).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Існавала з 1.7.1906 да 1918 у г. Рагачоў Магілёўскай губ. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 класы, з 1911—7 кл. і падрыхтоўчае аддзяленне. Выкладаліся: закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, спевы, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, а таксама на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. У вучылішчы працавалі дырэктар, інспектар, 3 законанастаўнікі, 13 выкладчыкаў, урач. У 1906 у вучылішчы 51 выхаванец, у 1908—106, у 1911—223, у 1915—256. Скасавана ў 1918.
Літ.:
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́МЦАЎ (Аляксандр Ільіч) (8.3.1905, в. Шарлык Арэнбургскай вобл., Расія — 13.4.1977),
савецкі военачальнік. Ген.-палкоўнік (1961). Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1945). Скончыў Ваен. школу ВЦВК (1932), Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1927. У 1936—37 удзельнік нац.-вызв. вайны ісп. народа 1936—39. З мая 1939 пам. камандзіра дывізіі, удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939. У Вял.Айч. вайну камандаваў брыгадай, дывізіяй, якая вызначылася ў Сталінградскай бітве 1942—43, з мая 1943 камандзір гвардз. корпуса. Ваяваў на Паўд.Зах., Данскім, Сталінградскім, Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Украінскіх франтах. Пасля вайны камандаваў армейскімі злучэннямі, працаваў на розных адказных пасадах у Сав. Арміі.
Тв.:
На последнем рубеже: Зап.командира дивизии. Волгоград, 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. Яго рэшткі захаваліся на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе р. Радунька ў цэнтры в. Гарадзішча Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (за 2 км ад г.п. Радунь). Пляцоўка чатырохвугольная ў плане, памерам 85 × 60 м, узвышаецца на 8 м над далінай ракі, умацавана валам выш. 3—5 м і абкружана ровам глыб. 2,5—3 м, шыр. 6—8 м. У паўд.-ўсх. вугле быў уваход. Аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў — вал, сцены-гародні, вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам — узводам. Прыархеал. раскопках знойдзена кераміка 14—17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15—17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ АДХО́ДЫ,
вырабы, матэрыялы, рэчывы і біял. аб’екты, не прыдатныя да далейшага выкарыстання, у якіх утрыманне радыенуклідаў перавышае вызначаныя нормы. Паводле агрэгатнага стану Р.а. падзяляюцца на вадкія, цвёрдыя, газападобныя; паводле ўзроўню актыўнасці — на групы нізкага, сярэдняга і высокага ўзроўняў; паводле хім. якасцей — на гаручыя і негаручыя.
Утвараюцца ў працэсе работы і рамонту энергет.ядз. рэактараў на АЭС, суднах і інш.; пры выкарыстанні радыеізатопных крыніц і прэпаратаў у тэхніцы, навуцы, медыцыне, у працэсе апрацоўкі руд, горных парод і інш. Метады перапрацоўкі і захавання Р.а. залежаць ад іх фіз. і хім. якасцей. Для вадкіх Р.а. выкарыстоўваюць метады канцэнтравання і захавання ў стальных ёмістасцях, для цвёрдых — захаванне ў спец. бетонных сховішчах. Біял. Р.а. (трупы эксперым. жывёл і інш.) спальваюць тэрмічным або хім. спосабам ў спец. могільніках.
На Беларусі асобны тып Р.а. — прадукты дэзактывацыі аб’ектаў і тэр. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).