РУ́СКА-АФГА́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1884—85.

Узнік у выніку далучэння да Рас. імперыі туркм. зямель і яе набліжэння да тэр. Афганістана, які прэтэндаваў на важны ў стратэгічных адносінах аазіс Пендэ. Летам 1884 афганскі ўзбр. атрад заняў спрэчны раён. 18.3.1885 рус. войскі на чале з ген. А.​В.​Камаровым перамаглі афганцаў у бітве пры Ташкепры і прымусілі іх пакінуць тэр. Пендэ, дзе неўзабаве была пабудавана крэпасць Кушка. Рус.-афганскае пагадненне 1885 зафіксавала далучэнне гэтай тэр. да Расіі.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫМКЕ́ВІЧ (Феліцыян Васілевіч) (1799, г. Магілёў —17.12.1851),

бел. вучоны ў галіне ўнутр. медыцыны. Д-р медыцыны (1821). Скончыў Віленскі ун-т (1820), дзе і працаваў (з 1826 праф.). У 1832—42 у Віленскай Медыка-хірург. акадэміі (з 1834 ардынарны праф.). У 1831 удзельнічаў у барацьбе з халерай у Слуцку, Слоніме, Віцебску. Навук. працы па аўскультацыі сэрца і сасудаў, дыягностыцы хвароб печані, сэрца, дзіцячых і венерычных хвароб. Выдаў «Лекцыі па шпітальнай тэрапіі» (1932 1832).

т. 13, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САА́РЫШ ((Soares) Марыу) (н. 7.12.1934, Лісабон),

партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Лісабонскі унт. З канца 1940-х г. удзельнік руху супраць дыктатуры А.​Салазара. У 1970—74 у эміграцыі ў Францыі, дзе ў 1973 заснаваў партуг. Сацыяліст. партыю (у 1973—86 яе ген. сакратар). Пасля Партуг. рэвалюцыі 1974 міністр замежных спраў (1974—75), выступаў за наданне незалежнасці афр. калоніям Партугаліі. У 1976—78 і 1983—85 прэм’ер-міністр, у 1986—96 прэзідэнт Партугаліі.

т. 14, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАДЗІ́ЛЬНЯ, саладоўня,

старадаўняе гаспадарчае збудаванне, дзе прарошчвалі і сушылі зерне на солад; тып сушні. Вядома ў матэрыяльнай культуры многіх слав. народаў. На Беларусі ў 16—19 ст. будавалі (пераважна пры броварах ці асобна) драўляныя пабудовы, накрытыя драніцамі ці саломай, з маленькімі вокнамі. Складалася з 2 памяшканняў: у адным ставілі рошчыну, у другім была сушня з курнай печчу. С. былі ў многіх маёнтках і сядзібах. Часам іх выкарыстоўвалі як сушні.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЯЗНЁЎ (Анатоль Пятровіч) (н. 29.1.1923, в. Ярушнікава Кіраўскай вобл., Расія),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Камышлоўскае ваеннае пях. вучылішча (1942), Свярдлоўскі юрыд. ін-т (1952). У Вял. Айч. вайну з 1944 на 1-м Бел. фронце. Рота на чале з лейт. С. вызначылася ў 1944 у баі за в. Вузляны Рудзенскага (цяпер Пухавіцкага) р-на Мінскай вобл., дзе адбіла 6 контратак ворага і вызваліла вёску.

т. 14, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРО́ЦКІ СУД,

установа ў Расіі (1775—1917), якая ведала апякунскімі і сіроцкімі справамі асоб гар. саслоўяў. Засноўвалася пры гар. магістратах, а пасля ўвядзення суд. статутаў (1864) — пры акруговых судах. У склад С.с. ўваходзілі старшыня (гар. галава ці інш. асоба) і члены, якіх выбіралі на сходах купецкага, мяшчанскага і рамеснага саслоўяў на 3 гады. У тых гарадах, дзе не было ўведзена гар. палажэнне, С.с. складаўся з гар. старосты і 2 членаў, якіх выбірала гар. грамадства.

т. 14, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЦЕ́ЦКІ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 18.4.1935, пас. Ратамка Мінскага р-на),

бел. матэматык і педагог. Д-р пед. н. (1996), праф. (1997). Скончыў БДУ (1959), дзе і працуе. Навук. працы па тэорыі і методыцы выкладання матэматыкі на факультэтах нематэм. профілю. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Математическое моделирование физико-химических процессов. Мн., 1981;

Профессиональная направленность преподавания математики: Теоретич. и практич. аспекты. Мн., 2000;

Лекции по математике для студентов химических специальностей. Мн., 2000.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 14, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУГАРЭ́ЎСКАЯ (Алена Іванаўна) (н. 13.12.1938, г. Краснадар, Расія),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі і наркалогіі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1962), дзе і працуе. Асн. навук. працы па праблемах наркалогіі, сацыяльна-псіхалагічных пытаннях.

Тв.:

Эмоции и алкоголизм. Мн., 1987;

Экологический аспект в оценке алкогольной зависимости // Экологическая антропология. Мн., 1999;

Медико-социальный аспект агрессии неокультов (разам з А.​А.​Скугарэўскім) // Беларусь: вчера, сегодня, завтра. Мн., 2001.

т. 14, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБІТА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,

момант імпульсу мікрачасціцы пры яе руху ў сілавым сферычна сіметрычным полі. Паводле квантавай механікі арбітальны момант квантаваны: яго модуль L і праекцыя Lz на адвольную вось маюць дыскрэтныя значэнні — L​2 = ħ​2l(l+1), Lz = mħ, дзе ħ = h/(2Π), h — Планка пастаянная, l = 0, 1, 2, ... — арбітальны квантавы лік, m = 1, l—1, ..., -l — магнітны квантавы лік. Класіфікацыя станаў мікрачасціц па значэнні l адыгрывае важную ролю ў тэорыі атама і атамнага ядра, у тэорыі сутыкненняў.

т. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАГАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад арта... + грэч. gonia вугал),

абагульненне паняцця перпендыкулярнасці на розныя аб’екты матэматыкі. Так, перпендыкулярнасць дзвюх прамых абагульняецца на артаганальнасці ліній (вугал паміж крывымі роўны вуглу паміж датычнымі ў пункце перасячэння), артаганальнасць траекторый (перасячэнне імі пад прамым вуглом зададзенай сям’і ліній, напр., сям’я радыяльных прамых перасякае пад прамым вуглом акружнасць) і артаганальнасць вектараў (роўнасць нулю іх скалярнага здабытку) — на любую вектарную прастору, дзе вызначана паняцце скалярнага здабытку са звычайнымі ўласцівасцямі і інш. Гл. таксама Артаганальная сістэма.

В.​А.​Ліпніцкі.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)