МЁРТВАЯ МО́ВА,

мова, якая выйшла з ужытку і вядомая толькі па пісьмовых помніках ці запісах, што дайшлі з часу, калі яна была жывой. Часта захоўваецца ў жывым ужыванні ў якасці мовы культу (копцкая мова як мова богаслужэння ў хрысціян-егіпцян, лацінская мова ў каталіцкай царкве, царкоўнаславянская мова ў праваслаўнай царкве, класічная тыбецкая мова ў ламаісцкай царкве ў манг. народнасцей). Больш рэдкім з’яўляецца адначасовае выкарыстанне М.м. ў якасці саслоўнай (каставай жрэцкай, што звязана з яе культавай роляй) і літаратурнай, напр., санскрыт у стараж. і сярэдневяковай Індыі. М.м. можа выкарыстоўвацца ў навуцы (лац. мова). Лексіка М.м. характарызуецца колькаснай абмежаванасцю, лексемамі, значэнне якіх застаецца невядомым, і лексемамі, якія трапляюцца ў тэкстах толькі адзін раз. У выключных сац. умовах магчыма пераўтварэнне М.м. культу ў размоўную (напр., іўрыт). Многія з М.м. сталі набыткам навукі ў выніку дэшыфроўкі іх пісьмовых помнікаў.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРСУЭ́ЛА (ісп. zarzuela),

іспанскі нац. муз.-драм. жанр, дзе харавыя і сольныя нумары перамяжоўваюцца з размоўнымі дыялогамі і танцамі, блізкі да аперэты. Назва ад каралеўскай вілы каля Мадрыда, дзе ў 17 ст. адбыліся першыя пастаноўкі С. Раннія С. вядомы толькі як літ. творы; першая з захаваных з музыкай — «Адным толькі поглядам рэўнасць забівае» Х.​Ідальга (лібрэта П.​Кальдэрона, 1660). У 18 ст. С. заняпала, выцеснена італьян. операй. У 19 ст. з адкрыццём у Мадрыдзе некалькіх т-раў для пастановак С. пачалося адраджэнне жанру ў 2 кірунках: вялікая С. (у двух і болей актах) і малая С. (аднаактовая, з рысамі вадэвіля). Сярод аўтараў музыкі С. ў 17—18 ст. С.​Дуран, Г.​Брунеці, Л.​Бакерыні; у 19 ст. Ф.​Барб’еры, Ф.​Чуэка, Т.​Брэтон, Э.​Гранадас; у 20 ст. А.​Вівес, М.​Тароба.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАФЕ́І (франц. trophée ад грэч. tropaion літар. — помнік перамогі),

1) помнік у знак перамогі. Першапачаткова ўяўляў сабой слуп з начэпленай на ім зброяй ворага. Да кожнага Т. дадаваўся тэкст, у якім распавядалася пра падрабязнасці бітвы, называліся імёны пераможцаў і пераможаных. Пазней гэтую звычку ў грэкаў перанялі рымляне, якія сталі будаваць помнікі не толькі на месцы перамогі, а ў гарадах дзяржаў-пераможцаў (трыумфальныя аркі, брамы і інш.).

2) Захопленыя ў праціўніка, пакінутыя ім на полі бою або здадзеныя пры капітуляцыі сцягі, ваен. тэхніка і інш. матэрыяльныя каштоўнасці. Т. выкарыстоўваліся войскамі толькі з дазволу вышэйстаячага камандавання і пасля іх праверкі і агляду спецыялістамі трафейнай службы.

3) У перыядычным друку Т. называюць таксама прызы, якія атрымліваюць пераможцы ў спарт. спаборніцтвах.

4) У пераносным значэнні — здабыча як сведчанне поспеху ў якой-н. галіне (напр., паляўнічыя Т. і інш.).

т. 15, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл. Калізійнае права).

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЫ́СТЫ (ад грэч. prōtistos самы першы),

сукупнасць аднаклетачных ядзерных арганізмаў. Вывучае пратысталогія. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866), які прапанаваў вылучаць П. ў асобнае царства, што ўключала таксама бактэрый. Некат. вучоныя лічаць, што да П. неабходна адносіць толькі жывёльныя аднаклетачныя арганізмы. Аднак на клетачным узроўні немагчыма правесці пэўную мяжу паміж раслінамі і жывёламі. Напр., некат. расл. жгуціканосцы здольныя мяняць тып жыўлення ў залежнасці ад умоў асяроддзя: на святле ажыццяўляюць фотасінтэз (жывяцца як аўтатрофы), у цемры здольны жывіцца гатовымі арган. рэчывамі (як гетэратрофы). Гэта сведчыць пра адзінства паходжання раслін і жывёл і дазваляе інш. вучоным аб’яднаць у групу П. ўсе аднаклетачныя ядзерныя арганізмы.

А.​С.​Шалапёнак.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІКА-ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ СТАНО́ВІШЧА,

сукупнасць прасторавых суадносін нас. пунктаў, прадпрыемстваў і эканам. раёнаў асобных краін і іх груп да вонкавых аб’ектаў, якія маюць для іх эканам. значэнне. Э.-г.с. — катэгорыя гіст., даследуецца як працэс змен суадносін аб’ектаў пры геаграфічным (тэрытарыяльным) падзеле працы. Ацэньваецца як спрыяльнае і неспрыяльнае. Спрыяльнае Э.-г.с. — гэта толькі патэнцыяльная магчымасць яго выкарыстання; фактычная рэалізацыя залежыць ад канкрэтных гіст. і сац. умоў. У прасторавым аспекце адрозніваюць цэнтр., перыферыйнае, «суседскае» і інш. віды становішча, а паводле маштабу разглядаюць мікра-, меза- і макрастановішча. Інтэгральнае Э.-г.с. складаецца з уласных (пафактарных) становішчаў (напр., транспартна-геагр., палітыка-геагр.), якія аналізуюцца паасобна. Гл. таксама Геаграфічнае становішча.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́РЫША («вялікая багіня»),

у эламскай міфалогіі багіня-маці. Напачатку шанавалася толькі на ПдУ Элама, у мясцовасці Ліян (Бушыр). З канца 3-га тыс. да н.э. яе культ пашырыўся на ўвесь Элам, а ў пач. 2-га тыс. да н.э. яна заняла вядучае месца ў эламскім пантэоне як «маці багоў». З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. на чале пантэона стаў Хумпан, а К. атрымала тытул яго «вялікай жонкі».

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАКАЛА́Д (ад ісп. chocolate),

кандытарскі выраб, які атрымліваюць перапрацоўкай насення какавы. Здаўна быў вядомы ў Мексіцы як напітак, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Адрозніваюць натуральны Ш. (змяшчае толькі какава-прадукты і цукар) і Ш. з дабаўкамі (сухое малако, кава, арэхі, ванілін, каньяк і інш. харч. кампаненты). Ш. мае ў сабе цукру да 55%, тлушчаў (какава-алей) да 40%, таксама алкалоіды тэабрамін і кафеін. Энергет. каштоўнасць 2100—2500 кДж.

т. 17, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСУЛЬФА́ТЫ, бісульфаты, гідрагенсульфаты,

кіслыя солі сернай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны гідрасульфаты шчолачных металаў (напр., гідрасульфат калію KHSO4, бясколерныя крышталі, tпл 220 °C, шчыльн. 2400 кг/м³).

Гідрасульфатыц шчолачна-зямельных і некаторых інш. металаў існуюць толькі ў водных растворах. Атрымліваюць узаемадзеяннем сернай к-ты з сульфатамі і хларыдамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць гідрасульфаты калію і натрыю як кампанент флюсу ў металургіі, рэагент для пераводу (сплаўленнем) нерастваральных аксідаў (напр., аксіды алюмінію, жалеза і інш.) у растваральныя сульфаты.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДАСТЭРО́Н,

стэроідны гармон кары наднырачнікаў пазваночных жывёл і чалавека. Найб. актыўны з мінералакартыкоідаў, стымулюе вывядзенне калію і затрымку натрыю ў арганізме, процідзейнічае яго абязводжванню. Уплыў на іонны абмен рэалізуецца праз ныркі, кішэчнік, потавыя і слінныя залозы, шчэлепы і інш. Актыўны толькі ў свабодным стане; у крыві каля 50—75% альдастэрона звязана бялкамі. Сакрэцыя рэгулюецца рэнін-ангіятэнзіўнай сістэмай, узроўнем іонаў Na​+ і K​+ у крыві, кортыкатрапінам, сератанінам. Выкарыстоўваецца як лек. сродак пры адысонавай хваробе.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)