СЁМУХА, Тройца, зялёныя святкі,

старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народаў. Лакальная назва зелянец. Святкавалася на сёмы (русальны) тыдзень пасля Вялікадня. Вытокі С. ў родавым грамадстве; у аснове яе культ зеляніны, шлюбу і продкаў. Пераходнае паміж веснавым і летнім земляробчымі цыкламі («На зелянец вясны канец»). Перад святам прыбіралі і ўпрыгожвалі хату і двор «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёну, рабіны, дубу і інш.), прыбіралі магілы. У суботу напярэдадні свята спраўлялі дзяды. Як пазнейшую з’яву трэба разглядаць асвячэнне ў нядзелю (1-ы дзень свята) у царкве лугавых і палявых зёлак, якія потым захоўваліся (у некаторых мясцовасцях імі абкурвалі нябожчыкаў, клалі іх у труну). Залежна ад мясц. традыцый на другі ці іншы дзень рабілі т.зв. «піва», кірмашы ці фэсты (прымяркоўваліся і да інш. свят), на якія збіраліся сваякі, нават далёкія. У час свята ў некаторых мясцовасцях адбывалася кумаванне, завівалі бярозку, ладзілі гульні, карагоды, потым агульнае частаванне, вілі вянкі. З вянкамі, «маем» звязаны ўяўленні, якія раней мелі характар магічных дзеянняў. На С. спявалі сёмушныя (траецкія) песні, асн. матывы якіх — каханне і шлюб (у паўд.-зах. раёнах спявалі яшчэ куставыя песні). На С., перад пачаткам летніх палявых работ, на Беларусі спраўлялі шмат вяселляў. Свята Тройцы ўведзена ў культавую практыку правасл. царквы ў 14 ст. Сергіем Раданежскім. Хоць С. і злілася з гэтым святам, яна захавала многія рысы язычніцтва і земляробчага культу.

А.​В.​Цітавец.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)