род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.
Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
ступень насычанасці глебы вадой. Вызначаецца ў працэнтах ад масы сухой глебы (вагавая, або ўласна вільготнасць глебы), аб’ёму глебы (аб’ёмная вільготнасць глебы), вільгацяёмістасці глебы, часцей палявой (адносная вільготнасць глебы). Вільготнасць глебы — асн. характарыстыка забяспечанасці раслін вільгаццю. Адрозніваюць вільготнасць завядання (пры якой расліны вянуць) і розныя формы даступнасці вільгаці для раслін, у т. л. даступную, недаступную, прадукцыйную, непрадукцыйную і інш. Вільготнасць глебы залежыць ад грануламетрычнага саставу, асаблівасцей увільгатнення і сезона года. Ва ўмовах Беларусі яна мяняецца ад 10—13% для пясчаных глеб да 100% і больш у тарфяна-балотных; найбольшая ранняй вясной. Лясныя глебы ў параўнанні з палявымі маюць крыху павышаную вільготнасць у верхніх гарызонтах (да глыб. 0,5—1 м) і паніжаную ў глыбінных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],
хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.
На карэньчыках праросткаў і надземных ч.расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́Я КЛАПЫ́,
група сямействаў атр. паўцвердакрылых. Найб. вядомыя сям.весляроў, гладышоў, беластаматыдаў (Belostomatidae), вадзяных скарпіёнаў (Nepidae), клапоў-прыбярэжнікаў (Saldidae), плаўтаў (Naucoridae), сапраўдных вадамерак (Gerridae). Больш за 1600 відаў. Пераважна цеплалюбівыя. На Беларусі больш за 30 відаў. Трапляюцца ў вадаёмах і на вільготных берагах, найб. вядомыя вадзяны скарпіён, звычайны гладыш, вясляр, ранатра, вадамерка і інш.
Даўж. 2—120 мм. Многія добра плаваюць і лётаюць. Дыхаюць у асноўным атм. паветрам. Яйцы адкладаюць на водныя расліны або ў іх тканкі. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб. Вясляр дыдымус (Agabus didymus) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛІМА́ЦЫЯ,
сукупнасць карысных гамеастатычных змен у арганізме, якія даюць яму магчымасць існаваць пры змене ўмоў асяроддзя. Грунтуецца на т.зв. аклімацыйных рэакцыях — абарачальных зменах фізіял. механізмаў і марфал. структуры ў адказ на павольныя і працяглыя змены ў асяроддзі, у прыватнасці сезонныя. Напр., аклімацыйныя змены покрыва птушак і звяроў забяспечваюць ім захаванне цяпла зімой і рассейванне яго летам, што дае магчымасць падтрымліваць адносна пастаяннай т-ру цела з мінім. затратамі энергіі. Халаднакроўныя жывёлы, а таксама расліны прыстасоўваюцца да сезонных змен пераключэннем ферментных і інш. біяхім. сістэм з рознымі тэмпературнымі оптымумамі і т.ч. як бы падганяюць свае дыяпазоны ўстойлівасці да пераважных умоў асяроддзя. Часам аклімацыю памылкова атаясамліваюць з акліматызацыяй і эксперым. адаптацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ДЫЙ (Olpidium),
род хітрыдыевых грыбоў сям. альпідыевых. Больш за 20 відаў. Трапляюцца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 віды. Найб. пашыраны альпідый капусны (O. brassicae) — узбуджальнік чорнай ножкі расады капусты, лёну, агуркоў, аўса, пшаніцы, памідораў, салаты, тытуню і інш.
Вегетатыўнае цела (плазмодый) аднаклетачнае. Зоаспарангіі (органы бясполага размнажэння) шарападобныя, з доўгай вывадковай трубкай, адзіночныя або па 2—12 у клетцы. Зааспоры яйцападобныя, з 1 доўгім жгуцікам. Развіваецца ва ўмовах пераўвільгатнення. Пры неспрыяльных умовах зааспоры функцыянуюць як гаметы. Цысты зімуюць у глебе. Расліны заражаюцца пасля з’яўлення семядоляў або першых лісцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПНУМ (Hypnum),
род брыевых імхоў сям. гіпнавых. Вядома каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў. Гіпнум кіпарысападобны (H. cupressiforme) часцей трапляецца ў лясах каля дрэў, на гнілой драўніне, глебе, камянях. Звычайнымі з’яўляюцца гіпнум бледнаваты (H. pallescens) і гіпнум Ліндберга (H. lindbergii), менш распаўсюджаны гіпнум лугавы (H. pratense), рэдка трапляюцца гіпнум пладучы (H. fertile) і гіпнум расстаўлены (H. imponens).
Адна- і двухдомныя меза- і ксерафільныя расліны. Дзярнінкі зялёныя ці жаўтавата-зялёныя, шаўкавіста-бліскучыя. Сцябло ляжачае ці ўзнятае, даўж. 2—10 см, перыста-разгалінаванае, радзей простае, парасткі з кручкаватымі канцамі. Лісце серпа-, яйцападобнае або падоўжана-ланцэтнае. Спарагоны на бакавых галінах. Каробачка падоўжана-эліпсападобная ці цыліндрычная. Перыстом двайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,
спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.А.Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл.Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г.расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл.аквакультуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (Heliotropium),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 220 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных абласцях, радзей на Пн умеранага пояса. Растуць на камяністых мясцінах, сухіх схілах, часта на саланцах і сметніках. Некат. віды — геліятроп еўрапейскі (H. europaeum) і шарсцістаплодны (H. lasiocarpa) — ядавітыя (маюць алкалоід цынагласін, які выклікае ў жывёлы параліч нерв. сістэмы). У культуры, у т. л. на Беларусі, вядомы дэкар. сарты з прыемным пахам геліятропа перувіянскага (H. peruvianum) і шчыткападобнага (H. corymbosum).
Кусты, паўкусты і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаванымі сцёбламі. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пахучыя (маюць пахучы эфірны алей), сабраныя ў завіткі; вяночак белы ці фіялетавы, з кароткай трубачкай і 5-раздзельным адгінам. Плод — чатырохарэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬВІ́НЫ ЗЕЎ, антырынум (Antirrhinum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Міжземнамор’і. У культуры вырошчваюць І.з. вялікі (A. majus), інтрадукаваны на Беларусі. Вылучаюць сарты высокія (вышэй за 70 см, напр., Гольдмары, Гіянт Вельвет), паўвысокія (45—65 см, напр., Біла Піраміда, Канарыён Фогель), нізкія (15—25 см, напр., Дункель Гранат, Сульфурэум).
Адна- і шматгадовыя травяністыя раслінывыш. 15—90 см. Сцябло прамастойнае, восенню каля асновы дравяністае. Лісце ланцэтнае, у верхняй ч. чаргаванае, у ніжняй супраціўнае. Кветкі разнастайныя па афарбоўцы (чырвоныя, жоўтыя, белыя, ружовыя, ёсць двухколерныя), у гронкападобных суквеццях; ёсць махрыстыя. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — каробачка. Дэкар. расліна. Аб’ект генет. даследаванняў.