САМУРА́І (ад яп. самурау — служыць),

у Японіі ў шырокім сэнсе — прадстаўнікі прывілеяванай ваен. касты, якая аб’ядноўвала ўладарных князёў і свецкіх феадалаў; у больш вузкім і ўжывальным — ваен. саслоўе. Пачалі фарміравацца як саслоўе ў перыяд сёгунаў дому Мінамота [1192—1333], асобае значэнне набылі ў час міжусобных войнаў 14—16 ст. Тады ж склалася асобная самурайская культура, у нечым падобная да рыцарскай культуры Зах. Еўропы (гл. Рыцарства), у аснове якой кодэкс гонару С. — бусідо з культам вернасці свайму гаспадару. У час сёгуната Такугава [1603—1867] статус С. (10% насельніцтва Японіі) аформлены юрыдычна. Заканчэнне міжусобных войнаў прывяло да расслаення саслоўя С., многія з якіх ператварыліся ў ронінаў (С. без гаспадара), некат. з іх папоўнілі шэрагі дэкласаваных элементаў, але б.ч. С. заставалася ў гарадах, дзе займаліся рамяством і гандлем. С. паўд.-зах. княстваў (Сацума, Цёсю, Тоса і Хідзен) адыгралі ключавую ролю ў бурж. рэвалюцыі 1867—68 (гл. Мэйдзі Ісін). У 1872 саслоўе С. скасавана, але яго традыцыі працяглы час (да паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне) культываваліся ў яп. арміі.

Літ.:

Книга самурая: Пер. с яп. СПб., 1998;

Сато Х. Самураи: история и легенды...: Пер. с яп. СПб., 1999;

Варли П., Моррис А., Моррис Н. Самураи: Пер. с англ. СПб., 1999;

Тернбулл С. Самураи: Воен. история: Пер. с англ. СПб., 1999;

Самураи: Меч и душа: Пер. с яп. СПб., 2000;

Гвоздев С.А. Самураи: Путь меча. Мн., 2001.

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМУХА, Тройца, зялёныя святкі,

старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народаў. Лакальная назва зелянец. Святкавалася на сёмы (русальны) тыдзень пасля Вялікадня. Вытокі С. ў родавым грамадстве; у аснове яе культ зеляніны, шлюбу і продкаў. Пераходнае паміж веснавым і летнім земляробчымі цыкламі («На зелянец вясны канец»). Перад святам прыбіралі і ўпрыгожвалі хату і двор «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёну, рабіны, дубу і інш.), прыбіралі магілы. У суботу напярэдадні свята спраўлялі дзяды. Як пазнейшую з’яву трэба разглядаць асвячэнне ў нядзелю (1-ы дзень свята) у царкве лугавых і палявых зёлак, якія потым захоўваліся (у некаторых мясцовасцях імі абкурвалі нябожчыкаў, клалі іх у труну). Залежна ад мясц. традыцый на другі ці іншы дзень рабілі т.зв. «піва», кірмашы ці фэсты (прымяркоўваліся і да інш. свят), на якія збіраліся сваякі, нават далёкія. У час свята ў некаторых мясцовасцях адбывалася кумаванне, завівалі бярозку, ладзілі гульні, карагоды, потым агульнае частаванне, вілі вянкі. З вянкамі, «маем» звязаны ўяўленні, якія раней мелі характар магічных дзеянняў. На С. спявалі сёмушныя (траецкія) песні, асн. матывы якіх — каханне і шлюб (у паўд.-зах. раёнах спявалі яшчэ куставыя песні). На С., перад пачаткам летніх палявых работ, на Беларусі спраўлялі шмат вяселляў. Свята Тройцы ўведзена ў культавую практыку правасл. царквы ў 14 ст. Сергіем Раданежскім. Хоць С. і злілася з гэтым святам, яна захавала многія рысы язычніцтва і земляробчага культу.

А.​В.​Цітавец.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІКІ, даўганосікі (Curculionidae),

сямейства падатр. разнаедных жукоў. 2 аддзелы: даўгахобатныя (Phanerognatha; найб. старажытныя паявіліся ў раннім мезазоі), караткахобатныя (Adelognatha; узніклі ў сярэдзіне мезазою). Да 45 тыс. відаў. Трапляюцца на раслінах, у гнілой драўніне, каля вады. На Беларусі 395 відаў, пераважаюць даўгахобатныя; найб. распаўсюджаны: бураковы даўганосік, свірнавы даўганосік, канюшынавы семяед (Apion apricans), скрытнахобатнік каранёвы капусны (Ceutorrhynchus pleurostigma), С. клубеньчыкавы (Sitona), а таксама кветаеды — яблыневы (Anthonomus pomorum), малінавы (A. rubi); у лясах С. вял. хваёвы (Hylobius abietis), смалёўка хваёвая (Pissodes pini), пладажыл арэхавы (Curculio nucum).

Даўж. ад некалькіх да 60 мм (у тропіках). Цела — ад шара- да палачкападобнай формы, укрытае валаскамі або лусачкамі, якія ўтвараюць стракаты малюнак. Галава выцягнута ў галаватрубку, на канцы якой грызучыя ротавыя органы. У даўгахобатных С. галаватрубка даўжэйшая за галаву, іншы раз за ўсё цела, тонкая, часта патончаная на канцы. У караткахобатных С. галаватрубка не даўжэйшая за асн. ч. галавы, амаль заўсёды простая, не патончаная на канцы. Крылы ў большасці добра развітыя, многія караткахобатныя С. іх не маюць. Лічынкі бязногія, белыя, укрытыя рэдкімі валасамі, з жоўта-карычневай галавой і грызучымі сківіцамі. Жукі і іх лічынкі кормяцца травяністымі і дрэвава-кустовымі раслінамі. Шкоднікі многіх культур, расл. прадуктаў і тэхн. драўніны.

Да арт. Слонікі: 1 — семяед канюшынавы; 2 — слонік паласаты; 3 — слонік шэры бураковы; 4 — слонік вялікі хваёвы; 5 — кветаед яблыневы; 6 — смалёўка хваёвая; 7 — скрытнахобатнік каранёвы капусны; 8 — кветаед малінавы.

т. 15, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛІ,

клас хім. злучэнняў; крышт. рэчывы з іоннай структурай (гл. Іонная сувязь). З’яўляюцца прадуктамі поўнага ці частковага замяшчэння іонаў вадароду ў малекулах кіслот на катыёны (іоны металаў, амоній і інш.) або гідраксільных (OH) груп у малекулах асноў на аніёны кіслотных астаткаў (напр., хларыд-, сульфат-аніён).

Падзяляюць на сярэднія, ці нармальныя, — прадукты поўнага замяшчэння (напр., Na2SO4), кіслыя (гідрасолі; напр. NaHCO3) і асноўныя (гідраксасолі; напр., MgClOH) — прадукты няпоўнага замяшчэння адпаведна іонаў вадароду многаасноўных кіслот і OH груп многакіслотных асноў. Адрозніваюць таксама С. простыя, якія маюць катыёны і аніёны аднаго віду (напр., MgCl2), двайныя [маюць катыёны 2 відаў, напр., KAl(SO4)2∙12H2O], мяшаныя (з рознымі аніёнамі, напр., CaClOCl) і комплексныя (гл. Комплексныя злучэнні). Прадукты ўзаемадзеяння асноў і кіслот Льюіса (гл. Кіслоты) адрозніваюцца ад звычайных солей, таму іх наз. кіслотна-асноўнымі комплексамі ці адуктамі. Многія С. добра раствараюцца ў вадзе (напр., нітраты, хларыды). У водных растворах цалкам ці часткова дысацыіруюць на іоны (гл. Электралітычная дысацыяцыя), а С. слабых кіслот і(ці) слабых асноў гідралізуюцца (гл. Гідроліз солей). Атрымліваюць С. ўзаемадзеяннем кіслот з асновамі (рэакцыя нейтралізацыі) і асноўнымі аксідамі, кіслотных аксідаў з асновамі і асноўнымі аксідамі, металаў з моцнымі к-тамі і інш. метадамі. Выкарыстоўваюць у прам-сці (хім., металургічнай, харч., тэкст. і інш.), сельскай гаспадарцы, медыцыне. Гл. таксама Галагеніды, Карбанаты, Сульфаты, Фасфаты.

А.​Л.​Чарнякова.

т. 15, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (СФП; The World Federation of Trade Unions),

міжнародная арг-цыя прафесійных саюзаў. Створана 3.10.1945 на Сусв. кангрэсе прафсаюзаў у Парыжы па ініцыятыве брыт. і сав. прафсаюзаў. У канцы 1990-х г. аб’ядноўвала каля 130 млн. сапр. і асацыіраваных членаў, каля 60 нац. прафс. аб’яднанняў. Асн. задачы СФП паводле статута: барацьба супраць вайны і яе сац.-эканам. і паліт. перадумоў, абарона інтарэсаў працоўных ва ўсім свеце, арг-цыя агульнай барацьбы прафсаюзаў усіх краін супраць замахаў на эканам. і сац. правы працоўных і іх эканам. свабоды, арганізацыя асв. работы сярод членаў прафсаюзаў па пытаннях міжнар. адзінства працоўных і інш. Напачатку СФП аб’ядноўвала ўсе найб. прафсаюзы свету, акрамя Амерыканскай федэрацыі працы (АФП). У 1949 з яе вылучыліся і разам з АФП утварылі Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў рэфармісцкія прафсаюзы Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін. У 1989 СФП аб’ядноўвала больш за 90 нац. прафс. цэнтраў з 82 краін агульнай колькасцю больш за 200 млн. членаў. Большасць з іх былі членамі прафсаюзаў СССР і сацыяліст. краін Еўропы. Пасля спынення існавання сацыяліст. сістэмы ў Еўропе і распаду СССР СФП перажывае крызіс. У 1990-я г. яе пакінулі многія прафсаюзы краін Цэнтр., Усх. Еўропы і рэспублік б. СССР. Вышэйшы орган СФП — кангрэс. Паміж кангрэсамі кіруе Ген. савет, паміж яго пленумамі — Бюро. Месцазнаходжанне кіруючых органаў — г. Прага (да 1951 — Парыж, у 1951—56 — Вена).

М.​Г.​Нікіцін.

т. 15, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЙХТВА́НГЕР (Feuchtwanger) Ліён (7.7.1884, г. Мюнхен, Германія — 21.12.1958),

нямецкі пісьменнік. Д-р філасофіі (1907). Вывучаў германістыку і філасофію ва ун-тах Берліна і Мюнхена. З 1933 у эміграцыі (Францыя, ЗША). Пачынаў як тэатр. крытык і драматург. Аўтар сусветна вядомых гіст. раманаў «Брыдкая герцагіня» (1923), «Яўрэй Зюс» (1925), «Ілжэ-Нерон» (1936), «Лісы ў вінаградніку» (1947), «Гоя, або Цяжкі шлях пазнання» (1951), «Мудрасць дзівака, або Смерць і ператварэнне Жан Жака Русо» (1952), гіст. трылогіі «Іудзейская вайна» (1932), «Сыны» (1935), «Настане дзень» (1942), у якіх адлюстраваў падзеі амер. вайны за незалежнасць, франц. рэвалюцыі 1789—94, узаемаадносіны паміж Іудзеяй і Рымам і інш. Трагічная ням. сучаснасць у раманах «Томас Вент» (1920), «Браты Лаўтэнзак» (1943), сац. трылогіі «Зала чакання» («Поспех», 1930; «Сям’я Опенгейм», 1933; «Выгнанне», 1939). У творах аддаваў перавагу сац.-паліт. і філас. праблемам — чалавека і гісторыі, творчай асобы і рэвалюцыі, сузірання і дзеяння, грамадскага прызначэння мастака і мастацтва, мінуўшчыны і сучаснасці; яны адметныя каларытнасцю дэталі, сюжэтнай шматпланавасцю, парабалічнасцю. Многія яго раманы экранізаваны. Аўтар п’ес, апрацовак твораў ант. аўтараў, літ.-крытычных артыкулаў, эсэ і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Сям’я Опенгейм. Мн., 1937;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1988—94;

Избр. произв. Т. 1—4. М., 1992—93.

Літ.:

Рачинская Н.Н. Лион Фейхтвангер. М., 1965;

Нартов К.М. Л.​Фейхтвангер — писатель-антифашист. М., 1984;

Лион Фейхтвангер: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

Е.​Л.​Лявонава.

Л.Фейхтвангер.

т. 16, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЯ́ЎСКІ Мікола (Мікалай Мікалаевіч; н. 16.1.1943, в. Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). Працаваў на Бел. радыё, з 1966 у час. «Бярозка», з 1989 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1958. Асн. тэмы твораў — услаўленне нар. подзвігу ў Вял. Айч. вайну, чалавечай дабрыні, шчырасці, сяброўства, хараство роднай прыроды. Піша пераважна для дзяцей: зб-кі вершаў і казак «Дзе лета канчаецца» (1963), «Сонца ў хованкі гуляе» (1970), «Кліча горн» (1974), «Парад» (1976), «Я збіраюся на БАМ» (1979), «Хто сябруе з добрым днём?» (1981), «Зоркі-зорачкі» (1984), «Аб чым пяе крынічка» (1989), «Каго баіцца зубр?» (1994) і інш. Выступае як сатырык: зб-кі «Казёл-моднік» (1978), «І не косяць, і не жнуць...» (1981), «Камар на матацыкле» (1986), «Лёкса ў люксе» (1993). Многія яго вершы пакладзены на музыку. Перакладае на бел. мову творы малд., рус., укр. паэтаў. Літ. прэмія імя Я.​Маўра 1995.

Тв.:

Бегунок пачынае думаць: Аповесць. Мн., 1965;

Чалавечнасць: Вершы. Мн., 1971;

Звініць званок...: Вершы і паэмы. Мн., 1982;

Навечна з сонцам: Дак. паэмы. Мн., 1986;

Трывога: Вершы. Мн., 1988;

У трох соснах...: Сатыра, гумар, лірыка. Мн., 1996;

Хто пакрыўдзіў кракадзіла?: Вершы. Казкі. Прымаўлянкі-забаўлянкі. Скорагаворкі. Загадкі. Лічылкі — ад суму лячылкі. Мн., 1999;

На каго сварыўся гром: Вершы і казкі. Мн., 2003.

Літ.:

Зуёнак В. Паэзія.і дзяцінства // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.

т. 17, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РВЕНЬСКІ КРЫ́ЗІС 1917,

другі (першы — Храсавіцкі крызіс 1917) паліт. крызіс у Расіі пасля Лют. рэвалюцыі 1917, выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі сац. сіламі і паліт. партыямі па пытаннях міру, зямлі, барацьбы з эканам. разрухай. 1-ы Усерас. з’езд Саветаў (чэрв. 1917; пераважалі эсэры і меншавікі) адхіліў бальшавіцкі праект рэзалюцыі аб перадачы ўлады Саветам і выказаў давер Часоваму ўраду. Прэзідыум з’езда адмяніў прызначаную бальшавікамі на 10(23) чэрв. дэманстрацыю пратэсту і паспрабаваў сам 18.6(1.7).1917 правесці дэманстрацыю пад лозунгам «Давер Часоваму ўраду». Аднак дэманстранты ў Петраградзе (500 тыс. чал.), Рызе, Выбаргу, Рэвелі, Ніжнім Ноўгарадзе, Смаленску, Харкаве і інш. гарадах выйшлі на вуліцы пад бальшавіцкімі лозунгамі «Уся ўлада Саветам!», «Далоў 10 міністраў-капіталістаў!» і інш.

На Беларусі ў чэрв. 1917 масавыя мітынгі і дэманстрацыі прайшлі пад заклікамі «Уся ўлада Саветам!», «Патрабуем тэрміновага заключэння міру!». Супраць запланаванага Часовым урадам Чэрвеньскага наступлення 1917 выказаліся франтавы к-т Зах. фронту, многія салдацкія к-ты і вайск. часці. 18 чэрв. (1 ліп.), у дзень пачатку наступлення, дэманстрацыі пратэсту адбыліся ў вайск. часцях, у Мінску, Віцебску, Гомелі, Оршы, Бабруйску, Слуцку і інш. На Зах. фронце наступленне фактычна было сарвана. На Паўд.-Зах. фронце яно спачатку развівалася паспяхова і гэта спыніла Ч.к., але неўзабаве пацярпела поўны правал, што выклікала новы, Ліпеньскі крызіс 1917.

Літ.:

История Великой Октябрьской социалистической революции. М., 1962. С. 72—78;

Злоказов Г.И. Меньшевистско-эсеровский ВЦИК Советов в 1917 г. М., 1997.

т. 17, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРО́ДЫНГЕРА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

асноўнае дынамічнае ўраўненне нерэлятывісцкай квантавай механікі. Апісвае эвалюцыю ў часе хвалевай функцыі часціцы ці сістэмы часціц і матэматычна выражае карпускулярна-хвалевы дуалізм мікрааб’ектаў, Прапанавана Э.Шродынгерам у 1926.

Для часціцы масы m, якая рухаецца пад дзеяннем сілы і характарызуецца патэнцыяльнай энергіяй V(x, y, z, t), у прамавугольных дэкартавых каардынатах Ш.ў. мае выгляд: ℏ ∂ψ ∂t = − ℏ2 2m ∆ψ + V ( x , y , z , t ) ψ , дзе i — уяўная адзінка, ℏ h 2π , h — Планка пастаянная, Δ = ∂2 ∂x2 + ∂2 ∂y2 + ∂2 ∂z2 — Лапласа аператар, ψ(x , y , z , t) — хвалевая функцыя, t — час (гэтае ўраўненне наз. часавым Ш.ў.). Калі патэнцыял V не залежыць ад часу, то рашэнне Ш.ў. мае выгляд: ψ ( x , y , z , t ) = e − ( i / ℏ ) E t φ ( x , y , z ) , дзе E — поўная энергія часціцы, хвалевая функцыя φ(x , y , z) — рашэнне стацыянарнага Ш.ў.: − ℏ2 2m ∆φ + V ( x , y , z ) φ = E φ . У квантавай механіцы Ш.ў. адыгрывае такую ж ролю, як Ньютана законы механікі ў механіцы і Максвела ўраўненні ў электрадынаміцы. З дапамогай Ш.ў. тлумачацца, прадказваюцца і апісваюцца многія з’явы атамнай і ядз. фізікі, напр., узроўні энергіі атамаў, змены ў атамных спектрах пад уплывам эл. і магн. палёў, заканамернасці альфа-распаду, рассеянне нейтронаў на атамных ядрах.

А.​І.​Болсун.

т. 17, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАДЫНА́МІКА класічная,

раздзел тэарэтычнай фізікі, які вывучае электрамагнітныя з’явы без уліку квантавых эфектаў. Можа разглядацца як класічная тэорыя электрамагнітных узаемадзеянняў. Грунтуецца на Максвела ўраўненнях і электроннай тэорыі Лорэнца, у якой раскрыта мікраскапічная структура крыніц эл.-магн. поля (эл. зарадаў і токаў), уведзены класічныя ўраўненні руху электрона.

Асн. суадносіны Э. падпарадкоўваюцца патрабаванням спец. адноснасці тэорыі. Асн. раздзелы Э.: электрастатыка, магнітастатыка, эл. токі і іх узаемадзеянні, электрадынаміка рухомых асяроддзяў, электрамагнітная індукцыя, электрамагнітныя хвалі, у т. л. іх распаўсюджванне ў розных асяроддзях, магнітная гідрадынаміка, палі мультыполяў, сутыкненні эл. зараджаных часціц, эл.-магн. выпрамяненне рухомых зарадаў, паскаральнікі зараджаных часціц, фізіка плазмы і інш. Асн. задачы: вызначэнне эл.-магн. поля на аснове ўраўненняў Максвела па зададзеных размеркаваннях зарадаў і эл. токаў у пэўным асяроддзі; вывучэнне руху сістэмы зараджаных часціц (цел) у знешнім эл.-магн. полі; вызначэнне сувязі паміж электронна-іоннай будовай рэчыва і яго эл.-магн. і аптычнымі ўласцівасцямі, што дае магчымасць растлумачыць многія макраскапічныя ўласцівасці рэчыва (палярызацыю дыэлектрыкаў, дыя-, пара- і часткова ферамагнетызм, электраправоднасць, заканамернасці распаўсюджання эл.-магн. хваль у рэчыве і інш.).

На Беларусі праблемы класічнай Э. даследуюцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім ун-це, Бел. ін-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1962;

Власов А.А. Микроскопическая электродинамика. М., 1955;

Джексон Дж. Классическая электродинамика: Пер. с англ. М., 1965.

А.​А.​Богуш.

т. 18, кн. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)