грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з 24.1(6.2) да 3(16).3.1910 у Гомелі на рус. мове 2 разы на тыдзень. Абвясціла сябе «беспартыйнай» газетай, якая мае намер «усебакова асвятляць жыццё беларускага краю», абмяркоўваць праблемы культуры, прам-сці, гандлю і інш. Сваю праграму не выконвала. У закліках да выбаршчыкаў агітавала праводзіць у Дзярж. думу і органы мясц. самакіравання «нацыяналістаў» і «добрых гаспадароў». Не прызнавала нац. самастойнасці беларусаў. Мэту нац. руху бачыла ў выцясненні «іншародцаў» з розных сфер жыцця, вызваленні Расіі ад «унутранага» заваявання з боку «яўрэяў, палякаў, армян ды іншых». На 10-м нумары спыніла выданне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБРО́ЗІЯ (Ambrosia),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы (у іншых краінах — занесеныя). На Беларусі рэдка трапляюцца амброзія палыналістая (A. artemisiifolia) і трохраздзельная (A. trifida), магчымы знаходкі і інш. відаў, якія актыўна пашыраюцца ў Еўропе і з’яўляюцца каранцінным пустазеллем.
Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае: перыстарассечанае. Кветкі малапрыкметныя, у маленькіх аднаполых кошыках, сабраных у коласападобныя суквецці (песцікавыя 2-кветныя). Плод — калючкаватая сямянка (адна расліна можа даваць да 90 000 сямянак). Пылок з кветак выклікае алергічныя захворванні: сянную ліхаманку, бранхіяльную астму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКАВАЕ, асобнае, індывідуальнае,
філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае існаванне адносна асобных у прасторы і часе рэчаў, з’яў, працэсаў з індывід. якаснай і колькаснай акрэсленасцю. Выяўляе тое, што ўласціва толькі гэтаму аб’екту і адрознівае яго ад іншых. У якасці адзінкавага можа разглядацца не толькі асобны прадмет, яго ўласцівасці ці прыкмета, але і цэлы іх клас, калі яны бяруцца як нешта адзінае. Адзінкавае непарыўна звязана з агульным. Любая рэч індывідуальная ў параўнанні з іншымі, разам з тым у пэўных адносінах валодае агульнымі з імі ўласцівасцямі. Улік катэгорыі адзінкавага ў метадалогіі пазнання праяўляецца ў пераходзе ад адзінкавага праз асаблівае да агульнага, заканамернага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПУСКІ,
рознасць (дапушчальныя адхіленні) паміж найбольшымі і найменшымі гранічнымі значэннямі (памерамі) якога-небудзь параметра (геам., мех., фізіка-хім. і інш.).
У машынабудаванні прыпята сістэма Д. і пасадак, якая забяспечвае ўзаемазамяняльнасць дэталей і вузлоў, дазваляе ажыццяўляць злучэнні з рухомымі. нерухомымі і пераходнымі пасадкамі. Д. ўстанаўліваюцца на намінальныя памеры вала і адтуліны, а таксама дэталей іншых формаў (напр., абмежаваных 2 паралельнымі плоскасцямі). У сістэме адтуліны ніжняе гранічнае адхіленне памеру адтуліны роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. вала; у сістэме вала верхняе гранічнае адхіленне памеру вала роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. адтуліны. Д. рэгламентуюцца класамі дакладнасці. У будаўніцтве сістэма Д. вызначаецца будаўнічымі нормамі і правіламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ ГЕ́НАЎ, генетыка-аўтаматычныя працэсы ў папуляцыі,
змяненне генет. структуры (частаты генаў) папуляцыі ў выніку выпадковых прычын. Тэрмін Д.г. прапанаваў амер. генетык С.Райт (1931). Праяўляецца звычайна пры невял. колькасці папуляцыі (напр., рэзкім яе скарачэнні ў выпадку стыхійных бедстваў, развіцці эпізаотый і інш.). Пад дзеяннем Д.г. узмацняецца працэс гомазігатызацыі структуры папуляцыі, што нарастае з памяншэннем яе колькасці. Нарастанне абумоўлена павелічэннем частаты блізкароднасных скрыжаванняў у невял. папуляцыях, калі ў выніку выпадковых ваганняў частот асобных генаў адбываецца замацаванне адных алеляў пры адначасовай страце іншых. Некат. з атрыманых гомазіготных формаў у новых умовах асяроддзя могуць стаць прыстасавальна каштоўнымі і дзякуючы адбору атрымаць вял. пашырэнне пры наступным павелічэнні колькасці папуляцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ДЖ (англ. college),
навучальная ўстанова (вышэйшая, сярэдняя, павышаная сярэдняя) у Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах. Самастойныя К. звычайна даюць агульную сярэднюю адукацыю. Могуць уваходзіць у склад ун-та (навучанне ў К. — першая ступень вышэйшай прафес. адукацыі). Узніклі ў пач. 13 ст. ў Англіі.
На Беларусі ствараюцца з 1990. Забяспечваюць паглыбленую сярэднюю спец. адукацыю, інтэграваную з агульнай сярэдняй і вышэйшай пры арыентацыі на канкрэтную галіну прафес. дзейнасці. Падрыхтоўка вядзецца на 2 узроўнях. Першы (узровень тэхнікума) рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй, 2-і — з паглыбленай сярэдняй адукацыяй (у праграмы ўключаны дысцыпліны, якія вывучаюцца ў ВНУ, што дазваляе пры паступленні ў ВНУ па профілі займацца па скарочанай праграме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТА (ад грэч. chartēs аркуш, скрутак),
паменшанае, матэматычна вызначанае і абагульненае адлюстраванне паверхні Зямлі, іншых нябесных цел або нябеснай сферы і аб’ектаў, з’яў, якія да іх адносяцца, на плоскасці ў пэўнай картаграфічнай праекцыі і сістэме ўмоўных абазначэнняў з дапамогай картаграфічных прылад. З’яўляецца вобразна-знакавай мадэллю рэчаіснасці, мае прасторава-часавае падабенства адносна арыгінала, маштаб, метрычнасць, высокую нагляднасць, што робіць яе важным сродкам фіксацыі і перадачы інфармацыі, навуковага пазнання ў геаграфіі, геалогіі, геафізіцы, сацыялогіі і інш. навуках аб Зямлі і грамадстве. Гл.Геаграфічныя карты, Геалагічныя карты, Геамарфалагічныя карты, Глебавыя карты, Картаграфія, Кліматычныя карты, Марскія карты, Палітыка-адміністрацыйныя карты, Тапаграфічныя карты, Турысцкія карты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЯРО́ЗКА»,
штомесячны ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей і падлеткаў. Выдаецца са снеж. 1924 у Мінску на бел. мове. Да вер. 1929 называўся «Беларускі піянер» (першы рэдактар — У.Дубоўка), у кастр. 1929 — крас. 1941 — «Іскры Ільіча», з чэрв. 1945 сучасная назва. У 1927—29 выходзіў 2 разы на месяц. Друкуе творы бел. і замежных пісьменнікаў, матэрыялы маральна-этычнага, культ. і гіст. характару, якія рознабакова развіваюць асобу чытача, выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да іншых народаў і нацый, адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць дзіцячых арг-цый і рухаў. Змяшчае літ. і выяўл. творы дзяцей і падлеткаў. Пастаянныя рубрыкі: «Спадчына», «Энцыклапедыя часопіса «Бярозка», «Вянок», «Упершыню ў «Бярозцы», «Музычны экспрэс», «Гаспадынька» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРГАНІЗА́ЦЫЯ ТО́ТА»,
паўваенная спецыялізаваная арг-цыя ў фаш. Германіі ў 1938—45 (назва ад прозвішча яе заснавальніка — нацыста інжынера Ф.Тота). У 2-ю сусв. вайну займалася буд-вам і рамонтам шашэйных дарог, мастоў, аэрадромаў, умацаванняў і іншыхваен. аб’ектаў, у т. л. на акупіраванай Беларусі. Летам 1941 падраздзяленні «Арганізацыі Тота» рухаліся за наступаючымі ням. войскамі, аднаўлялі разбураныя камунікацыі, выкарыстоўваючы працу ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва. У 1943—44 арг-цыя ўдзельнічала ў стварэнні герм. стратэгічнага абарончага рубяжа — «Усходняга вала» па лініі р. Нарва—Пскоў—Віцебск—Орша—сярэдняе цячэнне р. Дняпро — рэкі Сож і Малочная. Падраздзяленні «Арганізацыі Тота» існавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Слуцку і ў інш.нас. пунктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕБАКТЭ́РЫІ,
мікраарганізмы пракарыётнага тыпу. Адкрыты ў 1970-я г. Ад іншыхпракарыётаў адрозніваюцца хім. будовай макрамалекул, напр. нуклеатыднымі паслядоўнасцямі 16S рыбасамальнай РНК, саставам мембранных ліпідаў, клетачных сценак і інш., і здольнасцю ажыццяўляць унікальныя біяхім. працэсы. Поруч з эўкарыётамі і эўбактэрыямі (сапраўдныя бактэрыі) складаюць адзін з кірункаў клетачнай эвалюцыі. Уключаюць бактэрыі, якія існуюць у экстрэмальных умовах: метанаўтваральныя архебактэрыі, экстрэмальныя галафілы (існуюць пры высокіх канцэнтрацыях хларыду натрыю), архебактэрыі без клетачнай сценкі, архебактэрыі, што аднаўляюць сульфаты, і экстрэмальныя тэрмафілы, якія метабалізуюць малекулярную серу. Хемалітатрофныя віды архебактэрый перспектыўныя для выкарыстання ў біягідраметалургіі, а таксама для абяссервання некандыцыйнага каменнага вугалю; метанаўтваральныя архебактэрыі могуць быць карысныя як прадуцэнты вітаміну B12 і метану.